Куды пайсці ў выхадныя 28–30 ліпеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі

Куды пайсці ў выхадныя 28–30 ліпеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі
Сабралі цікавыя мерапрыемствы, якія арганізуюць беларусы ў чатырох сталіцах розных краін – выбірайце ў залежнасці ад сваёй лакацыі.

Сабралі цікавыя мерапрыемствы, якія арганізуюць беларусы ў чатырох сталіцах розных краін – выбірайце ў залежнасці ад сваёй лакацыі.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: завітайце на вечарыну выпускнікоў

28 ліпеня, з 21:00 да ночы.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Білеты: 15 руб. (тут).

Калі вы стаміліся ад дарослага жыцця, то ў пятніцу завітайце ў прастору «Вершы». Там будзе вечарына выпускнікоў – для тых, хто хоча перайграць свой выпускны нанова (а можа, і пабываць на ім упершыню).

Абяцаюць хітовыя хіты, шампанскае, танцы, конкурсы і, вядома, світанак. Самым заўзятым выпускнікам нават стужкі адмысловыя падораць!

Пятніца: паглядзіце кіно пад адкрытым небам


28 лiпеня, 21:50.

Музей-майстэрня Заіра Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

У музеі-майстэрні Заіра Азгура праект Cinemascope аднаўляе летнія бясшумныя кінапаказы пад адкрытым небам. У пятніцу можна будзе паглядзець «Тыя, што пяюць пад дажджом» (1952) са Стэнлі Донэнам і Джынам Келі – на мове арыгінала з субцітрамі.

Арганізатары раяць апранацца па надвор’і, браць з сабой пледы і на ўсялякі выпадак парасоны. Паказ будзе з бесправаднымі навушнікамі – іх раздадуць на ўваходзе.

Субота: запішыцеся на майстар-клас па ляльках-мотанках


29 ліпеня, 12:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 7 руб. поўны і 3 руб. льготны.

 

У суботу ў рамках музейнага фэсту ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца файны майстар-клас па ляльках-мотанках з Гульнарай Качан, кіраўніцай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Майстрыха.by».

Лялька-мотанка – гэта асаблівы від славянскай лялькі, створанай з тканіны з рознымі напаўняльнікамі метадам матання. Адны мотанкі ўвасаблялі абліччы божастваў, іншыя сімвалізавалі добрага духа, а трэція выяўлялі самога чалавека, дапамагаючы абдурыць паскуддзе і адцягваючы ўвагу на сябе.

Субота: схадзіце з дзецьмі на сямейны Pon-Fest

29 ліпеня, з 12:00 да 22:00.

«Цэх» (Машэрава, 11/2).

Кошт: 15 руб. – дарослыя і дзеці ад 6 гадоў, 8 руб. – мнагадзетныя семʼі, бясплатна – дзеці да 6 гадоў.

На фэсце вас чакаюць розыгрышы, фатазоны і актыўнасці ад партнёраў, дзіцячыя квэсты, майстар-класы, галоўная сцэна з актыўнасцямі, лекцыі і майстар-класы для бацькоў, дэгустацыі, пакой з настольнымі гульнямі і іншае.

Субота: паглядзіце чэхаславацкі фільм 1966 года


29 ліпеня, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

 

Праект Cinemascope запрашае паглядзець чэхаславацкі фільм 1966 года «Маргарыткі» – на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Па сюжэце, дзве неверагодныя дзяўчыны, Марыя і Марыя, спрабуючы спазнаць сэнс жыцця, прыходзяць да высновы: калі ўвесь мір дрэнны, то і яны будуць дрэннымі. Пасля гэтага лёсавызначальнага рашэння свет канчаткова коціцца ў тартарары…

Субота: зазірніце на «ласкавую» вечарыну, каб адпачыць

29 ліпеня, 23:00.

Сацыяльны клуб «Пралетарыят» (Кальварыйская, 21/1).

Уваход: ад 10 руб.

У суботу арганізатары прапануюць адскачыць убок ад пахмурнага надвор’я і адпачыць ад грубых вечарынак на вялікім ласкавым івэнце з двума танцполамі.

У праграме – вашы любімыя героі (і гераіні) дыск-жакеі, пяшчотная атмасфера, шчабечучы хаўс і транс і, як заўсёды, бясконцыя танцы.

Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на вінтажным маркеце



29–30 ліпеня.

Сацыяльны клуб «Пралетарыят» (Кальварыйская, 21/1).

Уваход: вольны.

У суботу і нядзелю ў клубе «Пралетарыят» пройдзе вінтажны маркет, сайд-праект любімага «Open Шкаф». У праграме – больш за 25 прадаўцоў і ўдзельнікаў, шмат музыкі, афтэрпаці і спецыяльнае летняе меню.

Усё пачнецца ў 12:00 29 ліпеня і скончыцца ў 21:00 30-га.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе мастака Філіпа Кузьмічова

Да 20 жніўня.

Галерэя «Арт-Фабрыка» (Свярдлова, 2).

Уваход: 5 руб.

У галерэі «Арт-Фабрыка» працуе персанальная выстава мастака Філіпа Кузьмічова «Правілы сыравараў».

Трава сыходзіць сваімі каранямі ў зямлю, п’е яе сок, напаўняецца яе водарам. Малако гусцее, убірае ў сябе соль і час, становячыся сырам… Гэта дыялог аб прыгажосці і непаўторнасці моманту. Мастак пагружае гледача ў медытатыўны стан, запавольвае слізкае «цяпер», дазваляе ўдыхнуць летнюю спёку, растварыцца ў вячэрняй імжы, плыць да далёкага гарызонту, дзе зямля дакранаецца да неба, адчуць адзінства са светам, прарасці ў яго каранямі, увабраць яго сілу.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце прэзентацыю вынікаў даследавання пра каштоўнасці беларускай моладзі

28 ліпеня, 11:00.

Адрас паведамяць удзельнікам асабіста.

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя).

У Варшаве прэзентуюць вынікі новага апытання грамадскай думкі Chatham House. Вы даведаецеся, як маладыя беларусы ўспрымаюць ідэі адкрытага грамадства і як ставяцца да эканамічнай няроўнасці ў Беларусі; якія іх сацыяльна-палітычныя каштоўнасці; якія погляды ў беларускай моладзі на замежную палітыку і расійскую вайну супраць Украіны.

Спікерам будзе Рыгор Астапеня, дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House. Калі не зможаце прыехаць асабіста, магчымы і анлайн-удзел. Таксама будзе трансляцыя на YouTube.

Пятніца: раскажыце знаёмым пра сустрэчу для людзей залатога веку

28 ліпеня, 18:30/

Прастора «Пад Жырандоляй» (Hoza, 41, lok. 2).

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя).

У пятніцу «Рух беларускай салідарнасці» ладзіць у Варшаве сустрэчу для людзей залатога веку, якім давялося выехаць з Беларусі пасля 2020 года. Яны не заўсёды могуць працаваць, а часам маюць узроставыя хваробы, і, галоўнае, ім часта цяжэй пераносіць эміграцыю маральна.

Сустрэчу ладзяць для таго, каб людзі маглі падзяліцца складанасцямі, праблемамі, пытаннямі, якія на іх зваліліся, і паспрабаваць знайсці магчымыя шляхі іх вырашэння. Ды і проста пазнаёміцца з іншымі і стварыць сваё сяброўскае кола, каб дзяліць разам радасці і трывогі.

Нядзеля: схадзіце на сольны стэндап Дзімы Нарышкіна

30 ліпеня, 18:00.

Club Komediowy (Nowowiejska, 1).

Білеты: 60 злотых (тут).

У нядзелю комік Дзіма Нарышкін запрашае беларусаў Варшавы на запіс штогадовага заключнага стэндап-канцэрта BARDZO DOBRE JAJKA да першых угодкаў сваёй эміграцыі.

Гэту праграму комік ужо паспяхова прэзентаваў у Варшаве, Гданьску, Кракаве, Вільнюсе, Таліне, Брно і Браціславе. А цяпер, калі яна набрыняла анекдотамі пра эмігранцкае жыццё, час запісаць яе ў Варшаве.

Нядзеля: паглядзіце фільм «ЧынЧыны праляцелі зязюляй»

30 ліпеня, уваход з 20:30, пачатак у 21:00.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: данат ад 25 злотых.

У нядзелю ганаровыя ўдзельнікі «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч запрашаюць беларусаў Варшавы паглядзець вялікі фільм пра сябе любімых «ЧынЧыны праляцелі зязюляй».

Па сюжэце, які не саступае замежным аналагам, Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную бальніцу №1, каб наведаць загадкавую пацыентку Алену ЖелудOk. Нішто не прадвяшчае неспадзяванак, аднак...

ВІЛЬНЮС

Пятніца: збярыцеся на дыскатэку ў стылі 90-х

28 ліпеня, з 19:30.

DownTown Food Hall (Smetonos g., 5).

Білеты: 35 еўра (праз бот @vilnius_cinema_bot).

Беларусаў Вільнюса запрашаюць на дыскатэку 90-х. Вядоўца напомніць усім пра тое, пра што даўно забыліся: гульні, віктарыны, «Адгадай мелодыю» і конкурсы «модных» лукаў з падарункамі. Таксама будуць фатографы, відэографы, шыкоўныя фатазоны, пляцоўка сэлфі 360, аўтарскія кактэйлі, класны DJ, святламузыка і любімыя трэкі 90-х да раніцы.

Дрэс-код – «усё самае лепшае»! І калі вам няма з кім пакінуць сваю малечу – піжамная вечарына для дзяцей вам у дапамогу. Прыходзьце ўсёй сямʼёй!

Субота-нядзеля: збяжыце з горада на летнік «Магія сваімі рукамі!»

29 і 30 ліпеня.

Месца паведамяць удзельнікам.

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

Гэтымі выхаднымі CreateCulture Space запрашае збегчы з горада на летнік «Магія сваімі рукамі!». Абяцаюць незабыўны час на прыродзе ў намётах, цёплае вогнішча, лясное чараўніцтва і цудоўныя моманты, створаныя ўласнаруч.

Ёсць толькі 22 месцы, таму паспяшайся зарэгістравацца, каб не ўпусціць свой шанц. Арганізатары просяць усіх мець свае намёты, кілімкі, спальнікі, посуд, ежу і напоі для сябе. Таксама можна ўзяць гірлянды, пледы і ўпрыгажэнні, каб уладкаваць агульную прастору.

ТБІЛІСІ

Пятніца: абмяркуйце Дэкларацыю Незалежнасці Беларусі ў гістарычным клубе

28 ліпеня, 19:00.

500 м от плошчы Свабоды (адрас дашлюць зарэгістраваным).

Уваход: вольны (рэгістрацыя).

У пятніцу ў Тбілісі пройдзе новая сустрэча беларускага гістарычнага клуба. Тэма – «Дэкларацыя Незалежнасці – барацьба за вольную Беларусь». Бо часам у гісторыі наша краіна атрымлівала такі шанц, калі з новым развалам імперыі адкрывалася акно магчымасцей.

Прыходзьце паслухаць пра першы дакумент, які абагульніў тое, за што мы і цяпер змагаемся разам, і даведацца, хто стаяў ля вытокаў Дэкларацыі Незалежнасці; якія перадумовы склаліся, каб гэты дакумент быў прыняты; што за крокі здзейснілі беларусы, каб гэты дакумент запрацаваў і краіна пазбавілася ад залежнасці.

Субота: пабывайце на вялікім беларускім канцэрце

29 ліпеня, 19:00.

Бар 5327° (Giorgi Kuchishvili St., 1).

Білеты: 40 лары.

 

У суботу ў Тбілісі адбудзецца вялікі беларускі канцэрт Аляксандра Памідорава, Алеся Дзянісава і Змітра Пятрова-Твярскога. Будуць акустыка і найлепшыя хіты, а таксама вершы ў прозе.

За білетамі звяртайцеся ў тэлеграм @Liatriska.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться