Куды пайсці ў апошнія выхадныя лета 25–27 жніўня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў апошнія выхадныя лета 25–27 жніўня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Вось і падкраліся апошнія выхадныя лета. І калі вы яшчэ не паспелі якасна адпачыць - хапайце апошнюю магчымасць за хвост і плануйце, чым будзеце займацца.

Вось і падкраліся апошнія выхадныя лета. І калі вы яшчэ не паспелі якасна адпачыць - хапайце апошнюю магчымасць за хвост і плануйце, чым будзеце займацца.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: схадзіце на музычную тэрапію

25 жніўня, 20:00

Музычная гасцёўня Adagio (пр. Дзяржынскага, 19)

Білеты: 40 руб. (тут)

Новае і касмічнае спалучэнне гукаў ханга і фартэпіяна зачаруе сваёй глыбінёй і прыгажосцю. У канцэрце будзе таксама мноства гукатэрапеўтычных інструментаў: такіх, як глюкафон, званочкі, чакрафон, якія расслабяць і правядуць слухача ў самую глыбіню музыкі.

Праграма складаецца з хітоў неакласікі, якія па-новаму загучаць для вас на сцэне. Па-першае – музыка кампазітараў Людовіка Эйнаудзі, Ханса Цімера і Яна Цьерсена; па-другое – музыка з фільмаў «2+1», «Хаціка», «Код да Вінчы», «Амелі», «Гладыятар», «Аватар» і іншыя.

Пятніца–нядзеля: адпачыце на Fuji фэсце

25–27 жніўня

Прастора «Цэх» (пр. Машэрава, 11/2)

Білеты: 10–50 руб. (тут)

Апошнія выхадныя лета можна правесці на Fuji Fest – арганізатары абяцаюць тры насычаных дні.

У дзённай частцы фестывалю запланаваны лекцыі, майстар-класы, перфомансы, кінапаказы і інш. У начной частцы – DJs, светлавое шоу, дэкарацыі, фотазоны і актыўнасці.

Субота–нядзеля: знайдзіце цікавыя вінтажныя рэчы на берлінскім маркеце

26–27 жніўня

Прастора «Вершы» (Кастрычніцкая, 19)

Уваход: вольны

Вінтажная атмасфера, упрыгожванні, посуд і многае-многае іншае. Пачынаюць з суботняй раніцы і не заканчваюць да вечара нядзелі.

Стылізаваная прастора ў лепшых традыцыях берлінскага маркета, якая апускае цябе ў тую самую атмасферу вінтажа і чылавага адпачынку. Стабільна добрая музыка ад дыджэяў, тусоўкі ў летнім дворыку, вячоркі на дыванах з вашымі чатырохногімі фрэндамі. Мора напояў, піўка і ігрыстага ў прыкуску са смачным джанкфудам: так-так, тыя самыя легендарныя хот-догі таксама будуць гатаваць.

Субота–нядзеля: правядзіце выхадныя з дзецьмі на «першакласным» свяце

26–27 жніўня

Батанічны сад

Білеты: дарослы – 12 руб., льготны (деці 3+, пенсіянеры, студэнты) – 6 руб., дзецям да 3 гадоў – бясплатна

На выхадных у батанічным садзе пройдзе «Першакласнае свята», прысвечанае провадам лета і пачатку навучальнага года.

Вас чакаюць: анімацыйныя шоу-праграмы, развіваючая Kids-зона (0+), выступленні дзіцячых калектываў, танцавальныя флэшмобы, роставыя лялькі, шоу мыльных бурбалак, навуковае шоу, паказ мод, сюрпрызы ад выдавецтваў дзіцячых часопісаў, зоны творчасці і майстар-класаў, зона фінансавай пісьменнасці, спікер-зона з лекцыямі і трэнінгамі для бацькоў, гульнявыя і спартыўныя зоны, зона адпачынку, дэгустацыя прадукцыі, розыгрыш каштоўных прызоў і падарункаў, выстава-продаж і фудкорт і шмат іншага.

Нядзеля: схадзіце на фестываль вулічнай культуры

27 жніўня, з 12:00

Flame Place (пр. Машэрава, 9/8)

Уваход: 10 руб.

У нядзелю ў Flame Place адбудзецца фестываль вулічнай культуры Ready to rock. Будуць танцы, вяселле і хіп-хоп у лепшых традыцыях. Арганізатары абяцаюць, што пройдзе крута!

Усе выхадныя: паспрабуйце што-небудзь смачнае на гастратыдні ў ГЦ Palazzo

Да 27 жніўня

ГЦ Palazzo

Сэты: 10–15 руб. дзіцячыя, 25–30 руб. – для дарослых

З 21 па 27 жніўня у ГЦ Palazzo праходзіць гастратыдзень, калі кафэ і рэстараны прапануюць спецыяльныя сэты па фіксаваных цэнах.

Сэты рыхтуюць: «МамаДома», «Чайхана сіці», Easy soup, «Шаурма Сіці», «Безупречная чабурэчная», Pad Tai POke bowl, Salateira і GanBei.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе графікі і жывапісу Марыі Сыракваш

Да 3 верасня

Палац мастацтваў (Казлова, 3)

Білеты: дарослы – 6 руб., ільготны – 3 руб.

З 10 жніўня ў прасторы ZAL #2 працуе выстава беларускай мастачкі Марыі Сыракваш «ПРА RADZIMA».

Гэта праект, прысвечаны гістарычным караням і вытокам мінулага. Гэта адносіны аўтара да роднай зямлі, насычаныя ўспамінамі пра шматлікія падарожжы, пра ўражанне і стаўленне да вобраза Беларусі, фарміраванне асабістага генетычнага кода.

Любы дзень: зʼездзіце паглядзець адну з беларускіх сядзіб

Любы дзень

Розныя куткі Беларусі

У рубрыцы «Куды паехаць у Беларусі» расказваем пра цікавыя месцы нашай краіны, якія варта наведаць. Тым больш што наперадзе апошнія выхадныя лета – чаму б не запланаваць невялікае падарожжа?

У апошнім выпуску, напрыклад, мы сабралі пяць сядзіб у розных частках Беларусі. Калі будзеце складаць чарговы маршрут, абавязкова захапіце адно з гэтых месцаў – не пашкадуеце.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце лекцыю пра Моцарта

25 жніўня, 18:30

Месца паведамяць удзельнікам асабіста

Кошт: 120 зл

Спікерка Святлана Талатай (піяністка, педагог, музыказнаўца) правядзе лекцыю «Вольфганг Амадэй Моцарт. Папулярныя легенды пра кампазітара+Жывая музыка».

У праграме будуць закрануты такія тэмы з біяграфіі класіка: першы вундэркінд у свеце, таямніца імя, бацька-тыран, забароненае выданне лістоў Моцарта і інш.

Субота: завітайце на інклюзіўны кава-фэст

26 жніўня, з 10:00 да 14:00

Bracka, 25

Уваход: вольны

У суботу ў Варшаве пройдзе інклюзіўны кава фэст – Open Day. На працягу двух дзён, у чацвер і пятніцу, арганізатары будуць вучыць 10 новых інклюзіўных барыстаў у закрытым фармаце, а ў суботу на фестывалі яны пакажуць, чаму навучыліся. Забягайце па кубачак кавы!

Субота: паслухайце лекцыю пра дзень, які павярнуў гісторыю Беларусі

26 жніўня, 17:30

Беларускі Дом (ul. Kryniczna, 6)

Удзел: па рэгістрацыі

У суботу Зянон Пазняк выступае з лекцыяй «25 жніўня – дзень, які павярнуў гісторыю Беларусі» з нагоды абвяшчэння незалежнасці БССР у 1991-м годзе.

Пасля лекцыі слухачоў чакае культурная праграма: вершы ад Галіны Пазняк і Алега Лазоўскага, а таксама музычныя выступы Алеся Дзянісава (Dzieciuki) і Алесі Сінчук.

Субота: запішыцеся на пісьменніцкі варштат з тоні лашдэн

26 жніўня, 19:00

Каворкінг Free Belarus Centre (Mokotowska, 24)

Удзел: бясплатны (патрэбна рэгістрацыя)

Пісьменні:ца і квір-фем актывіст:ка тоні лашдэн запрашае на пісьменніцкі варштат «Сям’я, якая ў мяне была (і тая, якой не было)».

Якія гісторыі мы захоўваем у нашай сям’і, а якія знікаюць без следа? На якой мове мы размаўляем і чаму? Што мы захоўваем у сямейных нарратывах, а што выцясняем? Прапануюць абмяркоўваць (і пісаць пра!) пакаленні нашых прабабуль і прадзядуляў.

Варштат падыдзе для ўсіх, каму цікава пазаймацца пісьменніцкімі практыкамі ў камфортнай і сяброўскай кампаніі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на прэзентацыю арт-бука «Bloodlands 20/22» і кнігі «Свінні»

25 жніўня, 19:00

Creative Culture Space (Karmelitu gatve, 5)

Уваход: вольны

У пятніцу ў Вільні адбудзецца двайная прэзентацыя: будуць прадстаўляць арт-бук Bloodlands 20/22, створаны Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам, а таксама беларускую версію кнігі «Свінні» Аляксандра Чарнухі. Варта пабываць!

Нядзеля: купіце білет на спектакль «Ціхары»

27 жніўня, 18:00 і 20:00

Дом Легенд (Subačiaus g., 15/2)

Білеты: 20 еўра (тут)

У нядзелю ў Вільні запланаваны новыя паказы спектакля «Ціхары» паводле Сашы Філіпенкі. Сюжэт распавядае пра недалёкую будучыню, у якой апакаліпсіс – не прычына спыніць суды над прысутнымі ў Беларусі.

2030 год. Вайна ва Украіне завяршылася перамогай Кіева, і Пуцін націснуў ядзерную кнопку. Свет разбураны, але ў адным бункеры, як ні ў чым не бывала, праходзіць суд за ўдзел у пратэстах у Беларусі 2020 года.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться