↵Вось і красавік праляцеў! Сабралі 9 цікавых мерапрыемстваў у Мінску, каб апошнія выхадныя месяца вам запомніліся, – выбірайце, чым будзеце займацца.
Пятніца: схадзіце на «Спатканне з горадам»

Музей «Аліварыя» запрашае на імпрэзу «Спатканне з горадам». Вас чакае настольная гульня «Дзесьці ў Менску», якая адправіць у захапляльнае падарожжа па горадзе, і дэгустацыя розных гатункаў піва – ад класічных да смелых эксперыментаў. Запісвайцеся праз дырэкт музея.
Дзе: музей «Аліварыя».
Пятніца: правядзіце вечар з паэзіяй

У праграме – больш за 10 паэтаў са сваімі вершамі і лаўнж-кавер-гурт ARRIBA з Івонай Этука на вакале і Дзянісам Смірновым на гітары. Вядучая вечара – Дара Арсаві, тэатразнаўца з глыбокім разуменнем мастацтва, якая акуне вас у чароўны свет паэзіі і музыкі.
Дзе: Focus Art Club (вул. Мележа, 1).
Пятніца-субота: паспейце на графічную выставу

Да 27 красавіка працуе выстава мастака Аркадзя Сцёпіна «За гранью». Серыі прац «Джаз» і «Сад» прадстаўляюць рамантызм як асаблівую грань мастацкага ўспрымання свету і спосаб адлюстравання часу праз жывапісную кампазіцыю.
Дзе: музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).
Пятніца–нядзеля: купіце цікавыя рэчы са скідкай 50%

Дабрачынны маркет KaliLaska працуе ўвесь гэты тыдзень, але на выхадных кошты будуць на 50% меншымі. Можна прыдбаць сабе сезоннае адзенне і абутак, сумкі, посуд, прадметы інтэр’еру, дэкор, кнігі, паштоўкі, вініл і іншае.
Дзе: вул. Кальварыйская, 33/4.
Субота: схадзіце з дзецьмі на мадэрнізаваную батлейку

Вас чакае мадэрнізаваная батлейка са святлом, гукам і сучасным стылем лялек.
Дзе: музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).
Субота: зразумейце, што класіка – гэта класна

З часу свайго стварэння ў 2003 годзе праект «Класіка – гэта класна!» хутка заваяваў папулярнасць, бо адрасаваны самай шырокай аўдыторыі: ад падрастаючага пакалення да дарослых прыхільнікаў акадэмічнай музыкі.
Дзе: Белдзяржфілармонія (пр-т Незалежнасці, 50).
Субота: паглядзіце французскае роўд-муві-кіно

Галоўны герой зарабляў з ранняга ўзросту, не прапускаючы ніводнага працоўнага дня. Аднак па дакументах высветлілася, што многія працадаўцы проста не рэгістравалі яго ў сваіх канторах. І цяпер наваяўленаму пенсіянеру неабходна прад’явіць пацвярджэнне таго, што ён працаваў увесь гэты час.
Дзе: прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).
Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

Барахолка «Open Шкаф» запрашае абнаўляць гардэроб да новага сезона. Па традыцыі вас будуць чакаць вінтаж, garage sale, дызайн, вініл, арт, файная музыка і прыемная атмасфера. Забягайце! Можна са сваімі хвосцікамі.
Дзе: прастора «Цэх» (пр-т Машэрава, 11/2).
Нядзеля: навучыцеся наіўнаму жывапісу

Мастачка Кацярына Цешка ладзіць майстар-клас для дзяцей (12+) і дарослых. Падрыхтаваныя рэферэнсы – нацюрморты з кветкамі ў «наіўнай» стылістыцы – можна будзе паўтарыць, дапоўніць або інтэрпрэтаваць па-свойму.
Дзе: мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4, будынак Пушкінскай бібліятэкі).
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фото: CityDog.io, Unsplash.com.