Куды пайсці ў вялікія выхадныя 22–25 снежня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў вялікія выхадныя 22–25 снежня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Наперадзе – вялікія выхадныя: адпачываць будзем тры дні (па меншай меры ў Беларусі). Сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах на гэты ўік-энд, каб вы не сумавалі дома.

Наперадзе – вялікія выхадныя: адпачываць будзем тры дні (па меншай меры ў Беларусі). Сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах на гэты ўік-энд, каб вы не сумавалі дома.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: паглядзіце кіно для святочнага настрою

22 снежня, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запускае серыю святочных паказаў, каб дапамагчы вам знайсці той самы калядны настрой. У пятніцу, напрыклад, будуць паказваць кіно 1945 года «Раство ў Канектыкуце» (Christmas in Connecticut) – на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Па сюжэце, журналістка Элізабет Лэйн з’яўляецца адной з самых вядомых у краіне аўтарак рэцэптаў. У сваіх артыкулах яна апісвае сябе як працавітую фермершу, клапатлівую маці і дзівосную кухарку. Але ўсё гэта хлусня. Насамрэч яна незамужняя жыхарка Нью-Ёрка, не здольная нават зварыць яйкі. А рэцэптамі з ёй дзеліцца добры сябар Фелікс. Уладальнік часопіса, у якім яна працуе, запрасіў героя-марака адзначыць Каляды ў яе на ферме. Міс Лэйн разумее, што яе кар’еры прыйдзе канец, калі праўда выйдзе вонкі, але што яна можа зрабіць?

Пятніца–нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

22–24 снежня, з 12:00 да 21:00.

«ЛУЧшая улица» (пр-т Незалежнасці, 95/9, корпус 2).

Уваход: вольны.

Усе выхадныя на «ЛУЧшей улице» будзе праходзіць вялікі навагодні «Open Шкаф», прысвечаны надыходзячаму году Цмока.

Арганізатары абяцаюць тры дні радасці, навагодняга настрою, падарункаў і, канешне, абновак для вашага гардэроба. Таксама запланаваныя навагоднія майстар-класы і фотазоны. Можна прыходзіць са сваімі гадаванцамі.

Субота-нядзеля: схадзіце на вялікі модны маркет

23-24 снежня, з 10:00 да 21:00.

ГЦ Palazzo.

Уваход: вольны.

Калі сустракаць Новы год хочацца ў новым, прыгожым і якасным, то выпраўляйцеся на вялікі модны маркет. Там збяруцца беларускія дызайнеры, таму вы зможаце не толькі паглядзець усе іх рэчы ў адным месцы, але яшчэ і прымераць.

Будзе адзенне, аксесуары, упрыгажэнні, тавары для дома і іншае.

Субота–панядзелак: павесяліцеся на кірмашы ў батанічным

23–25 снежня, з 11:00 да 16:00.

Батанічны сад.

Білеты: 6–12 руб. (тут).

На выхадных у батанічным садзе будзе праходзіць кірмаш «Зімовы сад». Гасцей будзе чакаць цікавая анімацыйная праграма з любімымі і новымі героямі, майстэрня Дзеда Мароза з майстар-класамі, займальныя конкурсы, а таксама фуд-зона.

Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай на свяце будуць калядныя эльфы, Гары Потэр, Ганна і Эльза, фіксікі, героі «Шчанячага патруля», Мікі і Міні Маусы і іншыя.

Усе выхадныя: паспейце на дабрачынны маркет KaliLaska

Да 24 снежня.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

 

KaliLaska-маркет працуе ўжо другі тыдзень, але гэтыя выхадныя будуць апошнімі. Асартымент заўсёды абнаўляецца, таму на паліцах вы знойдзеце не толькі тое, што яшчэ не раскупілі.

Варта ісці за навагоднім дэкорам, уборамі для свята, паўсядзённым адзеннем, абуткам і сумкамі, кніжкамі і аксесуарамі.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу брэсцкай мастачкі Таццяны Патворавай

Да 14 студзеня.

Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2а).

 

У галерэі «ДК» працуе выстава жывапісу брэсцкай мастачкі Таццяны Патворавай «Вертыкальны фармат». Значная частка прац прадстаўлена гледачам упершыню.

Яркі жывапісны талент Таццяны, якая працуе ў традыцыйнай манеры імпрэсіянізму, вырываецца са звыклых рамак. Сваё жыццесцвярджальнае пасланне мастачка піша на адным дыханні, захоўваючы свежасць першага ўражання і непрадузяты погляд на свет. Выкарыстоўваючы тэмпераментны эмацыйны мазок, россыпы колеру, вібрацыю святла і паветра, яна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць ва ўсім багацці бліскучых фарбаў.

Усе выхадныя: зазірніце на выставу народнага мастака Гаўрыіла Вашчанкі

Да 4 лютага.

Мастацкі музей (вул. Леніна, 20).

У чацвер, 21 снежня, у Мінску адкрываецца выстава жывапісных твораў народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі. На экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў мастака з калекцыі Мастацкага музея і сям’і майстра.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе Вадзіма Качана «Ад піктарэалізму да канцэптуалізму»

Да 11 лютага.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 3–7 руб.

Экспазіцыя выставы сфарміравана з двух блокаў. Працы першай часткі праекта – пра радасць прыходу зімы. Зіма – гэта Каляды, Новы год, санкі, сані, лыжы, канькі... Заразлівы смех дзяцей, ад якога на душы становіцца лёгка і шчасліва. Аснова экспазіцыі – дакументальныя фатаграфіі, зробленыя ў 1980-х гг. у Мінску і яго наваколлях.

Другая частка праекта прысвечана канцэптуальнай фатаграфіі. Серыя прац «Знікаючыя ўспаміны, ці малюнкі часу святла, ці фатаграфія як прадчуванне», якая складае аснову экспазіцыі, – фатаграфіі, якія сам аўтар назваў «фатаграфіямі думак», якія запрашаюць да разважання.

ВАРШАВА

Пятніца, субота і нядзеля: схадзіце на цікавы шпацыр па розных мясцінах Варшавы

22, 23 і 24 снежня.

Розныя раёны Варшавы.

Запіс: праз прыватныя паведамленні @spacyrujma.

 

У пятніцу, суботу і нядзелю беларусаў Варшавы клічуць на тры розныя шпацыры – можна схадзіць на адзін, а можна і на ўсе тры.

У пятніцу, 22 снежня, у 18:10 пройдзе шпацыр па Кракаўскім прадмесці (збор каля калоны Жыгімонта). У суботу, 23 снежня, у 13:30 адбудзецца экскурсія «Знаёмства са спадчынай Яна Сабескага: шпацыр па Вілянуве» (збор каля Taste Burger (Przyczółkowa, 400)). А ў нядзелю, 24 снежня, у 12:00 будзе шпацыр па каляднай Старуўцы (збор таксама каля калоны Жыгімонта).

Субота: схадзіце за падарункамі на Калядны кірмаш

23 снежня, з 11:00 да 18:00.

Беларуская прастора «Робім разам» (pl. Konstytucji, 6).

Уваход: вольны.

Беларускія ды ўкраінскія рамеснікі запрашаюць на Калядны кірмаш. Там вы зможаце набыць сувеніры з тканіны, дрэва, каштоўных камянёў, гіпсу; васковыя свечкі, вязаныя ды цёплыя рэчы. Таксама вас будуць чакаць свежыя дранікі, салодкія прысмакі і іншая смаката.

Панядзелак: прыміце ўдзел у Калядным хмельным квізе

25 снежня, 17:00.

Scena Chmielna Klub Bar Pub (Nowy Świat, 27A).

Кошт: 75 зл.

У панядзелак пройдзе Калядны хмельны аўтарскі алкаквіз. Каманды ўдзельнікаў чакаюць 50 пытанняў пра музыку, кіно і мастацтва, якія тым ці іншым чынам звязаны з моцнымі напоямі; беларускамоўны тур, GPT-бойка, крутыя вінныя і касметычныя падарункі. Таксама будуць дзве дэгустацыі (ужо ў кошце білета) і гарантаваны калядны настрой.

ВІЛЬНЮС

Субота: зарэгіструйцеся на майстар-клас па стварэнні экалагічных навагодніх упрыгажэнняў і падарункаў

23 снежня, 12:00.

CreateCulture Space (Karmelitu g., 5).

Аплата: данэйшн (патрэбна рэгістрацыя).

У праграме: невялікае ўвядзенне ў тэму ўсвядомленага спажывання пры падрыхтоўцы да свят, абмен ідэямі экалагічных упрыгажэнняў і падарункаў, стварэнне ўпрыгажэнняў і сувеніраў са шпалер і падручных матэрыялаў, а таксама чаяванне і прыемныя знаёмствы.

Субота: запішыцеся на «павучы вечар» KANVA SHABASH

23 снежня, 17:00.

CreateCulture Space (Karmelitu g., 5).

Кошт: 40 еўра (запіс праз дырэкт).

Таямнічая вячорка, дзе нараджаюцца саламяныя павукі-абярэгі. Вас клічуць сабрацца разам, каб працягваць традыцыі ў сучаснасці, падтрымліваць адзін аднаго і ствараць прыгожае сваімі рукамі.

На майстар-класе вы даведаецеся пра гісторыю паходжання павукоў і народных звычаяў, пазнаёміцеся з традыцыйнай тэхнікай пляцення і асаблівасцямі матэрыялу, а таксама змайструеце асабістага інтэр’ернага павука з саломкі.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться