Гамяльчанка Валерыя жыве ў італьянскім Турыне з 2019 года. Нядаўна яе малады чалавек Хуан родам з Перу купіў для іх кватэру ў іпатэку, дзе яны разам з катом паціху абжываюцца. Валерыя расказала CityDog.io пра асаблівасці італьянскага рамонту, прыгоды з мікракухняй і калідор з сусвету Гары Потэра.
– Раней мы з маім маладым чалавекам здымалі кватэру, але ён вырашыў набыць жыллё ва ўласнасць. Больш за год мы шукалі падыходзячы варыянт і ў выніку знайшлі на той жа вуліцы, праз дарогу. Тут была адэкватная цана, памер, ды і рамонт быў адносна нармальны – узялі яе літаральна адразу. Плошча – 54 квадратныя метры: калідор, гасцёўня з кухняй, спальня, санвузел, дзве кладоўкі і два балконы, адзін выходзіць на поўнач, а другі на поўдзень.
Кватэра набыта ў іпатэку. У месяц разам з крэдытам і камунальнымі плацяжамі атрымліваецца каля 400–450 еўра. Дарэчы, папярэдняе жыллё, прыкладна такога ж метражу, таксама каштавала 450 еўра ў месяц, толькі гэта быў здым.




Гасцёўня. Акцэнтную фісташкавую сцяну Валерыя хоча зрабіць больш цёмнай, каб такім чынам «схаваць» халадзільнік.
Калі казаць пра мінусы кватэры, то другі паверх для мяне занізкі. Яшчэ я не ў захапленні ад маленькіх балконаў. Акрамя таго, у нас не лепшая планіроўка: квадратны калідор з шасцю дзвярыма – калі ўсе яны зачынены, узнікае адчуванне, што ты ў сусвеце Гары Потэра. Я б хацела знесці адну сцяну, зрабіць open space і такім чынам павялічыць прастору гасцёўні і кухні.


Калідор, гатовы да Хэлаўіна. На першым фота можна ўбачыць «планіроўку» – усе шэсць дзвярэй, якія вядуць у розныя пакоі. Дзве дзверы вядуць у кладоўкі.


«Адну з шасці дзвярэй калідора мы пафарбавалі ў ярка-ружовы колер, і на яе трэба яшчэ павесіць люстэрка. Так я спрабую пазбавіцца ад адчування “сусвету Гары Потэра” – зрабіць хоць адну яркую дэталь».
«У кухню паўтара квадратных метра трэба было ўпіхнуць няўпіхвальнае»
– З чым я змірылася – гэта з экстрэмальна маленькай кухняй плошчай 1,5 м2. У старых італьянскіх дамах такое часта: кухня – гэта малюсенькі апендыкс. Я не разумела, як я буду там гатаваць, унутры мяне ўсё пратэставала. У тым ліку таму я хацела знесці сцяну і такім чынам кухню з апендыкса перанесці ў гасціную. Але Хуан адмовіўся: справа ў тым, што гэта кватэра не для сталага пражывання, з часам мы хочам пераехаць альбо ў кватэру пабольш, альбо ў іншую краіну, а гэту здаваць.
Як ні дзіўна, наш кухонны апендыкс аказаўся нашмат зручнейшым, чым я сабе ўяўляла. У ім дастаткова шырокі ўваход, але пры гэтым увесь кухонны гарнітур быццам бы схаваны. Калі вы седзіце ў гасцёўні і ў апендыксе выключана святло, то, у прынцыпе, там можна нават пакінуць бардак, і гэтага не будзе відаць. Але ўсё роўна хацелася б нармальную вялікую кухню.
Яшчэ пры рамонце мы не разумелі, як упіхнуць туды няўпіхвальнае: пыталіся ў прафесіяналаў, кансультаваліся з ChatGPT. У выніку неяк прыдумалі, але кухню нам рабілі вельмі доўга, і абышлася гэта драбяза ў 4000 еўра. Пры гэтым тыя, хто яе ўсталёўваў, працавалі вельмі дрэнна, пяць разоў хадзілі да нас, дараблялі тое, што забылі, перавешвалі тое, што крыва павесілі... У цэлым, на жаль, мэблева-рамонтны сэрвіс у Італіі – боль.


«Вельмі хочацца памяняць акенца на кухні. Першапачаткова яно выходзіла на балкон, але потым яго перарабілі: цяпер яно выходзіць на вуліцу, каб было больш святла. Гэта акно, на жаль, сапсавана дажджом, ніяк не адмываецца».


Мікракухня-апендыкс.
«Мой малады чалавек не ведаў, што сцяны трэба рыхтаваць да афарбоўкі. Таму ўсё адвалілася, і прыйшлося перарабляць»
– Мы рабілі рамонт, але не з нуля: асноўныя базавыя рэчы былі гатовыя. Праўда, у кватэры было брудна – у дзяўчыны, якая жыла тут да нас, два ката, і ўсё было не толькі ў поўсці катоў, але яшчэ і ў напаўняльніку для латкоў, які ўеўся ў падлогу, як цэмент, і мы яго аддзіралі.
Сцены фарбаваліся ў белы колер. Аказалася, мой малады чалавек не ведае, што сцены трэба рыхтаваць да афарбоўкі, і пачаў фарбаваць іх прама па кацінай поўсці. Усё гэта, вядома, адвалілася, і прыйшлося перарабляць.
Гэта мой першы рамонт у жыцці, але я ведала такія рэчы. Напэўна, яны «ў крыві» беларусаў (смяецца).


У спальні акцэнтную сцяну зрабілі ружовага колеру.


Рамонт яшчэ не скончаны. У мяне шмат ідэй, але на іх пакуль няма фінансаў. Цяпер я займаюся афарбоўкай батарэй. Трэба яшчэ памяняць ралеты-аканіцы на вокнах – яны дрэнна адкрываюцца. У планах прыбраць дзверы ў гасціную – яны з’ядаюць там метры. І трэба дакупіць сюды мэблю, таму што многія рэчы да гэтага часу стаяць у скрынках у кладоўках.

«У ванным пакоі я хачу зрабіць зялёную сцяну з сапраўдных раслін: пакой даволі вялікі, доўгі, тут яна б добра змясцілася».


«Электрыку нам рабіў самавучка, таму час ад часу нешта адключаецца»
– У Італіі складана рабіць рамонт. Па-першае, італьянцы не вельмі ў гэтым разбіраюцца – нават тыя, хто займаецца рамонтам. А па-другое, тут зусім невялікі выбар тавараў, яны ўсе аднолькавыя, а тое, што крыху адрозніваецца ад масмаркета, каштуе ў тры разы даражэй.
Мы мянялі праводку, таму што тут чамусьці не хапае разетак. Ёсць сцены, абсалютна вольныя ад іх, хаця разеткі там патрэбныя. Стрыечны брат Хуана займаецца электрыкай, дзяўбаў тут сцены і рабіў праводку. Праўда, ён самавучка, таму, бывае, час ад часу тут нешта адключаецца.




Кватэра да рамонту.
У нас ёсць кот Гізлі, яму тры гады. Мне падаецца, яму ў гэтай кватэры падабаецца больш, чым у папярэдняй. Тут два адкрытыя балконы, на якія мы павесілі сетку, і для ката адкрыўся цэлы свет. А паколькі гэта другі паверх, то Гізу выдатна відаць людзей, якія праходзяць міма, і ён цяпер можа выдатна «кантраляваць тэрыторыю».

Балкон у спальні.
Да пераезду мы падышлі адказна, занеслі сюды яго рэчы – латок, цацкі – загадзя, каб былі знаёмыя пахі. А яшчэ за тыдзень пакапалі яму заспакаяльныя кроплі на карак. Так што адаптаваўся кот хутка і ўвогуле выглядае вельмі задаволеным.

«Калі мы атрымалі ключы ад кватэры, перш за ўсё, вядома ж, запусцілі ката».
«У нас былі добрыя адносіны з суседзямі, але нядаўна нас затапілі»
– У нашым доме два пад’езды, кожны на 22 кватэры, і амаль усе яны належаць адной жанчыне, якая іх здае. Я люблю сябраваць з суседзямі, насіць ім выпечку. За сцяной у нас жыве дзяўчына з Румыніі – раней яна жыла ў нашай кватэры і пераехала. Яна не вельмі адкрытая да зносін, не заўсёды нават вітаецца. Зверху жыве пажылая пара, ім па 84 гады, яны дрэнна чуюць і, адпаведна, часам шумяць. У нас былі добрыя адносіны, але нядаўна яны нас затапілі.
А на апошнім, пятым, паверсе дома жыве жанчына, якая прыбірае пад’езд, усім тут камандуе і распараджаецца, хаця па пасадзе яна і не адміністратарка.


Від з балкона.
Гэта кватэра належыць майму маладому чалавеку, але гэта і мая рэзідэнцыя, я яе люблю. Напэўна, гэта часовае месца жыхарства – аднак гэта не значыць, што я не хачу наводзіць тут прыгажосць і ўтульнасць.

Прыгожы зялёны Турын.




Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з асабістага архіва гераіні.











