Куды пайсці ў выхадныя 19–21 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 19–21 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Сабралі самае цікавае ў розных гарадах – плануйце свой якасны адпачынак!

Сабралі самае цікавае ў розных гарадах – плануйце свой якасны адпачынак!

МІНСК

Чацвер–нядзеля: заплануйце паход на маркет KaliLaska

18–21 мая.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Цэлых чатыры дні на гэтым тыдні будзе праходзіць маркет KaliLaska – шмат цікавых рэчаў будуць чакаць вас з чацвярга па нядзелю. Кожны дзень абяцаюць дадаваць новыя рэчы (адзенне, абутак, кнігі, аксесуары і іншае) нон-стоп, а ў нядзелю будзе вялікі распродаж са скідкамі 50%.

Субота: адпачніце на адкрыцці дворыка ў «Вершах»

20 мая, 20:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

Прастора «Вершы» разам з паруснай школай «Сіла ветру» арганізоўвае вечарыну з нагоды адкрыцця летняга дворыка. Абяцаюць шэзлонгі, басейн і лепшыя фоткі з надзіманым фламінга ў самым сэрцы вуліцы Кастрычніцкай. А таксама музыку, напоі і суперлетнюю атмасферу.

Субота: не забудзьце пра Ноч музеяў

20 мая.

Розныя музеі Мінска.

Нагадаем, што ў гэтыя выхадныя ў Мінску пройдзе Ноч музеяў. Розныя музеі горада рыхтуюць цікавыя праграмы: будуць і лекцыі, і экскурсіі, і танцы, і спевы – і шмат чаго іншага.

Вось тут мы сабралі самыя цікавыя прапановы на вечар суботы – выбірайце, што больш падабаецца. І будзьце гатовыя стаяць у чарзе.

Субота-нядзеля: забяжыце на модны маркет за абноўкамі

20-21 мая.

ГЦ Palazzo.

Уваход: вольны.

У суботу і нядзелю ў гандлёвым цэнтры Palazzo будзе праходзіць вялікі модны маркет. Абяцаюць адзенне і аксесуары ад дзясяткаў беларускіх майстроў і рамеснікаў.

Субота-нядзеля: схадзіце на ярмарку падарункаў Sarafan market

20-21 мая.

«Лучшая улица».

Уваход: вольны.

Кожныя выхадныя на фуд-корт-пляцоўцы «Лучшая улица» праходзіць ярмарка падарункаў Sarafan market. Можна набыць посуд ад рамеснікаў, упрыгажэнні, вырабы са скуры, мыла, рознае смакоцце і шмат чаго іншага.

Усе выхадныя: зазірніце ў pop-up store беларускіх мастакоў

Да 7 чэрвеня.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

У прасторы «Вершы» адкрываецца pop-up store беларускіх мастакоў. Гэта выстава-кірмаш, на якой можна пабачыць графіку і фотаздымкі аўтарства сучасных беларускіх мастакоў, злавіць натхненне і што-небудзь набыць.

Усе выхадныя: схадзіце на фэст мастацтваў «Арт-Мінск»

Да 18 чэрвеня.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

На мінулым тыдні ў Мінску пачаўся фестываль мастацтваў «Арт-Мінск», у якім прымаюць удзел больш за 450 сучасных твораў беларускіх мастакоў Беларусі. Прыходзьце паглядзець, што новага ў беларускім мастацтве і якія скандальчыкі нам падрыхтавалі сёлета.

Усе выхадныя: паглядзіце адразу 4 персанальныя выставы маладых беларускіх мастачак

Да 4 чэрвеня.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрыліся адразу чатыры персанальныя выставы маладых мастачак – Дарыны Даўгадзінай, Таццяны Савік, Марыны Трус і Лізаветы Янковай.

Дарына Даўгадзіна, напрыклад, у сваім праекце «Стыхія» праз партрэты паказвае ўзаемасувязь стыхій, іх характар і асаблівасці. Марына Трус у сваім праекце «Каб ніхто не застаўся без роднай кветкі, калі прыйдзе час…» звяртаецца да асабістага сямейнага архіва, спадчыны ў пошуках «праўды», неабходнай асновы ўсвядомленага існавання. Таццяна Савік у праекце «Void / Пустата» прапануе запаволіцца ў прасторы маўчання і паўзы, фрагментацыі і адчужэння. А «Час пазначыць герояў» Лізаветы Янковай – гэта выстава, у якой аўтарка гаворыць з гледачом на мове вобразаў.

ВАРШАВА

Субота: запішыцеся на майстар-клас з акцёрам і рэжысёрам

20 мая, 12:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6).

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

«Беларускі моладзевы хаб» працягвае серыю бясплатных майстар-класаў у падтрымку «Дома творцаў». У суботу вас будзе чакаць акцёр, рэжысёр тэатра і кіно Андрэй Новік. Не забудзьце зарэгістравацца!

Нядзеля: схадзіце на Шагала ў музей

21 мая, 12:00.

Muzeum Narodowe.

Кошт: 75 зл.

Арганізатары ініцыятывы poznanska24 клічуць на экскурсію па выставе Шагала ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Каб запісацца на лекцыю, напішыце ў дырэкт. Колькасць месцаў абмежавана, таму для броні месца спатрэбіцца зрабіць 100% аплату загадзя.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе Андрэя Анро

Да 7 ліпеня.

Pracownia Duzy pokój (Warecka, 4/6).

У Варшаве адкрылася персанальная выстава Андрэя Анро «Вечны агонь». З дапамогай жывапісу аўтар разважае пра ўплыў улады, дыктатуры і вайны на наша ўспрыманне і досвед.

Карціны заснаваны на дакументальных фотаздымках, скрыншотах відэа і шчымлівых гістарычных момантах, у тым ліку вайне ў Афганістане, югаслаўскіх войнах, генацыдзе ў Руандзе, вайне ў В’етнаме, Першай сусветнай вайне.

Што і як мы памятаем падчас і пасля вайны? Як мяняюцца нашы ўспаміны пра тое, што было да яе? Як агрэсар апраўдвае ваенныя дзеянні мінуўшчынай і кантролем гістарычнай памяці?

БЕЛАСТОК

Пятніца: купіце білет на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча

19 мая, 19:00.

Кавярня Беластоцкага тэатра лялек (вул. Каліноўскага, 1).

Кошт: 50 зл. – загадзя, 60 зл. – перад канцэртам.

Будзеце ў пятніцу ў Беластоку – зазірніце ў кавярню Lalki. Там адбудзецца канцэрт любімага Змітра Вайцюшкевіча. Да лета засталося зусім трошкі, і трэба ўжо спяваць песні на вольным паветры.

ВРОЦЛАЎ

Субота: схадзіце на канцэрт Кацярыны Ваданосавай

Stary Klasztor – Sala Witrażowa (ul. Purkyniego, 1).

Білеты: 70 зл. – па папярэдняй рэгістрацыі, 90 зл. – у дзень канцэрта, дзецям да 10 гадоў – бясплатна.

Ва Вроцлаў з канцэртам «Край» едзе Кацярына Ваданосава. Не адна, а з мастачкай Аляксандрай Канафальскай, якая, між іншым, уваходзіць у дзясятку найлепшых у свеце мастакоў па пяску.

Таму будуць не толькі любімыя песні, але і дзівосныя малюнкі пяском, і шмат беларусаў.

ВІЛЬНЮС

Чацвер–субота: пабывайце на цікавых «Шпакоўніках»

18, 19 і 20 мая.

Тэатральная кавярня Balkonas (Jono Basanavičiaus g., 13).

Уваход: вольны (рэгістрацыя).

«Шпакоўнік» – гэта цыкл музычна-паэтычных сустрэч, натхнёных творчай ініцыятывай актрысы вільнюскага Старога тэатра Анастасіі Шпакоўскай.

Вось расклад:

  • 18 мая, 20:00 – Алена ЖалудОк (тая самая «Шчучыншчына»), Алена Зуй-Вайцяхоўская, дуэт «Тапачкіны» і маладая спявачка Atesta.
  • 19 мая, 21:00 – сустрэча са спявачкай Kетэван і Аляксандрам Дзянісавым (Дзецюкі).
  • 20 мая, 20:00 – гурт Nakapiano і Аляксандр Памідораў.

Пятніца: схадзіце на сустрэчу-семінар «Транзіт ад БССР да Рэспублікі Беларусь: час (страчаных) магчымасцей вачыма сведкаў»

19 мая, 18:00.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g., 20).

Уваход: вольны.

Вільнюскі інстытут «Палітычная сфера» запрашае на сустрэчу-семінар: канец 1980-х – пачатак 1990-х гадоў стаў часам радыкальных змяненняў для Беларусі. Адбываўся не толькі распад камуністычнага парадку і савецкага федэратыўнага ўкладу, але і істотныя трансфармацыі ў эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах. Прыходзьце паслухаць і абмеркаваць.

Пятніца: пабывайце на Ночы правалаў

19 мая, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation (рэгістрацыя).

У пятніцу ў CreateCulture Space пройдзе ўжо трэцяя Ноч правалаў. Гэта такая імпрэза, дзе ў спагадлівай атмасферы можна падзяліцца сваімі прафесійнымі праваламі, памылкамі, няўдачамі, разам пасмяяцца з іх, падзяліцца досведам пра тое, як у вас атрымалася выйсці з гэтых сітуацый і знайсці сілы рухацца далей. Гэтым разам тэма – стасункі.

Калі хочаце прыйсці паслухаць, то рэгіструйцеся па спасылцы да канца чацвярга, 18 мая. А потым бярыце з сабой добры настрой і напоі, якія будзеце піць.

#Варшава #Минск #Беларусь #Вильнюс
поделиться