Куды пайсці ў выхадныя 14–16 ліпеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 14–16 ліпеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
У гэтыя выхадныя святкуем сярэдзіну лета! Выбірайце мерапрыемствы, якія больш падабаюцца, і го весяліцца!

У гэтыя выхадныя святкуем сярэдзіну лета! Выбірайце мерапрыемствы, якія больш падабаюцца, і го весяліцца!

МІНСК

Пятніца: паўдзельнічайце ў начной гонцы пад парусам

14 ліпеня, 21:00.

Мінскае мора.

Удзел: 90 руб. з чалавека (рэгістрацыя).

 

«Сила ветра» кліча на начную гонку ў стылі дыска. Гэта як? Гэта ноччу! У 21:00 выходзяць у мора, падсвятляюць яхты і ладзяць рэгату ў прыцемках і бліскаўках.

Пасля на беразе слухаюць музыку і ядуць хот-догі, узнагароджваюць пераможцаў гонак і ўладальнікаў самых крутых клёшаў. За лепшы дыска-вобраз прыз – бясплатны ўдзел у гонцы.

Пятніца-субота: паспейце на дабрачынную барахолку


Да 15 ліпеня.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Маркет KaliLaska гэтым разам праходзіць на працягу цэлага тыдня. Пачалі ў мінулую нядзелю, а скончаць у гэту суботу – яшчэ паспееце. Абнаўляюць асартымент кожны дзень, таму знайсці штосьці цікавае яшчэ дакладна можна.

Адзенне, абутак, кнігі, аксесуары, вініл, пласцінкі, дамашні тэкстыль і іншае. Забягайце!

Субота: патанцуйце ноч напралёт


15 ліпеня, 23:55.

Прастора М11 (пр-т Машэрава, 11).

Кошт: 20–25 руб.

 

«Мы не будзем абяцаць вам самай гарачай вечарыны лета – мы яе зробім!» – кажуць арганізатары. А вам застаецца толькі акунуцца ў атмасферу адпачынку, цяпла, лета і любімай музыкі з MONTANA.

Субота-нядзеля: пабывайце на фестывалі здаровага ладу жыцця і самаразвіцця

15-16 ліпеня.

Батанічны сад.

Білеты: 15 руб. – поўны, 8 руб. – ільготны (тут).

У батанічным садзе адбудзецца фестываль самаразвіцця і здаровага ладу жыцця MY WAY. Вас чакае шмат цікавых зон з актыўнасцямі: ёга, спорт, лекцыі па медыцыне, ментальным здароўі і медытацыі, Chill Out для адпачынку, маркет, фуд-корт, дзіцячая і сямейная зоны, ароматэрапія і іншае.

Нядзеля: паслухайце джаз і неакласіку

16 ліпеня, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

 

Прастора «Манахром» прадстаўляе вечар джаза і альтэрнатыўнай неакласічнай музыкі. Акрамя вядомых джазавых кампазіцый Мішэля Петручыані, Коры Генры і Аляксандра Цфасмана, у праграме прагучаць лепшыя канцэртныя творы піяніста і кампазітара Філіпа Шпартава – «Танга» («Элегія»), Tangos de Fuego і іншыя.

А таксама вы зможаце пазнаёміцца з жанрам piano flamenco, які цяпер набірае папулярнасць.

Усе выхадныя: паглядзіце выставу «Мінск у галаве»

Да 31 ліпеня.

Кнігарня-кавярня Marks (вул. К. Маркса, 11).

Уваход: вольны.

У кнігарні-кавярні Marks працуе новая файная выстава Лізы Хіхлушкі «Мінск у галаве» – і гэта шчырае прызнанне ў каханні да горада: шчымлівыя малюнкі Мінска, якія з’явіліся ў час, пакуль аўтарка знаходзілася ўдалечыні ад дома.

«Асмолаўка, панэлькі і нават Мінскае мора – месцы, якія назаўжды ў маіх успамінах. Памяць, як вядома, недасканалая, таму гэтыя выявы быццам выняты з маёй галавы!» – кажа мастачка.

Усе выхадныя: пабывайце на арт-тэрапіі Сярожы Савіча


13–27 ліпеня.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Два тыдні ў арт-прасторы «Вершы» будзе праходзіць праект пад назвай «Арт-тэрапія Сярожы Савіча» – амаль што летні фестываль ад мастака і яго каманды.

У праграме запланавана шмат цікавага: сустрэча з самім мастаком, Pets day – занятак па маляванні з гадаванцамі, аўтарскае кіно з маладымі рэжысёрамі, лекцыя Андрэя Пічушкіна пра мемы ў мастацтве, перформанс і іншае.

ЗЭЛЬВА

Субота: зʼездзіце на міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі

15 ліпеня, 11:00.

Пляцоўка ля старога млына (вул. 17 Верасня).

Уваход: вольны.

У Зэльве пройдзе трэці міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Легендарныя эпохі-2023».

У праграме: масавыя бітвы і адзіночныя двубоі; конныя турніры і тактычныя манеўры; рэканструкцыя вызвалення Зэльвеншчыны ў 1944 годзе; паходныя лагеры рэканструктараў, дзе будзе прадстаўлены побыт мінулых часоў; інтэрактыўныя пляцоўкі: лукавыя і арбалетныя ціры, сярэднявечныя гульні ды іншае; горад майстроў-рамеснікаў; фотазоны; вечаровае музычнае шоу.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на спектакль Купалаўцаў

14 ліпеня, 19:00.

Teatr WAM (Zgrupowania AK Kampinos, 15).

Білеты: ад 80 злотых (тут).

Купалаўцы паказваюць у Варшаве «Камедыю Юдзіфі» – новую інтэрпрэтацыю біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў.

Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў. Спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі.

Субота: згуляйце ў Detected

15 ліпеня, 14:00.

Парк Gen. Gustawa Orlicz-Dreszera.

Удзел: 35 злотых з чалавека (рэгістрацыя).

У гэту суботу беларусы ладзяць чарговую гульню Detected. Трэба будзе шмат хадзіць па раёне і разгадваць галаваломкі – таму рыхтуйцеся, што лёгка не будзе.

Каманды – па 2-3 чалавекі. Таму бярыце сяброў і рэгіструйцеся.

Субота і нядзеля: схадзіце на трэнінг па самаабароне і асертыўнасці для жанчын

15 і 16 ліпеня, з 10:00 да 16:00.

Каворкінг FBC (Mokotowska, 24, офіс 64).

Удзел: вольны (рэгістрацыя).

Free Belarus Center запрашае беларускіх актывістак на бясплатны двухдзённы трэнінг па самаабароне і асертыўнасці для жанчын па метадзе WenDo. У бяспечнай прасторы вы даведаецеся пра гендарны гвалт, адстойванне ўласных межаў – асертыўнасць – і спосабы яго развіцця, а таксама адпрацуеце тэхнікі самаабароны і проста абмяркуеце пытанні, якія вас хвалююць.

Трэнінг правядзе Вольга Ланеўская, сертыфікаваная трэнерка па WenDo, прадстаўніца фонду «Аўтаномія».

ПАДЛЯШША

Пятніца-субота: пабывайце на фестывалі Абуджаных TUTAKA 2023

14-15 ліпеня.

Урочышча Барык, Гарадок, Падляскае ваяводства.

Удзел: вольны, але можна заданаціць на падтрымку.

У гэтыя выхадныя ў трэці раз пройдзе Фестываль Абуджаных TUTAKA 2023. У праграме – музыка, майстар-класы, дыскусіі, кінапаказы, спартовыя і тэатральныя мерапрыемствы і проста ўсебеларускі пікнік у разгар лета ў жывапісным лесе побач з возерам.

Можна будзе сустрэцца з Маргарытай Ляўчук, Крысцінай Дробыш, Маляванычам, Андрэем Саўчанкам, Кацяй Сныцінай і іншымі. Зайграюць «Дай Дарогу!», «НОЧЫ», BOTANIC PROJECT, Dzieciuki, Papa Bo Selektah і Dlina Volny.

ПОЗНАНЬ

Пятніца: схадзіце на адкрыццё беларускай школы

14 ліпеня, 17:00.

Zagorze, 15.

Уваход: вольны.

У Познані адчыняе свае дзверы беларуская школа – чакаюць паненак і спадарыкаў школьнага і дашкольнага ўзросту.

У праграме: экскурсія па школе, знаёмства з настаўнікамі, моўныя, мастацкія і музычныя заняткі, гарбата з ласункамі на свежым паветры.

ГДАНЬСК

Пятніца: пабывайце на рэлакс-канцэрце

14 ліпеня, 19:00.

Польская Балтыйская філармонія (вул. Алавянка, 1).

Білеты: ад 65 злотых (тут).

У Гданьску пройдзе незвычайны рэлакс-канцэрт «Музыкатэрапія. Шэдэўры». Вас чакае ўтульная атмасфера са свечкамі і гукамі музыкі, а таксама медытатыўны відэашэраг у суправаджэнні раяля, скрыпкі, флейты, вакала з тыбецкімі пяючымі кубкамі, званочкамі Кошы, гукамі прыроды ды іншымі інструментамі для рэлаксу.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пабывайце на «Ночы правалаў»

14 ліпеня, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g. 5).

Уваход: free donation (рэгістрацыя).

CreateCulture Space запрашае на новую «Ноч правалаў» на тэму бюракратыі: апавяданні пра правалы, смешныя няўдачы і досвед бюракратыі ў розных сітуацыях ды краінах.

Хто з нас не сутыкаўся з бюракратыяй? Яна можа стаць не проста крыніцай галаўнога болю, але і выклікаць сапраўдную фрустрацыю. На гэтым мерапрыемстве кожны і кожная з вас зможа расказаць сваю гісторыю – негатыўную або пазітыўную, звязаную з бюракратыяй, незалежна ад таго, які досвед вы атрымалі.

Няхай гэта будзе нешта пацешнае пра нечаканыя перашкоды ці ўражанні пра сістэму бюракратыі ў розных краінах – усё, чым хочацца падзяліцца.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться