Куды пайсці 22–24 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці 22–24 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Пакуль надворʼе не сапсавалася і ўсе не заселі па дамах з какавай і серыяламі, самы час ісці гуляць па горадзе і завітваць на цікавыя мерапрыемствы. Сабралі для вас самае карыснае – выбірайце.

Пакуль надворʼе не сапсавалася і ўсе не заселі па дамах з какавай і серыяламі, самы час ісці гуляць па горадзе і завітваць на цікавыя мерапрыемствы. Сабралі для вас самае карыснае – выбірайце.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: даведайцеся праўду пра сезон прастуд

 
 
 

22 верасня, 18:30.

«Фрэскі» (вул. Кісялёва, 38).

Кошт: 20 руб.

Актуальнай і важнай інфармацыяй падзеліцца педыятарка, дэрматолаг Таццяна Раманеня. Спікерка раскажа, як перажыць сезон прастуд; у чым заключаюцца асноўныя сімптомы захворвання; што рабіць з тэмпературай, кашлем, запаленым горлам і зацягнутым насмаркам; калі трэба звярнуцца да доктара і не прапусціць небяспечныя сімптомы; а таксама чаму залішняя медыкаментозная нагрузка шкодзіць і здароўю, і кашальку.

Субота: паслухайце сцэнічную чытку «Белых рос»

 
 

23 верасня, 19:00.

Кінапрастора mooon у ГЦ Palazzo.

Білеты: ад 30 руб. (тут).

Вас чакае «Кінасцэна» – сцэнічная чытка кінасцэнарыяў з удзелам тэатральных акцёраў.

Фільм «Белыя росы» быў зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1983 годзе рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым і выйшаў у пракат у 1984 годзе. У трагікамічнай форме кінастужка апавядае пра надыход урбанізацыі на традыцыйны ўклад беларускай вёскі, у якой жывуць галоўныя героі.

Нядзеля: запішыцеся на трэнінг па мастацтве

 
 
 

24 верасня, 14:00.

«Фрэскі» (вул. Кісялёва, 38).

Кошт: 55 руб. (запіс праз дырэкт).

На лекцыі-трэнінгу вы пазнаёміцеся са знакамітай серыяй карцін Клода Манэ «Стога» і створыце ўласны шэдэўр па матывах гэтых работ.

У пачатку сустрэчы мастацтвазнаўца Ксенія Сяліцкая-Ткачова раскрые асаблівасці жывапісу і колеравай сістэмы імпрэсіяністаў. А практычную частку, якая прадстаўляе сабой выкананне копіі пейзажа Манэ, правядзе сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Сяліцкі.

Нядзеля: пабывайце на музычным канцэрце-лекцыі

 

24 верасня, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

Духавы квінтэт і Міша Пенда прадстаўляюць канцэрт-лекцыю, прысвечаную творчасці Джорджа Гершвіна – заснавальніка сімфаджаза, амерыканскай оперы, аўтара шматлікіх музычных камедый, аперэт і джазавай музыкі.

Выканаўцы: Дыяна Гантарэнка (флейта), Аляксандр Папсуеў (габой), Віктар Пузыня (кларнет), Віталь Карабухін (валторна), Андрэй Гузееў (фагот), Міша Пенда (барабаны).

Усе выхадныя: завітайце на персанальную выставу Дашы Кончыц

 
 
 

З 21 верасня па 22 кастрычніка.

DK Gallery (вул. Герцэна, 2а).

21 верасня ў малой зале галерэі «ДК» свой першы персанальны праект прадставіць маладая беларуская мастачка Даша Кончыц.

Што такое рэальнасць? Дзе яна пачынаецца і заканчваецца? Адчуванні як тысяча іголак апускаюцца ў далікатную скуру. Паветра становіцца ныючым, а погляд твой кожную секунду новы.

Disconnect – гэта серыя партрэтаў. Характарныя твары і пранізлівыя колеры, падобныя на пэчворк, вытканыя лапікі коўдры.

Усе выхадныя: паспейце на восеньскі кававы фестываль

 

Да 24 верасня.

Розныя кафэ Мінска.

Кошт: 10 руб. за сэт

Да 24 верасня ў Мінску (і іншых абласных гарадах Беларусі) праходзіць восеньскі кававы фестываль Pro Coffee. У рамках мерапрыемства 10 сталічных кафэ падрыхтавалі спецыяльныя сэты з аўтарскімі кававымі напоямі і дэсертамі.

Удзел прымаюць пякарня «Пякарная лаўка», кафэ «Zavtraki на музычным», кавярні COFFEE, CoffeeLine, Cofix, Americano, Dolce, Patisserie, Lavazza Club і «Заўжды цікава».

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе хрызантэмы карэйскай

 
 

З 22 верасня па 1 кастрычніка.

Батанічны сад.

Уваход: поўны – 10 руб., ільготны – 5 руб.

З пачаткам восені надыходзіць час цвіцення хрызантэмы карэйскай. Гэта адна з вядучых кветкава-дэкаратыўных культур садоўніцтва, вядомая каля двух тысяч гадоў. А ў калекцыі батанічнага саду прадстаўлена больш за 200 сартоў гэтай культуры, з якімі можна азнаёміцца на калекцыйным участку.

У рамках выставы таксама плануецца экспазіцыя работ у тэхніцы Сумі-э (выгляд манахромнага жывапісу, падобнага на акварэль, дзе выкарыстоўваецца чорная туш і яе адценні, якія атрымліваюцца пры развядзенні тушы вадой).

Усе выхадныя: паспейце на выставу маладых мастакоў

 
 
 

Да 25 верасня.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

У прасторы «Вершы» апошнія дні працуе art store-праект, які аб’ядноўвае працы 18 аўтараў, якія працуюць у розных медыя. Аўтары транслююць сваю Я-канцэпцыю, у якую ўваходзяць іх назіранні за сабой, асэнсаванне сваіх пачуццяў і станаў у сапраўдны момант: «Хто я? Які я цяпер?»

На экспазіцыі можна пазнаёміцца з маладымі беларускімі мастакамі (праз іх працы), а карціны, якія спадабаліся, яшчэ і набыць.

ВАРШАВА

Пятніца: купіце білет на канцэрт Intelligency

 
 
 
 

22 верасня, 20:00.

Odessa Club (Kolejowa, 8/10).

Білеты: 25 еўра (тут)

У Варшаве выступіць беларускі гурт Intelligency. У праграме – новыя трэкі і ўлюбёныя хіты: August, Outlaw и «Беларуская песня». Прыходзьце падтрымаць сваіх.

Субота: запішыцеся на майстар-клас па макрамэ

 
 

23 верасня, 14:45.

Прастора ArtHive (Juliana Konstantego Ordona, 5).

Кошт: 90 зл. (запіс праз дырэкт).

Удзельніца клуба Craft Hand Lab запрашае на свой майстар-клас па макрамэ. Утульным восеньскім днём у душэўнай кампаніі вы пазнаёміцеся з сусветам нітак і вузельчыкаў і сваімі рукамі сплецяце дзве бірулькі, якія ўпрыгожаць вашы ключы або торбачкі ці будуць цудоўным падарункам для вашых сяброў!

Субота: пабывайце на канцэрце Кацярыны Ваданосавай

 
 
 
 

23 верасня, 19:00.

Klub Scena Chmielna (ul. Nowy Świat, 27а).

Білеты: ад 70 зл. (тут), дзецям да 10 гадоў – бясплатна.

Кацярына Ваданосава выступіць з незвычайным канцэртам пад назвай «Край» з удзелам Аляксандры Канафальскай – SandArt-мастачкі, якая ўваходзіць у дзясятку лепшых мастакоў па пяску ў свеце.

Таксама будуць Ганна Лепяшкевіч (цымбалы), Васіль Ярмоленка (гітара) і Стэфанія Ваданосава (скрыпка).

Нядзеля: даведайцеся пра медабслугоўванне замежнікаў у Польшчы

 

24 верасня, 11:00.

«Беларускі дом» (ul. Kryniczna, 6).

Удзел: бясплатны (па рэгістрацыі).

Экспертка па ахове здароўя замежнікаў Беата Лібідзка-Кавальска закране такія тэмы, як агульная медыцынская дапамога ў Польшчы, накіраванні ў паліклінікі і да спецыялістаў, амбулаторнае і стацыянарнае лячэнне, псіхіятрычнае і стаматалагічнае лячэнне, бясплатныя і часткова кампенсаваныя лекі, льготнікі. А таксама растлумачыць, як стварыць profil zaufany і інтэрнэт-акаўнт пацыента, і раскажа пра надзвычайныя сітуацыі і важныя нумары (SOR і NIŚOZ).

Нядзеля: паслухайце лекцыю «Хопер: сто гадоў адзіноты»

 

24 верасня, 14:00.

Прастора Twoj Wychad.

Кошт: 100 зл.

Спецыяльна пад восеньскі настрой арганізатары падабралі для вас лекцыю «Хопер: сто гадоў адзіноты».

На лекцыі спікерка Даша раскажа, як Эдвард Хопер па-майстэрску перадаваў пачуццё адзіноты, робячы яго цэнтральнай тэмай свайго мастацтва. Можна будзе разгледзець, як цішыня і пустата на яго палотнах ствараюць атмасферу загадкавасці і разважання, прыкоўваючы ўвагу гледачоў.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паглядзіце цікавае кіно з псіхолагам

 

22 верасня, 19:00.

DownTown Food Hall (Smetonos g., 5).

Кошт: 35 еўра.

Вас чакае вельмі круты фармат мерапрыемства – сінемалогія. Магчымасць разам з экспертам паглядзець на карціну глыбей, разабрацца ва ўтоеных сэнсах і вынесці гэтыя высновы для практычнай карысці ва ўласным жыцці. Прыслухацца да сябе і навучыцца чуць, слухаць, разумець людзей побач.

Глядзець будуць фільм «Месца сустрэчы» ад рэжысёра знакамітай карціны «Ідэальныя незнаёмцы» – а потым абмяркоўваць яго з псіхолагам. У кошт уключаны бакал прасэка.

Субота: паглядзіце дакументальную стужку Joy Division – Their Own Story In Their Own Words

 

23 верасня, 18:00.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Уваход: 5 еўра.

Клуб CineMuzz запрашае на пятую сустрэчу аматараў дакументальнага кіно пра яскравыя гурты, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё сусветнай музыкі.

Паразмаўляюць, як гурт, які лічылі нават пранацысцкім (праз назву і канцэртную вопратку), назаўжды ўпісаў сябе ў гісторыю сусветнай рок-музыкі за свой даволі кароткі час існавання і (як гэта вядзецца) трагічны лёс франтмэна.

Фільм будзе прадэманстраваны на англійскай мове з субцітрамі. Пасля прагляду фільма запрашаюць да ўдзелу ў дыскусіі.

Нядзеля: запішыцеся на шведскі гурток Art-Flex

 

24 верасня, 18:30.

Прастора АБФ (Teatro g., 3).

Удзел: бясплатны.

Гэта гурток, на якім вы зможаце пападарожнічаць па свеце мастацтва, даведаецеся пра аўтараў і іх шэдэўры, навучыцеся расслабляць і распакоўваць сваё цела – з дапамогай спецыяльных тэхнік і практыкі, папрацуеце з выявамі і эмоцыямі. А таксама будзеце камунікаваць, знаёміцца з новымі людзьмі і фарміраваць сваё меркаванне аб прадметах мастацтва.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться