Куды пайсці ў выхадныя 2–4 лютага ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Таліне і Берліне

Куды пайсці ў выхадныя 2–4 лютага ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Таліне і Берліне
Вось і студзень праляцеў, наперадзе – першыя выхадныя лютага. Чаму б не адзначыць пачатак апошняга месяца зімы якім-небудзь цікавым мерапрыемствам? Сабралі для вас лепшае – выбірайце.

Вось і студзень праляцеў, наперадзе – першыя выхадныя лютага. Чаму б не адзначыць пачатак апошняга месяца зімы якім-небудзь цікавым мерапрыемствам? Сабралі для вас лепшае – выбірайце.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: паглядзіце старое кіно 1959 года

2 лютага, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Кінаклуб «Анталогія» запрашае паглядзець французскае кіно 1959 года «400 удараў | Les quatre cents coups».

Антуан Дуанэль лічыцца цяжкім падлеткам. Яго маці занадта занятая сваім жыццём, а айчым не мае ўплыву ні на жонку, ні на прыёмнага сына. Недарэчны збег абставін прыводзіць хлопчыка ў калонію для малалетніх правапарушальнікаў. Ведаючы, што яго чакае яшчэ большае пакаранне, ён усё роўна збягае за вароты калоніі і бяжыць да мора, якое ён так марыў убачыць.

Пятніца: паслухайце лекцыю пра самыя гучныя крадзяжы і злачынствы

2 лютага, 19:00.

Flame Place (Машэрава, 9/8).

Білеты: 35 руб. (тут).

Нядаўна аўкцыённы дом Sotheby’s аказаўся ў цэнтры скандалу, звязанага з завышэннем коштаў на творы мастацтва, што, на думку істцоў, з’яўляецца махлярствам. І гэта далёка не адзіная цёмная гісторыя, якая ўзрушыла свет мастацтва за апошні час.

Справа Рыбалоўлева, скандал з Рэмбрантам, выкраданне «Канцэрта» Вермеера, «Жаночай галавы» Пікаса і «Млына ў Штамеры» Піта Мандрыяна – гэта толькі малая частка тых злачынстваў, пра якія мы ведаем.

Ценявы рынак мастацтва велізарны, а пра тых, хто яго дзеліць, наўрад ці напішуць у газетах. Але факт застаецца фактам: крадзяжы, мафіёзныя схемы, адмыванне грошай у мастацтве не рэдкасць. Менавіта пра гэта і будзе лекцыя «Крымінальнае мастацтва».

Пятніца-субота: схадзіце на закрыццё сезона ліманарыя

2–4 лютага, з 11:00 до 16:00.

Батанічны сад.

Білеты: поўны – 10 руб., льготны – 5 руб.

Цэнтральны батанічны сад завяршае цытрусавы сезон. Мясцовы ліманарый працаваў для наведвальнікаў з кастрычніка, але гэтыя выхадныя стануць апошнімі.

Таму схадзіце паглядзець на прыгожыя расліны, пазнаёміцца з разнастайнасцю цытрусаў і ўбачыць гатункі лімонаў, апельсінаў, мандарынаў, грэйпфрутаў і інш.

Субота: паглядзіце амерыканскае кіно ў жанры роўд-муві

3 лютага, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае да прагляду амерыканскага кіно 1969 года «Бестурботны яздок» – на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Двое байкераў-нефармалаў на грошы ад кантрабанды мексіканскіх наркотыкаў пускаюцца на пошукі свабоды па паўднёвых штатах Амерыкі. На двары «лета кахання», сябры заязджаюць у абшчыну хіпі, трапляюць у заштатным гарадку ў «кутузку» і знаёмяцца з філасофскім адвакатам. Троіца бестурботных падарожнікаў, пакінуўшы ўсе жыццёвыя клопаты ззаду, аказваецца на парозе сапраўдных свабоды і шчасця. Але трагедыя ўжо наступае ім на пяткі.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Пераадоленне»

Да 11 лютага.

НЦСМ (Някрасава, 3).

Білеты: поўны – 7 руб., льготны – 3 руб.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праходзіць выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка «Пераадоленне».

Яго любімая тэма – коні. Коні на малюнках, конныя спаборніцтвы, пароды і конныя двары – пра ўсё гэта ён мог расказваць без перапынку. І сам меў сваіх фаварытаў – коней з «гарбатымі», як ён гаварыў, насамі. Яны такія і ёсць – ганарлівыя, незалежныя і моцныя.

У новым стагоддзі Уладзімір Лукашык цалкам пераходзіць на лічбавае маляванне звычайнай камп’ютарнай мышкай. Буклеты, дыпломы і граматы Міністэрства культуры з кветкамі са слуцкіх паясоў, медалі і, канешне, аўтарскія малюнкі – усё гэта намалявана ў віртуальнай прасторы.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу «Амаж Леаніду Шчамялёву»

Да 10 сакавіка.

Музей гісторыі Мінска (Рэвалюцыйная, 10).

Уваход: 4 руб., студэнтам – 3 руб., школьнікам – 2 руб.

 

У сераду, 31 студзеня, у Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё выставы мастацкага тэкстылю «Амаж Леаніду Шчамялёву» ў рамках 100-годдзя з дня нараджэння народнага мастака.

Экспазіцыя стала ў сваім родзе размовай, пераклічкай пакаленняў – у яе ўвайшлі як творы самога мастака, так і працы, створаныя студэнтамі. На выставе прадстаўлены габелены, выкананыя ў класічнай тэхніцы ручнога ткацтва, а таксама калекцыі арнаментальных кампазіцый для інтэр’ерных і касцюмных тканін, створаныя ў тэхніцы лічбавай графікі.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце музыку пры свечках

2 лютага, 18:30.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Уваход: 30 зл. (у кошт уваходзіць келіх віна).

 

«Беларускі моладзевы хаб» запрашае правесці халодны зімовы вечар у цёплай музычнай атмасферы пад гукі флейты, гітары і кахона. Вас чакаюць свечкі, віно, папулярная музыка з кінафільмаў і самыя рамантычныя мелодыі з усяго свету.

Флейта – Юлія Меліхава, гітара – Алёна Сяргеенка, перкусія – Дзяніс Доўгі.

Нядзеля: запішыцеся на дэгустацыю гарбаты

4 лютага, 13:00.

Месца паведамяць удзельнікам.

Кошт: 150 зл.

Праект So People запрашае на дэгустацыю гарбаты. Паспрабуеце 7 розных відаў гэтага напою, даведаецеся пра тонкасці чаявання – і проста добра пабавіце час. У кошт таксама ўваходзіць дэсерт.

Нядзеля: паслухайце лекцыю па архітэктуры «Жалезабетоннае каханне. Пра закаханыя пары архітэктараў і іх дзяцей»

4 лютага, 14:00.

Прастора Twoj Wychad (Aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

Вы даведаецеся, як моцнае пачуццё дапамагала архітэктарам 50-х прадбачыць хвалюючую будучыню. Хто гэта ўсмешлівая парачка праекціроўшчыкаў і чаму цяпер іх «дзеці» каштуюць так шмат? А яшчэ вы вельмі часта нават не здагадваецеся, што сядзіце на культавых крэслах, створаных ва ўмовах цёплага і далікатнага кахання.

Таксама абяцаюць расказаць, як угаварыць мужа пераставіць сцяну на 20 сантыметраў направа і пры гэтым не развесціся.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе плакатаў «Бела-чырвона-белы»

Да канца лютага.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны.

У лютым у Музеі Вольнай Беларусі можна паглядзець знакамітую выставу плакатаў «Бела-чырвона-белы», якая з’яўляецца вынікам міжнароднага конкурсу, арганізаванага польскім Нацыянальным культурным цэнтрам у супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.

Плакаты прысвечаны беспрэцэдэнтнаму ўдзыму беларускага грамадства дзеля дэмакратычных перамен пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Выстава была прадстаўлена ў грамадскай прасторы Варшавы і польскіх замежных прадстаўніцтвах ва многіх краінах свету.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паглядзіце і абмяркуйце беларускія кліпы апошняга дзесяцігоддзя

2 лютага, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: 10 еўра (патрэбна рэгістрацыя).

CreateCulture Space запрашае паглядзець і абмеркаваць беларускія кліпы апошняга дзесяцігоддзя разам з Арцёмам Лобачам – беларускім кінарэжысёрам, дакументалістам, кліпмейкерам са стажам працы больш за 10 гадоў.

Субота: запішыцеся на танцава-рухавую тэрапію з Арынай

3 лютага, 15:30.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: праз ахвяраванні (патрэбна рэгістрацыя).

 

Асноўная мэта рухальна-танцавальнай тэрапіі – выкарыстоўваць сілу танца і руху для павышэння фізічнага, эмацыянальнага і псіхалагічнага дабрабыту. Незалежна ад узроўню фізічнай падрыхтоўкі і вопыту вы зможаце знайсці нешта захапляльнае для сябе.

Танцавальныя навыкі не абавязковыя. Для максімальнага камфорту рэкамендуюцца зручныя абутак і вопратка.

БЕРЛІН

Пятніца, субота і нядзеля: паглядзіце прэм’еру спектакля «Крэмулятар» паводле Сашы Філіпенкі

2 і 3 лютага ў 19:00, 4 лютага ў 18:00.

Säälchen (Holzmarktstraße, 25).

Білеты: ад 50 еўра (тут).

У Берліне адбудзецца прэм’ера спектакля «Крэмулятар» паводле рамана Сашы Філіпенкі. Гэта гісторыя лётчыка і белагвардзейскага афіцэра Пятра Несцярэнкі, які пасля працяглых нягод эміграцыі пачатку ХХ стагоддзя заключае дамову з Саветамі і вяртаецца на радзіму.

Гэта гісторыя пра жангліраванне і выбар уласнай праўды, пра яе сціранне і непазнавальнасць для многіх пакаленняў, пра эміграцыю і вайну мінулага стагоддзя; пра веру, вялікае каханне, якое нічога не значыць, калі самы адданы глядач – тыран.

Спектакль ідзе на рускай мове з нямецкімі субцітрамі.

ТАЛІН

Нядзеля: схадзіце на прэзентацыю сінгла «Сгусток блёсток»

4 лютага, 19:00.

Paavli Kultuurivabrik.

Білеты: ад 15 еўра (тут).

Света Бень і Галя Чыкіс прэзентуюць у Таліне сінгл «Сгусток блёсток». Альбом, запісаны ў Берліне, прапануе слухачам падарожжа ад адчаю да надзеі, адзначаючы кожную хвіліну, калі мы не самотныя.

Летась гэты зіхатлівы дуэт даў больш за 30 канцэртаў у розных гарадах і краінах. Прыходзьце разам ззяць ці хаця б крышачку іскрыцца.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться