Куды пайсці ў выхадныя 10–12 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 10–12 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Сабралі 20 крутых мерапрыемстваў, якія арганізуюць беларусы ў розных гарадах і краінах. Выбірайце, што больш падабаецца.

Сабралі 20 крутых мерапрыемстваў, якія арганізуюць беларусы ў розных гарадах і краінах. Выбірайце, што больш падабаецца.

МІНСК

Пятніца: схадзіце на творчую сустрэчу з фатографам Вадзімам Качаном

10 сакавіка, 18:30.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Уваход: па білеце на выставу – 7 руб. поўны, 3 руб. ільготны (рэгістрацыя).

 

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў ладзяць artist-talk з фатографам Вадзімам Качаном у межах выставы «Джаз! Каты! Вясна!».

Спадар Вадзім – адзін з тых, чыімі вачыма мы глядзім цяпер на Мінск васьмідзясятых і дзевяностых (ды і на сучасны таксама), таму цікава будзе паслухаць.

Пятніца: паглядзіце кіно ў музеі

10 сакавіка, 19:00

Музей Азгура (вул. Азгура, 8)

Білеты: 10 руб. (тут)

Кінаклуб #CinemascopeАнталогія запрашае на прагляд фільмаў у музеі Азгура. У пятніцу будуць паказваць «Жанчыну ў пясках» Хірасі Тэсігахара (1964).

Па сюжэце энтамолаг-аматар Нікі Дзюмпэй спазняецца на апошні аўтобус, і мясцовыя жыхары запрашаюць яго пераночыць у іх вёсцы ў хаце ў маладой жанчыны. Дом знаходзіцца на самым дне ямы ў пяску, куды Дзюмпэя спускаюць па вяровачнай лесвіцы. На наступную раніцу энтамолаг выяўляе, што лесвіца знікла, а ён аказаўся палонным у гэтай яме і цяпер павінен дапамагаць жанчыне выграбаць пясок, які пастаянна наносіцца пясчанымі бурамі.

Пятніца: даведайцеся, як у моду ўвайшоў секс

10 сакавіка, 19:00.

Буцік кіно Falcon Club (пр-т Пераможцаў, 20).

Кошт: 100 руб. (тут).

Гісторык моды Вольга Харашылава раскажа, як у моду ўвайшоў секс, чаму дзяўчаты пераапраналіся ў хлопчыкаў, а мужчыны насілі жаночыя сукенкі. Чаму Шанэль не вынаходзіла маленькую чорную сукенку і за што яна ненавідзела Жана Пату. Як адбіткі пальцаў дапамагалі Мадлен Віёне, а Рэнесанс дапамог Жане Ланвен. Чаму Гітлер насіў маленькія вусікі і як з’явіўся нацы-шык.

З пятніцы ўвесь тыдзень: паспрабуйце сэт на Gastrofest St. Patrick’s Day

 

З 10 па 19 сакавіка.

Розныя кафэ Мінска.

Сэт: 25 руб.

З 10 па 19 сакавіка ў Мінску пройдзе фестываль Gastrofest St. Patrick’s Day by Jameson, да якога ўдзельнікі рыхтуюць меню ў стылі ірландскага свята. Кошт фестывальных сэтаў гэтым разам – 25 руб. Усе сэты і ўдзельнікаў можна паглядзець у Instagram.

Субота: паглядзіце фільм на англійскай мове з субтытрамі

11 сакавіка, 19:30.

Прастора «Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope паказвае рэтраспектыву фільмаў на Кастрычніцкай. У суботу, напрыклад, можна будзе паглядзець «Ваенна-палявы шпіталь» Роберта Олтмана (1970).

Рэжысёр сфарміраваўся ў эпоху Новага Галівуда – асаблівага перыяду ў гісторыі амерыканскага кіно, які зарадзіўся ва ўмовах крызісу 60-х, калі самыя распаўсюджаныя на той момант жанры (вестэрн і пеплум) перасталі знаходзіць водгук у аўдыторыі.

Эпоха Новага Галівуда адрознівалася небывалай творчай свабодай у рамках студыйнай сістэмы: аўтараў не абмяжоўвалі ні ў выбары тэм, ні ў тым, як іх падаваць, дзякуючы чаму амерыканскія карціны таго часу практычна сцёрлі грань паміж камерцыйным і інтэлектуальным кіно.

Нядзеля: памяняйцеся жывымі раслінамі ці навучыцеся плесці вясновыя вянкі

 

12 сакавіка з 11:00 да 13:00.

«Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: 10 руб., з майстар-класам – 20 руб.

У нядзелю ў «Вершах» можна будзе падзяліцца сваімі жывымі раслінамі, забраць іншыя. А яшчэ будзе майстар-клас па пляценні вясновых вянкоў.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Казкі з маляванак»

Па 31 мая.

Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13).

У музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася файная выстава «Казкі з маляванак» сумесна з Віцебскім абласным цэнтрам народнай творчасці. На экспазіцыі можна пабачыць маляваныя дываны мастачак Віцебшчыны, а таксама кнігі беларускіх казак з фондаў музея.

Лейтматыў экспазіцыі – беларускі нацыянальны фальклорны тэкст (казкі) у спалучэнні з наіўным выяўленчым мастацтвам – маляванымі дыванамі. Куратарка выставы – Ірына Князева.

ВІЦЕБСК

Субота: схадзіце на літаратурна-музычны вечар з моладзевым тэатрам Ad libitum

11 сакавіка, 19:00.

Арт-прастора Upgrade (вул. Кастрычніцкая, 2).

Білеты: 12 руб., з рэпостам афішы – 10 руб.

У прасторы Upgrade адбудзецца літаратурна-музычны вечар «Трэці званок» ад моладзевага тэатра Ad libitum. Вас чакаюць мастацкае чытанне ад удзельнікаў Ad libitum, запрошаныя госці з аўтарскімі песнямі і не толькі, інтэрактыўныя акцёрскія трэнінгі, экспромт, музіцыраванне, адкрыты мікрафон.

Дададзім толькі, што Аd libitum – новая тэатральная адукацыя, дзе сабраліся маладыя, закаханыя ў тэатр людзі, якія хочуць прыбраць рамкі паміж гледачом і акцёрам. Павінна быць цікава!

БРЭСТ

Нядзеля: паўдзельнічайце ў квэсце ў краязнаўчым музеі

12 сакавіка з 10:30 да 15:30.

Абласны краязнаўчы музей (вул. К. Маркса, 60).

Удзел: 15 руб. (рэгістрацыя).

4roomclub ладзіць незвычайны квэст у краязнаўчым музеі. Квэст пройдзе ў абноўленай экспазіцыі «Прырода» і будзе інтэрактыўны: у некаторых заданнях выкарыстаны экспанаты і тэхнічныя сродкі, якія можна і трэба кранаць падчас гульні.

На квэсце будзе размежаваны старт каманд. Гуляць можна камандамі ад двух да чатырох чалавек. Квэст не патрабуе спецыяльных ведаў ці навыкаў. Галоўнае – не забудзьце зараджаны тэлефон з выхадам у інтэрнэт.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе маладых мастакоў

Па 19 сакавіка.

Выставачная зала (вул. Савецкая, 54).

Да канца наступнага тыдня ў Брэсце яшчэ працуе штогадовая традыцыйная выстава маладых мастакоў «Усе разам». І як штогод, тут цікава, драйвова ды арыгінальна.

ГРОДНА

Нядзеля: даведайцеся пра жаночы след у гісторыі Гродна

12 сакавіка, 12:00.

Каля бібліятэкі (вул. Карбышава, 17).

Запіс і кошт па тэл.: 71 89 54; +375 29 582 73 93 або праз дырэкт.

У нядзелю бібліятэка імя Карскага ладзіць шпацыр «Жаночы след у гісторыі Гродна», прымеркаваны да Міжнароднага жаночага дня.

Шпацыруючы па вуліцах Гродна, вы даведаецеся пра жанчын, якія пакінулі значны след у гісторыі горада: Бона Сфорца, Саламея Дэшнер, Соф’я Кёніг, Эліза Ажэшка, Зоф’я Налкоўская і многія іншыя. І вядома, убачыце славутасці, звязаныя з гераінямі.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце лекцыю, як успрымаць сучасны тэатр

10 сакавіка, 18:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6).

Уваход: вольны.

На лекцыі вы даведаецеся, якія ёсць тэатры ў Варшаве, якія спектаклі сапраўды варта паглядзець, як падрыхтавацца да паходу ў тэатр, каб не шкадаваць пра згублены час і грошы.

Субота: купіце білет на канцэрт гурта «Дай дарогу!»

11 сакавіка, 20:00.

Odessа Club (ul. Kolejowa, 8/10).

Кошт: 90 злотых (тут).

У суботу гурт «Дай дарогу!» і асабіста Юрый Стыльскі граюць доўгачаканы электрычны канцэрт у Варшаве. Абяцаюць толькі правераныя часам баевікі і новы сінгл. Адмысловы госць – Direktor DJs.

Нядзеля: паглядзіце чытакль – спалучэнне спектакля і сцэнічнага чытання

12 сакавіка, 17:00 і 19:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Білеты: 35 злотых (тут).

Стваральнікі назвалі свой спектакль «чытаклем» – спалучэннем спектакля і сцэнічнага чытання. Насамрэч гэта паўнавартасны спектакль, заснаваны на асабістых успамінах і сведчаннях людзей, мірных жыхароў, якія змагаліся за сваё жыццё ва ўмовах вайны ва Украіне. Тут і гісторыі бежанцаў з Кіева і Вінніцы, і вопыт эміграцыі ў Румыніі і Германіі, і ўзгадванне трагедыі Бучы і Марыупаля.

ГДАНЬСК

Пятніца: пабывайце на другой сустрэчы беларускамоўнага нетворкінгу

10 сакавіка, 18:00.

Беларускае культурнае таварыства «Хатка» (Księdza Leona Miszewskiego, 17/307).

Удзел: вольны (рэгістрацыя праз апытанку).

«Беларускі моўны клуб» запрашае на другую сустрэчу беларускамоўнага нетворкінгу. Гэта добрая магчымасць папрактыкаваць беларускую мову, знайсці новых сяброў ды сустрэць аднадумцаў.

Падчас нетворкінгу ўдзельнікі расказваюць пра сябе, а потым абмяркоўваюць простыя пытаннні і такім чынам знаёмяцца паміж сабой, добра бавяць час за размовамі па-беларуску. А яшчэ кожны ўдзельнік будзе мець магчымасць расказаць пра ўласны праект ці зрабіць абвестку.

ПОЗНАНЬ

Пятніца: даведайцеся, як рабіць кантэнт пра Беларусь

10 сакавіка, 18:00.

Прастора MY (Fredry, 5/3).

Уваход: вольны.

Фундацыя «Кут» ладзіць у Познані сустрэчу з медыя «Цячэ» пра гісторыю і культуру Беларусі. Сузаснавальніца праекта Алена Каховіч раскажа пра забароненыя тэмы, пошукі малавядомых ракурсаў беларускай гісторыі, значнасць візуалу, новыя фарматы і гумар.

«Цячэ» расказвае пра гістарычнае мінулае Беларусі, якое нечакана адлюстроўвае тое, што ў нас адбываецца і цяпер.

КРАКАЎ

Нядзеля: пагукайце вясну за горадам

12 сакавіка, з 12:00 да 20:00.

Chata Kryspinów Cholerzyn (15 км ад Кракава).

Удзел: 30 зл. на арэнду (рэгістрацыя).

У нядзелю беларусы Кракава будуць гукаць вясну – у хатцы на беразе возера Крыспінуў у 15 кіламетрах ад горада. Гукаць будуць талакой: няма выканаўцаў і гледачоў – удзельнічаюць усе!

У праграме: распальванне вогнішчаў, веганскі плоў (гатуюць усе!), глінтвейн і зёлкавая гарбатка; варштат па вырабе папяровых птушак; абрад гукання вясны, спевы; беларускія народныя танцы; музычны джэм/open stage ля вогнішча.

ВРОЦЛАЎ

Пятніца: пабывайце на творчым вечары Дзяніса Дудзінскага

10 сакавіка, 19:00.

Klub Oksymoron (ul. Ofiar Oświęcimskich, 19).

Білеты: 50 зл. – загадзя, 60 зл. – на ўваходзе.

У пятніцу ва Вроцлаве пройдзе творчы вечар Дзяніса Дудзінскага. Будзе прэзентацыя кнігі і літаратурны стэндап з элементамі эпісталярнага хуліганства.

Білеты можна загаддзя набыць па нумарах +48 532 879 008 і + 48 451 650 346 альбо звярнуўшыся да ksu_2023_sha ці @ValiaRudyka ў Telegram. На ўваходзе будзе ўжо даражэй.

ВІЛЬНЮС

Субота: завітайце на паэтычны вечар «Цела і кроў»

11 сакавіка, 18:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: вольны.

У суботу завітвайце ў CreateCulture Space на паэтычны вечар «Цела і кроў». Добрая нагода сесці разам і прачытаць свае ці чужыя ўлюбёныя тэксты, атрымаць фідбэк ці проста пабыць побач ва ўразлівасці і чуллівасці.

Тэма вечара – цела і кроў. Цела метафарычнае і літаральнае, кроў сэрца ці думак. Прапануюць даследаваць, як гэта – жыць чалавекам і несці сябе з сабой. Таксама будзе час для адкрытага мікрафона і гарбаты.

Нядзеля: запішыцеся на сустрэчу з касметолагам

12 сакавіка, 13:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: 30 еўра (рэгістрацыя).

Як зрабіць сваю скуру ззяючай здароўем пасля зімы? Якія сродкі дадаць у догляд, а якія адкласці? Ці ёсць асаблівыя працэдуры для абнаўлення скуры ў гэты час года?

Гэтыя і іншыя пытанні будуць узняты на нефармальнай сустрэчы «Практычная касметалогія». Будзе шмат жывых зносін у фармаце пытанняў і адказаў. Абяцаюць разабраць усе памылкі дамашняга догляду і знайсці самыя эфектыўныя рашэнні.

#Варшава #Минск #Польша #Беларусь #Вильнюс
поделиться