Вокны ў неба і паўпрыватны санвузел. Паглядзіце, якую кватэру здымае беларуска ў даваенным доме Варшавы

Вокны ў неба і паўпрыватны санвузел. Паглядзіце, якую кватэру здымае беларуска ў даваенным доме Варшавы
Сёння ў рубрыцы «Мая кватэра за мяжой» сваю маленькую студыю паказвае нам карэктарка і перакладчыца Надзея, якая ўжо больш за два гады жыве ў Варшаве. Яна вельмі задаволена сваім жыллём на паддашку амаль у цэнтры горада, заве яго крыху інстаграмным і наракае толькі на высокія кошты арэнды.

Сёння ў рубрыцы «Мая кватэра за мяжой» сваю маленькую студыю паказвае нам карэктарка і перакладчыца Надзея, якая ўжо больш за два гады жыве ў Варшаве. Яна вельмі задаволена сваім жыллём на паддашку амаль у цэнтры горада, заве яго крыху інстаграмным і наракае толькі на высокія кошты арэнды.

«Ліфта ў доме няма, а гэта значыць, што можна і не хадзіць на спорт»

– Кватэра, якую я здымаю, – гэта так званая польская кавалерка, невялікая студыя (27 кв. м) у раёне Прага-Пулноц. Яна знаходзіцца на польскім шостым (беларускім сёмым) паверсе. Ліфта ў доме няма, а гэта значыць, што можна і не хадзіць на спорт: адзін-два ўздымы па лесвіцы ў дзень – і як быццам наведала трэніроўку.

Раней я здымала пакой у трохпакаёўцы, аднак мне вельмі хацелася больш уласнай прасторы. Я шукала больш-менш танную кватэру на ўсіх магчымых сайтах, і мне пашанцавала: у суседнім пад’ездзе жыве мая калега. Калі я ўбачыла аб’яву пра здачу гэтай кавалеркі ў арэнду, яна напісала гаспадарам дома, што яе правераная знаёмая вельмі цікавіцца. Так кватэра стала часова маёй.

«За кватэру я плачу 2450 злотых у месяц – каля 570 еўра»

– Дом быў пабудаваны ў 1939 годзе, а ў 1940-х палову пад’езда знесла нямецкая бомба. Аднаўляць разбуранае ніхто не стаў, толькі паставілі сцяну, таму цяпер на кожным паверсе ўсяго па адной кватэры, і ўсе яны цотныя. Я жыву на самым паддашку, у мяне два мансардавых акна, якія глядзяць у неба, і ўласная лесвічная клетка, дзе можна захоўваць або сушыць рэчы. Ніхто сюды не заходзіць, а я адчуваю сябе Карлсанам, які жыве на даху.

Будынак знаходзіцца ва ўласнасці фірмы, усе кватэры здаюцца. За сваю я плачу 2450 злотых у месяц – каля 570 еўра. Камуналка ўваходзіць у кошт, але раз на паўгода здараюцца пераразлікі за ваду і электрычнасць, пакуль што яны бывалі толькі на маю карысць. Уся сума даволі вялікая, але на сённяшні дзень для Варшавы гэта добрая цана, асабліва для жылля амаль у цэнтры (да метро Dworzec Wileński прыкладна 11 хвілін пешкі). Мэбля ў кватэры даволі старая, але мне ўсё падабаецца.

Прыкладна палова кватэры знаходзіцца пад скошаным дахам. Гэту прастору цяжка выкарыстоўваць якім-небудзь іншым спосабам, акрамя як паставіць там канапу ці нешта, дзе можна толькі сядзець. Для мяне гэта сінтэзатар, а яшчэ я збіраю пазлы на падлозе. Адразу кажу: не, ніколі не білася галавой аб столь.

Я вельмі люблю ўтульнасць і мілыя рэчы, таму ў мяне шмат пледаў, падушак, цацак і іншых пылазборнікаў.

Калі я толькі прыехала ў Польшчу, думала, што не буду набываць папяровыя кнігі. Але, як бачыце, сабрала ўжо невялікую бібліятэку, ніяк не змагла з сабой дамовіцца.

Фатаграфіі я рабіла вечарам, таму што гэта самы магічны час у маёй кватэры, усё выглядае даволі інстаграмна.

У мяне ёсць кандыцыянер, летам яго час ад часу трэба ўсё ж уключаць, бо пад дахам без яго пад прамымі сонечнымі промнямі можа быць лятальны канец. Але пакуль што выкарыстанне кандыцыянера не адбівалася на рахунку за электрычнасць. Зімой тут цёпла, батарэі працуюць як мае быць.

«За сцяной ваннага пакоя жыве сусед, які любіў ладзіць рэйвы на пару сутак»

З шыкоўнага ў кавалерцы ёсць сапраўдная ванна. Гэта рэдкасць для Польшчы, тут часцей за ўсё карыстаюцца душавымі кабінамі з-за высокай цаны на ваду.

Сам ванны пакой маленькі і вельмі прыгожы. Ён закрываецца рассоўнымі дзвярыма, таму я часта жартую, што ў мяне паўпрыватны санвузел. Да мяне тут жылі два чалавекі, пара, і я не ведаю, наколькі тут камфортна ўдваіх. Яшчэ і сабака быў, скакаў сем (шэсць) паверхаў некалькі разоў у дзень.

За сцяной ваннага пакоя жыве сусед, які любіў ладзіць імпрэзы, такія рэйвы на пару сутак. Я некалькі разоў хадзіла да яго інтэлігентна сварыцца, практыкавала сваю польскую. Вечарынак даўно не было – напэўна, нешта зразумеў.

У агульным мне ўсё тут падабаецца, цёпла, утульна і дзякуючы мне чыста. Часам хочацца мець акно, у якое будзе відаць вуліцу, а не толькі неба, але, баюся, за гэта давялося б плаціць асобную суму.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Варшава #Польша
поделиться