Куды пайсці ў выхадныя 26–28 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 26–28 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Здавалася б, толькі нядаўна святкавалі Новы год, а ўжо апошнія выхадныя студзеня падкраліся. Але ж гэта не нагода сядзець дома! Глядзіце, якія файныя мерапрыемствы ладзяць беларусы ў трох сталіцах.

Здавалася б, толькі нядаўна святкавалі Новы год, а ўжо апошнія выхадныя студзеня падкраліся. Але ж гэта не нагода сядзець дома! Глядзіце, якія файныя мерапрыемствы ладзяць беларусы ў трох сталіцах.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: купіце білет на купанне ў гуках гонгаў

26 студзеня, 18:00.

ДК імя Н.Ф. Шарко (Уральская, 3).

Білеты: 35 руб. (тут).

Гэта гукатэрапеўтычная медытацыя, падчас якой вібрацыі гонга, бубна і іншых аўтэнтычных прылад здымаюць напружанне і стомленасць, чысцяць і гарманізуюць унутраную прастору. Раім паспрабаваць хаця б раз, калі яшчэ не.

Пятніца: паслухайце лекцыю пра ігуменскую шляхту ў Сібіры

26 студзеня, 18:30.

Лекторый «Фрэскі» (вул. Кісялёва, 38, першы паверх).

Кошт: 17 руб. (патрэбна рэгістрацыя).

У пятніцу лекторый «Фрэскі» запрашае на лекцыю Алены Кароўчанка «Ігуменская шляхта ў Сібіры. Ссыльныя за ўдзел у паўстанні 1863 года». Лекцыя заснавана на архіўных матэрыялах, звязаных з удзелам шляхцічаў з засценка Суцін Ігуменскага павета ў паўстанні 1863 года, якія былі сасланы ў аддаленыя губерні Расіі.

Прыходзьце даведацца, як склаўся лёс ссыльных, іх продкаў і нашчадкаў з пачатку XIX стагоддзя да нашага часу і ў якіх краінах на сённяшні дзень жывуць нашчадкі сасланых.

Пятніца: купіце білет на лекцыю пра магію і псіхалогію

26 студзеня, 19:00.

Кінатэатр mooon у ГЦ Palazzo.

Білеты: 35 руб.

Кінатэатр mooon запрашае разам з псіхолагам Сяргеем Янгібаевым зазірнуць у самую сутнасць магіі і чараўніцтва. Успомніць сюжэт дзіцячых мульцікаў, пагаварыць пра містыку «Майстра і Маргарыты» і фантазійнасць «Алісы ў Краіне Цудаў».

А таксама даведацца, чаму людзі вераць у таро, што хаваецца за радавымі праклёнамі, як супрацьстаяць астралогіі і пры чым тут псіхалогія.

Субота: схадзіце за карыснымі прадуктамі на фермерскі рыначак «Усё сваё»

27 студзеня, з 10:00 да 15:00.

Lidbeer Dvor (Кульман, 1/2).

Уваход: вольны.

Па традыцыі, у суботу на пляцоўцы Lidbeer Dvor збяруцца беларускія фермеры і рамеснікі з розных куткоў нашай краіны, каб прадставіць сваю прадукцыю на продаж.

Звычайна там можна набыць хлеб, мяса і сала, сыры і малочныя прадукты, слодычы і выпечку, гародніну, мёд, паўфабрыкаты, масла, гарбату і іншае.

Субота: паглядзіце кіно ў жанры роўд-муві

27 студзеня, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае разам паглядзець кіно «Малхоланд драйв» Дэвіда Лінча.

Загадкавая дзяўчына, якая пакутуе ад страты памяці пасля аўтамабільнай аварыі, выбірае сабе імя Рыта з рэкламнага плаката да фільма з Рытай Хейворт і спрабуе з новым імем пачаць у Галівудзе новае жыццё. Але таямніцы мінулага неадступна праследуюць яе. Хто былі тыя двое мужчын, што сядзелі ў адной машыне з ёй і загінулі ў аварыі? Чаму паліцыя падазрае, што яна была выкрадзена імі? І ці выпадкова ў яе жыцці з’яўляецца новая сяброўка – актрыса Бэці?

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Мішы Дайліды «Спрэчкі года»

Да 25 лютага.

Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2а).

 

У чацвер, 25 студзеня, у галерэі «ДК» адкрываецца выстава мастака і ілюстратара Мішы Дайліды «Спрэчкі года».

«Уражанні і настроі – камяк успамінаў у горле – гэта і ёсць мае “спрэчкі года”. Усё хутка і спантанна. Старыя дзённікі, прачытаныя і перамаляваныя нанова праз прызму іншых ракурсаў і ўзросту. Прыемна ісці не спяшаючыся, шукаць сюжэты там, дзе не губляў, маляваць і збіраць цэглу, з якой потым вырастуць канцэптуальныя асабнякі прыроды, вуліц, будынкаў», – кажа мастак.

Усе выхадныя: зазірніце на фінальны сэйл барахолкі KaliLaska

Да 28 студзеня.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Дабрачынная барахолка KaliLaska працуе ўжо амаль тыдзень, і на гэтых выхадных вас чакае фінальны сэйл са скідкамі 50%.

Забягайце за новым адзеннем, абуткам, кнігамі, упрыгажэннямі, посудам, дэкорам для дома і іншымі цікавымі рэчамі.

Усе выхадныя: паглядзіце выставу да стагоддзя Васіля Быкава

 

Да 5 мая.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13).

 

У чацвер, 25 студзеня, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрываецца выстава «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі», прымеркаваная да 100-годдзя пісьменніка.

Ці ведаеце вы, што Васіль Быкаў спрабаваў сябе і ў выяўленчым мастацтве? У юнацтве ён хацеў стаць прафесійным мастаком і навучаўся на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча. Вучобу давялося спыніць, аднак улюбёны занятак Быкаў не кінуў.

На выставе можна пабачыць больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Уладзіміравіча. Кожная з іх па-мастацку, дакладна і яскрава раскажа пра пэўную падзею ці жыццёвы эпізод.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на прэм’еру спектакля беларускага рэжысёра Юры Дзівакова

26 студзеня, 19:00.

Instytut Teatralny (Jazdów, 1).

Білеты: 80 зл. (тут).

 

У пятніцу адбудзецца прэм’ера спектакля беларускага рэжысёра Юры Дзівакова Clausa Fores. Вас чакае перфарматыўная дзея з элементамі оперы, якая паказвае сутнасць тыраніі і яе дэструктыўнае ўздзеянне на асобу і грамадства.

Натхненнем для спектакля сталі разважанні пра самадастатковасць дыктатуры і тую парадаксальную ролю, якую мы выконваем як бяссільныя назіральнікі за яе працягласцю і за непазбежнай смерцю.

Мова – італьянская з беларускімі і польскімі субтытрамі.

Субота: паслухайце лекцыю пра дызайн інтэрʼеру

27 студзеня, 17:00.

Прастора Twoj Wychad (Aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

Уявіце, як, вярнуўшыся дадому і зручна ўладкаваўшыся на ложку, вы хочаце зарадзіць тэлефон, але разетка, як на ліха, знаходзіцца ў самым нязручным месцы. У свеце дызайну інтэрʼеру нават такія дробязі маюць значэнне.

Далучайцеся да практычнай лекцыі пра дызайн інтэр’еру, дзе спікерка падзеліцца сакрэтамі не толькі стварэння прыгожых прастор, але раскажа пра тое, як зрабіць іх зручнымі для паўсядзённага жыцця.

Субота: запішыцеся на лекцыю па літаратуры

27 студзеня, 18:00.

Koszykowa, 61.

Кошт: 150 зл.

У суботу можна схадзіць на лекцыю па літаратуры «Казкі 1001 ночы і іх уплыў на сусветную літаратуру».

Дзе пачалася гэтая дзіўная казка? З якіх краін прыйшлі гэтыя гісторыі? Як і калі яны былі сабраны разам? Ці ёсць «арыгінальная версія»? Чаму прыгоды Сіндбада нагадваюць гісторыі Адысея?

Разабрацца ў гэтым дапаможа Армэн Захаран – філолаг і перакладчык, літаратурны крытык, стваральнік папулярнага літаратурнага YouTube-канала і падкаста «Армэн і Фёдар». Спікер раскрые сакрэты кампазіцыі, зместу і стылю гэтых чароўных тэкстаў. Таксама будзе магчымасць задаваць пытанні.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паглядзіце і абмяркуйце стэндап-шоу «Праглядзім Косцю Пушкіна»

26 студзеня, 18:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: па рэгістрацыі.

Каманда «Падвал №4» вельмі любіць стэндапы, таму вырашыла разам з вамі праглядзець аднаго з комікаў на вечары фармату «Праглядзім».

Паглядзець і абгрунтаваць гумар коміка Косці Пушкіна ў прыемнай кампаніі са стэндаперамі-пачаткоўцамі – цудоўны варыянт, як правесці вечар пятніцы.

Субота: паглядзіце кіно Лука Гуаданьіна Call Me By Your Name

27 студзеня, 18.00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation.

 

Лука Гуаданьіна – італьянскі кінарэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст. Яго фільмы характарызуюцца эмацыянальнай складанасцю, пачуццёвасцю і цудоўнымі візуальнымі эфектамі. Стужкі італьянца закліканы дэманстраваць гледачу прыгажосць і сексуальнасць. Ён таксама вядомы стварэннем такіх фільмаў, як Call Me by Your Name, Bones and All, Suspiria.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу Уладзіміра Парфянка «Віленскі альбом»

З 25 студзеня.

Цэнтр беларускай культуры (Vilniaus, 20).

Уваход: вольны.

 

У чацвер, 25 студзеня, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры адкрываецца фотавыстава Уладзіміра Парфянка «Віленскі альбом» (у студзені Уладзімір заўчасна сышоў ад нас, але засталіся яго фотаздымкі).

Фатаграфію Уладзіміра Парфянка вылучае тонкае пачуццё кампазіцыі, памножанае на разуменне таго, што ў кожным з канкрэтных выпадкаў з’яўляецца вырашальным момантам. Да яго рана прыйшло асэнсаванне важнасці фактару спантаннасці ў працы фатографа і разуменне, што розніцу паміж добрым і выбітным здымкам робяць дэталі, дробязі, якія немагчыма ані прадугледзець, ані змадэляваць.

Асноўны аб’ём працы над праектам, у тым ліку і адбор, рабіўся на працягу 1987-1988 гадоў, калі аўтар разам з калегамі па групе «Правінцыя» часта наведваў Вільнюс.

Усе выхадныя: схадзіце на мерапрыемства, прысвечанае гадавіне беларускай карчмы

Да 28 студзеня.

Карчма 1863 (Bokšto g., 2).

Увесь гэты тыдзень беларуская карчма «1863» святкуе першую гадавіну і ладзіць з гэтай нагоды мноства івэнтаў.

 

Вось расклад на выхадныя: пятніца – музычны вечар з беларусім караоке; субота – квэст па горадзе, прысвечаны Паўстанню (з 12:00 да 18:00), і Васіль Калач у літаратурным монаспектаклі «Сшытак першы. Помста» (у 19:00); нядзеля – размова з Аляксандрам «Кусь» Клачко «За што беларусы змагаюцца ва Украіне. Досвед добраахвотніка».

Па падрабязнасці і ўдзел звяртайцеся ў дырэкт карчмы.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться