Куды пайсці ў выхадныя 19–21 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе (і анлайн)

Куды пайсці ў выхадныя 19–21 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе (і анлайн)
Сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах. Выбірайце, што больш падабаецца: кіно, выставы, начная вечарына, спектакль для дзяцей ці іншае.

Сабралі цікавыя мерапрыемствы ў трох сталіцах. Выбірайце, што больш падабаецца: кіно, выставы, начная вечарына, спектакль для дзяцей ці іншае.

МІНСК

Пятніца–нядзеля: схадзіце ў батанічны сад і адчуйце лета сярод зімы

19–21 студзеня, з 11:00 да 16:00.

Батанічны сад.

Уваход: 10 руб. – поўны, 5 руб. – льготны.

Вас чакаюць: калекцыя сукулентных раслін – больш за 800 відаў; знаёмства з пустыннымі жыхарамі; калекцыя пладовых цытрусавых раслін; прагулка сярод дрэў з пладамі лімонаў, мандарынаў, апельсінаў і памэла; а таксама цытрусавая водаратэрапія.

Субота: паглядзіце кіно 1984 года ў жанры роўд-муві

20 студзеня, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае паглядзець кіно ў жанры роўд-муві, якое здымалі ў Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі ў 1984 годзе.

Брудны, бедна апрануты чалавек ідзе, як лунацік, па тэхаскай пустыні, залітай сонцам. Калі ён страчвае апошнія сілы, то трапляе ў лякарню і вяртаецца да жыцця дзякуючы свайму брату Уолту, які жыве ў Лос-Анджэлесе і які прытуліў яшчэ раней яго маленькага сына Хантара. Бацька і сын разам адпраўляюцца на пошукі жанчыны, якая некалі кінула іх.

Субота: схадзіце на сумную імпрэзу для самых вясёлых

20 студзеня, 23:00.

«Цэх» (Машэрава, 11/2).

Білеты: 30 руб. (тут).

Ніякіх падрабязнасцей, акрамя таго, што «Монтана возвращается». Будзе сумная імпрэза для самых вясёлых і, відавочна, стойкіх – бо да 4-й раніцы.

Уваход толькі па білетах, колькасць якіх абмежавана: купляйце па спасылцы.

З суботы: абнавіце гардэроб на KaliLaska-маркеце

20–28 студзеня.

Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Маркет KaliLaska зноў будзе працаваць цэлы тыдзень – з 20 да 28 студзеня. Кожны дзень будуць абнаўляць асартымент, таму пастаянна будзе нешта новае. Напрыканцы маркета – 27 і 28 студзеня – пройдзе вялікі распродаж са скідкамі 50% – завітвайце!

Усе выхадныя: пачастуйцеся смачным на кававым фестывалі

Да 24 студзеня.

Вуліца Кастрычніцкая.

Кошт: 12 руб. за сэт.

З 17 па 24 студзеня на Кастрычніцкай пройдзе фестываль «Кававая міля». Ад кожнага з удзельнікаў будзе прадстаўлена спецыяльная прапанова (кававы напой + дэсерт) па фіксаваным кошце – 12 руб.

Удзел прымаюць: Sandwiches.kastrycnickaja, Kitchen Coffee Roasters, Red Coffee Store, Took і Moby Dick.

Усе выхадныя: абмяняйце непатрэбныя батарэйкі на цукеркі

Да 31 студзеня.

Навукова-тэхнічная бібліятэка (Пераможцаў, 7).

 

Да 31 студзеня ў Інфармацыйным цэнтры па ўстойлівым развіцці прадстаўлена тэматычная выстава «Бытавым адходам – другое жыццё!», прысвечаная прыцягненню ўвагі грамадскасці да праблем экалогіі.

А яшчэ ў перыяд выставы дзейнічае акцыя «Батарэйка ўзамен на цукерку» – абмяняць батарэйкі любога віду можна ў Інфармацыйным цэнтры.

Усе выхадныя: схадзіце на літаратурна-мастацкую выставу

Да 3 сакавіка.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (М. Багдановіча, 13).

У музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе літаратурна-мастацкая выстава «Бурлівага лёту сляды незмярымы», прымеркаваная да стагоддзя заснавання літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Выстава прадстаўляе надзвычай цікавы перыяд у гісторыі беларускай культуры – 1920-я гады, якія часта атаясамліваюцца з тэрмінам «беларусізацыя». Менавіта беларусізацыя з’явілася асноўным напрамкам урадавай палітыкі ў БССР у галіне культуры і была накіравана на павышэнне статусу беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў жыцці рэспублікі.

Адной з адметных падзей гэтага часу з’яўляецца стварэнне часопіса «Маладняк» у 1923 годзе, вакол якога паўстала арганізацыя маладых пісьменнікаў пад такой жа назвай. У хуткім часе гэта арганізацыя налічвала ўжо каля 500 сяброў і мела філіялы ў розных гарадах БССР.

У экспазіцыі прадстаўлены павялічаныя копіі рэдкіх дакументаў, фотаздымкаў, кніжныя выданні бібліятэкі «Маладняка» 1923–1928 гг., часопісы «Маладняк», «Узвышша», перыядычныя альманахі філіялаў «Маладняка», а таксама копіі дакументаў – з фондаў ДМГБЛ, БДАМЛіМ, НББ.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце з дзецьмі на музычны спектакль

19 студзеня, 18:00.

Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: данат ад 30 зл.

 

У Музеі Вольнай Беларусі выступіць Раман Арлоў – кампазітар і аўтар тэатральных праектаў для дзяцей і дарослых. Ён падрыхтаваў монаспектакль «Як Святы Мікалай Каляды ратаваў», які расказвае пра барацьбу Святога Мікалая за вызваленне Ярылы-Сонца з лап злой чараўніцы Мараны.

Другiм аддзяленнем Раман сыграе хiты гурта «J:МОРС» («Маё сонца», «Адлегласць», «Так-цiк-так», «Горад», «Яна»), з якім шмат гадоў супрацоўнічаў; песнi перыяду праекта «У нескладовае» («Будзьма беларусамi», «Станцыя», «Мокры порах»), а таксама шэраг абсалютна новых песень, створаных ужо ў эмiграцыi.

Пятніца: паглядзіце кіно з доктарам філасофіі

19 студзеня, 19:00.

Месца паведамяць удзельнікам.

Кошт: 90 зл.

Праект So People запрашае на кінапрагляд разам з доктарам філасофіі. Будуць глядзець фільм «Маленькі Буда» і разважаць пра філасофію будызму.

Запісвайцеся ў каментарыях пад пастом або праз дырэкт.

Нядзеля: запішыцеся на лекцыю пра творчасць Ціма Бёртана

21 студзеня, 17:00.

House of Storks Space (Adama Mickiewicza, 18B).

Кошт: 100 зл.

Кароль ідэй для касцюмаў на Хэлоўін у розных частках свету Цім Бёртан здымае фільмы і мультфільмы з 1982-га і з’яўляецца адным з самых вядомых рэжысёраў па стылі і кінавыразе. На лекцыі не збіраюцца доўга абмяркоўваць стыль і прыёмы майстра, але хочуць занырнуць у тую частку яго творчасці (і кахання), пра якую рэдка гавораць.

У рамках сустрэчы пад чулым кіраўніцтвам Дашы будуць абмяркоўваць першыя кароткаметражкі, рэкламныя ролікі (і чаму яны не заваявалі тэлевізійныя і інтэрнэт-хвалі і не забілі сумную камерцыю) і зазіраць у закуліссе самых вядомых твораў майстра.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе беларускай мастачкі

Да 6 лютага.

Centrum Praskie Koneser (pl. Konesera, 10a).

Уваход: вольны.

У варшаўскім Centrum Praskie Koneser праходзіць выстава беларускай мастачкі Юліі Стратовіч Last Summer.

«Гэта выстава пра нашы ўспаміны і пра тое, што кожнае лета непаўторнае, бо непаўторныя мы ў кожным моманце, – расказвае Юлія. – Пра тое, што мы ніколі не ўспамінаем тое, што было ў рэальнасці, а толькі вылучаем акцэнты, і, магчыма, гэта да лепшага: хай тое, як было насамрэч, памятаюць нашы сябры і псіхолагі.

Вернісаж – гэта выдатная нагода стварыць яшчэ адзін успамін. І толькі нам вырашаць, у якіх колерах ён будзе для нас праз гады», – кажа мастачка.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на адкрыццё выставы і Artist Talk са Святланай Петушковай

19 студзеня, 19:00.

Create Culture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation.

Прастора Create Culture Space вяртаецца з адпачынку і запрашае на адкрыццё выставы і Artist Talk.

Стары горад Вільнюса – асаблівая мастацкая прастора, дзе муры, якія сталі сведкамі стагоддзяў, робяцца палатном для самавыяўлення мясцовых жыхароў. Як наскальныя малюнкі, графіці на мурах гістарычных будынкаў ператвараюцца ва ўнікальную мастацкую і культурную з’яву, якая аб’ядноўвае ў сабе мінулае і сучаснае.

ДЛЯ ЎСІХ (АНЛАЙН)

Усе выхадныя: запішыцеся на новы паток курса для жанчын «Ніколі не позна»

Старт – 6 лютага.

Сустрэчы online 2 разы на тыдзень (па аўторках і чацвяргах у 20:00 па мінскім часе).

Колькі: бясплатна (патрэбна рэгістрацыя).

 

Гэта праграма, створаная жанчынамі для жанчын – эканамічна актыўных беларусак, якія крытычна мысляць, імкнуцца да фінансавай незалежнасці і хочуць развіваць прадпрымальніцкія навыкі.

З лютага па май вас чакае тры месяцы займальнага і карыснага падарожжа ў камфортным асяроддзі з аднадумцамі, падчас якога вы абмяркуеце і вывучыце наступныя тэмы: самавызначэнне, асновы прадпрымальніцтва, пабудова кар’еры, «майстармайнд»-групы.

Усе выхадныя: паслухайце новы гумарыстычны падкаст на беларускай мове

Беларусы запусцілі яшчэ адзін годны медыяпрадукт: гумарыстычны падкаст «Святога нічога» з вядучай – журналісткай Машай Пархімчык.

«Святога нічога» – гэта аўдыяшоу, дзе шчыра гавораць на тэмы, блізкія ўсім, без аглядкі на аўтарытэтныя меркаванні ці «бясспрэчныя ісціны». Тут абмяркоўваюць жыццё ў Беларусі на асабістых прыкладах і кажуць пра розныя з’явы «як ёсць». Гэта бывае весела, а бывае – зусім не.

Усе выхадныя: прыгатуйце што-небудзь смачнае

Калі пераелі салатаў ды іншых смакоццяў на святы, самы час крыху разгрузіцца. Але для гэтага неабавязкова галадаць ці есці адзін салатны лісцік у дзень – дастаткова проста зменшыць калараж.

Вось тут мы сабралі 7 варыянтаў лёгкіх вячэраў, якія і гатуюцца досыць хутка, і дакладна вам спадабаюцца.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться