Куды пайсці ў выхадныя 29 верасня – 1 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Рызе

Куды пайсці ў выхадныя 29 верасня – 1 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Рызе
Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы, арганізаваныя беларусамі ў чатырох сталіцах: модны паказ, Tinder-паці, выставы, прэзентацыя кнігі пра Мінск, музычны квіз, кітайскі бранч і шмат іншага.

Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы, арганізаваныя беларусамі ў чатырох сталіцах: модны паказ, Tinder-паці, выставы, прэзентацыя кнігі пра Мінск, музычны квіз, кітайскі бранч і шмат іншага.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: схадзіце на модны паказ калекцыі восень-зімаʼ23

29 верасня, 17:30–20:00.

ГЦ Galileo, 3-і паверх (Boulevard Concept Store).

Уваход: вольны.

У пятніцу ў Galileo адбудзецца модны паказ Fashion Show. Вядучыя беларускія дызайнеры і міжнародныя брэнды прадэманструюць новыя калекцыі восень-зіма’23.

У праграме: парады і рэкамендацыі ад стыліста, паказ калекцый беларускіх дызайнераў, паказ дзіцячых калекцый беларускіх і сусветных брэндаў, розыгрыш падарункаў і прыемныя сюрпрызы ад партнёраў мерапрыемства.

Субота: завітайце на кітайскі бранч з Вадзімам Асторы

30 верасня, 13:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

У суботу ў прасторы «Вершы» на Кастрычніцкай адбудзецца кітайскі бранч з шэф-поварам Вадзімам Асторы. Вас запрашаюць закрыць сезон цёплага надвор’я кітайскай кухняй, смачнымі кактэйлямі – і пад гучанне тэхна.

Пачнуць у 13:00 і будуць працягваць да солдаўту.

Субота: купіце білет на вечар музыкі для фартэпіяна ў 4 рукі

30 верасня, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх).

Білеты: 20 руб. (тут).

У наш час ігра на раялі ў чатыры рукі здаецца чымсьці старамодным, у той час як 200–250 гадоў таму яна была ці не самым любімым хатнім музіцыраваннем. Толькі так меламаны тых даўніх часоў маглі яшчэ і яшчэ раз нацешыцца ўпадабанай сімфоніяй або струнным квартэтам.

Выбітнымі майстрамі гэтага жанру былі Моцарт і Шуберт, а ў пазнейшы час традыцыю працягнуў у сваёй творчасці і Брамс. Музыка трох гэтых вялікіх майстроў і прагучыць у канцэрце ў выкананні Сямёна Дзянісава і Дзмітрыя Зубава.

Субота: прыміце ўдзел у Tinder-паці

30 верасня, з 21:00 да 2:00.

Pinky Bandinsky (вул. Камсамольская, 13а).

Уваход: ад 20 руб.

На адну ноч арганізатары вырашылі запусціць афлайн-платформу для знаёмстваў, дзякуючы якой вы зможаце ў танцы стаць бліжэй адзін да аднаго і стварыць незабыўныя моманты пад выдатныя музычныя рытмы.

Абяцаюць таемную любоўную пошту, фотасушку для знаёмстваў, прыгожых людзей і файную атмасферу. Лайнап: Lermo, Da you Lin, Alisha, Zbs.Daryn.

Субота і нядзеля: паслухайце музыку беларускіх кампазітараў у планетарыі

30 верасня і 1 кастрычніка.

Мінскі планетарый (у парку Горкага).

Кошт: 40 руб.

У планетарыі адбудзецца выступленне духавога квінтэта і Віктара Кісценя ў суправаджэнні поўнакупальнага відэашэрага. На гэты раз музыканты будуць знаёміць гледачоў з неверагодна касмічнай музыкай сучасных беларускіх кампазітараў.

У праграме – творы не толькі мэтраў кампазіцыі, але і ўзыходзячых, зусім юных зорак сучаснай Беларусі. Цыкл мерапрыемстваў праходзіць у рамках адукацыйнага праекта «Музыка і зоркі».

Субота–нядзеля (і цэлы тыдзень): абнавіце гардэроб на дабрачынным маркеце

З 30 верасня па 8 кастрычніка.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

З суботы і цэлы тыдзень будзе праходзіць дабрачынны маркет KaliLaska, на якім вы зможаце танна абнавіць гардэроб да новага сезона. Будзе адзенне, абутак, кнігі, рэчы для дома, дэкор, аксесуары і іншае.

А калі купляць нічога не трэба, а, наадварот, хочацца расхламіць шафу, адвязіце непатрэбнае ў KaliLaska-краму – тым больш што рэчы цяпер прымаюць два дні на тыдзень: кожную пятніцу і суботу.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе мастачкі Тані Грыневіч

Да 17 лістапада.

Галерэя «Арт-Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2).

Уваход: вольны.

З 27 верасня ў галэрэі «Арт-Фабрыка» працуе персанальная выстава Transition Pro мастачкі Тані Грыневіч. Экспазіцыя ўключае ў сябе серыю абстрактных прац, якая была таксама прадстаўлена на міжнароднай выставе ARTCONTACT 2023 у Стамбуле, і лірычную серыю прац з жаночымі выявамі і колерамі, створаную за апошні час.

Усе выхадныя: паглядзіце выставу «Рэнэ Магрыт. За мяжой рэальнасці»

З 30 верасня па 24 снежня.

Кафэ-галерэя «Артэль» (пр-т Незалежнасці, 58/1-6).

Білеты: ад 14 руб. (тут).

Рэнэ Магрыт умела ператварае штодзённасць у нешта непрадказальнае і няўяўнае. Мастак дае новае жыццё самым звычайным прадметам і абставінам, не мяняючы пры гэтым іх знаёмыя формы. Яго сюррэалізм вытанчаны ў сваёй прастаце і вынаходлівасці, здольнасці сумясціць несумяшчальнае.

На выставе вы ўбачыце палотны ў тэхніцы жыкле найвышэйшай якасці ў арыгінальным памеры, дзякуючы чаму дакладна перададзены колер, фактура і характар мазкоў. І нават драбнюткія сляды часу, якія перажыла кожная карціна.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на прэзентацыю кнігі пра Мінск

29 верасня, 18:00.

Karowa, 20.

Уваход: вольны.

 

У пятніцу ў самым сэрцы Варшавы адбудзецца прэзентацыя кнігі Касі Паласаткі пра Мінск. На яе старонках зафіксавана тое, чаго з намі ўжо ніколі не будзе. Ды і, сапраўды кажучы, толкам ніколі не было. Атрымліваючы свабоду парцыённа (кафэ, тусоўкі, тусовачна-п’яныя вуліцы, «як жа ён становіцца падобны да Берліна!»), адваёўваючы яе сантыметр за сантыметрам, наш з вамі прыгожы і чалавечны Мінск наўрад ці меў шанцы вырвацца з інстаграма вонкі.

Субота: паслухайце лекцыю пра каханне, секс і алкаголь у мастацтве Старажытнай Грэцыі

30 верасня, 14:00.

Прастора Twoj Wychad (Aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

Неяк раз Мацільда занадта доўга разглядала геніталіі старажытнагрэчаскіх скульптур – і так у яе нарадзілася ідэя даведацца больш пра сексуальны падтэкст такіх раскаваных і вольных грэкаў. Зразумець лепш, як жа яны ставіліся да сексу з процілеглым полам і са сваім, а як да кахання – такога глыбокага і важнага пачуцця для кожнага жыхара поліса. Ну і, вядома, якую ролю ў гэтым усім адыгрывае віно.

Нядзеля: купіце вырабы ад беларускіх майстроў

1 кастрычніка, з 11:00 да 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Świat, 27a).

Уваход: вольны.

Беларускія майстры Варшавы запрашаюць на штомесячны арт-маркет вырабаў ручной працы, дзе кожны прадукт нясе ў сабе непаўторную гісторыю і ўнікальны характар. Купляючы на маркеце, вы падтрымліваеце таленавітых мастакоў і майстроў, дапамагаючы ім увасобіць свае мары. А таксама набываеце рэчы, якія наўрад ці ўбачыце ў каго-небудзь іншага.

Нядзеля: збярыце каманду на музычны квіз

1 кастрычніка, 18:00.

Pub Przejscie (plac na Rozdrozu, 1).

Кошт: 40 зл. з чалавека.

У нядзелю пройдзе чарговы музычны квіз ад каманды «Мазгабойні». Будзе шмат песень, кліпаў, добрага настрою і спаборніцкай атмасферы. Збірайце каманду і рэгіструйцеся па спасылцы.

ВІЛЬНЮС

Нядзеля: прыміце ўдзел у шведскім гуртку Wonder Woman

1 кастрычніка, 14:00.

АБФ (Pylimo g., 6).

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

Ініцыятыва «Актыўным быць файна» (АБФ) запрашае на шведскі гурток для дзяўчат і жанчын Wonder Woman (цуда-жанчына). Гэта будзе першая сустрэча сезона, на якой удзельніцы сустрэнуцца, пазнаёмяцца, пагавораць аб прынцыпах і гісторыі АБФ, вызначацца з правіламі, мэтамі і тэмамі гуртка, а таксама пагуляюць.

Wonder Woman – гэта гурток і бяспечная прастора для дзяўчат і жанчын. На сустрэчах будуць размаўляць пра гендарную роўнасць, жаночую салідарнасць і на жаночыя тэмы, знаёміцца з аднадумкамі і падтрымліваць адна адну.

РЫГА

Субота: прыміце ўдзел у дыскусіі пра Беларусь і беларусаў

30 верасня, 18:00.

Brīvības iela, 90.

Удзел: вольны.

На фестывалі сучаснага мастацтва Survival Kit адбудзецца дыскусія, прысвечаныя беларусам і Беларусі. Тэма – «Паралельныя жыцці: досвед іншай Беларусі».

Важна: дыскусія будзе праходзіць на англійскай мове.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться