Куды пайсці ў выхадныя 15–17 снежня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 15–17 снежня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Яшчэ не ведаеце, чым заняцца на выхадных? А мы ўжо падрыхтавалі для вас афішу цікавых мерапрыемстваў.

Яшчэ не ведаеце, чым заняцца на выхадных? А мы ўжо падрыхтавалі для вас афішу цікавых мерапрыемстваў.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Чацвер–нядзеля: схадзіце за падарункамі на «Чароўны млын»

14–17 снежня.

Выставачны комплекс (пр-т Пераможцаў, 14).

Уваход: 2 руб. (білеты тут).

Выстава аўтарскіх вырабаў «Чароўны млын» запрашае за падарункамі ад майстроў, мастакоў і дызайнераў Беларусі.

На выставе вы знойдзеце вырабы з дрэва, керамікі, шкла, лялькі і цацкі, карціны і пано, упрыгажэнні і адзенне, сумкі і аксесуары, калядныя кампазіцыі, а таксама фермерскія прадукты.

Пятніца: пабывайце на першым сольным канцэрце спявачкі Nevika (у музеі!)

15 снежня, 18:30.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: 20 руб.

У пятніцу ў музеі Якуба Коласа пройдзе першы сольны канцэрт спявачкі Nevika, якая стварае сучасныя поп-трэкі па-беларуску, міксуючы рок і лёгкую танцавальную музыку.

Арганізатары просяць загадзя запісацца на мерапрыемства па нумары +375 17 270 17 02 і выкупіць білеты ў касе музея, каб усім хапіла месцаў і было камфортна.

Субота: адсвяткуйце Каляды на этнічнай вечарыне

16 снежня, 23:59.

Modul Art Platform (вул. Кастрычніцкая 16/3, 3-і паверх).

Білеты: 20 руб., з рэпостам афішы – 15 руб.

У суботу ў Мінску будуць святкаваць KALIADY. Вас чакае «Шчодры вечар» – самая этнічная (і крыху электронная) вечарына горада.

Абяцаюць калядных дыджэяў з найлепшымі сэтамі, трошкі падарункаў, калядаванне і, вядома, калядны цуд. Каб стаць адным з калядоўшчыкаў, трэба толькі прыйсці ў пэўны час па пазначаным адрасе.

Усе выхадныя: абнавіце гардэроб перад святамі

Да 24 снежня.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Нагадваем, что амаль на ўвесь снежань KaliLaska-маркет ператварыўся ў пасольства навагодняга настрою – працуе амаль кожны дзень (акрамя панядзелкаў).

На барахолцы вы знойдзеце ўборы для вечарынак і карпаратываў, дэкор для дома і працоўнага месца, упрыгажэнні і рэчы, а таксама шмат каляднага дэкору.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе памяці мастака Уладзіміра Лукашыка

Да 11 лютага.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Уваход: 7 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.

 

З 13 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава памяці Уладзіміра Лукашыка «Пераадоленне». Мастак пайшоў з жыцця 17 кастрычніка 2023 года пасля доўгай і цяжкай хваробы.

Нягледзячы на дызайнерскую адукацыю, маляванне не пакідала яго на працягу ўсяго жыцця. Асноўная частка работ Уладзіміра – дызайн і ілюстрацыі да кніг і артыкулаў. Яго любімая тэма – коні. Коні на малюнках, конныя спаборніцтвы, пароды і конныя двары – пра ўсё гэта ён мог расказваць без перапынку. І сам меў сваіх фаварытаў – коней з «гарбатымі», як ён гаварыў, насамі.

Усе выхадныя: схадзіце на персанальную выставу фатографа Вадзіма Качана

Да 11 лютага.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Уваход: 7 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.

 

Яшчэ адна новая падзея ў НЦСМ – персанальная выстава фатографа Вадзіма Качана «Ад піктарыялізму да канцэптуалізму».

Аснова першай часткі экспазіцыі – дакументальныя фатаграфіі, зробленыя ў 1980-х гг. у Мінску і яго наваколлях. Другая частка праекта прысвечана канцэптуальнай фатаграфіі.

«З пэўнага ўзросту пачынаеш разумець, што быў сведкам гісторыі. Але наша памяць не можа захаваць усё жыццё. Многае знікае, або ўспаміны мяняюцца. Так ужо створаны чалавек. І толькі на фатаграфіях час застывае навечна. Фатаграфія – гэта помнік зніклага часу», – адзначае аўтар.

Усе выхадныя: завітайце на выставу манет «Калядны скарб»

Да 19 студзеня.

Музей Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4).

Уваход: вольны.

У музеі Янкі Купалы працуе бясплатная выстава манет «Калядны скарб», створаная сумесна з Музеем грошай Нацыянальнага банка.

На экспазіцыі можна пабачыць артэфакты, якія ілюструюць працэс стварэння манет: эскізныя праекты, мадэлі аверса і рэверса, эталонныя і рабочыя інструменты і, безумоўна, гатовыя манеты серыі «Святы і абрады беларусаў», прысвечаныя юбілею Янкі Купалы і 2000-годдзю хрысціянства.

ВАРШАВА

Пятніца: запішыцеся на калядны кінавечар

15 снежня, 18:30.

Manhattan studio (ul. Brzeska, 24C).

Кошт: 170 зл.

 

Праект So People запрашае на калядны кінавечер. У праграме – фільм «Эта замечательная жизнь».

Будуць разбірацца, чаму гэты фільм першапачаткова быў правальным, але стаў сапраўднай кінакласікай. А кіназнавец раскажа ўсе дэталі і сакрэты гэтай захапляльнай гісторыі.

Таксама арганізатары рыхтуюць прасэка, смачныя пачастункі, падарункі ад партнёраў і розыгрыш. І, вядома ж, вас чакае святочная атмасфера і кампанія аднадумцаў.

Субота: адвядзіце дзяцей на майстар-клас па стварэнні цацак на ялінку

16 снежня, 12:00.

Беларускі дом (ul. Kryniczna, 6).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Беларускі дом запрашае на дзіцячы калядны майстар-клас па стварэнні цацак на ялінку. Пад кіраўніцтвам мантэсоры-педагога Асі Смаляк будуць ствараць традыцыйную цацку з паперы ў некалькіх тэхніках.

На занятку дзеці (ад 7 да 12 гадоў) змогуць зрабіць ад 1 да 3 прыгожых цацак. Працягласць – 2 гадзіны. Усе матэрыялы дадуць на месцы.

Субота: схадзіце з дзецьмі лялечны спектаклік «УГУ! Калядныя навіны лесу»

16 снежня, 14:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

У Музеі вольнай Беларусі пройдзе лялечны спектаклік для дзетак «УГУ! Калядныя навіны лесу» – для гледачоў узросту 4+.

У лесе адбываюцца незвычайныя падзеі: па начах нехта палохае ўсіх звяроў. Адважная карэспандэнтка Вавёрка бярэцца даследаваць сітуацыю і зрабіць найвыбітнейшы рэпартаж. Будзе казка пра тое, як важна ўсім разумець адзін аднаго і не толькі.

Нядзеля: завітайце на вялікі калядны арт-маркет

17 снежня, з 11:00 да 19:00.

Scena Chmielna (ul. Nowy Świat, 27a).

Уваход: вольны.

У нядзелю Scena Chmielna стане сапраўдным чароўным калядным замкам, дзе вас будуць чакаць два паверхі вырабаў, амаль 50 майстроў і падарункі на любы густ і кашалёк.

У 12:00 запланавана прэзентацыя-дэгустацыя ад Mięso Warszawskie разам з саўладальнікам брэнда Аляксандрам Радыёнам. У 14:00 – прэзентацыя doTERRA разам з Бертай. У 16:00 – майстар-клас «Навагоднія макрамэ-цацкі» для дзяцей ад Utulna.Bags. У 18:00 – афіцыйная прэзентацыя новай назвы арт-маркетаў і раскладу мерапрыемстваў на наступны сезон.

Першыя 100 наведвальнікаў атрымаюць смачны прэзент ад VitoriaCanBake. Першыя 45 наведвальніц атрымаюць яшчэ і сертыфікат на скідку ад студыі прыгажосці Belenkova beauty.

Нядзеля: паслухайце зімовыя казкі на стужках ад «Дыяфільм live»

17 снежня, 17:00.

Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Білеты: данат у 30 зл. (патрэбна рэгістрацыя).

У нядзелю праект «Дыяфільм live» прыбывае ў Варшаву з «Зімовымі казкамі на стужках» – для дзетак і іх бацькоў. Ладзіць будуць адразу два паказы, але на першы (у 14:00) ужо няма месцаў!

«Зімовыя казкі на стужках» – гэта свята для ўсёй сям’і ў атмасферы «аналагавага» цуду. Зімовая праграма складаецца з сучасных беларускіх казак і старых добрых зімовых гісторый. Пасля паказу дзеці разам з дарослымі змогуць прыняць удзел у майстар-класе па тэатры ценяў і створаць уласных казачных зімовых персанажаў, прыдумаўшы новую гісторыю ў промні праектара.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пабывайце на літаратурнай імпрэзе «На Каляды з квір-пісьменствам»

15 снежня, 18:00.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g., 20).

Уваход: вольны.

У Віленскім беларускім музеі будуць святкаваць Каляды з беларускім квір-пісьменствам. Аўтары і аўтаркі раскажуць, чаму для іх важна азначэнне «квір» і чым яно ўзбагачае літаратуру. Вас чакаюць цікавыя знаёмствы, нечаканыя адказы, чытанка, прыемная гаворка і гарбата. Можна будзе пагартаць кнігі і набыць іх.

Госці мерапрыемства: паэт Артур Камароўскі, пісьменніца Ганя Горн, аўтар і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі, выдавец Ігар Іваноў.

Пятніца–нядзеля: прыміце ўдзел у чэленджы «КінаКаляды48»

15–17 снежня.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Кошт: 80 еўра (рэгістрацыя тут).

CreateCulture Space запрашае далучыцца да чэленджа «КінаКаляды48». Гэта чэлендж для ўдзельнікаў і ўдзельніц любой падрыхтоўкі, якія хочуць зняць сапраўдны кароткі фільм. І ўсё гэта за 48 гадзін ды ў файнай кампаніі!

Усе знятыя фільмы будуць складзены ў альманах і паказаны ў вільнюскім кінатэатры Pasaka. А каманда, якая здыме лепшы фільм на думку прафесійнага журы, атрымае грашовую ўзнагароду, якая цалкам складаецца з рэгістрацыйных унёскаў каманд-удзельніц. Таму чым больш каманд, тым большы прызавы фонд.

Удзельнічаць у чэленджы можна не толькі ў Вільнюсе, але і анлайн. Рэгістрацыя каманд – да 15 снежня, здымкі фільмаў пройдуць 15–17 снежня.

Субота: паглядзіце фестывальныя фільмы і сустрэньцеся з іх аўтарамі

16 снежня, 17:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Дзявяты фестываль беларускага кіно BULBAMOVIE запрашае на паказ фестывальных фільмаў і сустрэчу з аўтарамі.

У праграме – новае незалежнае беларускае кіно: «Бусел» рэж. Януша Гаўрылюка, «Матузкі» рэж. Паўла Нядзведзя, «Усё нармальна» рэж. Антона Жука, «Замарозка» рэж. Вольгі Загароднікавай, «Начная размова» рэж. Мацвея Мычко, «Партал» рэж. Слупа Ахвяравальнага, «Кроў і караоке» рэж. Юрыя Сямашкі, «Апошняя начная змена» рэж. Максіма Шведа.

У 18:40 запланавана сустрэча з аўтарамі фільмаў, а ў 19:30 – прэм’ера фільма, пра які вы даведаецеся толькі на месцы.

Нядзеля: купіце білет на канцэрт гурта Leibonik

17 снежня, 19:00.

Paviljonas (Pylimo g., 21B).

Білеты: 25 еўра (тут).

У нядзелю ашмянска-мінскі вандроўны гурт Leibonik дасягае з канцэртам Вільнюса! Вязе новы альбом «ТАМ».

У праграме – жвавыя мелодыі, шчыльныя тэксты і мора непасрэднай харызмы, каб трохі пасумаваць, але сысці пасля дамоў з безумоўна добрым настроем.

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться