Куды пайсці ў выхадныя 16–18 чэрвеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі

Куды пайсці ў выхадныя 16–18 чэрвеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Тбілісі
Палова чэрвеня за спінай – так і лета праляціць. Таму не сядзіце дома, плануйце цікавае. Сабралі для вас класныя мерапрыемствы выхадных, якія ладзяць беларусы ў чатырох сталіцах, – выбірайце, дзе б вы ні былі.

Палова чэрвеня за спінай – так і лета праляціць. Таму не сядзіце дома, плануйце цікавае. Сабралі для вас класныя мерапрыемствы выхадных, якія ладзяць беларусы ў чатырох сталіцах, – выбірайце, дзе б вы ні былі.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Серада–нядзеля: прыміце ўдзел у фэсце аўтарскага тэкстылю «ТэкСтыльны букет»

Фэст – 14–18 чэрвеня; выстава – да 30 ліпеня.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: поўны – 7 руб., ільготны – 3 руб.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачаўся штогадовы міжнародны фестываль «ТэкСтыльны букет у Мінску». Удзел бяруць больш за 100 прафесійных мастакоў і народных майстроў з Беларусі, Аўстрыі і Расіі. Свае творы прэзентуюць прызнаныя беларускія мастачкі Наталля Лісоўская з Віцебска, Любоў Кірылава і Вера Блінцова з Мінска.

У межах фэсту запланаваны майстар-класы, дэфіле, экскурсіі, лекцыі мастацтвазнаўцаў і аўтарскія прэзентацыі праектаў удзельнікаў. Сам фэст будзе праходзіць да 18 чэрвеня (усяго некалькі дзён), а выставу твораў можна будзе паглядзець да 30 ліпеня.

Пятніца: запішыцеся на майстар-клас па набіванцы

16 чэрвеня, 18:00.

Сядзіба СЭТ (вул. К. Чорнага, 32).

Па запіс ды падрабязнасці звяртайцеся ў дырэкт ці па тэл.: +375 29 706 09 40.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства працягвае летнюю серыю майстар-класаў па традыцыйнай культуры «Пра КВЕТКІ» і кліча на трэці майстар-клас – па набіванцы.

Набіванка – адна з самых старажытных форм дэкаравання тканіны. Да нас прыйшла з усходу як «верхавая», а «кубавая» доўга насіла назву «французская», хаця вядомая на нашых землях значна раней за модныя павевы. Не спяшайцеся пужацца: у пятніцу і разберацеся, што да чаго.

З сабой трэба ўзяць фартух, пакунак для гатовай рэчы і кавалак тканіны на хустку ці фартушок (лён ці бавоўну).

Пятніца: схадзіце на семінар-трэнінг псіхалагічнага тэатра «Лютэя»


16 чэрвеня, 19:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: 6 руб.

Музей Якуба Коласа запрашае на семінар-трэнінг псіхалагічнага тэатра «Лютэя». Разам з акцёрамі тэатра ў бяспечнай прасторы, атмасферы прыняцця і даверу вы адчуеце сябе часткай чагосьці цэлага, дакранецеся да каранёў – сустрэнецеся са сваімі продкамі, звернецеся да гісторыі сваёй сям’і, да памяці пра тых, хто быў да нас.

Запісвайцеся па тэл.: +375 17 270 17 02; +375 29 704 86 35.

Да суботы (уключна): паспейце на дабрачынную барахолку KaliLaska

Да 17 чэрвеня.

Вул. Кальварыйская, 33/4 (уваход з боку вул. Пінскай).

Уваход: вольны.

Гэтым разам дабрачынная барахолка KaliLaska праходзіць цэлы тыдзень: для таго, каб тыя, хто не любіць натоўпы на выхадных, змог спакойна прыйсці на шопінг у будні, калі людзей менш

У чацвер будуць абнаўляць асартымент па меры неабходнасці. А ўжо ў пятніцу і суботу пройдзе вялікі распродаж: усё, што застанецца, можна будзе набыць з 50-працэнтнай скідкай.

Субота: паглядзіце нямецкае кіно 1972 года

17 чэрвеня, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае паглядзець нямецкае кіно 1972 года. Культавы і адзін з самых паспяховых фільмаў DEFA «Легенда аб Паулю і Пауле» паказвае «забароненае» каханне на фоне бязрадасных сацыялістычных будняў.

У маладзёжным кафэ ва Усходнім Берліне сустракаюцца два адзінокія чалавекі. Пауль, якога кінула яго каханая, і Паула, жанчына з двума дзецьмі на руках. Пасля знаёмства абодва разумеюць, што не могуць жыць адзін без аднаго. Ён – кіраўнік, які падае надзеі, яна – прыёмшчыца шклатары. Што атрымаецца?

Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на барахолцы «Open Шкаф»

17-18 чэрвеня.

Lidbeer Dvor, прастора IT Max (вул. Кульман, 1/2).

Уваход: вольны.

У праграме, як заўсёды, дызайн, арт, вінтаж, гаражны распродаж, вініл, ежа, майстар-класы, музыка і шчасце. Уваход вольны, можна праходзіць са сваімі хвосцікамі.

Субота-нядзеля: завітайце на «Вялікі модны маркет»


17-18 чэрвеня.

ГЦ Palazzo.

Уваход: вольны.

Беларускія дызайнеры таксама збяруцца ў адным месцы – у гандлёвым цэнтры Palazzo пройдзе «Вялікі модны маркет». Можна будзе набыць моднае і якаснае адзенне, аксесуары і ўпрыгажэнні.

Субота-нядзеля: схадзіце з дзецьмі на сямейны фестываль «Букідс. Прафесіі»

17-18 чэрвеня.

Батанічны сад.

Кошт: дзецям да 12 гадоў – бясплатна, старэйшым за 12 гадоў – 10 руб., дарослым – 20 руб., сямейны (2 дарослых і дзеці да 12 гадоў) – 35 руб.

Усе выхадныя ў батанічным садзе будзе праходзіць фестываль для ўсёй сям’і «Букідс. Прафесіі».

Як заўжды, будзе шмат лакацый, на якіх дзеці змогуць прымерыць на сябе розныя прафесіі. Таксама будуць спектаклі, забаўляльна-музычная праграма, спартыўны гарадок, ежа, творчыя майстар-класы і шмат іншага.

ВАРШАВА

Пятніца: запішыцеся на сустрэчы псіхалагічнай дапамогі эмігрантам і эмігранткам

16 чэрвеня, 18:30.

Каворкінг FBC (Mokotowska 24, офіс 64).

Удзел: бясплатны (абавязковая рэгістрацыя).

Free Belarus Center распачынае новы цыкл сустрэч псіхалагічнай дапамогі эмігрантам і эмігранткам з Беларусі і Украіны ў адаптацыі ў Польшчы.

Усяго будзе чатыры сустрэчы: «Змены: крызіс, іміграцыя», «Эмоцыі: віна, сорам, гнеў, бяссілле», «Страты: як спраўляцца», «Адаптацыя: рэсурсы, рост, абнаўленне». Сустрэчы правядзе Марта Скугарава – гештальт-тэрапеўтка, якая працуе з наступствамі траўматычнага досведу і вядзе групу падтрымкі для жанчын-мігрантак.

Нядзеля: пабывайце на творчым сняданку з традыцыйнай вышыўкай

18 чэрвеня, з 12:00 да 15:00.

Кавярня-квяцярня Lovers (Kolejowa 45a/U17).

Па запіс і падрабязнасці пішыце ў дырэкт.

Тыя самыя творчыя сняданкі ад праекта «Этыка», якія праходзілі ў Мінску, перамясціліся ў польскую сталіцу. Беларусаў Варшавы клічуць абдымацца, размаўляць пра ўсё на свеце, частавацца кавай, гарбатай ці вінцом і вышываць.

Кожная схема, якую можна будзе выбраць самастойна, – гэта арыгінальны ўзор з беларускага нацыянальнага касцюма. А працаваць будуць не з пяльцамі, а з халсцінай, каб падкрэсліць значнасць і каштоўнасць такога нацыянальнага скарбу, як вышыўка.

Нядзеля: згуляйце ў Detected

18 чэрвеня, 14:00.

Skwer 1 Dywizji Pancernej WP (Wybrzeże Gdańskie, 01-999).

Кошт: 35 злотых з чалавека.

Арганізатары прапануюць не толькі добра пабавіць час, але і адкрыць для сябе новыя лакацыі, па-іншаму паглядзець на ўжо знаёмыя мясціны, даведацца пра цікавыя факты і выпрабаваць сябе на вынослівасць і кемлівасць.

Гуляюць камандамі па 2-3 чалавекі. Апранайцесь па надвор’і і рыхтуйцеся шмат хадзіць!

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паслухайце прэзентацыю даклада «Беларусь пад расійскай гібрыднай акупацыяй»

16 чэрвеня, 9:00.

ЕГУ (Savičiaus g., 17, аўд. 303).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт запрашае на прэзентацыю даклада «Беларусь пад расійскай гібрыднай акупацыяй», падрыхтаванага Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Пасля прэзентацыі адбудзецца цікавая дыскусія, дзе ўдзельнікі змогуць абмяняцца сваімі ведамі пра Усходнюю Еўропу і атрымаць каштоўную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.

Пятніца: запішыцеся на майстар-клас па мнематэхніках

16 чэрвеня, 18:00.

Гасцёўня Беларускай рады культуры (Šv. Ignoto g., 5)

Уваход: вольны.

Беларуская рада культуры ладзіць майстар-клас па мнематэхніках з Наталкай Харытанюк – літаратаркай і настаўніцай англійскай мовы. Гаворка пойдзе пра ваш англійскі слоўнік і пра тое, як яго пашырыць.

Спікерка падзеліцца сваімі любімымі тэхнікамі (іх сем!) – і ўдзельнікі імпрэзы тут жа гэтымі тэхнікамі змогуць скарыстацца. Сустрэча будзе карыснай падлеткам і дарослым з узроўнем англійскай ад А2.

Пятніца: паглядзіце перформанс «Мірны атам?» і падыскутуйце з Ірынай Сухій

16 чэрвеня, 19:00.

Omni academia (Aukštaičiu g., 6–30).

Уваход: данат у 5–10 еўра (неабходна рэгістрацыя).

У Omni academia пакажуць перформанс «Мірны атам?» у жанры дакументальнага тэатра, створаны студэнтамі ЕДУ ў рамках Чарнобыльскага тыдня на падставе ўражанняў ад экскурсіі на Ігналінскую атамную станцыю, асабістых і сямейных гісторый.

Пасля перформансу будзе дыскусія з Ірынай Сухій – сузаснавальніцай «Экадома» і ўдзельніцай Беларускай антыядзернай кампаніі. Пагавораць пра месца атамнай энергетыкі ў сучасным свеце і геапалітычным кантэксце, выкарыстанне АЭС як ваенных аб’ектаў і аб тым, ці ёсць рэальныя альтэрнатывы АЭС.

Пятніца: пабывайце на Ночы правалаў на тэму эміграцыі

16 чэрвеня, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Уваход: free donation (рэгістрацыя да канца дня 15 чэрвеня).

Ноч правалаў – тая імпрэза, дзе ў спагадлівай атмасферы можна расказаць ці паслухаць гісторыі пра няўдачы, смешныя прыгоды і недарэчныя сітуацыі, з якімі людзі сутыкаюцца падчас міграцыйных працэсаў, разам пасмяяцца з іх і раздзяліць пачуцці, стаць трошкі меней самотнымі.

Гледачам і глядачкам трэба ўзяць з сабой добры настрой і цёплую падтрымку для тых, хто будзе выступаць. А яшчэ дзейнічае фармат BYOB (Bring Your Own Bottle) – прыносьце з сабой напоі, якія будзеце піць.

ТБІЛІСІ

Пятніца: схадзіце на першую сустрэчу фем-гуртка

16 чэрвеня, 17:30.

Прастора KROPKA (500 м ад плошчы Свабоды).

Удзел: вольны.

Сустрэчу праводзіць ініцыятыва АБФ па шведскай методыцы «роўны навучае роўнага». Будзе размова аб фем-руху для тых, хто не адносіць сябе да феміністак, але згодны, што са становішчам жанчын ёсць праблемы. Таксама чакаюць усіх, хто цікавіцца фемінізмам, але валодае інфармацыяй.

Мэта сустрэч – стварыць суполку для жанчын і людзей з вопытам жаночай сацыялізацыі з мэтай абмену досведам і абмеркаваннем хвалюючых тэм.

Рэгістрацыя: @ghoul_tat.

Нядзеля: паслухайце беларускіх музыкаў на Side Festival

18 чэрвеня, 19:00.

DUST (Nikoloz Baratashvili St., 2).

Білеты: ад 55 лары (тут).

У Тбілісі пройдзе Side Festival, дзе на адной сцэне выступяць ŠUMA, «Петля Пристрастия» і Sonic Death.

Місія вечарыны – зрабіць так, каб побач аказаліся розныя супольнасці і віды музыкі, стварыць такую атмасферу, у якой усе адчуваюць сябе звязанымі і блізкімі.

 

#Варшава #Минск #Беларусь #Вильнюс
поделиться