Куды пайсці ў выхадныя 21–23 ліпеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 21–23 ліпеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
На выхадных, як заўжды, будзе шмат цікавага. Сабралі крутыя мерапрыемствы ў адну падборку – каб вы не сумавалі.

На выхадных, як заўжды, будзе шмат цікавага. Сабралі крутыя мерапрыемствы ў адну падборку – каб вы не сумавалі.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: паслухайце лекцыю Андрэя Пічушкіна пра мастацтва і мемы

21 ліпеня, 19:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Кошт: donation ад 5 руб.

Беларускі мастак Андрэй Пічушкін падзеліцца важнасцю мемаў і іх ролі ў сучасным мастацтве. Прывядзе прыклады мастакоў, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт-малюнкі ў сваіх работах і ствараюць значныя выказванні. Будзе цікава!

Пятніца: паглядзіце бясплатнае кіно ў IT-прасторы


21 ліпеня, 19:00.

InnoDom (вул. Беламорская, 17).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя праз дырэкт).

Хочацца расслабіцца пасля працоўнага тыдня, але пры гэтым атрымаць новыя веды ці натхненне? Далучайцеся да кінавечара ў InnoDom. Там пакажуць фільмы на IT-тэматыку, а пасля можна будзе разам абмеркаваць.

Субота: пабывайце на перформансе «Адбіткі»


22 ліпеня, 19:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Кошт: donation ад 5 руб.

 

Перформанс нагадвае, што ўсё ў жыцці пакідае сляды: людзі, сітуацыі і час. Уявіце, як шмат гісторый мы пражываем, і кожная з іх адбіваецца на вас, мне, нас. Гэта ўнікальны код. Захавайце свой адбітак. Хочаце – адпусціце, можаце – падзяліцеся. Забярыце новы адбітак з сабой.

Субота: паглядзіце старое французскае кіно 1983 года

22 ліпеня, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

«Лета ў “Манахроме”» – спецыяльная праграма фільмаў з летнім настроем у прасторы «Манахром». Гэтым разам будуць паказваць французскае кіно 1983 года «Паліна на пляжы» (Pauline à la plage).

Пасля разводу Марыён вырашае правесці астатак лета ў загарадным доме на Нармандскім узбярэжжы. Яна бярэ з сабой юную кузіну Паліну, якая рада падоўжыць свае вакацыі. На пляжы Паліна і Марыён сустракаюць П’ера, былога палюбоўніка Марыён. Ён прапануе навучыць іх віндсёрфінгу, а таксама знаёміць з Анры, які запрашае іх да сябе. Падчас наведвання мясцовага казіно П’ер прызнаецца Марыён у каханні, але тая аддае перавагу Анры. Тым часам Паліна знаёміцца з Сільвенам…

Субота: адчуйце сябе на Мадагаскары на вечарыне з музыкай 2000-х


22 ліпеня, 23:55.

Прастора «М11» (пр-т Машэрава, 11).

Кошт: ад 20 руб.

 

Вечарына Tonight адпраўляецца на востраў Мадагаскар! Ужо ў гэту суботу вас чакаюць лепшыя хіты 2000-х, крутыя дэкарацыі, тэматычныя фатазоны, музыка ад дыджэяў, мэйкап- і тату-зоны з пераводкамі, dance show і іншае.

Субота: патанцуйце да ўсходу на музычным фэсце

22 ліпеня, 23:59.

Прастора «Цэх» (пр-т Машэрава, 11/2).

Білеты: 20 руб. (тут).

Брэнд Miller аб’ядноўвае ў адным месцы самыя таленавітыя промагрупы горада і кліча вас на музычны фестываль з трыма танцполамі. Абяцаюць незабыўную атмасферу цудоўнай музыкі, разнастайных жанраў і ўнікальных гучанняў, якія адлюстроўваюць дух і культуру горада.

Субота-нядзеля: адпачніце на гарадскім пікніку Vulitsa Ezha


22–23 ліпеня.

Батанічны сад.

Білеты: 17 руб. (тут).

Зноў Vulitsa Ezha – зноў насычаная праграма на выхадныя. На тэрыторыі батанічнага саду вас будуць чакаць больш за 50 удзельнікаў на вялікім фуд-корце, дызайнерскі «Гарошак-маркет», дабрачынны праект «Добрая ежа», Local Food Market з фермерскімі вырабамі, вулічны кінатэатр, вялікая дзіцячая прастора, споты з летнімі напоямі, дэгустацыямі, інтэрактывамі, лекцыямі і майстар-класамі і шмат іншага.

Білеты лепш купіць анлайн, каб не стаяць у вялікай чарзе на ўваходзе.

Нядзеля: адсвяткуйце стагоддзе выхаду паэмы Якуба Коласа

23 ліпеня, з 10:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Кошт: 10 руб. (запіс па тэл.: +375 17 270 17 02).

У нядзелю музей Якуба Коласа запрашае на свята, прымеркаванае да стагоддзя выхаду ў свет паэмы «Новая зямля». Пачынаюць у Мінску, а заканчваюць на Стаўбцоўшчыне.

Свята пачнецца з 10:00. У праграме: прэзентацыя факсімільнага выдання паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»; прывітальныя словы ганаровых гасцей свята; кава-паўза; ад’езд на Стаўбцоўшчыну; ускладанне кветак да помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах; экскурсія па сядзібе Акінчыцы філіяла «Мікалаеўшчына»; свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З народнага скарбу душы самабытнай» на сядзібе Альбуць; ад’езд у Мінск.

Усе выхадныя: пачастуйцеся смачным на фестывалі ежы ў «Канкорсе»

Да 30 ліпеня.

Фудмол «Конкорс» (ГЦ Galileo).

Уваход: вольны.

З 17 па 30 ліпеня 23 пункты ў фудмоле «Канкорс» прапаноўваюць гасцям асаблівае меню – аўтарскія сэты з фіксаваным коштам 20 руб. Можна паспрабаваць розныя кухні свету: кітайскую, амерыканскую, грузінскую, ліванскую, в’етнамскую, італьянскую і іншыя.

Выдатным дадаткам да ежы і напояў стане насычаная забаўляльная праграма. У рамках фестывалю запланаваны выступленні музыкантаў і танцавальных калектываў, кулінарныя батлы і дэгустацыі, творчыя майстар-класы і дзіцячыя шоу.

ВАРШАВА

Чацвер-пятніца: зазірніце на дабрачыннае мерапрыемства ў «Карму»

20-21 ліпеня, з 19:00.

Бар «Карма» (Aleja 3 Maja, 15).

Плата: donation.

На працягу двух дзён у бары «Карма» ў Варшаве 13 дыджэяў з Украіны, Беларусі і Францыі будуць ладзіць салідарныя рытмы, а ў студыі будуць працаваць тры запрошаныя татуіроўшчыкі. Таму можна будзе і адпачыць, і зрабіць на сабе малюнак на памяць.

Запісвацца не трэба, проста прыходзьце. Усе грошы з мерапрыемства пойдуць на дабрачыннасць.

Пятніца: паслухайце выступ беларускага трыа DLINA VOLNY

21 ліпеня, 20:00.

Chmury (11 Listopada, 22).

Білеты: 60 зл. (на ўваходзе).

Беларускае трыа DLINA VOLNY грае канцэрт у Варшаве. Кампанію складзе COSEY MUELLER, берлінская артыстка, удзельніца праекта Das Das.

Цікава, што трыа даследуе synthwave і постпанк і творча чэрпае з традыцый гэтых плыняў, а таксама з багатай спадчыны альтэрнатыўнай і электроннай усходнееўрапейскай музыкі.

Пятніца: схадзіце на канцэрт Аляксея Варсобы і Эдварда Сяліцкага

21 ліпеня, 20:00.

Арт-прастора PanDymińska (Dymińska, 10).

Уваход: donation.

У пятніцу адбудзецца канцэрт супердуэта Sielicki/Vorsoba – польскага кампазітара Эдварда Сяліцкага і беларускага кампазітара, акардэаніста, заснавальніка гурта Port Mone Аляксея Варсобы.

Гэтыя два неверагодныя музыкі з вялікім творчым і імправізацыйным досведам выступяць разам упершыню – не прапусціце.

Субота: запішыцеся на майстар-клас па маляванні

22 ліпеня, 14:30.

Flexi studio (ul. Brzeska, 18).

Кошт: 200 зл.

Flexi studio, якую адкрылі беларусы ў Варшаве, запрашае на майстар-клас па маляванні. Навыкі не патрэбныя, можна прыходзіць зусім без досведу. Усё неабходнае для малявання будзе на месцы: фарбы, пэндзлі, палотны, пачастункі, напоі і нават віно.

А калі прыйсці з сябрам ці сяброўкай, то можна атрымаць скідку – майстар-клас абыдзецца ў 150 злотых кожнаму.

ВІЛЬНЮС

Чацвер–субота: пабывайце на беларускім кінафэсце «Нефільтраванае кіно»

20, 21 і 22 ліпеня, 19:00.

Вільнюс.

Уваход: donation.

На працягу трох дзён у Вільнюсе будуць праходзіць паказы беларускага кінафэсту «Нефільтраванае кіно», адмененага сёлета ў Мінску па загадзе Мінкульта.

У чацвер у Ideas Block (A. Goštauto, 11) пакажуць праграму гістарычнага відэаарта – мастацтва супраціву.

У пятніцу ў CreateCulture Space (Karmelitų, 5) пакажуць Frontline. Ці здольны кінематограф адлюстраваць сучаснасць у цяжкія часы гуманітарных катастроф і войнаў? Што сёння можа выканаць ролю авангарда ў гэтым мастацтве?

А ў суботу вяртайцеся ў Ideas Block на сеанс найлепшых кароткаметражак фэсту.

Пятніца: завітайце на адкрыццё выставы Кацярыны Пікірэні «Вязьмо»

21 ліпеня, 18:30.

Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20).

У пятніцу адкрываецца выстава Кацярыны Пікірэні «Вязьмо». Гэта праект, які даследуе эстэтычны і містычны складнікі беларускіх літар, спрабуе намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор.

Гэты графічны эксперымент прысвечаны трывожнай сувязі з бабулямі, наймагутнейшымі полюсамі радаводаў. «Вязьмо» – не толькі пра любоў і памяць, але таксама пра сузалежнасць, разгубленасць і супярэчлівы досвед.

Выстава будзе працаваць да 21 верасня.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться