Куды пайсці ў выхадныя 14–16 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Тбілісі і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 14–16 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Тбілісі і іншых гарадах, дзе жывуць ...
Чарговы працоўны тыдзень паступова заканчваецца, таму самы час падумаць, чым заняцца на выхадных. Сабралі крутыя мерапрыемствы ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і некаторых іншых гарадах, дзе цяпер жыве шмат беларусаў.

Чарговы працоўны тыдзень паступова заканчваецца, таму самы час падумаць, чым заняцца на выхадных. Сабралі крутыя мерапрыемствы ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і некаторых іншых гарадах, дзе цяпер жыве шмат беларусаў.

МІНСК

Чацвер–нядзеля: паглядзіце паўторны паказ конкурснай праграмы кароткаметражак-2022

13–16 красавіка.

Кінатэатр mooon у ГЦ Palazzo.

Білеты: 16 руб. (тут).

Кожную восень вось ужо 25 гадоў у свеце і 14 гадоў у Беларусі праходзяць конкурсныя паказы Манхэтэнскага фестывалю кароткаметражак (ЗША). Больш за 100 000 кінааматараў з 400 гарадоў аб’ядноўваюцца ў сусветнае журы гледачоў, каб выбраць лепшы фільм з 10 фіналістаў фестывалю.

А кожную вясну ў Мінску праходзіць паўторны паказ конкурснай праграмы. У гэтым годзе – з 13 па 16 красавіка. Праграму фестывалю глядзіце тут.

Пятніца: схадзіце на імпрэзу ў мінскім планетарыі

14 красавіка, 19:30.

Планетарый (вул. Фрунзэ, 2 – парк Горкага).

Кошт: 40 руб. (тут).

 

У пятніцу гітарны эмбіент-праект Triangle грае ў мінскім планетарыі праграму «Касманаўтыка», прымеркаваную да першага палёту чалавека ў космас. Можна будзе паглядзець міні-фільмы пра Сусвет і зоркі, натхніцца дасягненнямі ў касмічнай галіне, пачуць сябе і музыку, паверыць ва ўласныя сілы і ў бязмежнасць чалавечай думкі.

Трэба адзначыць, што неўзабаве планетарый закрываецца на рамонт, таму гэта ці не апошняя перад закрыццём імпрэза.

Субота: адпраўцеся ў культпаход у НЦСМ

15 красавіка, 16:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Адзіны кошт білета: 13 руб.

У Міжнародны дзень культуры паход пачнецца з open talk з арт-куратаркай і фатографкай Дзінай Даніловіч. Таксама будзе магчымасць сустрэцца з куратарам і аўтарам ідэі выставы «Прывітанне, спадар Ван Гог!» Віктарам Саўчанкам на яго экскурсіі.

Акрамя таго, будзе майстар-клас ад мастака Руслана Сяргеева, дзе вы зможаце стварыць уласны твор і развіць свае творчыя здольнасці і мысленне; інтэрактыўная лекцыя ад заснавальніцы і кіраўніцы плэйбэк-тэатра «Свой дах» Таццяны Зрайкоўскай; лекцыя мастацтвазнаўца і арт-куратаркі Алесі Іназемцавай «Cherchez la... ці як шмат у нас французскага?» і творчая сустрэча з дызайнеркай Дар’яй Румянцавай.

Субота: запішыцеся на artist talk пра сучаснае мастацтва

15 красавіка, 19:00.

DK Gallery (вул. Герцэна, 2).

Запіс: у дырэкт.

У DK Gallery пройдзе artist talk, падчас якога будуць разважаць на тэму сучаснага мастацтва, а мастачка Света Баева раскажа пра свой бэкграўнд, практыку, аўтарскую тэхніку.

Удзельнікі: Святлана Баева (мастачка), Кацярына Давыдава (галерыстка, галерэя «ДК»), Юлій Ільюшэнка (паэт, мастак, куратар), Ілля Падалко (мастак, куратар).

Субота: паглядзіце кіно Новага Галівуду

15 красавіка, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае на прагляд фільма «Паніка ў Нідл-парку» (1971) – на мове арыгінала з рускімі субтытрамі.

Што аб’ядноўвае Фрэнсіса Форда Копалу і Монтэ Хелмана, Артура Пена і Марціна Скарсэзэ, Боба Рэйфелсана і Джэры Шварцберга, Пітэра Багдановіча і Роберта Олтмана? Перш за ўсё тое, што ўсе яны сфарміраваліся ў эпоху Новага Галівуду – асаблівага перыяду ў гісторыі галівудскага кіно, які зарадзіўся ва ўмовах крызісу 60-х, калі самыя распаўсюджаныя на той момант жанры (вестэрн і пеплум) перасталі знаходзіць водгук у аўдыторыі.

Эпоха Новага Галівуду адрознівалася небывалай творчай свабодай у рамках студыйнай сістэмы: аўтараў не абмяжоўвалі ні ў выбары тэм, ні ў тым, як іх падаваць, дзякуючы чаму амерыканскія карціны таго часу практычна сцёрлі грань паміж камерцыйным і інтэлектуальным кіно.

Субота: паслухайце арганную музыку ў касцёле

15 красавіка.

Касцёл святога Роха (пр-т Незалежнасці, 44а – за Палацам мастацтва).

Уваход: вольны, вітаюцца ахвяраванні.

У аўторак у касцёле святога Роха на Залатой Горцы распачаўся фэст духоўнай музыкі «Залатагорская ліра». У рамках мерапрыемства ў суботу пройдзе Вечар духоўнай музыкі італьянскага і нямецкага барока. Граць будзе ансамбль «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (арган).

У праграме – Габрыэлі, Мантэвердзі, Шутц, Марыні, Кастэла, Крыгер, Розэнмюлер.

Нядзеля: адзначце Вялікдзень у Суле

16 красавіка з 14:30.

Парк гісторыі Сула (Стаўбцоўскі раён).

Кошт: дарослыя – 25 руб., дзеці – 15 руб., дзеці да 7 гадоў – бясплатна.

У нядзелю Вялікае княства Сула запрашае на Вялікдзень. Абяцаюць знаёмства з велікоднымі традыцыямі, сустрэчу з сульскімі музыкамі, майстар-клас па фарбаванні яек і аздабленні святочнай здобы, смачную зёлкавую гарбату, частаванне велікоднай булкай і іншае.

Усе выхадныя: завітайце на каву і выставу гарадскіх скетчаў

Да 10 мая.

Кавярня Вuffet (Сурганава, 46).

Уваход: вольны.

У кавярні Вuffet працуе файная выстава гарадскіх скетчаў Паліны Русаковіч Moj Miensk. Можна паглядзець на горад з нязвыклага ракурсу і выпіць кавы ці гарбаты.

ВАРШАВА

Субота: паглядзіце спектакль-паглыбленне «Верасовы мёд»

15 красавіка, 17:00.

TR Warszawa (Marszałkowska, 8).

Билеты: 15 злотых (тут).

У суботу беларускі Team Theatre іграе ў Варшаве свой файны спектакль «Верасовы мёд» у тэхніцы паглыблення па матывах балады Р. Л. Стывенсана. Падчас спектакля гледачам завязваюць вочы, і яны ўспрымаюць тое, што адбываецца, з дапамогай слыху, нюху і дотыку, а невідушчыя гледачы могуць пагрузіцца ў атмасферу нароўні з усімі.

Мова спектакля – беларуская. Узроставы цэнз – 12+.

Субота: пабывайце на творчай сустрэчы з мастачкай Цемрай

15 красавіка, 19:30.

Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны (рэгістрацыя).

Мастачка Цемра, чыя выстава LAZARET цяпер працуе ў Музеі Вольнай Беларусі, кліча на творчую сустрэчу, прысвечаную водарам – найперш пахам выставы. Будуць размаўляць і адчуваць ноты пораху, крыві, ёду, палаючых кветак, разбуранага бетону, дажджу і сандалавага дрэва.

Для гэтай размовы Цемра рыхтуе адмысловы парфум Inexcusable Evil ад румынскага парфумера Toskovat’, які даслаў яго, каб узмацніць пачуцці ад прац. Удзельнікі змогуць задаць пытанні і забраць частку гэтага водару з сабой.

Нядзеля: даведайцеся шмат карыснага пра рамесніцтва ў Польшчы

16 красавіка, 12:00–19:00.

Gabriela Boduena, 4.

Кошт: 20 злотых на месцы.

Калі вы творчы чалавек і не так даўно пераехалі ў Польшчу, у вас ёсць добрая магчымасць даведацца пра ўсе аспекты рамесніцтва адным махам. Клуб рамеснікаў Craft Hand Lab арганізуе семінар рамеснікаў, дзе спікеры раскажуць, дзе купіць матэрыялы, як аформіцца, дзе шукаць кірмашы, як адкрыць краму на Etsy, як плаціць падаткі, дзе шукаць новых кліентаў і іншае.

Каб трапіць на мерапрыемства, пішыце арганізатарам у прыват – яны дашлюць спасылку на рэгістрацыю.

ПОЗНАНЬ

Пятніца: пабывайце на канцэрце-прэзентацыі Светы Бень і Галі Чыкіс

14 красавіка, 20:00.

2Progi club (Niepodległości, 36).

Білеты: 60 злотых (тут).

Калі даўно шукалі нагоду з’ездзіць у Познань, то вось: у пятніцу Света Бень і Галя Чыкіс завітаюць туды з канцэртам-прэзентацыяй свайго першага сумеснага альбома «Прыём!». І клічуць вас сёрфіць ды паглыбляцца ў хвалі эмоцый – ад безнадзейнага адчаю да нястрымнай надзеі.

Аплата білетаў – на уваходзе наяўнымі, але папярэдне трэба замовіць іх анлайн.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: запішыцеся на арт-тэрапію

14 красавіка, 18:30.

Студыя Born To Create (Konstitucijos pr., 23, C, 419).

Удзел: 20 еўра (рэгістрацыя).

У пятніцу вас клічуць на арт-тэрапію з Евай (Маргарытай Бондар), дзе можна будзе разам з іншымі адпускаць негатыўныя перажыванні, піць гарбату і адпачываць. Колькасць месцаў абмежавана. Усе матэрыялы для творчасці і пачастункі ўваходзяць у кошт удзелу.

Нядзеля: паглядзіце кіно і правядзіце яго псіхічны аналіз

16 красавіка, 16:00.

CreateCultureSpace (Karmelitų g., 5).

Удзел: 30 еўра (рэгістрацыя праз дырэкт).

CreateCultureSpace запрашае на праект «СТОП-КАДР», дзе адбудзецца псіхалагічны разбор фільма «Шакалад». Аўтары і вядоўцы: гештальт-тэрапеўтка Юлія і геймдэў-менеджар Аляксандр.

Фільм будуць глядзець з паўзамі, падчас якіх Юлія пазнаёміць з такімі тэмамі, як інтраекты, кантакт і асабістыя межы, кантроль і абнаўленне ведаў пра сябе.

ТБІЛІСІ

Пятніца: завітайце на вечарыну Belarus Outside Sound System

14 красавіка з 22:00.

DUST (Nikoloz Baratashvili St., 2).

Уваход: данаты ад 20 лары наяўнымі на падтрымку беларускіх рэпрэсаваных культурных дзеячаў.

У пятніцу каманда культ.цэнтра «Корпус» ладзіць вечарыну Belarus Outside Sound System. Абяцаюць танцы як у Мінску і ніякай літасці!

Хэдлайнер – Super Besse. Таксама будуць іграць дыджэі Papa Bo Selektah, Kipah, Antiproject.

Фото: Rezka.ag, Unsplash.com.

#Варшава #Минск #Грузия #Беларусь #Вильнюс
поделиться