Куды пайсці ў выхадныя 8–10 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 8–10 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Восень – гэта дакладна не прычына сумаваць. І мы дакажам вам гэта з нашай традыцыйнай падборкай івэнтаў на бліжэйшыя выхадныя.

Восень – гэта дакладна не прычына сумаваць. І мы дакажам вам гэта з нашай традыцыйнай падборкай івэнтаў на бліжэйшыя выхадныя.

 

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: завітаць на адкрыццё канвента фантастыкі, фэнтэзі і коміксаў UNICON

8 верасня, 12:00.

Футбольны манеж (пр-т Пераможцаў, 20/2).

Уваход: ад 45 руб.

Кожны год на UNICON збіраюцца геймеры, прыхільнікі фантастыкі і коміксаў, аматары настольных гульняў і косплэя, каб даведацца пра навінкі індустрыі, паўдзельнічаць у конкурсе косплэя і паказаць свае неверагодныя касцюмы, наведаць майстар-класы, прэзентацыі і сустрэчы з пісьменнікамі-фантастамі і мастакамі коміксаў. Хаця б адзін раз, але гэта трэба пабачыць.

Субота: паслухаць рок-класіку па-беларуску і пад сапраўдныя гуслі

9 верасня, 16:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Уваход: 15 руб.

У суботу, 9 верасня, гусляр Алесь Чумакоў грае ў музеі Якуба Коласа канцэрт «Як ня лёс памерці – значыць, лёс кахаць». Музыка ўжо шмат гадоў займаецца вывучэннем, вырабам і папулярызацыяй гусляў. І грае на іх усё што заўгодна – ад народных песень да рок-хітоў. А падчас сустрэчы Алесь раскажа пра гісторыю гусляў ды адкажа на вашы пытаннечкі. Карацей, будзе драйвова і ўтульна.

Субота: завітайце на канцэрт, які пройдзе ў поўнай цемры

9 верасня, 18:00.

Вул. Някрасава, 35/1.

Уваход: 35 руб.

У цемры музыка гучыць зусім па-іншаму. Прыходзьце на канцэрт «Аранжавы настрой» па новы вопыт і ўражанні. Вы зможаце не толькі паслухаць, але і праспяваць любімыя песні гуртоў «Кароль і Шут», «Чайф», «Горад 312» і іншых у выкананні кавер-гурта Jean-Christophe.

Субота: паглядзіце сферычны фільм у планетарыі

9 верасня, 18:00.

Мінскі планетарый (вул. Фрунзэ, 2).

Білеты: 6 руб.

Фільм «Шлях Еўропы да зорак» – гэта неверагоднае падарожжа за кулісы працы аднаго з галоўных астранамічных комплексаў на планеце – Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі (ESO). Вы станеце сведкамі праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі самых магутных наземных тэлескопаў і даведаецеся пра асноўныя навуковыя дасягненні абсерваторыі. Да яе адкрыццяў адносяцца выяўленне самага аддаленага гама-ўсплёску і пацвярджэнне існавання чорнай дзіркі ў цэнтры Млечнага Шляху.

Субота-нядзеля: адпачніце на фестывалі сыру

9-10 верасня.

Батанічны сад.

Білеты: ад 8 руб.

На пляцоўцы каля азёрнага комплексу ў батанічным садзе пройдзе сапраўднае свята сыраробства. Выстава-кірмаш збярэ аўтэнтычных вытворцаў крафтавых сыроў і вядучыя сыраробныя прадпрыемствы, а кожны наведвальнік зможа прадэгуставаць і выбраць найлепшы прадукт івэнта, а таксама паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў.

Акрамя гастранамічных спакус, гасцей чакае не менш разнастайная забаўляльная праграма: тэматычны лекторый, майстар-класы, вулічная ежа, фотазоны, дзіцячая пляцоўка, дызайнерскі маркет і мноства іншых лакацый для адпачынку ўсёй сям’ёй.

Субота-нядзеля: паглядзіце дынамічны батл па альтэрнатыўным каптэйстынгу

9-10 верасня.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

Гэтыя выхадныя «Вершы» запрашаюць правесці разам: у прасторы будзе праходзіць Alternative Cup Tasting. Гэты дынамічны кававы батл сезона – адборачны этап на адкрыты чэмпіянат па альтэрнатыўным каптэйстынгу Open de cata Barcelona 2023.

Пачынаць будуць у 12:00.

Нядзеля: пазнаёмце сваіх дзяцей з музыкай Моцарта

10 верасня, 18:00.

Музычная гасцёўня Adagio (пр-т Дзяржынскага, 19).

Білеты: ад 15 руб.

На канцэрце «Моцарт дзецям» не толькі маленькія слухачы, але і іх бацькі паглыбяцца ў свет творчасці – свет чароўных мелодый Вольфганга Амадэя Моцарта. У гэты дзень прагучаць творы кампазітара ў выкананні віяланчэлі, флейты і фартэпіяна – здаецца, гэта ідэальна для вечара нядзелі.

Усе выхадныя: паўдзельнічайце ў восеньскім фестывалі кавы Pro Coffee

Да 24 верасня.

Кавярні Мінска.

Кошт: сет – 10 руб.

З 7 па 24 верасня ў 6 гарадах краіны – Мінску, Гродна, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Брэсце – праходзіць восеньскі фестываль кавы Pro Coffee. Увесь гэты час 60 кавярань (па 10 у кожным горадзе) будуць радаваць гасцей спецыяльна распрацаванымі аўтарскімі кававымі напоямі і вытанчанымі дэсертамі.

Спіс кавярань, якія ўдзельнічаюць у івэнце, глядзіце тут.

Усе выхадныя: пазнаёмцеся з сучаснымі беларускімі мастакамі на «Восеньскім салоне»

Да 8 кастрычніка.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Білет: поўны – 12 руб., льготны – 8 руб.

Якая можа быць восень без традыцыйнага восеньскага мерапрыемства? У гэтым годзе на выставе-продажы будзе прадстаўлена творчасць 220 маладых беларускіх мастакоў, адабраных прафесійным журы. Падчас «Салона» таксама будуць праходзіць розныя лекцыі, кінапрагляды пад адкрытым небам, экскурсіі і майстар-класы. А яшчэ – «Ноч Восеньскага салона», якая аб’ядноўвае музыку, адукацыйныя праекты і сустрэчы з мастакамі.

Час працы: панядзелак – чацвер з 11:00 да 20:00; пятніца – нядзеля з 11:00 да 21:00. Без выхадных.

ВАРШАВА

Субота: паслухайце лекцыю пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі Беларусі

9 верасня, 15:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Уваход: вольны.

Хутчэй не лекцыя, а размова з гісторыкамі Віктарам Якубавым і Алесем Смалянчуком пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі нашай краіны – бітву пад Оршай і паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Нядзеля: завітайце на размоўную сустрэчу, дзе раскажуць пра рынак жылля ў Польшчы

10 верасня, 11:00.

«Беларускі дом» (ul. Kryniczna, 6).

Уваход: бясплатны, па рэгістрацыі праз анкету.

«Беларускі дом» працягвае знаёміць беларусаў з Польшчай. У нядзелю госця сустрэчы Катажына Куневіч, кіраўніца аддзела даследаванняў жылых памяшканняў у Otodom Analytics (OLX Group), раскажа пра рынак арэнды і продажу кватэр.

Вы даведаецеся пра бягучую сітуацыю на першасным і другасным рынку жылля; пра магчымасці набыцця кватэр замежнікамі за наяўныя і ў крэдыт; пра афармленне іпатэкі. Для вас гэта актуальна? Тады рэгіструйцеся і прыходзьце.

Нядзеля: адкрыйце для сябе ўнікальны свет мастака Мадзільяні

10 верасня, 14:00.

Прастора Twój Wychad (Aleja 3 Мaja, 14).

Уваход: 100 зл. (пісаць у дырэкт). Колькасць месцаў абмежавана.

Пры жыцці – непрызнаны мастак, пасля смерці – геній, карцінам якога няма цаны. На лекцыі пад келіх прасэка вам раскажуць пра ўнікальны стыль Мадзільяні і пікантныя падрабязнасці яго жыцця, пра тое, як (і ў якіх падваротнях) ён знаходзіў натхненне, а таксама якія асаблівасці дазволілі яму зрабіць яго творы вядомымі і скандальнымі. Але і гэта яшчэ не ўсё: драмы, таямніцы і інтрыгі – будзе вельмі цікава.

ВІЛЬНЮС

Усе выхадныя: адзначце Тыдзень беларускай культуры

8–10 верасня, 12:00.

Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, Vilniaus, 20.

Уваход: вольны.

З 4 верасня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці праходзіць Тыдзень беларускай культуры. Арганізатары падрыхтавалі на кожны дзень цікавую праграму. Напрыклад, 8 верасня – гэта дзень музыкі: гасцей чакае беларускае караоке; 9 верасня адбудзецца кірмаш – на ім будуць прадаваць кнігі і вырабы народнай творчасці, спакушаць вулічнай ежай, будуць выступаць музыкі.

А 10 верасня вас запрашаюць паўдзельнічаць у святкаванні беларускага абрада «Багач». Таксама ў гэты дзень вас будзе чакаць супольны абед са стравамі нацыянальнай кухні, беларускія народныя танцы, гульні для дзяцей і іншыя актыўнасці.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться