Куды пайсці ў выхадныя 12–14 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 12–14 студзеня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Святы скончыліся – самы час выбірацца з-за стала ці ўставаць з канапы і вяртацца да культурнага жыцця. Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы выхадных – выбірайце, куда пойдзеце.

Святы скончыліся – самы час выбірацца з-за стала ці ўставаць з канапы і вяртацца да культурнага жыцця. Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы выхадных – выбірайце, куда пойдзеце.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: завітайце на творчы вечар Леаніда Паўлёнка

12 студзеня, 18:30.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: 15 руб. (запіс: +375 17 270 17 02).

У музеі Якуба Коласа адбудзецца творчы вечар Леаніда Паўлёнка – кампазітара, лідара гурта «Нагуаль».

У праграме: песні з рэпертуару «Нагуаль», незвычайны майстар-клас па гульні на ўнікальных інструментах і зімовая паэзія.

Субота: паглядзіце зімовае кіно 1982 года

13 студзеня, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope праводзіць спецыяльную праграму зімовых фільмаў у прасторы «Манахром». У суботу прапануюць паглядзець кіно «Фані і Аляксандр» 1982 года.

Гісторыя сям’і Экдаль, убачаная вачыма двух дзяцей – сястры і брата Фані і Аляксандра. Пакуль сям’я адзіная і неразлучная, дзеці шчаслівыя і без страху могуць аддавацца цудоўным марам. Пасля страты блізкіх людзей у іх расце пачуццё горычы і непрыязнасці да свету. Але там, дзе Фані спрабуе захаваць чыстую душу, Аляксандр замыкаецца ў цёмным і жорсткім унутраным свеце.

Субота і нядзеля: паслухайце музыку ў мінскім планетарыі

13 і 14 студзеня, 19:30.

Планетарый (Фрунзэ, 2/6).

Білеты: 40 руб. (тут).

У рамках адукацыйнага праекта «Музыка і зоркі» ў мінскім планетарыі адбудзецца музычная праграма TRIANGLE. Вы зможаце адправіцца ў неверагоднае гукавое падарожжа, якое суправаджаецца паўнакупальным відэашэрагам і якое дазволіць цалкам расслабіцца і сысці ад паўсядзённых клопатаў.

Створаная рамантычная абстаноўка робіць гэты канцэрт ідэальным месцам для спаткання з каханым чалавекам ці проста для таго, каб сустрэцца з самім сабой у спакойным становішчы.

Субота і нядзеля: схадзіце паслухаць музыку ў касцёле Святога Роха

13 студзеня, 20:00, і 14 студзеня, 15:00.

Касцёл Святога Роха (пр-т Незалежнасці, 44а, за Палацам мастацтва).

Уваход: вольны (вітаюцца ахвяраванні).

У мінскім касцёле Святога Роха праходзіць традыцыйны фестываль духоўнай музыкі «Калядныя вечары на Залатой Горцы». Яшчэ можна завітаць на выхадных.

У суботу, напрыклад, будзе вечар арганнай музыкі. У праграме – Бах і Леменс, граць будзе Ірына Арлоўская.

У нядзелю – музыка Рэнесансу і барока. Выступяць ансамбль старадаўняй музыкі Brevis СШ №13 і вакальна-харавы ансамбль інтэрнацыянальнай музыкі «Прамень» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. У праграме – творы ананімных аўтараў XIII–XVII ст., Гендэля, апрацоўкі традыцыйных беларускіх калядак.

Нядзеля: завітайце на фестываль аматараў хатніх жывёл Zoo Fest

13 студзеня, з 12:00 да 19:00.

Lidbeer Dvor (Кульман, 1/8).

Уваход: вольны.

Вас чакае шмат актыўнасцей для дзяцей і дарослых, майстар-класы, промазоны і розыгрышы, маркет, зоны з гадаванцамі, фуд-корт, фрысбі і іншыя выступленні з гульнямі і трэніроўкамі жывёл, галоўная сцэна з насычанай забаўляльнай праграмай, дабрачынныя зоны, у якіх можна даць прытулак новаму сябру, інтэлектуальныя і забаўляльныя актыўнасці, жывая музыка, а таксама вялікая колькасць забаў, прызоў і іншага.

Усе выхадныя: паспейце на выставу ZOOART

Да 21 студзеня.

Галерэя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15).

 

У галерэі Міхаіла Савіцкага працуе анімалістычная выстава твораў з керамікі, шкла, дрэва, металу, каменю ZOOART.

Анімалістычная тэматыка – кірунак, які не страчвае папулярнасці. Упершыню за доўгі час аматары жанру ўбачаць значную калекцыю анімалістычных твораў, вельмі розных па ўзросце і па светапоглядзе мастакоў.

На выставе вас чакае больш за 100 твораў 44 беларускіх мастакоў, сярод якіх і прафесійныя мастакі, і студэнты.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Да 18 лютага.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 7 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе адразу тры выставы.

«Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях». У фокусе экспазіцыі – фотаздымкі класікаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцвет, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку (з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва).

Беларускія літаратары часта помняцца па сваіх афіцыйна-сумных партрэтах у школьных падручніках. А калі ўбачыць фота маладых Янкі Брыля ў Неапалі або Уладзіміра Дубоўкі і Янкі Купалы на пляжы ў Ялце – ці гэта зменіць уяўленне? Ці зменшыць дыстанцыю паміж чытачом і аўтарам?

Калядная выстава «Сузор’е вандроўніка». Праект нагадвае пра тое, што ў пэўным сэнсе кожны з нас – таямнічы вандроўнік, які крочыць сваім шляхам, не падобным на іншыя, пакідаючы свой адметны след у сузор’і чалавечых лёсаў.

Экспазіцыя знаёміць з працамі аўтараў, сярод якіх – жывапісцы Анатоль Кузняцоў, Віктар Шылко, Сяргей Катран, Віктар Ціханаў, скульптары Павел Герасіменка, Валерый Малахаў.

Персанальная выстава твораў Івана Козела «Іван Козел. Жывапіс». «Стрыманасць палітры і праца з вялікімі колеравымі адносінамі складаюць аснову творчай манеры Івана Козела. Напэўна, дзякуючы гэтай індывідуальнай рысе надзвычай плённым было творчае судакрананне маладога жывапісца з асобай і метадалагічным прынцыпам Міхаіла Савіцкага – “пісаць не побыт, а быццё”, адбіраць і супастаўляць элементы мастацкай формы, ніколі слепа не пераймаць прыроду і не капіраваць натуру. Паводле гэтай жывапіснай прэамбулы, мінімізацыя сродкаў твора не даніна экспрэсіянізму, а метад дасягнення адпаведнасці формы зместу…»

ВАРШАВА

Субота: схадзіце з дзецьмі на лялечны спектаклік «УГУ! Калядныя навіны лесу»

13 студзеня, 12:00.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны (free donation).

 

У Музеі вольнай Беларусі пройдзе лялечны спектаклік для дзетак «УГУ! Калядныя навіны лесу». Узрост гледачоў – 4+.

У лесе адбываюцца незвычайныя падзеі: па начах нехта палохае ўсіх звяроў. Адважная карэспандэнтка Вавёрка бярэцца даследаваць сітуацыю і зрабіць найвыбітнейшы рэпартаж. Вас чакае казка пра тое, як усім важна разумець адзін аднаго і не толькі.

Субота: купіце білет на беларускі фэст VARUŠNIAK ŠČODRYK

13 студзеня, з 15.00 і да ранку.

Praga Centrum (Szwedzka, 2/4).

Білеты: ад 99 зл. (тут).

Час танчыць, вадзіць «казу» ды марыць. Нашы продкі на Шчодрык гатавалі смачную ежу, апраналі самую прыгожую вопратку, спявалі, шчадравалі ў масках ды варажылі на каханне. Людзі верылі: у гэту ноч усе жаданні здзейсняцца. Таму рыхтуйце свае маскі і далучайцеся да свята продкаў.

Абяцаюць танцы і спевы, 2 сцэны, 20 музыкаў, маркет і фуд-корт, забаўкі для дзетак, тэхна-рэйв. А вось хто зайграе: Dorn Ivan is djing, Šuma feat. Spievy & Kasary, Iva Sativa, Sw@da x Niczos, Bayski, Kipah, Papa Bo Selektah, Love Machine і шмат хто яшчэ!

Нядзеля: паглядзіце ўсёй сямʼёй навагодні лялечны спектакль «Казачны домік»

14 студзеня, 11:00, 17:00, 18:30.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Білеты: дзецям – 40 зл., яшчэ брацікам ці сястрычкам – 20 зл., даросламу – 10 зл.

Беларусікаў Варшавы клічуць на навагодні лялечны спектаклік «Казачны домік». Рэкамендаваны ўзрост: ад 3 да 9 гадоў.

Падчас спектакля дзетак чакаюць Зайка-трусішка, касалапы Мішка, смелы Пеўнік, хітрая круцілька Ліса і дурны Воўк. Разам з героямі можна будзе павесяліцца, паспяваць, патанчыць, а таксама дапамагчы героям спраўляцца з цяжкасцямі і нават спячы самага сапраўднага калабка.

Нядзеля: завітайце на адкрыццё выставы мастачкі Наталлі Бяляевай

14 студзеня, 17:00.

Кавярня Kult Kawy (Chmielna, 30).

Уваход: вольны.

У нядзелю ў беларускай кавярні Kult Kawy адбудзецца адкрыццё выставы беларускай мастачкі Наталлі Бяляевай.

На адкрыцці вас чакае нясумная творчая гутарка мастачкі з куратаркай выставы, мастацтвазнаўцай Эльвірай Каралёвай.

Нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па імправізацыі з Аляксеем Варсобам

14 студзеня, 18:00.

Mazowiecki Instytut Kultury (Elektoralna, 12).

Удзел: вольны.

 

У Мазавецкім інстытуце культуры ў Варшаве адбудуцца майстар-класы Лабараторыі руху, дзе можна будзе навучыцца кантактнай імправізацыі і музычнаму джэму. Правядзе імпрэзу перформер і танцор Лукаш Вуйціцкі, а з ім музыкі Себасцьян Свёндэр і Аляксей Варсоба, знакаміты беларускі акардэаніст-імправізатар, заснавальнік гурта Port Mone.

У праграме: 18:00–19:30 – майстар-класы/урок кантактнай імправізацыі (па рэгістрацыі); 19:40–21:30 – джэм з жывой музыкай (уваход вольны).

ВІЛЬНЮС

Субота: паслухайце лекцыю пра ўкраінскія зімовыя традыцыі

13 студзеня, 12:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Колькі: бясплатна (патрэбна рэгістрацыя).

У суботу ў беларускай культурнай прасторы CreateCulture Space пройдзе лекцыя пра ўкраінскія зімовыя традыцыі – напэўна, там будзе шмат агульнага з беларускімі. А калі не, то ў любым выпадку карысна пашырыць далягляд. Таму, калі разумееце ўкраінскую мову, запісвайцеся на імпрэзу.

Нядзеля: запішыце дзяцей ці падлеткаў на майстар-клас «Тэатр + літоўская»

14 студзеня.

Konstitucijos pr., 23.

Кошт: бясплатна

 

Тэатральная школа Eteris (першая тэатральная студыя ў Літве і ў свеце, якая ставіць спектаклі з рускамоўнымі дзецьмі і падлеткамі на літоўскай мове) запрашае на бясплатны майстар-клас «Тэатр + літоўская».

На майстар-класе дзеці змогуць пазнаёміцца з сучасным метадам навучання праз гульню, а таксама ўбачыць, як можна займацца тэатрам і пры гэтым вучыць літоўскую.

З 15:00 да 16:00 пройдзе майстар-клас для дзяцей 9–11 гадоў, а з 16:00 да 17:00 – для падлеткаў 12–15 гадоў.

Колькасць месцаў на майстар-класы абмежавана, таму запісвайцеся па тэл.: +370 69 22 95 13.

 

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться