Яшчэ не вырашылі, чым заняцца на выхадных? Сабралі для вас шмат цікавых мерапрыемстваў – выбірайце.
МІНСК
Пятніца: запішыцеся на творчы вечар Таццяны Грыневіч
17 лістапада, з 18:00 да 21:00.
«Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2).
Кошт: 5 руб., з удзелам у майстар-класе – 15 руб.
На творчым вечары-рандэву Таццяна Грыневіч правядзе імерсіўны майстар-клас «Сінхранізацыя» ў фармаце «адно палатно – адна творчая плынь – шмат суаўтараў». Удзельнікі майстар-класа будуць героямі своеасаблівай «творчай лабараторыі», дзе ўнутраны свет і бачанне кожнага стане часткай аднаго твора, прыгожага і натхняльнага. Таццяна будзе толькі мадэраваць і накіроўваць творчы працэс.
Для запісу на сустрэчу пішыце ў дырэкт.
Пятніца: паглядзіце кіно 1957 года
«12 чалавек у адным пакоі – хіба гэта кіно?» – пыталіся тыя, хто чытаў сцэнарый «12 разгневаных мужчын». А Сідні Люмету ўдалося стварыць шэдэўр!
У пятніцу ў кінаклубе «Cinemascope. Анталогія» ў Музеі-майстэрні З. І. Азгура будуць паказваць «12 разгневаных мужчын» – маніфест неабыякавасці, які тлумачыць, як энтузіязм і крытычнае мысленне запускаюць рэфлексію ў самых інэртных і абыякавых.
Субота: завітайце на дабрачынную выставу «Грацыя душы»
18 лістапада, з 10:00 да 22:00.
Flame Place (Машэрава, 9).
Уваход: вольны.
«Прыгажосць і жаноцкасць бязмежныя нават з абмежаванымі магчымасцямі». У сценах прасторы Flame пройдзе дабрачынная фотавыстава «Грацыя душы» аўтарства Анастасіі Жых. Уваход бясплатны. Кожны госць можа ахвяраваць любую суму фонду інвалідаў-вазочнікаў.
Усе выхадныя: абнавіце гардэроб на дабрачынным маркеце
Да 19 лістапада.
Кальварыйская, 33/4.
Уваход: вольны.
З 11 па 19 лістапада ў Мінску працуе дабрачынны маркет KaliLaska. Знойдзеце там добры выбар верхняга адзення ад пухавікоў да футраў, галаўных убораў і шалікаў, швэдраў і штаноў па сезоне. А таксама абутак, вініл, посуд, упрыгажэнні, паштоўкі і іншае. Кожны дзень дадаюць нешта новае, таму завітвайце!
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Андрэя Пічушкіна Rave
Да 26 лістапада.
Палац мастацтва, ZAL #2 (вул. Казлова, 3).
Білеты: поўны – 6 руб., льготны – 3 руб.
У Палацы мастацтва працуе выстава Андрэя Пічушкіна Rave, якая адлюстроўвае ўспрыманне постсавецкай рэчаіснасці ад пачатку дзёрзкіх 1990-х і трансфармацыю гэтай эпохі ў сённяшнім дні.
Усе выхадныя: схадзіце на выставу індыйскай хрызантэмы
З 17 па 26 лістапада.
Батанічны сад.
Уваход: поўны – 10 руб., льготны – 5 руб.
З 17 па 26 лістапада батанічны сад запрашае на выставу індыйскай хрызантэмы «Кветка сонца», дзе будзе прадстаўлена больш за 80 сартоў гэтай кветкі.
Кветкі індыйскай хрызантэмы маюць мноства розных форм: ад простых рамонкаў (Aglow, Biarrita, Solo) да шматпялёсткавых пампонаў (Gazelle, Tom Pearse), вялікіх і маленькіх, розных афарбовак і адценняў – ад жоўтага і белага, ружовага, чырвонага і аранжавага да фіялетавага і нават зялёнага.
Больш за тое, на выставе можна будзе ўбачыць работы таленавітых супрацоўнікаў батанічнага сада, якія спрабуюць сябе ў жывапісе і ікебане.
ВАРШАВА
Субота: схадзіце на канцэрт ашмянска-мінскага вандроўнага гурта Leibonik
Ашмянска-мінскі вандроўны гурт Leibonik вязе ў Варшаву новы альбом «ТАМ». У праграме – жвавыя мелодыі, шчыльныя тэксты і мора непасрэднай харызмы, каб трохі пасумаваць, але пайсці пасля дамоў з безумоўна добрым настроем.
Усе выхадныя: завітайце на фотавыставу Аляксандра Кот-Зайцава DOM
З 15 лістапада па 3 снежня.
Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).
Уваход: вольны.
15 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі адкрываецца персанальная выстава DOM беларускага фатографа Аляксандра Кот-Зайцава.
Гэты праект пачынаўся як суб’ектыўны фотадакумент, спроба зразумець, як «чужая» прастора ўплывае на асобу з досведам эміграцыі. У 2022 годзе да праекта далучыўся беларускі кампазітар і музыкант Аляксандр Ясінскі, які стварыў адмысловую гукавую дарожку, адлюстраваўшы тэму праекта ў музыцы. Гук і вобразы ўзаемадзейнічаюць, пераносячы гледача і слухача ў прастору метафарычнага дому.
Усе выхадныя: зазірніце на выставу беларускай мастачкі ў беларускую кавярню
Да 1 снежня.
Кавярня Kult Kawy (Chmielna, 30).
Уваход: вольны.
У беларускай кавярні Kult Kawy праходзіць персанальная выстава беларускай мастачкі Таццяны Савіч – можна зайсці па смачную каву і яшчэ і карціны паглядзець (а можа, і набыць).
Яшчэ па тэме: 9 новых заведений, которые открыли беларусы в Варшаве. От кофейни до бургерной
ВІЛЬНЮС
Пятніца: запішыцеся на арт-практыку «Цемра i я. Як знайсцi сваё святло»
17 лістапада, 18:00.
CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).
Уваход: free donation (патрэбна рэгістрацыя).
З дапамогай мастацкай тушы і крышталёў солі кожны зможа паглыбіцца ў свае думкі і знайсці стан унутранага святла ў цемры.
У арт-практыцы не трэба баяцца сустрэчы са сваёй цемрай – праз яе будзе праяўляцца святло белага аркуша. Вы ўбачыце, як нават у самай непрабіўнай цемры з’яўляюцца светлыя промні. Яны могуць паўстаць у выглядзе цiкавых узораў, вашай сілы і фантазіі. Вазьміце з сабой крыху прыняцця, жменю смеласці і кахання – і напоўніце пятнічны вечар сваёй творчасцю.
Мерапрыемства для ўсіх жадаючых зразумець сябе лепш, знайсцi сваю сiлу ў неспрыяльных умовах.
Нядзеля: пабывайце на «шпакоўніку» з Плоткам і Пукстам
19 лістапада, 20:00.
Тэатральная кавярня Balkonas (Jono Basanavičiaus g., 13).
Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).
Беларускія творцы ў Вільнюсе запрашаюць на новы «Шпакоўнік» – цыкл музычна-паэтычных сустрэч, натхнёных творчай ініцыятывай актрысы Анастасіі Шпакоўскай. Гэтым разам удзел бяруць Алесь Плотка і Сяргей Пукст.
Алесь Плотка – літаратар і музыка з Гомеля, франтмэн гурта Sož і праекта Baisan&Yasinski. Сяргей Пукст – энцыклапедычны эксцэнтрык, патомны кампазітар, энергічны і рознабаковы наватар, парадаксальны канцэптуалізатар, постэстэт і «некрасюррэаліст».
ГАМБУРГ
Пятніца: паглядзіце монаспектакль Рыгора Жураўлёва «Гаспадар кавярні»
Беларускі акцёр Рыгор Жураўлёў запрашае на свой монаспектакль «Гаспадар кавярні» па п’есе беларускага драматурга Паўла Пражко.
Поўны раптоўных адступленняў і нечаканых высноў, гэты дасціпны, блытаны і жывы тэкст падобны хутчэй на даверную балбатню пра жыццё, чым на тэатральную п’есу. Здаецца, далёкі ад тэатра і глядач «Гаспадара кавярні»: седзячы ў прасторы кавярні, ён усміхаецца жартам і сочыць за парадаксальнымі выгінамі аўтарскай думкі. Але да канца змушаны азірнуцца на гэты досвед запытальна: а што такое сёння тэатр? якой можа быць п’еса? яе герой? І дзе ў гэтым ва ўсім я?
ДЛЯ ЎСІХ
Усе выхадныя: паглядзіце кіно ў межах фестывалю «Паўночнае ззянне»
З панядзелка, 13 лістапада, стартаваў кінафестываль «Паўночнае ззянне» – і сёлета міжнародную і беларускую праграмы можна паглядзець бясплатна анлайн. (А тут можна заданаціць на падтрымку фэсту.)
У беларускім конкурсе прымаюць удзел «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка, «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, «Ператрымка» Андрэя Кашперскага, «Ястраб памерам з каня» Сашы Кулак, «Чатыры колы далей ад цэнтра» Лены Ле, «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага, «Мяцеліца» Лізаветы Багатка і інш.
Праграму і расклад кінафэсту глядзіце на сайце.
Усе выхадныя: зрабіце якую-небудзь добрую справу
Ужо даўно даказана, што, дапамагаючы іншым, вы дапамагаеце сабе. Таму прапануем вам выбраць якую-небудзь пасільную добрую справу і на нейкі адсотак павысіць узровень шчасця ў сусвеце.
Вось тут мы сабралі адразу 7 важных спраў, да якіх можна далучыцца проста цяпер. Напрыклад, падтрымаць беларускую журналістку, якая трапіла ў аварыю ў Польшчы, дапамагчы музею стварыць помнік Змітраку Бядулі, далучыцца да арганізацыі дабрачынных мерапрыемстваў, замовіць сушы і дапамагчы жывёлам і іншае.
Усе выхадныя: прыгатуйце сабе шарлотку, каб кампенсаваць надворʼе
Надворʼе цяпер не самае радаснае, але ў доме будзе значна ўтульней, калі там будзе пахнуць пірагамі. Таму купляйце ўсё неабходнае і займайцеся кулінарыяй – гэта яшчэ і абʼядноўвае, калі рабіць разам з партнёрам ці партнёркай або дзецьмі.
Вось тут мы прапаноўвалі 6 класных рэцэптаў дамашняй шарлоткі ад беларускіх блогераў – выбірайце, які больш падабаецца.