Куды пайсці ў выхадныя 31 сакавіка – 2 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі

Куды пайсці ў выхадныя 31 сакавіка – 2 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі
Сабралі для вас клёвыя мерапрыемствы першых выхадных красавіка – і потым не кажыце, што не ведаеце, чым заняцца.

Сабралі для вас клёвыя мерапрыемствы першых выхадных красавіка – і потым не кажыце, што не ведаеце, чым заняцца.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: паглядзіце кіно ў музеі

31 красавіка, 19:00.

Музей Азгура (вул. Азгура, 8).

Кошт: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае пачаць выхадныя з кіно і паглядзець французскую карціну «Ліфт на эшафот» (1951) – на мове арыгінала з рускімі субтытрамі.

Гісторыя ідэальнага забойства бізнесмена палюбоўнікам яго жонкі, раскрытага дзякуючы іроніі лёсу, – стрыжань, на які рэжысёр Луі Маль нанізвае моманты амаль абстрактнага ў сваёй чысціні кіно. А паслухайце гэты вытанчаны саўндтрэк!

Субота: запішыцеся на майстар-клас па беларускай традыцыйнай вышыўцы на вопратцы

1 красавіка, 12:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Кошт: 55 руб.

 

У прасторы «Вершы» адбудзецца майстар-клас па традыцыйнай вышыўцы ад праекта «Этыка». Вышываць будуць беларускія матывы на вопратцы (якую вы прынесяце).

Падчас майстар-класа можна будзе засвоіць базавыя тэхнікі вышыўкі ды стварыць свой непаўторны арт-аб’ект, які можна насіць на зайздрасць усім.

Запіс праз дырэкт.

Субота: паглядзіце монаспектакль Івана Кірчука «Каравай»

1 красавіка, 16:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: 17 руб. (заказаць можна па тэл.: +375 17 270 17 02.

«Караваю, мой Раю, я з табою пагуляю», – спяваецца ў адной вясельнай песні, і гэтаксама называецца канцэртная праграма, створаная па матэрыялах шматлікіх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый па Беларусі з 1983 па 2021 гг.

У праграме – песні, музыка, замовы, малітвы і мноства музычных народных інструментаў: духавых, струнных, самагучальных. Асноўны момант праграмы – каравай, вясельны хлеб, які кожны наведвальнік зможа пакаштаваць.

Субота: пабывайце на канцэрце фартэпіяннай імправізацыі

1 красавіка, 19:00.

Музычная гасцёўня Adagio (пр. Дзяржынскага, 19).

Білеты: 40 руб. (тут).

Пра піяніста Аляксандра Арловіча мы ўжо расказвалі. Пачытайце яго цікавую гісторыю, а потым купіце білет на канцэрт, каб паслухаць яго імправізацыі ўжывую.

Гэта музыка лёгка ўспрымаецца, нічога не сцвярджае, а ўяўляе сабой працэс развагі і пошуку. На канцэрце можна будзе сесці бліжэй да піяніна, каб паназіраць за рукамі музыканта, ці трохі далей, каб адасобіцца і пагрузіцца ва ўласны свет.

Субота: завітайце на канцэрт спявачкі Дусі Шукшыной

1 красавіка, 21:30.

T.N.T. ROCK CLUB (вул. Рэвалюцыйная, 9а).

Уваход: free donation.

Дуся грае свае песні ў стылі synth pop, indie на аналагавым сінтэзатары. Яна ўваходзіць у спіс выканаўцаў новай хвалі лэйбла «Пяршак», а яе дэбютны альбом стаў адным з альбомаў года па версіі міжнароднага партала beehype.

Гэтым разам будзе не толькі спяваць, а яшчэ і мультфільмы паказваць.

Нядзеля: паслухайце творы французскіх кампазітараў 20-га стагоддзя

2 красавіка, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Кошт: 20 руб. (тут).

У нядзелю праект Cinemascope запрашае паслухаць творы французскіх кампазітараў 20-га стагоддзя для духавога квінтэта і фартэпіяна.

У праграме: Жан Франсэ – Квінтэт №1 для духавых, Жак Ібер – тры кароткія п’есы для духавога квінтэта, Франсіс Пуленк – Сэкстэт для духавога квінтэта і фартэпіяна.

Усе выхадныя: завітайце на фотавыставу Андрэя Шкілёнка «Міміка Мінска»

Да 15 красавіка.

Кавярня ÇAVA (вул. Макаёнка, 3).

Уваход: вольны.

У кавярні ÇAVA на Макаёнка працуе файная выстава вулічнай фатаграфіі Андрэя Шкілёнка «Міміка Мінска».

«Праект “Міміка Мінска” ўключае ў сябе серыю фатаграфій горада і гараджан. Я бачу Мінск шматаблічнай і рознагалосай, дзіўнай і ў той жа час абсалютна простай з’явай сучаснага свету. Аднастайнасць вуліц і двароў, дамоў і паркаў праймае дынамічныя лёсы мінакоў, што ўтварае баланс пад назвай жыццё. Я не бачу горада без людзей і людзей па-за горадам», – расказвае аўтар.

Усе выхадныя: паназірайце за вясной у батанічным

Кожны дзень.

Батанічны сад.

Уваход: 10 руб.

У батанічным садзе вясна – і першымі абудзіліся галантусы і прымулы, ірыдадыктыумы і крокусы. Палюбавацца першымі вясновымі кветкамі можна ўжо цяпер. Тым больш што ў суботу абяцаюць да 9 градусаў цяпла.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Чыстае мастацтва»

Да 16 красавіка.

Мастацкі музей (вул. Леніна, 20).

Уваход: 14 руб. – поўны, 7 руб. – ільготны для дарослых (першы панядзелак месяца), 7 руб. – навучэнцы і студэнты.

У Мастацкім музеі адкрылася дужа файная выстава «Чыстае мастацтва» – выстава мастакоў з мінскага псіханеўралагічнага дыспансера №2. Таксама ў экспазіцыі – творы дзетак з парушэннем слыху, якія вучацца ў інклюзіўнай арт-школе «Вышэй за дах».

Характэрныя рысы гэтай выставы – яркія колеры, кантрастныя тэкстуры і аб’ёмы, часта прыдуманыя або перамешчаныя са штодзённасці ў адмысловае арт-асяроддзе.

ВАРШАВА

Пятніца: пагукайце вясну з польска-беларускім гуртом

31 сакавіка, 18:30.

Прастора Руху беларускай салідарнасці «Пад жырандоляй» (ul. Hoża, 41).

Уваход: 50 злотых (уключаны пачастунак і напой).

Польска-беларускі гурт спеву а капэла JASAKARA кліча гукаць вясну. Дзяўчаты заспяваюць сваю вясновую аўтарскую песню і іншыя беларускія творы. Будзе інтэрактыўны канцэрт з гутаркамі ды супольнымі спевамі.

Для ўдзелу рэгіструйцеся па спасылцы.

Пятніца: завітайце на адкрыццё выставы беларускай мастачкі Цемры

31 сакавіка, 19:00.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны.

У пятніцу ў Музеі вольнай Беларусі адкрываецца выстава беларускай мастачкі Цемры LAZARET. У сценах LAZARET будзе паказана калекцыя карцін і арт-аб’ектаў, створаных за апошнія тры гады ў трох краінах – Беларусі, Украіне і Польшчы. Ад масіўнага жалобнага вэлюму 6х6 метраў з малюнкам дроту да карцін, якія спалучаюць скульптуру і жывапіс. Некаторыя з прац эвакуяваны з Кіева напачатку вайны.

Выстава будзе працаваць да 16 красавіка.

Субота: схадзіце з дзецьмі на дзіцячую праграму з беларускімі музыкамі

1 красавіка, 12:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6).

Кошт: 30 злотых – дзіцячы, 20 злотых – на другое дзіця, 15 злотых – дарослы (на сайце трэба ўвесці код скідкі «parents»).

У «Беларускім моладзевым хабе» распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край» з музыкамі Сержуком Доўгушавым і Андрэем Еўдакімавым. Абяцаюць аўтарскія праграмы на аснове народных традыцый і фальклору ў сучасным аздабленні.

У праграме – знаёмства з унікальнымі музычнымі інструментамі, інтэрактыўныя гульні, супольныя спевы і танцы. Прагучаць і некаторыя творы з рэпертуару гурта Vuraj.

Нядзеля: завітайце на арт-маркет беларускіх майстроў

2 красавіка з 12:00 да 18:00.

Beer Station Ursynów (Aleja KEN, 47).

Уваход: вольны.

Арт-маркет Craft Hand Lab запрашае на вясновую ярмарку па абноўкі. Будуць торбы, аксесуары, аўтарская біжутэрыя, унікальная кераміка, натуральныя свечы і іншае. І ўсё гэта – ад таленавітых беларускіх майстроў у піўным бары, які таксама адкрылі беларусы.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: даведайцеся пра гісторыю і культуру спажывання алкаголю ў Беларусі

31 сакавіка, 19:00.

CreateCulturre Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 10 еўра.

«Салігорскі Крафтавічок» разам з Крэатыўнай культурніцкай прасторай запрашае на мерапрыемства, якое будзе прысвечана гісторыі і культуры спажывання алкаголю ў Беларусі. Вас чакае лекцыя на тэму «Што пілі нашы продкі. Культура піцця: гісторыя і сучаснасць». Вішанька на торце – дэгустацыя чатырох напояў у традыцыйным і постмадэрновым стылях.

Каб прыняць удзел, зарэгіструйцеся тут. Колькасць месцаў абмежавана.

Субота: схадзіце на Brunch Talk з псіхатэрапеўткай

1 красавіка, 10:00.

CreateCulturre Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 10 еўра (рэгістрацыя).

Brunch Talk – гэта сустрэча «3 у 1»: зададзеная госцем-экспертам тэма сустрэчы, зносіны з яркімі людзьмі і смачныя напоі. Тэма бранча – «Адаптацыя ў эміграцыі».

На сустрэчы будуць абмяркоўваць: стадыі адаптацыі ў эміграцыі, з якімі праблемамі сутыкаюцца эмігранты, чым адрозніваецца адаптацыя пры вымушанай эміграцыі ад адаптацыі пры жаданай эміграцыі, дэпрэсія ў эміграцыі, змена ідэнтычнасці пры эміграцыі, як дапамагчы сабе адаптавацца на новым месцы.

ТБІЛІСІ

Пятніца: запішыцеся на выставу-лекцыю «Гісторыя на старонках газет»

31 красавіка, 19:00.

500 м от плошчы Свабоды (адрас дашлюць усім зарэгістраваным).

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

Гістарычны клуб запрашае на выставу-лекцыю «Гісторыя на старонках газет», прысвечаную 105-годдзю ўтварэння БНР.

Як атрымалася, што пасля шматтысячных выступаў рабочых, пасля ўздыму хвалі нацыянальнага адраджэння 90-х гадоў людзі ізноў разышліся па кватэрах, каб убачыць адзін аднаго ўжо ў 2020-м? На выставе раскажуць, як фарміравалася дыктатура ў Беларусі, што прывяло да ўлады таго, хто і зараз там, і на чым грунтуецца ідэалогія гвалту.

Нядзеля: завітайце на паэтычную вечарыну таго самага Маляваныча

2 красавіка, 17:00.

500 м ад метро «Плошча Свабоды» (дакладны адрас дашлюць удзельнікам асабіста).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Аляксандр Ждановіч, ён жа Маляваныч, запрашае на паэтычную вечарыну па творах беларускіх аўтараў «Вось яны, а вось мы».

У чым шукаць падтрымку і надзею ў нашы часы? Як заставацца беларускамі і беларусамі? Як 2020 год змяніў нас? На гэтыя і іншыя пытаннечкі пашукаюць адказы разам з Багдановічам, Караткевічам, сучаснымі беларускімі паэтамі. Таксама будуць казкі і байкі ад самога Маляваныча.

#Варшава #Минск #Грузия #Беларусь #Вильнюс
поделиться