Куды пайсці ў выхадныя 23–25 чэрвеня ў Мінску, Вільнюсе і Варшаве

Куды пайсці ў выхадныя 23–25 чэрвеня ў Мінску, Вільнюсе і Варшаве
Наперадзе – апошнія выхадныя чэрвеня (так-так!), таму сабралі для вас крутыя івенты, каб вы дома не сумавалі.

Наперадзе – апошнія выхадныя чэрвеня (так-так!), таму сабралі для вас крутыя івенты, каб вы дома не сумавалі.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Ноч з пятніцы на суботу: схадзіце на вечарыну, дзе будуць бранзалеты для пацалункаў

23 чэрвеня, з 23:55

Прастора М11 (пр. Машэрава, 11)

Білеты: 20 руб. – загадзя (тут), 25 руб. – на уваходзе

У прасторы М11 пройдзе незвычайная вечарына. Акрамя музыкі да 6 раніцы там будуць яшчэ і спецыяльныя бранзалеты для пацалункаў. Атрымаць іх можна будзе на ўваходзе па жаданні. Бранзалеты будуць свяціцца і азначаць, што вы не супраць новых знаёмстваў і пацалункаў (калі абодва бакі згодныя, вядома ж).

Субота: адсвяткуйце Купалле ў Гальшанах

24 чэрвеня, 19:00

Гальшаны (Ашмянскі раён)

Білеты: дарослым – 10 руб., дзецям да 12 гадоў – 5 руб., дзеткам да 3 гадоў – бясплатна

У суботу можна адсвяткаваць Купалле ля сцен Гальшанскага замка. Вас чакаюць канцэрт; пошук папараць-кветкі і пляценне вянкоў; варажба, карагоды, побытавыя танцы; фітабар, фудкорты, гандаль, кірмаш рамеснікаў; купальскае ачышчальнае вогнішча і іншыя абрадавыя дзеянні. А яшчэ майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны і вогненнае шоў.

Субота: зʼездзіце на фэст «Цімкавіцкія вытокі» ў гонар Кузьмы Чорнага


24 чэрвеня, з 16:00 да 20:30

Вёска Цімкавічы (Капыльскі раён, Мінская вобл.)

Уваход: вольны

Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на свята «Цімкавіцкія вытокі» з нагоды дня нараджэння Кузьмы Чорнага (сёлета 123 гады з дня нараджэння генія беларускай літаратуры). Імпрэза адбудзецца на яго радзіме ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна.

Вас чакаюць: экскурсіі па музеі з чаяваннем «Каля самавара Кузьмы Чорнага»; прэзентацыя віртуальнай выставы пра Кузьму Чорнага; батлейка; спектаклі па ягоных творах; прэзентацыя дзіцячай «Казкі кніжнай феі для любімых чытачоў» з удзелам пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой; гульні, кірмаш ды мноства іншых забаў.

Субота–нядзеля: адпачніце на гарадскім пікніку Vulitsa Ezha

24–25 чэрвеня

Батанічны сад

Уваход: 17 руб., дзецям да 12 гадоў – бясплатна

Два дні ў батанічным садзе можна будзе святкаваць жыццё – са смачнай ежай, дызайнерскім маркетам, фермерскай прадукцыяй, забаўкамі для дзяцей, падкаст-пляцоўкай, чылл-зонамі, кактэльнымі барамі, піўнымі спотамі і іншым.

Надворʼе абяцаюць добрае, таму бярыце сяброў і адпраўляйцеся ў батанічны – хоць на ўвесь дзень.

Ноч з суботы на нядзелю: не спіце ўсю ноч на open air на Мінскім моры

24 чэрвеня

Мінскае мора (пляж №5)

Білеты: ад 20 руб. (тут)

Арганізатары абяцаюць два тэматычныя танцполы пад адкрытым небам. На адным – Deep House, Disco и Indie Dance, на другім – R&B и POP-хіты. Будуць топавыя дыджэі, смачныя кактэйлі і шмат розных акціўнасцяў.

А калі прыехаць крыху раней, то можна будзе не толькі ўсход раніцай сустрэць, але яшчэ і на заход паглядзець увечары.

Нядзеля: адпраўцеся ў літаратурнае падарожжа на Ушаччыну

25 чэрвеня, з 6:45

Мінск – Ушаччына

Кошт: 30 руб.

Літаратурны музей Петруся Броўкі кліча ў традыцыйнае літаратурнае падарожжа «1.1.1» на Ушаччыну. Апошні дзень падачы заявак – 23 чэрвеня (па тэл.: +375 17 342 09 81).

Вандроўка прымеркавана да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечана творцам-землякам: Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Пры сабе трэба мець добры настрой; кубак, каб піць з крыніцы; талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку; кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Барадуліна і ля помніка Броўкі; вершы Броўкі, Барадуліна, урыўкі з прозы Быкава, якія вам даспадобы; ваду, бутэрброды (калі забудзецеся, у мясцовай кулінарыі можна будзе набыць танную выпечку, а ваду набраць з крыніцы); рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).

Нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па рымскай мазаіцы


25 чэрвеня, 15:00

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19)

Кошт: 50 руб.

У нядзелю Света Баева правядзе майстар-клас па рымскай мазаіцы – можна будзе і даведацца, што гэта такое, і паспрабаваць зрабіць самастойна пад наглядам мастачкі.

Колькасць месцаў абмежавана, таму рэгіструйцеся праз дырэкт прасторы «Вершы».

ВАРШАВА

Нядзеля: схадзіце на экскурсію ў Muzeum Narodowy

25 чэрвеня, 12:00

Muzeum Narodowy (al. Jerozolimskie, 3)

Кошт: 75 злотых

Калі любіце творчасць Шагала, то ў вас ёсць выдатная магчымасць атрымаць асалоду ад яго карцін у Muzeum Narodowy. Спікерка Дарʼя правядзе экскурсію і раскажа пра карціны, прадстаўленыя на экспазіцыі, пра перыяды творчасці мастака і пра тое, чаму на яго карцінах усё лятаюць.

Каб патрапіць на лекцыю, пішыце ў дырэкт.

Нядзеля: згуляйце ў музычны квіз


25 чэрвеня, 17:00

Pub Przejście (plac Na Rozdrożu, 1)

Кошт: 35 злотых з чалавека

Збірайце каманду і ідзіце гуляць у мьюзік-квіз. Тым больш што гэтым разам будзе «5 у 1» – пяць розных тэм за адзін вечар: спорт, інтэрнэт, ежа і напоі, кіно і вакол свету.

Арганізатары клічуць спяваць, тусавацца, адгадваць выканаўцаў лайв-версій са спартыўных івентаў; абмяркоўваць блогераў, якія заняліся музыкай; ўспамінаць выканаўцаў, групы і назвы песень са згадваннем ежы і напояў, краін і гарадоў.

ЛЮБЛІН

Субота–нядзеля: зʼездціце на спектакль Купалаўцаў

24 і 25 чэрвеня, 19:00

Centrum Kultury w Lublinie (Krakowskie Przedmieście, 19)

Білеты: 40 злотых, ільготны – 30 злотых

Яшчэ не былі ў Любліне? А вось і добрая нагода туды зʼездзіць: Купалаўцы граюць свой свежанькі спектакль «Гісторыя Юдзіфі» паводле п’есы беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, біблейскіх тэкстаў і бэкетаўскіх маналогаў.

Гэта універсальная прыпавесць пра сутыкненне чалавечага лёсу з бязлітаснай машынай гісторыі, пра канфлікт паміж асабістым шчасцем і грамадскім абавязкам. Пастаноўка нарадзілася ў выніку супрацы Купалаўцаў з камандай польскага Teatr Nettheatre (Teatr w Sieci Powiązań).

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пабывайце на ЕГУ-фэсце

23 чэрвеня, 12:00

ЕГУ (Savičiaus g., 17)

Уваход: вольны

У дворыку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пройдзе ЕГУ-фэст – свята з нагоды заканчэння навучальнага года. У праграме: DJ-сэты; лекцыі і гісторыі поспеху выпускнікоў ЕГУ; кірмаш вакансій з удзелам беларускіх некамерцыйных арганізацый, медыя і IT-кампаній; адкрытая дыскусія «Сучасная адукацыя: тэарэтычнае веданне або практычны досвед?»; стэндап-шоў Антона Дзюбайлы і Мішы Ільіна; канцэрт Naviband.

Субота: пабывайце на творчай сустрэчы з Уладзімірам Арловым

24 чэрвеня, 18:00

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5)

Уваход: вольны

У суботу ў CreateCulture Space адбудзецца творчая сустрэча з вядомым беларускім гісторыкам і пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Тэма – «Жанчыны ў паўстанні Кастуся Каліноўскага: маці, жонкі, каханыя...».

Пісьменнік раскрые невядомыя факты аб удзеле жанчын ў барацьбе і прэзентуе свае новыя кнігі і перавыданні. Іх можна будзе набыць ды атрымаць аўтограф.

Нядзеля: прыміце ўдзел у шведскім гуртку для жанчын

25 чэрвеня, 14:00

АБФ (Pylimo g., 6)

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя)

Тэма гэтым разам – сястрынства. Бо ідэя аб сястрынстве – салідарнасці і ўзаемадапамогі ўсіх жанчын – з’яўляецца адной з ключавых ідэй фемінісцкай барацьбы як мінулага, так і сучаснасці. На гуртку будуць абмяркоўваць: значэнне паняцця і канцэпцыі “сястрынства”, яго гісторыю; сястрынства і братэрства; глабальнае сястрынства і салідарнасць.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться