Наперадзе – першыя выхадныя вясны. Цудоўная нагода не сядзець дома, а схадзіць куды-небудзь і добра пабавіць час.
МІНСК
Чацвер–нядзеля: абнавіце гардэроб на дабрачынным маркеце
2–5 сакавіка.
Вул. Кальварыйская, 33/4.
Уваход: вольны.
Новы сезон – цікавыя абноўкі. Завітайце на дабрачынны маркет KaliLaska, купіце сабе што-небудзь новенькае і проста добра пабаўце час.
У першыя тры дні маркета абяцаюць лепшыя навінкі па выдатнай цане: будуць пастаянна дадаваць і давешваць крутыя штучкі для вашых ідэальных аўтфітаў і інтэр’ераў. У нядзелю адбудзецца суперсэйл: увесь асартымент за палову кошту!
Пятніца–нядзеля: завітайце на кірмаш «Чароўны Млын»
«Чароўны Млын» будзе праходзіць тры дні – з пятніцы па нядзелю. Там вы знойдзеце вырабы з дрэва, керамікі і шкла, лялькі і цацкі, карціны і пано, упрыгажэнні і адзенне, фларыстычныя кампазіцыі, фермерскія экапрадукты і іншае. Завітвайце за падарункамі.
Субота: навучыцеся ляпіць ката з гліны
4 сакавіка, 16:00.
Прастора «Вершы» (Кастрычніцкая, 19).
Кошт: 30 руб.
У «Вершах» адбудзецца майстар-клас па лепцы з самазастывальнай гліны. Пад кіраўніцтвам вопытнай мастачкі вы зможаце самі зляпіць галоўны сімвал вясны – сакавіцкага ката. Ну, і пагутарыць з цікавымі людзьмі і добра пабавіць час.
Субота–нядзеля: схадзіце на спатканне з Бразіліяй
4–19 сакавіка.
Палац мастацтва (Казлова, 3).
Уваход: вольны.
16 беларускіх аўтараў правялі сваё міні-даследаванне і падзяліліся тым, што іх уразіла ў культуры і гісторыі Бразіліі, на мовах жывапісу, графікі, арт-аб’екта, інсталяцыі, лічбавага мастацтва і анімацыі. Экспазіцыя выставы складаецца ў калектыўна створаны партрэт Бразіліі – тое, як бачаць яе беларускія мастакі.
Нядзеля: забяжыце на вясновы кірмаш
5 сакавіка, з 12:00 да 20:00.
Прастора «Вершы» (Кастрычніцкая, 19).
Уваход: вольны.
У нядзелю ў прасторы «Вершы» збяруцца клёвыя беларускія рамеснікі, таму вельмі выгодна можна будзе разгледзець працы адразу некалькіх вытворцаў і выбраць тое, што больш падабаецца. Для атмасферы будзе яшчэ і дыджэйка, таму абавязкова забяжыце па порцыю творчасці.
Усе выхадныя: наведайце выставу цюльпанаў і гіяцынтаў у батанічным
З 1 па 12 сакавіка ў батанічным садзе праходзіць кветкавая выстава цюльпанаў і гіяцынтаў «Дыханне вясны». На экспазіцыі прадстаўлены і свежыя вясновыя кампазіцыі, і працы ў стылі ікебаны, і ў тэхніцы сумі-э (жывапіс тушшу). А яшчэ там можна набыць расліны ў збанках у падарунак каханым.
Таксама ў рамках выставы 3, 4, 5 сакавіка ў 13:00 пройдзе практыкум «Цыбульныя расліны». Вы даведаецеся, як захаваць цыбульныя пасля цвіцення, якія гатункі лепш выбіраць для «выганкі» і ўсё пра агратэхніку вырошчвання цыбульных.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе, прысвечанай народнаму беларускаму мастаку
Да 16 сакавіка.
Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2а).
У галерэі «ДК» праходзіць выстава, прымеркаваная да 100-годдзя найярчэйшага прадстаўніка беларускай жывапіснай школы, народнага мастака Леаніда Шчамялёва. Гэта чалавек-эпоха, мастак свайго часу, паэт жывапісу, гісторык, краязнаўца і назіральнік.
Карціны Шчамялёва вылучаюцца свабодай: легкасцю выканання, экспрэсіўнасцю і дынамічнасцю. Завітайце, як будзе час, – не пашкадуеце.
Усе выхадныя: завітайце на культурны праект у рэстаране
З 3 сакавіка
Бар Ember (пр-т Пераможцаў, 9).
Уваход: вольны.
З пятніцы ў барнай частцы рэстарана Ember запускаецца эксклюзіўны культурны праект, арганізаваны сумесна з галерэяй «ДК». На выставе можна будзе пазнаёміцца з творчасцю сучаснага беларускага мастака Анатоля Кузняцова (на экспазіцыі вас чакае больш за 10 прац аўтара).
Праект цікавы тым, што можна і на мастацтва паглядзець, і кактэйль у бары замовіць. А калі якая-небудзь праца спадабаецца, яе можна будзе адразу і набыць.
ГРОДНА
Усе выхадныя: схадзіце на выставу пра веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў
Кожны дзень (акрамя панядзелка).
Музей гісторыі Гарадніцы (вул. Ажэшкі, 37).
У Музеі гісторыі Гарадніцы працуе выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў». Там можна пазнаёміцца з народнымі традыцыямі веснавых святаў Гукання вясны, Саракоў, Благавешчання, Камаедзіцы, Вялікадня, Юр’я.
У экспазіцыі – абразы ХІХ ст., птушкі з тканіны, паперы, гліны, саломы, абрадавыя атрыбуты ды процьма іншых народных ды аўтарскіх твораў, прысвечаных абрадам надыходу вясны.
ВАРШАВА
Субота: пабаўце час с дзецьмі на праграме з песнямі і танцамі
4 сакавіка, 12:00.
«Беларускі моладзевы хаб» (pl. Konstytucji, 6).
Кошт: 30 злотых – дзіцячы, 15 злотых – дарослы; у дзень імпрэзы – 40 злотых (тут).
У «Беларускім моладзевым хабе» распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край» з музыкамі Сержуком Доўгушавым і Андрэем Еўдакімавым. Абяцаюць аўтарскія праграмы на аснове народных традыцый і фальклору ў сучасным аздабленні.
На першай сустрэчы – знаёмства з унікальнымі музычнымі інструментамі, інтэрактыўныя гульні, супольныя спевы і танцы. Прагучаць і некаторыя творы з рэпертуару гурта Vuraj.
Нядзеля: завітайце на маркет да беларускіх рамеснікаў
5 сакавіка, 12:00–18:00.
Beer Station Ursynów.
Уваход: вольны.
У нядзелю беларускія рамеснікі Варшавы збяруцца ў бары Beer Station Ursynów, каб прапанаваць вам свае вырабы напярэдадні 8 сакавіка. Будуць біжутэрыя, кніжкі, касметыка, дэкор для дому, кашулі з беларускімі надпісамі і іншае. Заходзьце за падарункамі – сабе ці сяброўкам.
Нядзеля: пабывайце на творчай сустрэчы з тым самым Маляванычам
5 сакавіка, 18:30.
Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).
Уваход: free donation.
У Музеі вольнай Беларусі запланавана творчая сустрэча з тым самым Маляванычам, якога ўсе ведаюць па «Калыханцы». Артыст прапануе паслухаць паэтычную кампазіцыю па вершах беларускіх паэтаў, а мерапрыемства называецца «Вось яны, а вось мы». Уваход вольны – завітвайце.
КРАКАЎ
Нядзеля: паслухайце беларускамоўны стэндап
У нядзелю ў Кракаў з гарачанькім стэндапам на беларускай мове прыбываюць Ягор Анісімаў, Павел Радзевіч і Аляксандр Калінкін. Абяцаюць лепшыя жарты і добрую атмасферу.
ГДАНЬСК
Субота: пабывайце на беларускамоўным стэндапе
У суботу ў Гданьск едзе суполка беларускіх комікаў «Пан Стэндап» і вязе свае лепшыя жарты на роднай мове. Выступяць Максім Канавал, Андрусь Райн і Ян Ліпай. Набывайце білеты і праводзьце суботу весела.
ВІЛЬНЮС
Пятніца–нядзеля: падтрымайце беларускіх майстроў на гарадскім кірмашы
3–5 сакавіка.
Gedimino pr., 37.
Уваход: вольны.
Беларусаў Вільнюса запрашаюць на гарадскі кірмаш Казюкас – падтрымаць беларускіх майстроў і набыць што-небудзь цікавае для сябе ці ў падарунак. Будуць дызайнерскае адзенне, упрыгажэнні, сумкі, паштоўкі і іншыя рэчы, зробленыя з душой.
Субота: запішыцеся на моўны гурток і папрактыкуйце мову
Вас запрашаюць на беларускі моўны гурток, дзе ў спакойных і бяспечных абставінах абмяркоўваюць самыя розныя тэмы і рэчы – і ўсё на роднай мове. Колькасць месцаў абмежавана, таму не забудзьце запоўніць адпаведную форму для рэгістрацыі.
Нядзеля: пабывайце на фем-стэндапе ад клуба імя Зоські Верас
5 сакавіка, 18:30.
Ideas Block (Goštauto g., 11).
Уваход: donation + напой на бары.
У нядзелю вас клічуць адзначаць 8 Сакавіка, разам смяяцца і танчыць. А яшчэ дапамагаць іншым: сабраныя сродкі будуць накіраваны на падтрымку ініцыятывы «Палітвязынка», якая працуе з жанчынамі-палітвязнямі ў Беларусі.
Квіткоў усяго 50 штук, таму паспейце зарэгістравацца.