Куды пайсці ў выхадныя 29–31 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 29–31 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Афіша на CityDog.io: сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы, якімі можна адзначыць апошнія выхадныя сакавіка, – выбірайце!

Афіша на CityDog.io: сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы, якімі можна адзначыць апошнія выхадныя сакавіка, – выбірайце!

МІНСК

Пятніца: пагуляйце ў настольную гульню «Дзесьці ў Мінску»

29 сакавіка, 18:00.

Музей «Аліварыя» (вул. Кісялёва, 30).

Кошт: 35 руб. (запіс праз дырэкт).

У музеі «Аліварыя» адбудзецца другая тэматычная сустрэча ў форме настольнай гульні «Дзесьці ў Мінску».

Мінск – старадаўні, шматгранны і такі розны. У кожнага ёсць свае любімыя месцы і прыемныя падзеі, якія адбылiся ў гэтым горадзе. То завітвайце адчуць асалоду успамінаў. А магчыма, і знайсці новыя знаёмствы. Тым больш што камандная гульня будзе суправаджацца дэгустацыяй.

Пятніца: паўдзельнічайце ў квэсце-экскурсіі па выставе «Жарсці па архітэктуры»

29 сакавіка, 18:30.

НЦСМ (пр-т Незалежнасці, 47).

Білеты: 14 руб. – поўны; 12 руб. – студэнты дзённай формы навучання; 10 руб. – пенсіянеры, навучэнцы школ, гімназій, ПТВ, ССНУ, шматдзетныя сем’і, інваліды III групы.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў ладзяць новую беларускамоўную квэст-экскурсію па выставе «Жарсці па архітэктуры». Адмысловы госць – мастак і фатограф Ігар Нікалаенка – пазнаёміць вас са сваімі творамі на выставе.

Вы прагуляецеся па экспазіцыі, паслухаеце пра самыя характарныя раздзелы на выставе, а таксама пашукаеце адказы на пытаннечкі, якія будуць чакаць на шляху.

Пятніца: пабывайце на смачнай сустрэчы з Аленай Мікульчык

29 сакавіка, 18:30.

Вул. Кісялёва, 38 (1-ы паверх).

Кошт: 25 руб. (рэгістрацыя тут).

У лекторыі «Фрэскі» пройдзе смачная сустрэча з Аленай Мікульчык «Гісторыя кавы без прыкрас».

Спікерка – шэф-кухарка, экспертка беларускай і славянскай кухні, гісторык кулінарыі – раскажа, як кава стала сімвалам нашай бадзёрасці і як гэтаму дапамаглі танцуючыя козы і нядрэмныя манахі; калі беларусы пачалі піць каву, як беларусы паўплывалі на працэс стварэння круасана; як кава стала напоем прагрэсіўных людзей і колькі яна каштавала ў 19-м стагоддзі; як называліся раней барыста і дзе ў Мінску размяшчаліся кавярні ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў; як гатавалі каву ў 18-19-м стагоддзях і іншае.

У канцы лекцыі вас чакае дэгустацыя граматкі – старажытнага напою, які будуць падаваць з хлебнымі чыпсамі.

Пятніца: схадзіце на начную тусоўку

29 сакавіка, 23:00.

Прастора «Цэх» (пр-т Машэрава, 11/2).

Білеты: 20 руб. (тут).

Арганізатары пішуць, што DM – гэта не проста тусоўка, а рашэнне сабраць людзей максімальна розных нораваў і густаў, якія любяць розную музыку і адпачынак. Але тых людзей, якіх аб’ядноўвае адно: жорсткае жаданне адарвацца, крута пабавіць час і пазнаёміцца з незвычайнымі людзьмі.

Субота: навучыцеся распісваць шоперы ў музеі

30 сакавіка, 13:00.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13).

Удзел: 30 руб. (запіс па нумарах +375 29 811 21 85, +375 17 363 94 65, +375 17 395 44 47).

У музеі гісторыі беларускай літаратуры пройдзе аўтарскі занятак мастачкі Ірыны Князевай па роспісе шопераў.

«Кожны носіць сваё неба з сабой», «Пушча – загадка, разгадка хаваецца ў лесе», «У добрых справах і ў любасці да айчыны ўпадабляйцеся», «Трэба дома бываць часцей». На майстар-класе вы створыце ўласны малюнак на шопер па матывах і з выкарыстаннем гэтых цытат.

Заняткі будуць праходзіць у надзвычай натхняльным творчым асяроддзі – у прасторы экспазіцыі «Беларусь – краіна талентаў», дзе сабраны жывапісныя, графічныя і скульптурныя партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на дабрачыннай барахолцы

З 30 сакавіка.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Арганізатары сцвярджаюць, што дапамогуць падрыхтавацца да сезона вясна-лета па поўнай праграме. Можна будзе набыць жаночую і мужчынскую вопратку, торбы, абутак і аксесуары, а таксама кнігі, пласцінкі, дамашні тэкстыль і прадметы інтэр’еру.

Нядзеля: паглядзіце нямое кіно з жывой музыкай

31 сакавіка, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

Гэта будзе культавая амерыканская камедыя 1923 года «Наконец в безопасности» ў сучасным музычным суправаджэнні.

Просты хлопец прыязджае ў вялікі горад, каб пачаць новае жыццё. З надзеямі на будучыню ён уладкоўваецца прадаўцом у краму тканін. Аднак сваёй нявесце, якая засталася ў родным мястэчку, ён піша, што займае высокую пасаду ў гэтай самай краме. У нейкі момант дзяўчына па навучанні маці вырашае наведаць каханага, не папярэдзіўшы яго пра свой прыезд…

БАРАНАВІЧЫ

Субота: паўдзельнічайце ў гарадскім квэсце

30 сакавіка, 12:00.

Баранавіцкі краязнаўчы музей (вул. Савецкая, 72).

Удзел: 15 руб. з чалавека (рэгістрацыя тут)..

4roomclub запрашае на гарадскі квэст па Баранавічах. Выдатная нагода адправіцца ў тур выходнага дня і ў незвычайную экскурсію.

Квэст будзе складацца з дзвюх частак: у музеі і па вуліцах горада. Гуляць можна камандамі ад двух да пяці чалавек. І не забудзьце смартфон з інтэрнэтам!

Квэст разлічаны на дарослую аўдыторыю (але можна разам з дзецьмі). Працягласць – 1,5–2 гадзіны.

ВІЦЕБСК

Субота: схадзіце на сустрэчу з рэканструктарам Макарам Бабенкам

30 сакавіка, 13:00.

Абласная навукова-тэхнічная бібіліятэка (вул. Пушкіна, 6, 4-ы паверх).

Уваход: вольны (рэгістрацыя тут).

Асветніцкі праект «Навука па-за сабой» запрашае на сустрэчу з рэканструктарам Макарам Бабенкам «Дарослыя гульні: рэканструкцыя».

На сустрэчы будуць абмяркоўваць, што такое гістарычная рэканструкцыя, чым гэта хобі адрозніваецца ад іншых, чаму яно цікавае і шматграннае, што такое гістарычнае фехтаванне, чым яно адрозніваецца ад сучаснага і чым яно цікавае, як знаходзіць у сабе матывацыю нешта рабіць, як хобі можа стаць прафесіяй і іншае.

Спікер – Макар Бабенка, прафесійны рэканструктар, рамеснік, адзін з заснавальнікаў рэканструктарскага і ролевага руху ў Віцебску, удзельнік Народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн».

 

 

ГОМЕЛЬ

Субота: пагукайце вясну

30 сакавіка, 17:00.

Адкрытая бібліятэка «Чытай-Хатка» (вул. Кастрычніка, 29).

Уваход: вольны.

Творчая суполка «СТУК» (Свабодная творчасць утульных кварталаў) запрашае на вясновы кватэрнік. Будуць гукаць вясну!

На такіх вечарынах заўсёды шмат музыкі, натхняльных і шчырых размоў, утульнай атмасферы і чароўнага нетворкінгу. Таксама будуць вершы, песні і майстар-клас па вырабе вясновых папяровых птушачак для гукання вясны.

Прыхапіце з сабой кубачкі, каб усім хапіла духмянай гарбаты. Спіртныя напоі забаронены.

Нядзеля: запішыцеся на экскурсію «Спасава слабада. Стараабрадцы Гомеля»

31 сакавіка, 12:00.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а).

Кошт: 6 руб. (запіс па нумары +375 232 50 96 98 або праз дырэкт музея).

Філіял Веткаўскага музея запрашае на экскурсію па Спасавай слабадзе з дырэктарам установы Юрыем Катляровым.

Падчас экскурсіі вы зможаце разгледзець гісторыю Гомеля праз малавядомыя факты пра яго стараабрадніцкую спадчыну; даведацца гісторыю стараабрадцаў Гомеля, захаваную і страчаную спадчыну, дамы, сакральныя збудаванні; з дазволу настаяцеля стараабрадніцкай Спаса-Праабражэнскай царквы айца Сергія трапіць у сам храм.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на сустрэчу Школы валачобнікаў і валачобніц з Сержуком Доўгушавым

29 сакавіка, 18:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Кошт: 20 зл. за занятак (запіс тут).

У пятніцу адбудзецца новая сустрэча «Школы валачобнікаў», дзе развучваюць і спяваюць валачобныя песні. Гэтым разам запрашаюцца і мужчыны, і жанчыны. Узрост і ўзровень падрыхтоўкі не мае значэння.

Вас чакаюць: знаёмства з унікальным беларускім абрадам, традыцыямі; спеўныя трэнінгі і навучанне асновам традыцыйнага гучання, валоданнем прыродным гукам і дыханнем; супольныя спевы валачобных песень з розных рэгіёнаў Беларусі.

Фіналам стане супольнае святкаванне, правядзенне Валачобнага абраду і святочны выступ.

Субота: запішыцеся на музычны вечар

30 сакавіка, 14:30.

Месца паведамяць удзельнікам.

Кошт: 130 зл.

Вас чакае лекцыя «Утоеныя пасланні ў музычных творах + жывая музыка», а таксама Бах, Шуман і Брамс. Можна будзе паслухаць фартэпіяна і флейту.

Для запісу на мерапрыемства пішыце ў дырэкт.

Субота: паглядзіце спектакль «Гаральд»

30 сакавіка, 18:00.

Imaguru (ul. Twarda, 14/16).

Уваход: free donation (рэгістрацыя тут).

Тутэйшы тэатр зноў іграе ў Варшаве спектакль «Гаральд». Гэта форма, структура для акцёрскiх iмправiзацый, з дапамогай якой на вачах гледача нараджаецца кампазiцыя iмправiзаванага спектакля. «Гаральд» быў прыдуманы як спосаб ствараць спектаклi ў Сан-Францыска ў 1967 годзе дзякуючы працы тэатра Committee.

Што адбываецца на пляцоўцы падчас «Гаральда»? Выбiраецца тэма для iмправiзацыi; акцёры iмправiзуюць – ствараюць сцэны, маналогi на выбраную тэму, якiя мусяць скласцiся у цэльную кампазiцыю з пачаткам i фiналам; разам з акцёрамi iмправiзуе музыка i мастак па святле.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на майстар-клас па экспрэсіўнай каліграфіі

29 сакавіка, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 10 еўра (рэгістрацыя тут).

У CreateCulture Space ладзяць варштат па экспрэсіўнай каліграфіі. Пры згадванні каліграфіі ваша ўяўленне малюе карціны з пер’ем, паперай і засяроджаным поглядам? Не, вас чакае нешта іншае. Тут вы навучыцеся выконваць смелыя і дзёрзкія рыскі. Вядоўца варкшопа – Надзея Яхонт.

Апранайцеся ў чорнае, каб не турбавацца пра магчымыя плямы на вопратцы, або выберыце светлыя рэчы, гатовыя ператварыцца ў твор мастацтва.

Не забудзьце ўзяць з сабой 5 прадметаў, якія больш не выкарыстоўваеце. Гэта можа быць што заўгодна: ад старой зубной шчоткі да пластыкавага відэльца. Усе астатнія расходныя матэрыялы для творчасці дадуць.

Субота: схадзіце на канцэрт гурта «Вячоркі»

30 сакавіка, 18:30.

Цэнтр беларускай культуры (Vilniaus, 20).

Уваход: вольны (вітаюцца данаты).

«Вячоркі» – малады акустычны праект, фішачка якога – у калейдаскапічнасці творчасці, сумяшчэнні розных жанраў і стыляў.

Вы пачуеце беларускамоўныя адаптацыі хітоў Альбана і Раміны Паўэр, Джо Дасэна, групы «Акварыум» і многіх іншых. І, вядома ж, непаўторны аўтарскі матэрыял.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться