Куды пайсці ў выхадныя 9–11 лютага ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе (і анлайн)

Куды пайсці ў выхадныя 9–11 лютага ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе (і анлайн)
Афіша выхадных на CityDog.io: сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах, дзе жывуць беларусы, – а таксама анлайн для ўсіх. Выбірайце, чым будзеце займацца.

Афіша выхадных на CityDog.io: сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах, дзе жывуць беларусы, – а таксама анлайн для ўсіх. Выбірайце, чым будзеце займацца.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: паслухайце лекцыю пра гісторыі кахання

9 лютага, 19:00.

Flame Place (Машэрава, 9/8).

Кошт: 35 руб. (тут).

Ці праўда, што Марына Цвятаева аддавала перавагу не мужу, а іншай жанчыне, – і як на гэта рэагавала грамадства? Куды збеглі закаханыя жанчыны і што прарочыў паэтцы «чырвоны кароль», які выпаў тройчы? Чаму Кустодзіеў усё жыццё кахаў толькі адну-адзіную і што прыйшлося перажыць яго каханай, калі паўстала пытанне, захаваць рукі ці ногі вялікаму жывапісцу? Колькі жанчын насамрэч было ў Пабла Пікаса?

Адказы на ўсе гэтыя і іншыя пытанні вы пачуеце на новай лекцыі Мацвея Ляйчонка напярэдадні Дня закаханых. А яшчэ ў чарговы раз пераканаецеся, што каханне бывае самым розным.

Пятніца–нядзеля: запішыцеся на практыкум па цыянатыпіі «Магія сіняга»

9–11 лютага.

Батанічны сад.

Кошт: 10 руб.; дадаткова – уваход у батсад: 10 руб. – поўны, 5 руб. – льготны.

Батанічны сад запрашае на практыкум па цыянатыпіі (спосабе дэкаравання) «Магія сіняга». Гэта тэхналогія атрымання выяў блакітнага і сіняга адценняў, з дапамогай якіх ствараецца манахромны сіні адбітак.

На практыкуме вас чакаюць: знаёмства з хімічнымі рэактывамі і правілы іх выкарыстання; авалоданне тонкасцямі працэсу атрымання відарысаў на розных паверхнях; магчымасць самастойна вырабіць сіне-блакітны адбітак і ўвасобіць на ім матывы навагодняй або каляднай тэматыкі.

Субота: схадзіце на маркет «Каханы сабака»

10 лютага, 12:00.

Заацэнтр Happy Club (Сердзіча, 10).

Уваход: вольны.

Нашы хвосцікі дораць нам сваю любоў кожны дзень, а вы, у сваю чаргу, можаце аказаць ім некалькі прыемных знакаў увагі ў асаблівым фармаце: напярэдадні Дня закаханых схадзіце з імі на маркет «Каханы сабака».

Вас чакаюць брэнды адзення для сабак і коцікаў, амуніцыя, цацкі і смакоцці, а таксама святочная фотазона, падарункі і забавы для вас і вашых гадаванцаў.

Субота: паглядзіце кіно ў рамках праекта Cinemascope

10 лютага, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае паглядзець кіно ў жанры роўд-муві – «На север через северо-запад» (на мове арыгінала з рускімі субцітрамі).

Аднойчы паспяховага рэкламнага агента Роджэра Торнхіла памылкова прымаюць за агента разведкі Каплана, якога ніхто не ведае ў твар, і хочуць яго прыбраць. Збянтэжаны Роджэр спрабуе бегчы. У вагоне-рэстаране цягніка мілая жанчына па імені Іў дапамагае яму схавацца ад праследавацеляў…

Субота–нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

10-11 лютага.

Бар-корт «М11» (Машэрава, 11).

Уваход: вольны.

Пра «Open Шкаф» вы, напэўна, ужо і самі ўсё ведаеце, але нагадаем: вас чакаюць вінтаж, garage sale, дызайн, вініл, арт і музыка. А таксама добрая атмасфера і магчымасць набыць цікавыя рэчы па прыемных коштах. Завітвайце!

Усе выхадныя: схадзіце на выставу «Vita Rerum: жыццё і партрэты рэчаў»

Да 17 сакавіка.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Білеты: 8 руб. – поўны, 4 руб. – льготны.

 

У галерэі «Арт-Беларусь» працуе выстава «Vita Rerum: жыццё і партрэты рэчаў» – з калекцыямі «Белгазпромбанка», Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, а таксамі творамі з прыватных калекцый.

На экспазіцыі можна пабачыць нацюрморты некалькіх пакаленняў беларускіх мастакоў, сярод якіх Леанід Шчамялёў, Валяр’яна Жолтак, Віталь Цвірко, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Міхаіл Сяўрук і іншыя.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе-фотааповесці «Крык птушкі»

Да 3 сакавіка.

Галерэя Савіцкага (Свабоды, 15).

Уваход: 7 руб. – для дарослых, 4,5 руб. – для студэнтаў, 3 руб. – для школьнікаў.

 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе персанальная выстава-фотааповесць Анатоля Кухарчука «Крык птушкі».

На экспазіцыі прадстаўлены 52 фотапрацы ў чатырох раздзелах: «Стварэнне свету», «Шуканні», «Пераадоленні» і «Здабыццё новай надзеі», якія суправаджаюцца аўтарскімі каментарыямі. Фатаграфіі выставы таксама складаюць каляндар і, па сутнасці, з’яўляюцца алегорыяй жыццёвага шляху чалавека.

ВАРШАВА

Пятніца: далучыцеся да шпацыру па раёне Марыенштат

9 лютага, 17:40.

Ля касцёла Св. Ганны (Krakowskie Przedmieście, 68).

Удзел: данат (патрэбна рэгістрацыя).

У пятніцу адбудзецца шпацыр па раёне Марыенштат, які знаходзіцца па суседстве са Старым горадам і замкам.

Вас запрашаюць пагутарыць пра ўзнікненне паселішча ў гэтым месцы, паходжанне яго назвы, а таксама пра метамарфозы, якія адбываліся з Марыенштатам цягам стагоддзяў. Вы зможаце пабачыць сімвалічныя скульптуры, даведацца пра сацыялістычнае спаборніцтва падчас будаўніцтва ў пасляваеннай Варшаве, пабачыце, дзе калісьці месціліся самыя разнастайныя варшаўскія лазні і як выглядаў адзін з першых гарадскіх жылых небаскробаў.

Пятніца: пабывайце на канцэрце беларускіх гуртоў

9 лютага, 19:00.

2KOŁА (Tunelowa, 2b).

Білеты: 30 зл. на ўваходзе.

У пятніцу пройдзе вялікі канцэрт КШТАŁT, на якім сыдуцца гурты «Сербскі нож», «Сындром Самазванца», Raut, а таксама Сяргей Пукст з Вовам Агаянам. Вас чакаюць псіхадэлічная феерыя, крафтрок, перфарматыўнае гітарнае электра, нігілістычны джаз, нью-вэйв і egg-панк.

«Сындром Самазванца», дарэчы, сыграе свой першы вялікі канцэрт у Польшчы, а «Сербскі Нож» прэзентуе новы альбом.

Субота: схадзіце на шпацыр па Старых Павонзках

10 лютага, 12:30.

Каля касцёла Св. Барамэа (Powązkowska, 14).

Удзел: данат (патрэбна рэгістрацыя).

У суботу можна далучыцца да шпацыру па Старых Павонзках – вельмі атмасферным і самым вядомым варшаўскім некропалі.

Падчас сустрэчы вы даведаецеся, як і калі ствараліся могілкі, убачыце прыгожы касцёл Святога Барамэа і даведаецеся пра драматычную гісторыю яго пробашча. Пабачыце вядомае пахаванне пяці загінулых у 1861 годзе і магілы славутых беларусаў, якія знайшлі спачын у варшаўскай зямлі: паўстанцы, паэты, грамадскія і палітычныя дзеячы.

Субота: запішыцеся на моўныя заняткі беларускай мовы

10 лютага, з 13:00 да 15:00.

Прастора «Робім разам» (pl. Konstytucji, 6).

Удзел: бясплатны (патрэбна рэгістрацыя).

З 10 лютага «Мова Нанова з Варшавы» распачынае кароткія курсы размоўнай беларускай мовы «Мова без бар’ераў».

Баіцеся размаўляць па-беларуску сярод рускамоўных? Ваш язык варочаецца толькі па-руску? Абяцаюць хутка і небалюча перакруціць рускую на беларускую! Вас чакае трохі тэорыі, шмат гумару і бездань дзвюхмоўнай практыкі.

Субота: купіце білет на рэгі-канцэрт Botanic Project

10 лютага, 20:00.

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a).

Білеты: 50 зл. на ўваходзе.

З нагоды дня нараджэння Боба Марлі ў Варшаве граюць драйвовы рэгі-канцэрт Botanic Project. Бо што б ні адбывалася ў гэтым шалёным свеце і куды б нас ні занёс лёс, штогадовая традыцыя збірацца з канцэртам – гэта святое!

У гэты вечар вы пачуеце найлепшыя песні «батанікаў», любімыя каверы на песні Боба Марлі і спецыяльнага госця Юры Аркесава.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: завітайце на адкрыццё выставы Міхася Мішука

9 лютага, 9:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation (патрэбна рэгістрацыя).

У Вільнюсе ў CreateCulture Space адкрыецца выстава мастака Міхася Мішука «Без назвы», экспазіцыя якой будзе цешыць вас мяккімі і пачуццёвымі беларускімі пейзажамі.

Падчас artist talk, які пройдзе на адкрыцці, мастак падрабязней раскажа пра сябе, пра канцэпцыю выставы і пра гісторыю стварэння прадстаўленых прац.

Субота: правядзіце канец працоўнага тыдня на музычна-паэтычным вечары

10 лютага, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation (патрэбна рэгістрацыя).

 

Цяпер асабліва хочацца дзяліцца цяплом, знаходзіць падтрымку ў творчасці і адзін у аднаго. Таму CreateCulture Space запрашае вас на музычна-паэтычны вечар.

Будуць 7 аўтараў са сваімі вершамі, музычныя госці, адкрыты паэтычны мікрафон, дзе вы зможаце прачытаць свае вершы, а таксама творы любімых аўтараў, цёплая душэўная атмасфера.

АНЛАЙН

Пятніца: навучыцеся складаць экапетыцыі

9 лютага, 19:00 (па Мінску).

Zoom.

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Ці ведалі вы, што ўсяго 30 подпісаў дастаткова, каб мясцовыя службы расцанілі праблему як тую, якая атрымала вялікую грамадскую зацікаўленасць, і вартую таго, каб камісія выехала на месца? У 99% выпадкаў такі выезд вядзе да паспяховага вырашэння пытання. Калі ўплываць на вырашэнне праблем так проста, чаму мы не робім гэта часцей?

Далучайцеся да практычнага занятку з інфаслужбай па вырашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» і юрыстамі Petitions.by.

На занятку абяцаюць разабраць структуру тэксту петыцыі на прыкладзе паспяховых кейсаў, правесці індывідуальную практыку (кожны і кожная складзе петыцыю на любую экатэму, і ўсе ахвочыя атрымаюць каментарыі экспертаў). Таксама раскажуць, як зрабіць так, каб пра вашу петыцыю даведаліся людзі, якія могуць яе падпісаць.

Любы дзень: падтрымайце шматдзетнага бацьку – былога палітвязня (і яго сямʼю)

Антон Маслыка – рок-музыка, саліст і аўтар песень гурта «Невядомы маршрут», а ў паўсядзённым жыцці майстар у «Белэнергасувязі», муж і бацька траіх дзяцей. Ён быў асуджаны за ўдзел у пратэстах 2020 года на 1,5 гады калоніі, яго група распалася, яго звольнілі з працы, а жонку асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Сям’я, якая зараз жыве ў вёсцы ў Смалявіцкім раёне, аказалася ў цяжкім становішчы.

Дапамажыце Антону і яго сям’і вярнуцца да звычайнага жыцця. Вашы ахвяраванні – знак, што ў барацьбе за правы і свабоду мы не застаёмся абыякавымі.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться