Куды пайсці ў выхадныя 26–28 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Мюнхене і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 26–28 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Мюнхене і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Самы час планаваць выхадныя: сабралі для вас шмат цікавых мерапрыемстваў, каб дакладна не давялося сумаваць.

Самы час планаваць выхадныя: сабралі для вас шмат цікавых мерапрыемстваў, каб дакладна не давялося сумаваць.

МІНСК

Субота: закупіцеся смачным на фермерскім рыначку

27 мая з 11:00 да 15:00.

Lidbeer Dvor (вул. Кульман, 1/8).

Уваход: вольны.

Кожную суботу ў Lidbeer Dvor праходзіць фермерскі рыначак «Усё сваё», куды з’язджаюцца розныя фермеры: прывозяць мяса, каўбасы, гародніну, малочныя прадукты, хлеб, масла, слодычы і іншае. Прыходзіць лепш да пачатку, бо хутка разбіраюць.

Субота: аддайце непатрэбныя рэчы на дабрачыннасць

Штосуботу з 12:00 да 20:00.

Вул. Альшэўскага, 1/4.

Кожную суботу праект KaliLaska прымае рэчы, якія потым развозіць па краіне, каб дапамагчы тым, каму гэта патрэбна. А для вас гэта добры шанц разгрузіць шафу і пазбавіцца ад лішняга.

Субота: схадзіце на вечарыну ў стылі дыска

27 мая з 21:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: 15 руб.

Прастора «Вершы» кліча на вечарыну ў стылі дыска – танцаваць да ўпаду пад dj-сэты, весяліцца і выпіваць. Адказваць за музыку будуць DJ Funkyjaws і DJ Vova Patapenka. Дрэс-код – bright retro.

Субота–нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

27-28 мая.

lT max у Lidbeer Dvor (вул. Кульман, 1/8).

Уваход: вольны.

Любімы «Open Шкаф» гэтым разам будзе праходзіць у новай лакацыі – IT max. Абяцаюць дызайн-маркет, вінтаж, гаражны распродаж, вініл, фуд-корт і гастрапраекты, крафтавыя тавары для жывёл, майстар-класы і паказ апсайк-брэндаў. Можна прыходзіць з жывёламі.

Субота-нядзеля: адпачніце на «Лучшей улице»

27-28 мая.

«Лучшая улица».

Уваход: вольны.

У пятніцу – Weekend LIVE: DJ set от Bazhen IKTN (House).

У суботу: ярмарка Sarafan Market. Sarafan Farm Food, чэмпіянат свету па хакеі і Weekend LIVE: DJ set от Julia Koffie (Hip-Hop).

У нядзелю: тая ж ярмарка, Kid’s Cinema Club «Смурфікі», сустрэча ўладальнікаў Cadillac, таксама трансляцыя хакею і Weekend LIVE: DJ set ад Reemotto (Disco, House).

Усе выхадныя: паглядзіце выставу Максіма Лагуна «Фабрыка мрояў»

Да 3 чэрвеня.

Кнігарня-кавярня Marks (вул. К. Маркса, 11).

У кнігарні-кавярні Marks працуе выстава Максіма Лагуна «Фабрыка мрояў». Мастаку 17 гадоў, у яго аўтызм. Ён любіць прыдумляць словы, медытаваць на светлафоры, іграць у тэатры і глядзець кіно. Асабліва далічбавае, чорна-белае, нямое, якое транслюе сюжэт і стан герояў з дапамогай мімікі, жэстаў, пастаў.

У выставе адлюстроўваецца схільнасць Максіма да тэмы кінематографа, яго зачараванне застаўкамі вядомых кінастудый, нестандартнае ўяўленне прасторы і падзей, пранікненне герояў адных фільмаў у сюжэт іншых.

«Адзін чалавек аднойчы спытаў у Макса: “Як ты думаеш, людзям падабаюцца твае малюнкі? І калі так, то чаму?” І ён адказаў: “Думаю, так. Яны ж класныя!”» – кажа маці Максіма.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе Таццяны Савік

Да 4 чэрвеня.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

У НЦСМ працуе персанальная выстава Таццяны Савік «Void / Пустата». Мастачка ў сваім імкненні ўбачыць і зафіксаваць «рэальны стан рэчаў» выбірае шлях «выслізгвання»: паўзы і разрывы, фрагментацыя і дэканструкцыя – Таццяна ставіць пад сумнеў прынцыпы звыклага, агульнапрынятага ўяўлення свету і чалавека ў ім.

Пустата для аўтаркі становіцца «перажываннем уласнага быцця» і ў канчатковым выніку – «перыядам у жыцці чалавека, які вядзе яго да самога сябе і сутыкае яго з сабой-праўдзівым (а не з сабой-сацыяльным)».

Усе выхадныя: адпраўцеся ў падарожжа па Беларусі

Любы дзень.

Розныя куткі Беларусі.

Ужо зусім пацяплела, таму можна планаваць падарожжы далей ад Мінска. У рубрыцы «Куды паехаць у Беларусі» мы расказваем пра файныя маршруты, а гэтым разам крутымі лакацыямі падзяліўся аўтар блога @belarus.go Аляксандр Мелехавец, на рахунку якога больш за 180 беларускіх гарадоў і мястэчак.

ВАРШАВА

Чацвер–нядзеля: купіце кнігі на роднай мове ад беларускіх выдавецтваў

З 25 па 28 мая.

Pałac Kultury i Nauki (plac Defilad, 1).

Уваход: вольны.

Напрыканцы тыдня ў Варшаве будзе праходзіць міжнародны кніжны кірмаш, удзел у якім будуць прымаць і беларускія выдавецтвы. У праграме – прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы і шмат чаго іншага. Ну і, вядома ж, можна будзе набыць файныя кнігі на роднай мове.

Вось тут знойдзеце падрабязнасці.

Субота: схадзіце на куратарскую экскурсію па выставе Рамана Камінскага

27 мая, 15:00.

HOSgallery (Dzielna, 5, lok. 5B).

У Варшаве працуе персанальная выстава Рамана Камінскага Past Garden. Як і многія беларусы, Раман перажыў двайную эміграцыю пасля лютага 2022 года. У той час ён ужо жыў у Кіеве, пазней пераехаў у Грузію, а потым у Францыю. Да гэтага дадалася асабістая трагедыя – страта маці, на пахаванне якой ён не здолеў прыехаць. Ствараючы аўтапартрэты, Раман літаральна паглыбляўся ў пачуццё ўласнай траўмы, прэпараваў яго, а на апошніх этапах малявання ўпрыгожваў кветкамі.

На выставу можна прыйсці самастойна, а можна і з экскурсіяй – у суботу яе правядзе куратарка Вольга Мжэльская.

ГДАНЬСК

Субота: паглядзіце вясновыя казкі на стужках ад «Дыяфільм live»

27 мая, 13:00.

Бар «Карма» (Tandeta, 1).

Уваход: вольны, патрэбна рэгістрацыя (можна пакінуць данаты).

Праект «Дыяфільм live» прыязджае ў Гданьск з новымі «Вясновымі казкамі на стужках». Бацькі змогуць паглыбіцца ў дзівосныя ўспаміны свайго дзяцінства, калі звычайная белая прасціна станавілася парталам у казачны свет. А дзеці пачуюць новыя ці ўжо забытыя старыя добрыя казкі, расказаныя з дапамогай чарадзейнага дыяпраектара.

Пасля паказу дзеці разам з дарослымі возьмуць удзел у майстар-класе па ценявым тэатры, створаць сваіх уласных казачных персанажаў і прыдумаюць новую гісторыю ў промні праектара.

СОПАТ

Пятніца: збярыце каманду на адкрыццё клуба «Што? Дзе? Калі?»

26 мая, 19:30.

Асацыяцыя беларусаў Памор’я (Jacka Malczewskiego, 21).

Удзел: бясплатны.

У пятніцу ў Сопаце адбудзецца адкрыццё клуба Труймяста па гульні «Што? Дзе? Калі?». Запрашаюць усіх, хто не можа жыць без пошуку адказаў на складаныя пытанні. Згуляюць уласна ў «Што? Дзе? Калі?» і ў вясёлую разміначную гульню.

Рэгіструйце сваю каманду тут (максімум 6 чалавек) і прыходзьце шчоўкаць крэпкія арэшкі пытанняў. Ды і без каманды прыходзьце – усім будуць рады.

КРАКАЎ

Нядзеля: паслухайце песні гурта «Петля Пристрастия»

28 мая, 19:00.

Klub Gwarek (Władysława Reymonta, 17).

Білеты: 25 еўра (тут).

Ужо ў нядзелю вядомы беларускі гурт «Петля Пристрастия» грае вялікі драйвовы канцэрт ў Кракаве. На рахунку хлопцаў шэсць магутных поўнафарматных альбомаў і незлічоная колькасць канцэртаў, на якіх ніхто ў зале не застаецца абыякавым i калі не танчыць пад сцэнай, то абавязкова «задуменна ківае галавой».

Білеты па 20 еўра ўжо раскупілі, але яшчэ можна набыць за 25.

ВІЛЬНЮС

Субота: згуляйце ў навучальную гульню «Халон»

27 мая, 11:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 20 еўра.

Беларусаў Вільнюса клічуць на майстар-клас па крэатыўным і сістэмным мысленні ў выглядзе настольнай гульні.

За 3 гадзіны вы адчуеце, як абмежаванні дапамагаюць, разбераце, як проста ўладкаваны сістэмы, падгледзіце, як можна працаваць з трыма пластамі рознай інфармацыі, даведаецеся, колькі каштуе слова, і адгадаеце, які менавіта шыфр склаў вар’ят-вучоны, які вырашыў захапіць свет.

Субота: паслухайце беларускі стэндап

27 мая, 20:00.

Paviljonas (Pylimo g., 21B).

Білеты: 15–20 еўра.

Беларускія комікі Макс Канавал, Дзіма Нарышкін і Дзіма Саўян едуць у міні-тур па краінах Балтыі «На чамаданах». Пачнуць у суботу з Вільнюса.

Вас чакаюць 1,5 гадзіны новых смешных гісторый з жыцця комікаў у эміграцыі, а таксама музычная імправізацыя ад Дзімы Саўяна.

МЮНХЕН

Пятніца: схадзіце на канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана»

26 мая, 20:00.

Kulturzentrum GOROD (Arnulfstraße, 197).

Кошт: 20 еўра па рэгістрацыі ці 25 еўра на ўваходзе.

У пятніцу гурт «Разбітае сэрца пацана» грае канцэрт у Мюнхене. Абяцаюць і старыя хіты, і новыя, зусім невядомыя, нікім не чутыя песні. Па папярэдняй рэгістрацыі каштаваць будзе меней.

#Варшава #Минск #Беларусь #Вильнюс
поделиться