Чым заняцца ў выхадныя 12–14 красавіка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Чым заняцца ў выхадныя 12–14 красавіка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Яшчэ не ведаеце, куды пайсці на выхадных? CityDog.io сабраў цікавую афішу: кіно, экскурсіі, музычны квіз, лекцыі, дэгустацыя, майстар-клас па пляценні саламяных павукоў і іншае – выбірайце!

Яшчэ не ведаеце, куды пайсці на выхадных? CityDog.io сабраў цікавую афішу: кіно, экскурсіі, музычны квіз, лекцыі, дэгустацыя, майстар-клас па пляценні саламяных павукоў і іншае – выбірайце!

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: паслухайце лекцыю пра Станіслава Рэйтана – літаратара са старажытнага беларускага роду

12 красавіка, 18:30.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13).

Білеты: 5 руб.

Даследчык Зміцер Юркевіч прачытае лекцыю «Станіслаў Рэйтан: забыты пісьменнік з выбітнага роду». Гэтай лекцыяй музей працягвае праект «Па мячы і па кудзелі. Гісторыя сям’і – гісторыя асобы».

Сёння асоба Рэйтана вядомая нават не ўсім літаратуразнаўцам. Але быў час, калі яго імя не сыходзіла са старонак часопісаў і газет. У літаратурнай творчасці Станіслаў Рэйтан надаваў шмат увагі Случчыне. Слуцк і яго ваколіцы сталі пляцоўкай для дзеі твора «Пан Марцін Квеч», які спачатку быў надрукаваны ў газетах, а пасля выйшаў асобнай кнігай.

Апошні вядомы нам твор Станіслава Рэйтана, выдадзены асобнай кнігай, мае назву «Так было ў нас». Гэта сапраўдная энцыклапедыя павятовага свету Случчыны, замкнутай у сваім дробным жыцці.

Пятніца: запішыцеся на смачную сустрэчу з Аленай Мікульчык

12 красавіка, 18:30.

Лекторый «Фрэскі» (вул. Кісялёва, 38, 1-ы паверх).

Кошт: 25 руб. (рэгістрацыя тут).

У лекторыі «Фрэскі» адбудзецца новая смачная сустрэча з Аленай Мікульчык «Гарбата наўздагон і гарбата ўпрыглядку».

План на вечар: гарбата наўздагон і гарбата ўпрыглядку; гісторыя гарбаты; квас, збіцень, пітны мёд, піва; рускае чаяванне; традыцыі англійскага чаявання. Таксама даведаецеся, як пілі гарбату беларусы і колькі яна каштавала ў 19-м стагоддзі, чаму пасля рэвалюцыі 1917 года ў Савецкім Саюзе пілі толькі гарбату.

А яшчэ вас чакае дэгустацыя старадаўняга напою – збітня на травах з апельсінам і мёдам.

Субота: паглядзіце з дзецьмі лялечны спектакль у музеі

13 красавіка, 14:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: 10 руб. (запіс па тэл.: +375 17 270 17 02).

Лялечны тэатрык «Дом з марамі» ладзіць новы паказ аднайменнай батлейкі – гэтым разам у музеі Якуба Коласа. Вас чакае мадэрнізаваная батлейка са святлом, гукам і сучасным стылем лялек.

Чароўны куфар, які прыйшоў да нас з XVI стагоддзя, пакажа беларускія казкі: народныя, класічныя і зусім новыя. Наведвальнікі ўбачаць пяць казак, а паміж гісторыямі даведаюцца пра заснаванне батлеечнага тэатра.

Субота: навучыцеся плесці саламяных павукоў

13 красавіка, 16:30.

Мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4 – будынак Пушкінскай бібліятэкі).

Кошт: 30 руб. (запіс па тэл.: +375 17 377 40 91 або праз дырэкт).

У галерэі «Цэнтр» ладзяць майстар-клас па пляценні саламяных павукоў. Гэты традыцыйны абярэг ад злых духаў прымацоўваўся ў вясковых хатах да столі над сталом, каля чырвонага кута.

Кожны ўдзельнік атрымае карысныя практычныя веды і зробіць асабістага саламянага павука, які таксама будзе валодаць ахоўнымі функцыямі.

Занятак правядзе Таццяна Сцяпурка – выкладчыца мастацкага каледжа імя Глебава.

Субота: паглядзіце цікавае і прыгожае роўд-муві-кіно

13 красавіка, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope працягвае рэтраспектыву роўд-муві-кіно. Гэтым разам запрашаюць глядзець амерыканскі фільм «Властелин разметки» – на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Па сюжэце, Элвін і Лэнс праводзяць лета 1988 года ў пустэльным, выпаленым пажарамі лесе, займаючыся манатоннай працай – перафарбоўваннем знакаў на бясконцай прасёлкавай дарозе. Лэнсу нялёгка ў гэтай глушы пражыць без вечарынак і дзяўчат, у адрозненне ад больш сур’ёзнага Элвіна, які піша гарачыя лісты сваёй дзяўчыне, старэйшай сястры Лэнса. На працягу гэтага доўгага лета яны сустракаюць толькі аднаго чалавека – таямнічага кіроўцу грузавіка, які шчодра частуе іх хатняй выпіўкай, а затым знікае гэтак жа раптоўна, як і з’явіўся.

Нядзеля: паслухайце лацінаамерыканскі джаз ад Духавога квінтэта і Мішы Пенды

14 красавіка, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх).

Білеты: 20 руб. (тут)

У прасторы «Манахром» пройдзе канцэрт лацінаамерыканскага джаза ад Духавога квінтэта і Мішы Пенды. У арыгінальных аранжыроўках прагучаць кампазіцыі Хуана Тызола, Артура Маркеса, Мігеля дэль Агіла, Чыка Корыя і іншых аўтараў.

У аснове праграмы – разнастайнасць запальных рытмаў музычнай культуры Карыбскага басейна: боса-нова, танга, лаціна.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Аўтаспынам па мемасах»

Да 30 чэрвеня.

Галерэя FARBA (пл. Свабоды, 8).

Білеты: 14 руб. – дарослым, 12 руб. – студэнтам-вочнікам, 10 руб. – льготны квіток для пенсіянераў і іншых уразлівых груп

Ад 9 красавіка ў галерэі FARBA працуе нечаканая выстава «Аўтаспынам па мемасах». Праект ставіць перад сабой задачу асвятліць важнасць і ўплыў інтэрнэт-мемаў на сучасную культуру.

Вас чакае калекцыя з больш чым 100 твораў, выкананых у розных тэхніках, у тым ліку з прымяненнем сучасных мультымедыйных тэхналогій.

Выстава дае магчымасць паглыбіцца ў свет мемаў, пазнаёміцца з іх класіфікацыяй і паспрабаваць разабрацца ў сапраўдных прычынах іх стварэння, вокамгненнага распаўсюджвання і ўздзеяння на грамадства.

ВАРШАВА

Субота: далучыцеся да экскурсіі па раёне Жалібаж

13 красавіка, 12:30.

Месца паведамяць удзельнікам.

Удзел: данаты.

Беларусаў Варшавы запрашаюць на экскурсію па раёне Żoliborz urzędniczy – раёне цікавай архітэктуры эпохі мадэрнізму 1920–1930-х, які месцамі нагадвае правінцыйны горад ці мястэчка. Гэта цудоўная магчымасць убачыць яшчэ адно аблічча польскай сталіцы.

Запіс у дырэкт. Па тэхнічных прычынах колькасць удзельнікаў экскурсіі абмежавана.

Субота: пабывайце на першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі

13 красавіка, 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a).

Білеты: 50 зл. (тут).

У Scena Chmielna адбудзецца першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі. Барацьба за званне найлепшых, яркія музычныя выступы і, безумоўна, сюрпрызы – усё, чаго вам не хапала.

Адмысловыя акустычныя госці імпрэзы – Юры Стыльскі, Алесь-Францішак Мышкевіч і гурт Atesta. Afterparty – Сяргей Пукст!

Нядзеля: схадзіце на экскурсію з культурным аглядальнікам па раёне Саска Кемпа

14 красавіка, 13:00.

Месца паведамяць удзельнікам.

Кошт: 95 зл.

Праект So People кліча на экскурсію з культурным аглядальнікам – прагуляцца па раёне Саска Кемпа і паслухаць пра яго знакамітасцей.

Вы зможаце даведацца пра адну з самых вядомых паэтэс у Польшчы – Агнешку Асецкую, музу Булата Акуджавы, але і не толькі.

Нядзеля: збярыцеся з сябрамі на музычны квіз

14 красавіка, 18:00.

The Taps (Henryka Sienkiewicza, 4).

Кошт: 35 зл. з чалавека (рэгістрацыя тут).

«Мазгабойня» запрашае гуляць у музычны квіз. Будуць зарубежныя песні, кліпы і, вядома ж, танцы. Збірайце сяброў, рэгіструйце каманду – і весяліцеся як у апошні раз!

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на адкрыццё выставы Віктара Сяргея a.k.a. clonviktor A Little Strange

12 красавіка, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: free donation (патрэбна рэгістрацыя).

У пятніцу, 12 красавіка, у CreateCulture Space адкрываецца выстава Віктара Сяргея a.k.a. clonviktor A Little Strange.

У поўнай свабодзе і без асаблівых уводных вы паглыбіцеся ў псіхалагічныя партрэты пэндзля мастака, пройдзеце скрозь слаі колеру ў спробе зразумець, каго і што мы бачым насупраць.

Віктар Сяргей – мастак, які скончыў БНТУ ў 2014 годзе і з таго часу працуе архітэктарам і дызайнерам інтэр’ераў. Адзін з заснавальнікаў студыі DUDES architects. clonviktor – творчы псеўданім, аблічча, якое дазваляе яму сумяшчаць заняткі мастацтвам з працай у студыі.

Субота: пабывайце на прэзентацыі «Дзіцячага сьпеўніка»

13 красавіка, 18:00.

Цэнтр беларускай культуры і супольнасці (Vilniaus g., 20).

Уваход: вольны (вітаюцца данаты).

У Вільнюсе прэзентуюць «Дзіцячы сьпеўнік». Менавіта там першы спеўнік для дзяцей быў упершыню падрыхтаваны і выдадзены за кошт аўтара ў 1925 годзе. Сёння – праз амаль сто гадоў пасля першага выдання – зборнік атрымаў другое жыццё. Укладальнік – вядомы збіральнік фальклору, педагог Антон Грыневіч.

У праграме: музычная інтэрактыўная праграма ад Сержука Доўгушава, дзіцячы «Спеўны сход», гульні, песні, танцы, выступ вакальнага гурта Valoški, прэзентацыя выдання і аўтограф-сесія.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться