Вось 18 цікавых мерапрыемстваў надыходзячых выхадных, на якія варта звярнуць увагу. Выбірайце, што больш падабаецца, і плануйце якасны адпачынак!
МІНСК
Пятніца: даведайцеся, што піла і ела шляхта
17 лютага, 18:30.
Вул. Крапоткіна, 97 (уваход з вул. Гая, 2-і пад’езд).
Кошт: 90 руб.
Алена Мікульчык, аўтарка кнігі «Шляхецкая кухня», запрашае на лекцыю «Што піла і ела шляхта» з дэгустацыяй старажытных напояў і закусак па рэцэптах 18-19-га стагоддзя.
У меню – розныя напоі, закускі, стэйк па-радзівілаўску са свіной выразкі з ягадна-вінным соусам, бігас з грыбамі і журавінамі на гарнір і шляхецкія цукеркі з п’янай вішняй на дэсерт. Па запіс звяртайцеся да спадарыні Алены ў дырэкт. Не забывайце пароль «шляхта».Субота: навучыцеся рабіць традыцыйную вышыўку
18 лютага, 11:00.
Кнігарня-кавярня «Маркс» (вул. К. Маркса, 11).
Кошт: 30 руб.
Праект «Этыка» паўтарае ўтульны ранішні майстар-клас па традыцыйнай вышыўцы. Вышываць будуць роднае і блізкае сэрцу. Кожная схема, якую можна будзе выбраць самастойна, – гэта арыгінальны ўзор з беларускага нацыянальнага касцюма.
На ўдзел можна запісацца ў дырэкт праекта. Усе матэрыялы прадстаўляюцца. Колькасць месцаў абмежавана.
Субота: паглядзіце монаспектакль Івана Кірчука
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца монаспектакль «Дарожка мая…» музыкі і фалькларыста Івана Кірчука. Праграма створана па матэрыялах шматлікіх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі.
Падчас монаспекталя вы пачуеце больш за 40 народных песен, а таксама фрагменты старадаўніх замоў, якія прагучаць на інтуітыўным разуменні таго, як гэта маглі рабіць нашы продкі. А яшчэ будуць найгрышы на беларускіх народных інструментах.
Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на «Open Шкаф»
18-19 лютага.
М11 (пр-т Машэрава, 11).
Уваход: вольны.
Усе мінскія моднікі збяруцца ў гэтыя выхадныя на барахолцы «Open Шкаф», якая будзе праходзіць у прасторы М11 з 12:00 да 21:00.
Арганізатары заклікаюць купляць эксклюзіўныя рэчы, дзяліцца эмоцыямі, атрымліваць асалоду ад камунікацыі, слухаць музыку і глядзець паказы.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Леаніда Шчамялёва
Да 16 сакавіка.
Галерэя «ДК» (Герцэна, 2а).
У чацвер, 16 лютага, у галерэі «ДК» адкрываецца выстава «Вялікае жыццё вялікага мастака», прымеркаваная да 100-годдзя знакамітага прадстаўніка беларускай жывапіснай школы, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.
Леанід Дзмітрыевіч захапляўся выявамі роднай зямлі і яе жыхароў, апяваў іх, кожны сюжэт прапускаў праз сваё сэрца. Яго карціны вылучаюцца свабодай: лёгкасцю выканання, экспрэсіўнасцю і дынамічнасцю.
Усе выхадныя: завітайце на выставу «Джаз! Каты! Вясна!»
Да 26 сакавіка.
НЦСМ (Някрасава, 3).
Білеты: 7 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася традыцыйная вясновая выстава «Джаз! Каты! Вясна!», якая заўсёды азначае, што вясна ўжо тут, блізенька. На экспазіцыі – жывапіс, графіка, фотаздымкі, скульптура, тэкстыль і інш.
У выставе бяруць удзел прафесійныя мастакі і аматары, дзеці і дарослыя. Большасць твораў у экспазіцыі сабраныя праз open-call, а самаму маленькаму ўдзельніку – 2 гады.
Усе выхадныя: паглядзіце выставу раслін за шклом
Да 26 лютага.
Батанічны сад.
Уваход: 10 руб.
Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі запрашае на выставу-экспазіцыю «Расліны за шклом». Шпацыруючы сярод вялікіх трапічных і субтрапічных раслін экспазіцыйнай аранжарэі, вы пазнаёміцеся з дзіўным светам раслін у разнастайных шкляных сасудах, сабраных разам у маленькія супольнасці. Вы ўбачыце пустынны рэльеф з сукулентамі, трапічны куток з валасянкамі і непентэсам; зможаце разгледзець паблізу лудызію, максілярыю, крыптантусы, венерыну валасянку і сарацэніі.
Падрабязней можна даведацца па тэлефонах: +375 29 320 17 17; +375 17 379 69 15.
ГРОДНА
Пятніца: купіце білет на эксперыментальны тэатр
17 лютага, 19:00.
Канцэртная зала (вул. Дзяржынскага, 1).
Білеты: 8 руб.
У пятніцу можна будзе паглядзець спектакль «Геній і распуста» – пра генія і ягоны цяжкі лёс, пра акцёрства і каханне, пра надзеі і расчараванні.
Гэта будзе новы спектакль народнага тэатра-студыі «Бачонак», створанага гарадзенскімі акцёрамі-аматарамі ў 2009 годзе і названага так па прозвішчы кіраўніка і рэжысёра Сяргея Бачкова. У рэпертуары тэатра ўжо больш за 10 спектакляў. Білеты можна набыць у касах канцэртнай залы.
ГОМЕЛЬ
Пятніца-субота: прагуляйцеся па інклюзіўнай выставе «Рукі бачаць»
17 лютага (18:00–20:00), 18 лютага (16:00–19:00).
Вул. Юбілейная, 48/1.
Уваход: 15 руб.
У пятніцу і суботу гомельскі цэнтр інклюзіўнай культуры прэзентуе праект «Рукі бачаць» – інтэрактыўную выставу, на якой наведвальнік зможа пабыць на месцы невідушчага чалавека і адчуць свет і прастору так, як яе адчуваюць людзі з абмежаваннямі зроку.
Для паўнаты адчуванняў і разумення вам прапануюць прайсці квэст «Крот» і, закрыўшы вочы спецыяльнай маскай, задзейнічаць іншыя пачуцці ды такім чынам пашырыць веды пра свае магчымасці і пра магчымасці людзей з парушэннем зроку.
ВАРШАВА
Пятніца: паслухайце акустычны выступ Іллі Чарапко-Самахвалава
У «Беларускім моладзевым хабе» адбудзецца акустычны канцэрт Іллі Чарапко-Самахвалава, лідара гуртоў «Петля Пристрастия», «Кассиопея» і Polyn. Абяцаюць самыя розныя песні ў акустыцы і камерную атмасферу – каб і паплакаць, і патанчыць, і пасмяяцца.
Пятніца: паслухайце канцэрт пра каханне
17 лютага, 18:00.
Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).
Уваход: данаты.
Канцэрт «Закаханыя ў… Любоў у часы апакаліпсы» пройдзе ў тэатралізаваным фармаце. Спявачкі і актрысыі беларускіх (у мінулым) і польскіх тэатраў Ана Мацкевіч і Маша Пятровіч падрыхтавалі для вас вечар, падчас якога будуць спяваць джазавую класіку і прадэманструюць творы паэзіі беларускіх і польскіх аўтараў.
Сярод песень будуць такія бессмяротныя кампазіцыі, як Summertime Элы Фіцджэральд і L.O.V.E. Фрэнка Сінатры, а пад некаторыя кампазіцыі вы зможаце нават танцаваць. Рэгістрацыя на канцэрт – праз дырэкт @heartbreaking_performance.
ПОЗНАНЬ
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Сяргея Шабохіна
Да 5 сакавіка.
Галерэя «Арсенал» (Szyperska, 2).
У Познані праходзіць выстава аднога з найважнейшых мастакоў беларускага contemporary art Сяргея Шабохіна «Атлас тэктанічных ландшафтаў».
На экспазіцыі можна пабачыць розныя серыі твораў: «Сацыяльны мармур» (звяртаецца да цэнзурнай практыкі беларускіх уладаў і феномена «сацыяльнай дзяржавы»); «Мы жорсткія спажыўцы культурных рэвалюцый» (у фокусе – спадчына УНОВИСа ў Віцебску); «Бясконцыя вуліцы» (серыя прысвечана радзіме мастака, Наваполацку, як гораду-ўтопіі); «Тэктанічныя пліты» (серыя асэнсоўвае вялікія геапалітычныя «зрухі» – ваенныя канфлікты, пандэмію, рэвалюцыю).
ВРОЦЛАЎ
Субота: паслухайце беларускамоўны стэндап
18 лютага, 18:00.
WędrówkiPub – Wrocławski Klub Podróżniczy (Podwale, 37/38).
Білеты: 60 злотых (тут).
У суботу ў Вроцлаве пройдзе новы беларускамоўны стэндап ад суполкі «Пан Стэндап». Жартаваць на роднай мове гэтым разам будуць Ягор Анісімаў, Міхась Ільін і Максім Канавал.
ЛОДЗЬ
Пятніца: схадзіце на жаночую сустрэчу падтрымкі
17 лютага, 18:00.
Sowinskiego, 49B.
Уваход: вольны.
У Лодзі стартуюць жаночыя сустрэчы падтрымкі, дзе будуць будаваць бяспечную і безацэначную прастору ўзаемападтрымкі. Там можна будзе знайсці сябровак, атрымаць падтрымку, абмеркаваць тое, што хвалюе.
На першай сустрэчы будуць знаёміцца, піць гарбату, распавядаць свае гісторыі эміграцыі (калі, вядома, вы адчуеце патрэбу ў гэтым і дастатковую бяспеку для выказвання) ды абмяркуюць тэмы, якія больш за ўсё турбуюць.
ВІЛЬНЮС
Субота: прыміце ўдзел у шведскім гуртку Sex Education
Вас запрашаюць на шведскі гурток, дзе ўдзельнікі будуць абмяркоўваць пазначаныя тэмы, дзяліцца асабістым досведам і такім чынам навучацца адзін ад аднаго. Трапіць на занятак можна бясплатна, але арганізатары просяць зарэгістравацца, каб ведаць колькасць ахвотных прыйсці.
Нядзеля: паглядзіце дакументальны спектакль з маналогамі сям’і, пацярпелай ад рэпрэсій
19 лютага, 18:00.
ЕДУ, цокальны паверх (Savičiaus g., 17).
Кошт: рэкамендаваны данат ад 10 еўра (рэгістрацыя).
У нядзелю, 19 лютага, у Вільнюсе іграюць «Маналогі жніўня» – дакументальны спектакль, які расказвае гісторыю сям’і, пацярпелай ад рэпрэсій, якія разгарнуліся пасля пратэстаў 2020-га.
Уваход – рэкамендаваны данат па магчымасці. Колькасць месцаў абмежавана, таму рэгіструйцеся па спасылцы.
ПАРЫЖ
Пятніца-субота: паглядзіце спектакль «1,8 м» пра беларускія пратэсты
17-18 студзеня, 18:00, 19:30, 20:30.
Au Théâtre Nanterre-Amandiers (7, Av. Pablo Picasso).
Білеты: да 30 еўра (тут).
З 14 па 18 лютага ў Парыжы будуць паказваць спектакль «1,8 м» драматурга і рэжысёра Івана Вырыпаева, прысвечаны беларускім палітвязням.
Спектакль заснаваны на тэкстах, якія палітвязні агучвалі ў судах і пісалі ў лістах родным. Іграюць беларускія ды польскія акцёры на польскай, беларускай, рускай мовах. Сцэнаграфія – беларускага мастака Сяргея Шабохіна.
ЦЮРЫХ
Пятніца: пабывайце на канцэрце гурта NaviBand
NaviBand граюць канцэрт у Швейцарыі. Вязуць новыя песні, беларускія матывы і трошкі пранізлівай блізкасці для вашых стомленых душ.
Прадугледжаны розныя скідкі на білеты.