Куды пайсці ў выхадныя 27–29 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Берліне

Куды пайсці ў выхадныя 27–29 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Берліне
Вось і кастрычнік праляцеў – наперадзе апошнія выхадныя месяца. Сабралі шмат цікавых мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах – выбірайце, што больш падабаецца, і не забудзьце запісацца, дзе неабходна.

Вось і кастрычнік праляцеў – наперадзе апошнія выхадныя месяца. Сабралі шмат цікавых мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах – выбірайце, што больш падабаецца, і не забудзьце запісацца, дзе неабходна.

МІНСК

Пятніца: пабывайце на медытацыі пад гукі гонга

27 кастрычніка, 18:00.

ДК ім. Шарко (Уральская, 3).

Кошт: 35 руб.

Апусканне ў гукі гонга – гэта глыбокая медытацыя, даступная кожнаму чалавеку. Вам трэба толькі легчы і дазволіць сабе быць у гуку.

У студыі ўжо падрыхтавалі для вас кілімкі, пледы і падушкі. Пасля сеанса вас будзе чакаць духмяная гарбата з натуральным мёдам.

Запіс па тэл.: +375 44 570 01 00, +375 29 500 10 01.

Пятніца-субота: паспейце паглядзець незвычайны арт-праект «Vioska Art. Успаміны з дзяцінства»

Да 28 кастрычніка.

Галерэя Беларускага саюза дызайнераў (вул. Брылеўская, 14).

Уваход: вольны.

Усяго тыдзень у Мінску працуе арт-праект «Vioska Art. Успаміны з дзяцінства». Галоўная яго філасофія – гэта пошук прадметаў і атрыбутаў настальгічных успамінаў з вясковага мінулага. Зварот да сімвалаў і знакаў, якія ўжо зніклі з сённяшняй дзіцячай штодзённасці і могуць праз прызму часу ўспрымацца як экзатычнае і незразумелае напаўненне.

За асноўныя сродкі ўдзеяння на гледача аўтары выбралі творы мастацтва ў стылі naive art і інсталяцыйныя прыёмы. Яны імкнуцца спалучыць сучасныя мастацкія тэхнікі з вінтажнымі прадметамі і атрыбутамі вясковага мінулага.

Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на модным маркеце

28-29 кастрычніка.

Flame Place (Машэрава, 9/8).

Уваход: вольны, dog friendly.

Восеньскі Craftmall абяцае быць па-асабліваму ўтульным і цёплым. Вас чакаюць: прыгожы маркет цікавых беларускіх дызайнераў і майстроў з асаблівымі вырабамі ручной працы, вінтаж, кветкавая крама, дамашнія прысмакі і фермерскія прадукты, фартэпіяна і свечкі, асенняя фотазона, а таксама духмяная кава і сезоннае меню ад бара «Аганёк».

Субота-нядзеля: пашукайце цікавыя рэчы на барахолцы «Open Шкаф»

28-29 кастрычніка, з 12:00 да 21:00.

Пляцоўка «Лучшая улица» (Незалежнасці, 95/2).

Уваход: вольны, pet friendly.

Калі не хочаце дызайнерскіх рэчаў, то адпраўляйцеся на барахолку «Open Шкаф». Як заўсёды, там вас будуць чакаць цікавае адзенне сэканд-хэнд, вінтаж, гаражны распродаж, вініл, арт і музыка. Ну і, канешне, тая самая атмасфера, за якую мы так любім гэты маркет.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу Валянціны Шобы «А гэта вінілы пра лета»

Да 19 лістапада.

Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2а).

У галерэі «ДК» працуе выстава графікі гарадзенскай мастачкі Валянціны Шобы «А гэта вінілы пра лета».

Аўтарка нарадзілася разам з культурай хіпі і, калі дайшла да сталага ўзросту, прыйшла да ўсведамлення прывабнасці і правільнасці сузірання і адзіноты як асновы жыцця. І раптам з цэнтра яе жыцця забіў фантан з кветак і гукаў – і адкрыўся партал у той, іншы свет, і ўсё, што з’явілася са стану забыцця, прыйшло, каб здабыць абрысы, якія гучаць. Жыццё цыклічнае.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Ірыны Князевай і Юрыя Пяткевіча «Адтуліны-адсюліны»

Да 10 снежня.

Нацыянальная бібліятэка, галерэя «Лабірынт» (3-і паверх).

Уваход: па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

 

У аўторак, 24 кастрычніка, у Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава Ірыны Князевай і Юрыя Пяткевіча «Адтуліны-адсюліны», якая знаёміць з сучасным беларускім інсітным мастацтвам.

Юрый Пяткевіч, мастак, паэт, пісьменнік, прапануе ўвазе гледачоў унікальныя спалучэнні выяўленчага і літаратурнага мастацтва, прыклады элітарнага напрамку кніжнага мастацтва – «Кнігі мастака» (Livre d’artiste), выкананыя ў графіцы і жывапісе.

Ірына Князева, старэйшая навуковая супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўляе ілюстрацыі да выданняў беларускай дзіцячай пісьменніцы Таццяны Дашкевіч «Аблокі для Мілы», «Куды бяжыць сабака Мелі?» і «Сталець ніколі не рана, або Адзін неверагодны дзень з жыцця звычайнага хлопчыка».

ВАРШАВА

Пятніца: запішыцеся на трэнінг па LinkedIn і іншых сацсетках як інструментах для пошуку працы

27 кастрычніка, 17:30.

Цэнтр беларускай салідарнасці (Oleandrów, 6/2).

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя).

 

Для тых, хто хоча, каб рэкруцёры самі пісалі з прапановамі працы, ЦБС ладзіць бясплатны трэнінг па LinkedIn і іншых сацсетках.

На сустрэчы будуць абмяркоўваць, што такое LinkedIn і навошта ён патрэбны, як выкарыстоўваць LinkedIn; сацсеткі як ваша рэзюмэ і пошук працы праз кароткія відэаролікі. Сустрэча падыдзе для студэнтаў і выпускнікоў, спецыялістаў, якія шукаюць новыя выклікі, прафесіяналаў, якія хочуць змяніць сферу дзейнасці, і нават для прадпрымальнікаў.

Субота: схадзіце на майстар-клас па вырабах упрыгажэнняў з ягад

28 кастрычніка, 11:00.

Офіс Free Belarus Center (Mokotowska, 24, офіс 64).

Удзел: 50 зл. (рэгістрацыя).

Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве запрашае на майстар-клас, прысвечаны вырабам з ягад – каралям, бранзалетам, абярэгам і інш. Добрая магчымасць паглыбіцца ў свет народнай творчасці, адпачыць і паразмаўляць за кубачкам гарбаты, даведацца больш пра разнастайнасць беларускай спадчыны і традыцыі.

Вам прапануюць стварыць вырабы з розных ягад, паэксперыментаваць з формай і матэрыяламі, адчуць прыгажосць прыроды, а таксама атрымаць унікальнае самаробнае ўпрыгажэнне.

Субота: паслухайце лекцыю пра Антоніа Вівальдзі ў суправаджэнні струннага квартэта

28 кастрычніка, з 18:00 да 20:00.

Прага Пулнац.

Кошт: 190 зл.

Першы ў гісторыі стваральнік канцэрта для скрыпкі і аркестра. Скрыпач-віртуоз. Чалавек з бліскучай кар’ерай у юным узросце і музычным забыццём на 200 гадоў. Кім быў Вівальдзі: святаром, дырыжорам, кампазітарам, скрыпачом-віртуозам, дырэктарам кансерваторыі ці проста вельмі слабым чалавекам? Разабрацца дапаможа віяланчэлістка Leila у суправаджэнні струннага квартэта Light quartet (жывое гучанне).

Для запісу стаўце аганькі ў каментарыях да паста або пішыце ў дырэкт.

Нядзеля: купіце што-небудзь страшна прыгожае ад беларускіх майстроў

29 кастрычніка, з 11:00 да 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a).

Уваход: вольны.

Беларускія рамеснікі Варшавы абяцаюць, што гэты Halloween будзе унікальным, таму што яны рыхтуюць для вас сапраўдны фестываль ручных вырабаў, напоўненых магіяй і містыкай.

Нашы майстры падрыхтавалі такія шэдэўры, ад якіх не толькі ўсмешкі, але і мароз па скуры. Завітвайце за сапраўднай Halloween-атмасферай!

ПАДЛЯШША

Пятніца–нядзеля: зʼездзіце на фэст «Бардаўская восень»

З 27 па 29 кастрычніка.

Падляшша.

Уваход: вольны.

На выхадных беларусы Польшчы збяруцца на фестывалі «Бардаўская восень». У пятніцу ў бельскім доме культуры будуць размова-ўспамін Надзеі Артымовіч, канцэрт – мастацкая дзея «Край» Кацярыны Ваданосавай і Аляксандры Канафальскай, а таксама канцэрт гурта Relikt.

У суботу ў гмінным асяродку культуры ў Орлі запланаваны канцэрт Алега Кабзара, дыскусія «Беларуская літаратура Падляшша» і выступ WZ Trio: у выкананні Змітра Вайцюшкевіча, піяніста Канстанціна Гарачага і бас-гітарысткі Людмілы Крукоўскай пачуеце новыя і даўно вядомыя мелодыі, заспяваеце горача любімыя песні.

А ў нядзелю фэст перамяшчаецца ў Беласток. Там у тэатры лялек (вул. Каліноўскага, 1) будзе паказ спектакля «Святло ў цемры» ад Тутэйшага тэатра, прэм’ера праграмы «Арка» музычнага праекта Zui у складзе Алены Зуй-Вайцяхоўскай і Міхася Зуя, а таксама канцэрт гурта :B:N:.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: завітайце на Восеньскі кірмаш

27 кастрычніка, з 16:00 да 21:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: вольны.

Восеньскі кірмаш – гэта вялікі маркет аўтарскіх рэчаў і падарункаў, дзе можна знайсці ўсё: ад натуральнай касметыкі да ўпрыгажэнняў з пацерак і інтэр’ерных вянкоў са злакаў і траў.

Адзначайце 27 кастрычніка ў календары і прыходзьце, каб разам з іншымі беларусамі сагрэцца ва ўтульнай творчай атмасферы.

Пятніца: пабывайце на Ночы паэтаў

27 кастрычніка, 17:00.

Гасцёўня Беларускай рады культуры (Šv. Ignoto g., 5).

Беларуская рада культуры сумесна з Razam ладзяць «Ноч паэтаў», імпрэзу – ушанаванне памяці беларускіх літаратараў, расстраляных НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

У праграме: літаратуразнаўчы экскурс, тэатральны перформанс ад акцёраў студыі Razam, музычныя нумары, кароткая прэзентацыя кнігі «1937. Ноч расстраляных паэтаў», паэтычныя чытанні ў фармаце адкрытага мікрафона з падарункамі ўдзельнікам.

Калі хочаце прачытаць верш – рэгіструйцеся тут.

БЕРЛІН

Пятніца і субота: паслухайце чытку п’есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты»

27 і 28 кастрычніка, 21:00.

Maxim Gorki Theater (Am Festungsgraben, 2).

Білеты: 18 еўра (тут).

У Берліне адбудуцца чыткі п’есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты». Гэта вынік тэатральнага праекта While History Writes Itself, у якім спадарыня Юлія ўдзельнічала разам з літаратарамі з Грузіі, Малдовы, Сербіі, Харватыі і Украіны.

«Экстрэмісты» – гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чыя адзіная зброя і адзінае злачынства – гэта голас. То бок пра беларускіх палітвязняў. Таксама будуць прэзентаваны яшчэ дзве п’есы – Кацярыны Пеньковай «Барбажиньці цибулевої масті» і Тані Шлійвар «Нацыянальны тэатр».

Мова паказу – нямецкая з англійскімі субтытрамі.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться