Полезные подборки Куда пойти
CityDog.io

Куды пайсці ў выхадныя 15–17 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 15–17 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
На гэтых выхадных глядзім фільмы і музейныя шоу, адпачываем на гарадскім пікніку, размаўляем пра мастацтва і слухаем музыку. Ідэальны адпачынак атрымліваецца.

На гэтых выхадных глядзім фільмы і музейныя шоу, адпачываем на гарадскім пікніку, размаўляем пра мастацтва і слухаем музыку. Ідэальны адпачынак атрымліваецца.

МІНСК

Пятніца: завітайце на сустрэчу-гутарку пра мастацтва

15 верасня, 19:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: donation ад 5 руб.

Пачынаем выхадныя з сустрэчы-гутаркі Art Basel 2023 з Мар’янай Карповіч і Юліяй Качура пра сусветныя тэндэнцыі ў сферы мастацтва. А калі вырашыце, што хочаце працягнуць вечар, заставайцеся на пятнічныя танцы з DJ ST.FLOUNDER. Яны пачнуцца ў 21:00 тут жа – уваход вольны.

Пятніца: паглядзіце фільм пра самую вядомую карціну Бацічэлі

15 верасня, 19:00.

Кінатэатр «Цэнтральны» (пр-т Незалежнасці, 13).

Уваход: 11 руб. і 15 руб.

Сцэнарыст і рэжысёр Ральф Луп стварыў фільм, мэта якога – бліжэй пазнаёміць нас з асобай і геніем Бацічэлі. Яго карціны не перастаюць інтрыгаваць і здзіўляць: кожны год тысячы людзей прыходзяць на выставы ў музеі па ўсім свеце, каб убачыць знакамітыя працы майстра. Але адна з самых тонкіх, асабістых, загадкавых і, магчыма, самая выбітная яго карціна захоўваецца пад замком у скляпеннях Ватыкана – яе мастак прысвяціў пеклу Дантэ, і менавіта пра яе расказвае гэты захапляльны дакументальны фільм.

Пятніца: паслухайце музыку і паглядзіце на зоркі ў планетарыі

15 верасня, 20:00.

Мінскі планетарый (вул. Фрунзэ, 2).

Уваход: ад 40 руб.

Гэты івэнт праходзіць у рамках адукацыйнага праекта «Музыка і зоркі». У пятніцу вечарам вы пачуеце музычныя кампазіцыі, складзеныя з гітарнай музыкі, гукавых эфектаў і аўдыядызайну. І самае чароўнае тое, што іх будуць суправаджаць касмічныя відэапраекцыі на купале планетарыя.

Як кажуць аўтары праекта Traingle, іх музыка такая ж натуральная, як плынь жыцця. У кампазіцый як быццам няма пачатку і канца, яны проста ліюцца, як плынь ракі, за якой можна назіраць бясконца. І гэта назіранне паступова паглыбляе ў стан прымірэння і гармоніі.

Субота: паспявайце любімыя рок-кампазіцыі ў выкананні кавер-гурта

16 верасня, 18:00.

Вул. Някрасава, 35/1.

Уваход: 35 руб.

Гэта будзе вечар рока: пачуеце любімыя кампазіцыі Deep Purple, Queen, Scorpions, Metallica і іншых у выкананні кавер-гурта JC-Band. Арганізатары абяцаюць зарад бадзёрасці і добрага настрою, а яшчэ – цікавую інтэрактыўную праграму, якую пакуль трымаюць у сакрэце.

Субота: атрымайце асалоду ад прагляду музейнага шоу пра знакамітага мастака Адраджэння

16 верасня, 16:30.

Кінатэатр «Цэнтральны» (пр-т Незалежнасці, 13).

Уваход: 11 руб. і 15 руб.

Музейнае шоу расказвае гісторыю мастака Якапа Рабусці, які атрымаў мянушку Цінтарэта («прыгажун»), з першых гадоў яго творчай кар’еры да самай смерці. Яго карціны ўпершыню паўстануць на вялікім экране, што дазволіць гледачу ацаніць усе нюансы незалежнага мастацкага стылю.

Стужка даследуе не толькі жыццё і творчасць мастака, але таксама раскрывае гісторыю самой Венецыі – горада, які кіпеў культурай і мастацтвам эпохі Адраджэння. Сам мастак ніколі не выязджаў за межы горада, нават у дні суровых выпрабаванняў.

Нядзеля: зрабіце для сябе вечар музыкатэрапіі

17 верасня, 19:00.

Белдзяржфілармонія (пр-т Незалежнасці, 50).

Білеты: ад 30 руб.

Адключыцеся ненадоўга ад хуткай сучаснасці і перанясіцеся ў эпоху рэнесансу і барока. У гэты вечар вы пачуеце музыку самых вядомых кампазітараў тых часоў – Гендэля, Баха, Скарлаці і іншых. Сярод інструментаў – флейта, скрыпка, альт, віяланчэль, раяль, італьянскі клавесін. Іх гучанне будуць дапаўняць цудоўныя гукатэрапеўтычныя інструменты: тыбецкія чашы, чакрафоны, званочкі кашы і цяньгшы, а таксама шум дажджу і акіяна.

Нядзеля: паслухайце вакальную музыку

17 верасня, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, другі паверх).

Білеты: 20 руб. (набыць можна тут).

Гасцей чакаюць беларускія песні ў выкананні Юрыя Гарадзецкага (тэнар) і Паліны Задрэйка (фартэпіяна). Прагучаць творы са зборнікаў беларускай музыкі эпохі барока «Полацкі сшытак» і «Куранты», а таксама беларускія народныя песні.

Субота-нядзеля: сустрэньце восень на галоўным гарадскім пікніку

9-10 верасня.

Батанічны сад.

Білеты: 17 руб. Дзецям да 12 гадоў – бясплатна.

Вы чакалі і дачакаліся. Вось ён – маштабны фінал 8 сезона Vulitsa Ezha пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя. Праграма чакае вас такая ж гарачая, як і верасень: вялікі фуд-корт і лакальны фуд-маркет, аўтарскія падарункі на дызайнерскім маркеце, кінатэатр пад адкрытым небам, пляцоўка для аматараў вініла, дзіцячая зона, барныя лакацыі, а таксама майстар-класы, фотазоны і шмат іншага. Пачатак – 12:00.

Усе выхадныя: пазнаёмцеся з беларускімі мастакамі праз іх аўтапартрэты

Да 25 верасня.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19)

Уваход: вольны.

14 верасня ў «Вершах» стартаваў праект Art Store «Автопортрет. Откровение».

Ён аб’ядноўвае працы 18 аўтараў, якія працуюць у розных медыя, і паказвае тое, якім сябе бачыць і адчувае мастак. Аўтары транслююць сваю я-канцэпцыю, у якую ўваходзяць іх назіранні за сабой, асэнсаванне сваіх пачуццяў і станаў у гэты момант. На выставе вы зможаце не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі аўтарамі, але і набыць кавалачак мастацтва ў сваю калекцыю.

ВАРШАВА

Пятніца: даведайцеся, як ператварыць сваё хобі ў паспяховы бізнес

15 верасня, 16:00.

Цэнтр беларускай салідарнасці (Oleandrów, 6/2).

Уваход: вольны, але трэба зарэгістравацца.

Калі марыце пачаць зарабляць на сваім хобі ці перавесці свой экспертны досвед у анлайн, прыходзьце на бясплатны трэнінг. Там вы даведаецеся пра ключавыя аспекты гэтага працэсу на практыцы і на прыкладзе запрошанага госця.

Субота: схадзіце на фільм «Мара» пра беларускія падзеі 2020 года

16 верасня, 20:30.

Kinoteka Multiplex, Pałac Kultury i Nauki (Plac Defilad, 1).

Уваход: трэба зарэзерваваць месца.

У Варшаве ў рамках форуму HER Docs пакажуць фільм Сашы Кулак «Мара» – адзін з адказаў на беларускія падзеі 2020 года. Стужка прапануе вам далучыцца да Мары – сведкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, – якой часам хочацца ўцячы ад рэальнасці ў свет сноў.

Нядзеля: прагуляйцеся па раёне Саска Кемпа з культурным аглядальнікам

17 верасня, 16:00.

Саска Кемпа.

Кошт: 85 злотых (запісацца можна тут).

У Варшаве завуць на экскурсію з культурным аглядальнікам «Саска Кемпа і яе знакамітасці». Даведаецеся пра адну з самых вядомых паэтак у Польшчы – Агнешку Асецкую, музу Булата Акуджавы, аўтарку больш за 2000 тэкстаў песень; яе творы дагэтуль можна пачуць па радыё і на польскай сцэне. Кім яна была і дзе жыла, якімі вуліцамі хадзіла, з кім сябравала, а каго кахала – пра гэта ўсё вам раскажуць падчас экскурсіі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: завітаць на адкрыццё студыі CreateCulture

15 верасня, 19:00.

Karmelitų gatvė, 5.

Уваход: вольны.

У пятніцу культ.прастора CreateCulture Space запрашае на адкрыццё студыі, дзякуючы якой з’явіцца яшчэ больш месца для творчасці і натхнення. Для гасцей у гэты дзень правядуць экскурсію, раскажуць, як там усё будзе працаваць, і падзеляцца інфармацыяй пра тое, як і што можна там ладзіць.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter