Куды пайсці ў выхадныя 3–5 мая ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 3–5 мая ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Зусім хутка пачнуцца першыя майскія выхадныя – выбірайце, чым заняцца, у залежнасці ад горада, у якім жывяце. Сабралі самае цікавае ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе.

Зусім хутка пачнуцца першыя майскія выхадныя – выбірайце, чым заняцца, у залежнасці ад горада, у якім жывяце. Сабралі самае цікавае ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: адкрыйце сезон на «Лучшей улице»

3 мая з 12:00.

Гастрапляцоўка «Лучшая улица» (пр-т Незалежнасці, 95).

Уваход: вольны.

«Лучшая улица» адкрывае сезон. У гэтым годзе прастора гастрапляцоўкі стане ў два разы большай! Дадаткова зʼявіцца асобная гасцявая ўтульная лакацыя «Тайм-сквер». На тэрыторыі будуць зона з шатром, зручнымі столікамі і экранам для прагляду спартыўных мерапрыемстваў і выступленняў.

Акрамя таго, абяцаюць новых удзельнікаў фуд-корта, летні кактэйльны бар і піўны спот, а таксама яшчэ больш актыўнасцяў: DJ-сэты, туц-туц-квізы, дзіцячыя і дарослыя кінапаказы, разнастайныя майстар-класы, wellness club, караоке, фотабудку і шмат іншага.

Пятніца: паглядзіце кіно 1953 года ў музеі

3 мая, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope у рамках кінаклуба «Анталогія» ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура вяртае на экран культавыя фільмы сусветнага кінематографа. Вы можаце пазнаёміцца з ключавымі этапамі гісторыі кіно (ад ранняга гукавога да сучаснага арт-кіно), асвоіць асноўныя прынцыпы кінааналізу і навучыцца «лепш бачыць карціны, лепш чытаць іх, лепш у іх разбірацца».

Гэтым разам будуць глядзець «Лета з Монікай». Па сюжэце, юныя Моніка і Хары бягуць з сумнага Стакгольма на востраў Орне. У гэтым райскім кутку яны праводзяць самае шчаслівае лета, займаюцца любоўю і мараць пра сямейнае шчасце. Але прыходзіць восень, і героям даводзіцца вярнуцца ў горад – да той самай рэальнасці, ад якой яны так горача марылі збегчы.

Пятніца: паслухайце лекцыю пра самыя гучныя секс-скандалы ў мастацтве

3 мая, 19:00.

Flame Рlace (пр-т Машэрава, 9/8).

Білеты: 35 руб. (тут).

У свеце мастацтва інтымныя сувязі і любоўныя гісторыі нярэдка становяцца прадметам абмеркаванняў і пільнай увагі з боку не толькі гледачоў, але і крытыкаў, галерыстаў і арт-агентаў. Натуршчыцы ў вачах грамадскасці становяцца палюбоўніцамі, парадныя партрэты – любоўнымі лістамі, а сябры мастакоў – іх вечнымі секс-партнёрамі.

Чорны піяр, плёткі ці рэальныя гісторыі з жыцця мастакоў? Вас запрашаюць ва ўсім разабрацца.

Пятніца і субота: прагуляйцеся па выставе Мацвея Ляйчонка «Пад сонцам»

Да 22 мая.

Галерэя «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1, Палац Рэспублікі).

У галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстава Мацвея Ляйчонка «Пад сонцам». У экспазіцыі – буйнамаштабныя творы ў тэхніцы акварэлі, алейныя эцюды і графічныя работы.

Майстар лічыць, што з сонечнага променя пачынаецца гісторыя на яго палотнах, сонца і святло натхняюць і робяць палову працы за мастака, бо няма лепшага жывапісца, чым прырода.

Уменне мастака валодаць акварэллю і тэхнічна дасягаць эфекту асветленасці дапамагае гледачу акунуцца ў сонечны ветраны дзень на беразе мора і разам з аўтарам перанесціся ў цёплыя летнія дні: адпачыць у цені разгалістага вінаграду, пазагараць на сонцы і пакупацца ў моры.

Субота: купіце білет на The Tortured Poets Department Party

4 мая, 18:00.

Event-прастора Beton (вул. Кальварыйская, 17).

Білеты: 25 руб. (тут).

The Tortured Poets Department Party – гэта імпрэза, прымеркаваная да выхаду новага аднайменнага альбома Тэйлар Свіфт.

Гэта будуць 4 гадзіны самых лепшых песень Тэйлар, перамяшаных з песнямі з будучага альбома, пад якія вы зможаце патанчыць і праспяваць іх разам.

Мерапрыемства будзе ўключаць у сябе зону з вольнымі снэкамі і зону для пляцення friendship bracelets, а таксама яркія і дэталізаваныя фотазоны.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу «Шаржы на класікаў»

З 29 красавіка.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

У музеі Якуба Коласа адкрылася выстава «Шаржы на класікаў». На вядомых вам партрэтах паэтаў і пісьменнікаў – Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна і іншых – яны звычайна паказаны сталымі і сур’ёзнымі, такімі, якімі і сапраўды павінны выглядаць майстры пяра. На выставе вы ўбачыце іх зусім іншымі – жартаўлівымі, смешнымі і па-сяброўску іранічнымі.

Усе выхадныя: паглядзіце на «Населеныя пейзажы» гарадзенскай мастачкі

Да 10 чэрвеня.

Галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2).

У галерэі «Арт Фабрыка» адкрываецца выстава гарадзенскай мастачкі Вікторыі Ільіной «Населеныя пейзажы».

Аўтарка вядзе нас скрозь лес, сцяжынкай у поле ці дарогай да хаты. Пры гэтым завастрае позірк на тым, што ў штодзённым жыцці ў спешцы часцей за ўсё не заўважаецца, прымушае нас агледзецца, здзівіцца, як мяняецца дзень і прыходзіць цемра, запальваюцца ліхтары і з’яўляюцца зоркі. Падаецца, што чуваць, як бяжыць час.

І хочацца спыніцца, замерці, успомніць цёплы пясок, халодны снег, празрыстую ваду, дрыготкае лісце і тое, што немагчыма расказаць словамі.

Усе выхадныя: не прапусціце выставу Ігара Кашкурэвіча «З Вечнасці ў Вечнасць»

Да 25 мая.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 9 руб. – поўны, 3–6 руб. – льготныя.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава Ігара Кашкурэвіча «З Вечнасці ў Вечнасць».

Ідэя праекта гучыць як «дэкарацыі для суб’екта і аб’екта», і ўсе аб’екты ў чатырох залах маюць адзіную назву, якая абумоўлена гэтай ідэяй. Асаблівае месца займае інсталяцыя-прысвячэнне бацьку мастака Арлену Кашкурэвічу і творчым асобам, якія адыгралі ролю ў станаўленні асобы мастака.

ВАРШАВА

Пятніца: пабывайце на канцэрце Светы Бень «Камета не прыляцела»

3 мая, 19:00.

Chmury (ul. 11 Listopada, 22).

Білеты: 67 зл. тут або 80 зл. на ўваходзе.

На канцэрце-кватэрніку Света Бень выканае свае песні пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна. Будуць песні зусім новыя і зусім не новыя. Вынятыя з абгорткі вялікіх аранжыровак, выкананыя аўтаркай у тым выглядзе, у якім яны першапачаткова з’явіліся на свет.

Як заўсёды, канцэрт пройдзе непрадказальна. Яго даўжыня, шырыня і вышыня будуць змяняцца ў залежнасці ад метэаўмоў, руху планет і міграцыі земнаводных.

Пятніца і субота: паглядзіце дакументальны спектакль How Are You?

3 і 4 мая, 19:00.

Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Білеты: 60 зл. (тут і тут).

Беларускі TEAM THEATRE іграе спектакль-вербацім How Are You?, які паказвае вайну ва Украіне вачыма мірных жыхароў.

Тэкст заснаваны на асабістых успамінах і сведчаннях людзей, якія змагаліся за сваё жыццё ва ўмовах вайны. Тут і гісторыі бежанцаў з Кіева і Вінніцы, і досвед эміграцыі ў Румыніі і ў Германіі, узгадваюцца трагедыі Бучы і Марыўпаля.

Галасы ўкраінскага і беларускага герояў суседнічаюць з каментарыямі расіяніна, які недзе ў Расіі сочыць за ваеннай прапагандай, не ведаючы, што яго сын памірае на крэйсеры «Масква».

Субота: паглядзіце спектакль Светы Бень «Беспрацоўнае дрэва»

4 мая, 14:00 і 17:00.

Nowy Teatr (Antoniego Józefa Madalińskiego, 10/16).

Білеты: 40 зл. (тут).

Света Бень іграе ў Варшаве спектакль для ўсёй сям’і «Беспрацоўнае дрэва». Запрашаюцца дзеці ад 5 гадоў і добра выхаваныя дарослыя.

Гэта гісторыя дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі: то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі.

Спектакль ідзе на беларускай мове.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на адкрыццё выставы in-between

3 мая, 19:00.

СreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

CreateCulture Space і Chrysalis Mag запрашаюць на адкрыццё выставы in-between энергічнага сучаснага беларускага мастака SIERAFIMUS. Гэта творчая асіміляцыя вобразаў і аб’ектаў з жыцця мастака, выражаная ў серыі аўтапартрэтаў. У чалавечай свядомасці ўрыўкі думак змяняюць адна адну, упіраюцца ў хаатычныя ўспаміны пра людзей, месцы і падзеі.

Арганізатары таксама паклікалі музычны праект Яўгена Кучмейна tochka K у якасці геніяльнага інструментальнага і слоўнага акампанементу. Будзе звонкае адкрыццё: прыходзьце гутарыць, раскрывацца і танчыць!

Субота: даведайцеся, што такое мода як зʼява

4 мая, 10:00.

Прастора «МиссиЯ» (Teatro g., 3).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Што і як становіцца модным? Толькі нетрывіяльныя адказы з кнігі французскага семіётыка і філосафа Ралана Барта «Сістэма моды».

Вас запрашаюць разабрацца з тым, што такое мода і як на яе глядзець, даведацца пра яе сацыяльнае і культурнае значэнне. Будзе шмат цікавага і пазнавальнага.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться