Куды пайсці ў выхадныя 19–21 красавіка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 19–21 красавіка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Надворʼе сапсавалася, але гэта не нагода сядзець дома! Кожны тыдзень CityDog.io збірае цікавыя мерапрыемствы, якія арганізуюць беларусы ў розных гарадах і краінах, – далучайцеся.

Надворʼе сапсавалася, але гэта не нагода сядзець дома! Кожны тыдзень CityDog.io збірае цікавыя мерапрыемствы, якія арганізуюць беларусы ў розных гарадах і краінах, – далучайцеся.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: запішыцеся на майстар-клас па лінагравюры

19 красавіка, 17:00.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Удзел: 45 руб. (рэгістрацыя).

У Палацы мастацтва ў рамках выставы Terragraphica: Sacrum адбудзецца майстар-клас па лінагравюры з мастачкай Марынай Анішчык. Прысвечаны ён будзе гісторыі самага вядомага біблейскага сюжэта пра Адама і Еву і яго асноўным сімвалам – Дрэву, Змяі і Яблыку.

Кожны зможа выбраць сімвал як алегорыю дабра і зла, адлюстраваўшы яго ў тэхніцы лінагравюры; разабрацца, што такое высокі і глыбокі друк, чым лінагравюра адрозніваецца ад іншых графічных тэхнік; на прыкладзе лінагравюры пазнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі друку графічнага ліста; сваю працу забраць з сабой.

Пятніца–нядзеля: схадзіце ў аранжарэю закрытага фонду батанічнага саду

19–21 красавіка, з 11:00 да 16:00.

Батанічны сад.

Кошт: 5 руб. (дадаткова – уваход у батанічны).

Батанічны сад запрашае ў закрыты калекцыйны фонд прыгожаквітнеючых пеларгоній. Вашай увазе будзе прадстаўлена каля 150 відаў і гатункаў. Вы ўбачыце іх розныя афарбоўкі і формы, нацешыцеся разнастайнасцю водараў кветак і лісця і, вядома ж, зробіце атмасферныя фота на памяць.

Можна будзе пазнаёміцца з незвычайнымі гатункамі пеларгоніі, напрыклад з пахам кока-колы або ружы.

Пятніца–субота: паспейце на выставу «Мілая мая Марылька!»

Да 20 красавіка.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча (М. Багдановіча, 7а).

Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння Марыі Багдановіч (1869–1896), маці генія беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Яе жыццё было надзвычай кароткім, але вельмі насычаным і яркім. Марыі прыйшлося зведаць страты і трагедыі, але сустрэць на жыццёвым шляху шмат людзей, якія падтрымлівалі і дапамагалі.

Назва выставы – зварот да любай жонкі з ліста Адама Багдановіча, цеплыня і пяшчота гучаць у кожным радку. Асноўная ідэя – паказаць жыццё Марыі Багдановіч праз яе перапіску, прычым у экспазіцыі лісты можна будзе не толькі ўбачыць, але і пачуць, за што шчырыя словы ўдзячнасці Народнаму студэнцкаму тэатру «Жывое слова». Фотаздымкі, дакументы, прадметы часу становяцца дадатковымі ілюстрацыямі, дадаюць штрыхі да партрэта той, што падарыла нам геніяльнага паэта.

З суботы: абнавіце гардэроб на дабрачынным маркеце

20–28 красавіка, з 12:00 да 21:00.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

У суботу зноў стартуе дабрачынны маркет KaliLaska, які будзе доўжыцца цэлы тыдзень. Можна будзе набыць адзенне і абутак, сумкі і аксесуары, посуд, дэкор для дома, кнігі, паштоўкі і вініл – і ўсё па выгадных і прыемных коштах.

Абяцаюць кожны дзень абнаўляць асартымент.

Субота-нядзеля: завітайце за абноўкамі на Вялікі модны маркет

20-21 красавіка.

ГЦ Palazzo.

Уваход: вольны.

Беларускія дызайнеры збяруцца ў адным месцы на Вялікім модным маркеце, каб вы маглі паглядзець і прымераць усе рэчы ўжывую (бо не ў кожнага дызайнера ёсць шоурум у Мінску). Будуць адзенне, аксесуары, пленэры, посуд і шмат іншага.

Нядзеля: наведайце вечар камернай музыкі

21 красавіка, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх).

Білеты: 20 руб. (тут).

Якасна адпачыць перад панядзелкам можна будзе ў прасторы «Манахром» – на вечары камернай музыкі.

У праграме: Золтан Кодай – дуэт для скрыпкі і віяланчэлі (1914), ор. 7; Марыс Равель – саната для скрыпкі і віяланчэлі (1920–1922), M 73; Арцюр Онэгер – санаціна для скрыпкі і віяланчэлі e-moll (1932).

Граць будуць Іван Рэнанскі (віяланчэль) і Алег Яцына (скрыпка).

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Зоркі вельмі любяць казкі»

Да 12 траўня.

Галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2).

У галерэі «Арт Фабрыка» працуе выстава Наталлі Неўмяржыцкай «Зоркі вельмі любяць казкі». У экспазіцыю ўвайшла найбольш вядомая серыя твораў, звязаная з выявамі касманаўтаў.

Гэта асабістая гісторыя аўтаркі пра злучэнне духоўнага свету чалавека з Сусветам, пра філасофскія разважанні аб свеце, вечнасці, мінулым і будучыні.

ВАРШАВА

Субота: схадзіце паслухаць Вайцюшкевіча

20 красавіка, 19:30.

Beer Station Praga (ul. Ząbkowska, 5).

Білеты: 60 зл. на ўваходзе.

Вечар суботы можна правесці ў кампаніі беларусаў і Змітра Вайцюшкевіча, які зайграе ў беларускім піўным бары вясновы канцэрт. Рыхтуе новыя і даўно знаёмыя песні!

Абяцаюць сяброўскую атмасферу, смачнае піва і кампанію любімага артыста.

Нядзеля: далучыцеся да экскурсіі па Катынскім музеі

21 красавіка, 11:00.

Muzeum Katynskie (Jana Jeziorańskiego, 4).

Кошт: 40 зл.

Катынскі музей – гэта першая ў свеце музейна-даследчая ўстанова, якая дакументуе Катынскі расстрэл, здзейснены ў 1939-1940 гадах над 22 тысячамі вязняў і зняволеных у савецкіх лагерах і турмах. Гэта таксама адзіная ў сусветным маштабе выстава ваеннага характару, якая з’яўляецца своеасаблівым доказам злачынства і ўшаноўвае пакутніцкую смерць афіцэраў польскай арміі.

Экскурсію правядзе Святлана Курс, супрацоўніца музея і беларуская пісьменніца.

Нядзеля: завітайце на арт-маркет беларускіх майстроў

21 красавіка, з 11:00 да 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Świat, 27a).

Уваход: вольны.

Толькі паглядзіце на відэа, колькі ўсяго цікавага і прыгожага вырабляюць беларускія майстры! Тут вам і ўпрыгажэнні, і посуд, і мыла са свечкамі, і розныя прысмакі. Абавязкова завітвайце – працаваць будуць цэлы дзень.

Нядзеля: прыміце ўдзел у шахматным турніры

21 красавіка, 12:00.

Ul. Malawskiego, 6.

Клуб «Волат» ладзіць у Варшаве пяты этап турніру «Шахматны Волат». На турніры будуць асобныя ўзроставыя катэгорыі 6–10, 11–16 і 16+; асобныя катэгорыі для аматараў і прафесійных гульцоў; у катэгорыях прафесіяналаў – грашовыя прызы, у катэгорыях аматараў – дыпломы, медалі; а таксама чылаўт-зона, нэтворкінг і здаровы спартыўны дух.

Падрабязнасці і рэгістрацыя – тут. Пытанні – па тэл.: +48 733 45 19 82.

ВІЛЬНЮС

Пятніца і субота: пабывайце на адкрыцці выставы Bazinato або запішыцеся на майстар-клас

19 красавіка ў 19:00; 20 красавіка ў 13:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: на выставу – free donation, на майстар-клас – 10 еўра (рэгістрацыя).

У суботу ў CreateCulture Space адкрываецца выстава Bazinato «Іншыя». А ў нядзелю ў рамках гэтай выставы мастак правядзе artist talk і аўтарскі майстар-клас «Чалавек і не чалавек».

Выстава і artist talk даследуюць узаемадзеянні з іншымі, філасофскую і сацыякультурную катэгорыю іншага – таго, хто не з’яўляецца намі, адрозніваецца ад нас, не тоесны нам.

Падчас майстар-класа будуць створаны біяінсталяцыі з грыбоў, моху і лішайнікаў, якія можна інтэграваць у гарадскую прастору ці забраць з сабой.

Субота: далучыцеся да фотаспрынту па Вільнюсе

20 красавіка, з 12:00 да 16:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 10 еўра (рэгістрацыя).

Добра фатаграфуеце ці проста любіце здымаць усё навокал? Тады далучайцеся! Прабяжыцеся па Старым горадзе, выканайце цікавыя заданні, а ў выпадку перамогі атрымайце грашовую ўзнагароду.

«ФотаСпрынт» – творчая гульня для ўсіх аматараў фатаграфіі, у якой удзельнікі ў абмежаваны час і ў пэўных месцах робяць крэатыўныя фатаграфіі на зададзеныя тэмы. Усе фатаграфіі трэба паспець здаць да заканчэння гульні, а потым незалежныя суддзі ацэняць працы і адзначаць тыя, якія ім найбольш спадабаліся. Перамагае каманда ці асоба, якая набярэ максімальную колькасць балаў.

У гульні важна мець мабільны тэлефон або лічбавы фотаапарат і самастойна адсочваць час гульні. Прызавы фонд: 80% ад сабраных сродкаў атрымлівае пераможца, 20% пакідае за сабой арганізатар.

Усе выхадныя: паспейце на выставу «Я правяду цябе да ўзлеску…»

Да 25 красавіка.

Віленскі беларускі музей імя Луцкевіча (Vilniaus g., 20).

Уваход: вольны.

 

У Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча працуе першая персанальная выстава кніжнай графікі Кацярыны Дубовік «Я правяду цябе да ўзлеску…».

У экспазіцыі – 45 арыгінальных прац у розных тэхніках: афорт, тэмпера і маркеры на паперы, трафарэт і туш, тэмпера і гуаш і інш.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться