Куды пайсці ў выхадныя 23–25 лютага ў Мінску, Варшаве, Кракаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 23–25 лютага ў Мінску, Варшаве, Кракаве і Вільнюсе
Наперадзе – апошнія выхадныя лютага! Наступны раз адпачываць ад працы будзем ужо вясной. А каб час мінуў хутчэй, правядзіце яго карысна – тым больш што CityDog.io сабраў шмат цікавых мерапрыемстваў.

Наперадзе – апошнія выхадныя лютага! Наступны раз адпачываць ад працы будзем ужо вясной. А каб час мінуў хутчэй, правядзіце яго карысна – тым больш што CityDog.io сабраў шмат цікавых мерапрыемстваў.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: навучыцеся рабіць роспіс адзення і шопераў

23 лютага, 16:00 і 19:00.

Адукацыйны цэнтр «Яотань» (Герцэна, 6).

Удзел: 60 руб.

Адукацыйны цэнтр «Яотань» запрашае на майстар-класы па роспісе адзення і шопераў – каб навучыцца рабіць свае рэчы ўнікальнымі. Можна распісваць майкі, байкі і худзі, шоперы – і што заўгодна. Рэчы для роспісу трэба прыносіць з сабой.

Запіс па тэлефоне: +375 44 784 00 02. Працягласць майстар-класа – 4 гадзіны.

Пятніца: паслухайце лекцыю пра Малевіча

23 лютага, 19:00.

Flame Place (Машэрава, 9/8).

Білеты: 35 руб. (тут).

Ён павесіў яго ў чырвоны кут, наўпрост туды, дзе спрадвеку віселі выявы святых, – і абвясціў свой твор абразом усёй гісторыі выяўленчага мастацтва. Ці праўда, што Казіміру Малевічу два разы адмовілі пры паступленні ў мастацкае вучылішча? Ці праўда, што дызайн, якім мы яго ведаем, з’явіўся дзякуючы «Чорнаму квадрату»? Што такое «баўхаўс» і чаму ён так паўплываў на ход сусветнай гісторыі архітэктуры? Колькі насамрэч квадратаў аддаў Малевіч, а яшчэ кругоў, крыжоў і якога колеру яны былі? Пра ўсё гэта вы даведаецеся з новай лекцыі Мацвея Лейчонка.

Пятніца: пабывайце на сумнай версіі няпростай вечарынкі

23 лютага, 23:00.

Прастора «Атмасфера» (Машэрава, 11).

Білеты: 25 руб. (тут).

Арганізатары кажуць, што толькі раз у год робяць такую вечарынку, якая можа паўнавартасна замяніць сесію з псіхолагам. Гэта легалізацыя суму, слёз і танцаў адначасова – і ўсё да раніцы. Любімыя трэкі, пад якія можна танчыць і плакаць, плакаць і танчыць – у любым парадку.

Субота: паглядзіце кіно пра Боні і Клайда

24 лютага, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope працягвае рэтраспектыву фільмаў у жанры роўд-муві ў прасторы «Манахром». У гэту суботу запрашаюць глядзець «Боні і Клайда» 1967 года.

Маладыя палюбоўнікі Боні і Клайд лёгка грабяць банкі ў 30-я гады XX стагоддзя. Але іх рамантызм і «робінгудства» даволі хутка перарастаюць у лужыны і рэкі крыві, у хаос і бруд смерці, а лёс прарочыць ім няўдачу.

Субота: схадзіце на вечарыну патанчыць да раніцы

24 лютага, 23:00.

Прастора «Цэх» (Машэрава, 11/2).

Білеты: 20 руб.

Прастора «Цэх» запрашаеа на вечарыну Bless. Пачынаюць у 23:00 і танчаць да світанку. Уваход – 18+.

Усе выхадныя: зазірніце на дабрачынны маркет за абноўкамі

Да 25 лютага, з 12:00 да 21:00.

Крама KaliLaska (Кальварыйская, 33/4).

Уваход: вольны.

Цэлы тыдзень праект KaliLaska ладзіць дабрачынны маркет. Там можна прыдбаць файныя рэчы, адзенне, абутак, посуд, упрыгажэнні і вырабы майстроў, а таксама настолкі, кнігі, дэкор для дома і іншае.

Асартымент абнаўляюць кожны дзень, на выхадных будзе вялікі распродаж з 50-працэнтнымі скідкамі.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Жарсці па архітэктуры»

Да 28 красавіка (акрамя панядзелкаў).

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 14 руб. – поўны; 12 руб. – студэнты дзённай формы навучання; 10 руб. – пенсіянеры, навучэнцы школ, гімназій, ПТВ, ССНУ, шматдзетныя сем’і, інваліды III групы.

 

У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва з 17 лютага працуе выстава «Жарсці па архітэктуры».

Усе прыёмы, характэрныя для сучаснага мастацтва, усе метады ўздзеяння на гледача – святло, гук, прасторавыя аб’екты і інсталяцыі, відэаарт, творы мастацтва ў розных тэхніках і нават пахі, якія складаюць аснову экспазіцыі, служаць перш за ўсё галоўнай мэце – выклікаць у чалавека эмацыйнае перажыванне прасторы, бо менавіта яно складае сутнасць эстэтычнага ўспрымання архітэктуры.

Аснову экспазіцыі складаюць працы як маладых, так і вядомых сучасных беларускіх аўтараў, а таксама творы беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ.

ВАРШАВА

Пятніца: прыміце ўдзел у беларускім нэтворкінгу

23 лютага, 19:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dozynkowa, 6a).

Уваход: вольны.

«Беларускі моладзевы хаб» запрашае на беларускі нэтворкінг у фармаце гульні. Будзе тры раўнды, падчас кожнага з якіх вы апыняцеся ў невялікай групе з 3–5 новымі людзьмі і атрымаеце цікавыя пытанні, каб размова была больш захапляльнай.

Субота і нядзеля: паглядзіце дакументальны спектакль How Are You?

24 і 25 лютага, 19:00.

Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Білеты: ад 60 зл. (тут).

Незалежны тэатральны калектыў BY TEATR пакажа дакументальны спектакль How Are You? у гадавіну пачатку вайны ва Украіне.

How Are You? – гэта спектакль-вербацім, які расказвае рэальныя гісторыі людзей, якія апынуліся ва ўмовах вайны. Тут і гісторыі ўцекачоў з Кіева і Вінніцы, досвед эміграцыі ў Румыніі, Германіі, згадваюцца трагедыі Бучы і Марыупаля.

Спектакль выконваецца на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах з польскімі субцітрамі. Усе сабраныя сродкі будуць пералічаны на дапамогу «Цэнтра для перасяленцаў горада Херсона».

Нядзеля: паслухайце лекцыю пра варшаўскі мадэрнізм

25 лютага, 14:00.

Прастора Twoj Wychad (Aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

Архітэктура – гэта першае, што заўважае турыст у новым горадзе. Яна здольная расказаць шмат пра горад, пра яго рэлігійную, палітычную і сацыяльную ідэнтычнасць. Па сутнасці, архітэктура з’яўляецца мовай горада, з дапамогай якой кіруючая эліта мае зносіны з абывацелямі.

Для Варшавы міжваенны час стаў сапраўдным выпрабаваннем – пасля доўгай акупацыі нарэшце ўзнікла новая дзяржаўнасць. Аднак на якой архітэктурнай мове зараз размаўляць з гараджанамі? Мадэрнізм стаў адказам і панацэяй. У кожным кутку Варшавы можна выявіць як утоены, так і бачны мадэрнізм. Пра гэта і шмат іншага раскажуць на лекцыі – далучайцеся.

КРАКАЎ

Субота: прыміце ўдзел у Тыдні роднай мовы

24 лютага.

Розныя месцы.

Удзел: данаты (рэгістрацыя).

Беларусы Кракава святкуюць Тыдзень роднай мовы. На выхадных, у суботу, будзе шмат цікавага.

11:00 – беларуская дыктоўка. Падчас перапынку на праверку прац – канцэрт Настассі Хмель і Андруся Такінданга, а таксама квіз на ўкраінскай мове ад «Посиденьки» і стэндап-коміка Іллі Вінічэнкі «PubQuiz для всіх – Україна». Месца: Instytut Filologii Słowiańskiej (залі 15 і 22 у галоўным холе), ul. Romana Ingardena, 3/105. Данат – ад 25 зл.

14:00 – майстар-клас па кераміцы. Прапануюць ляпіць талеркі дыяметрам 15 см і на іх зрабіць надпіс на беларускай лацінцы. Кошт – 150 зл. (уваходзяць усе неабходныя матэрыялы для майстар-класа і гарачыя напоі). Месца: ul. Józefa, 12/23.

18:00 – прагляд фільма «Купала». Абяцаюць цёплы вечар у прыемнай кампаніі за гутаркай пра нашу культуру і ідэнтычнасць. Данат – ад 30 зл. Калі няма магчымасці падтрымаць данатам, усё адно прыходзьце. Месца: «Прастора» (ul. Mikołajska, 4/6).

Субота: запішыцеся на лекцыю пра заходнепалескія гаворкі

24 лютага, 15:00.

«Прастора» (ul. Mikołajska, 4/6).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

 

Беларусаў Кракава клічуць на лекцыю пра заходнепалескія гаворкі. Мовазнавец Павел Акіньчыц правядзе прэзентацыю, на якой вы пазнаёміцеся з галоўнымі адметнасцямі заходнепалескіх гаворак Беларусі – найменш блізкіх да літаратурнай мовы.

На лекцыі вы даведаецеся пра гісторыю рэгіёна, асаблівасці загародска-палескіх гаворак, пазнаёміцеся з літаратурай на народнай мове і паспрабуеце перакладаць з беларускай мовы на палескія гаворкі.

Нядзеля: паслухайце стэндап «Комік на мільён» ад Сашы Калінкіна

25 лютага, 19:00.

Bar Pravda (ul. Koletek, 2).

Білеты: 50 зл. (тут).

 

У Кракаў са стэндапам едзе Саша Калінкін. Напісаны матэрыял з’яўляецца «гісторыяй хваробы», якая вызначыла лёс коміка.

Вас чакае не проста забаўляльны канцэрт, а шчыры дыялог пра здароўе і змаганне, пра тое, якім жыццё можа быць цяжкім, але ў той жа час поўным яркіх момантаў і смеху.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: прыміце ўдзел у Draniki Party

23 лютага, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitu g., 5).

Кошт: 5 еўра (на прадукты).

Хочаце ўнесці свой уклад у гісторыю дранікаў? Тады далучайцеся да самай смачнай вечарыны ў CreateCulture Space.

«Мы не тое каб гэта запланавалі, але думаем, без батла тут не абыдзецца… Таму бярыце сяброў – ахоўнікаў старадаўніх рэцэптаў і прыходзьце самі. А калі вы ніколі не гатавалі дранікі, перад вамі выдатная магчымасць навучыцца!» – піша каманда ў сацсетках.

Субота: запішыцеся на сустрэчу па стварэнні джанкбука

24 лютага, 18:00.

CreateCulture Space (Karmelitu g., 5).

Удзел: бясплатны (абавязкова рэгістрацыя).

 

Джанкбук – гэта разнавіднасць нататніка, асноўным адрозненнем якога з’яўляецца тое, што ён сабраны якраз з тых мілых сэрцу дробязей, з якімі так складана расстацца. З англійскай слова junk так і перакладаецца – «барахло, хлам».

Дзякуючы такому блакноту вы зможаце захаваць свае ўспаміны і даць другое жыццё папяроваму смеццю. У такім блакноце можна запісваць свае думкі ці выкарыстоўваць яго ў якасці нататніка.

Прыносьце свае памятныя паштоўкі, паперкі, а таксама непатрэбныя лісты, папяровыя пакеты, газеты, карты і іншае.

На сустрэчы пакажуць тэхніку, у якой збіраецца нататнік, дапамогуць падрыхтаваць старонкі і зрабіць вокладку.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться