Маркет, кіно, лекцыі, канцэрты: куды пайсці ў выхадныя 8–10 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Берліне

Маркет, кіно, лекцыі, канцэрты: куды пайсці ў выхадныя 8–10 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і Берліне
На выхадных беларусы зноў арганізоўваюць шмат цікавых мерапрыемстваў у розных краінах. Расказваем, куды можна схадзіць.

На выхадных беларусы зноў арганізоўваюць шмат цікавых мерапрыемстваў у розных краінах. Расказваем, куды можна схадзіць.

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца: навучыцеся распісваць адзенне і шоперы

8 снежня, з 16:00 да 20:00.

Адукацыйны цэнтр «Яотянь» (вул. Герцэна, 6).

Кошт: 60 руб. (патрэбна рэгістрацыя).

Адукацыйны цэнтр «Яотянь» запрашае на майстар-клас, які будзе доўжыцца цэлых 4 гадзіны. За гэты час вы навучыцеся і самастойна паспрабуеце распісаць байкі, худзі і шоперы, а потым забераце гэтыя рэчы з сабой.

Пятніца: навучыцеся плесці карункі на клёцках

8 снежня, 18:00.

Майстэрня «Ярна» (адрас паведамяць запісаным).

Кошт: 50 руб. (запіс праз дырэкт).

Майстэрня «Ярна» ладзіць майстар-клас па пляценні карунак на клёцках. За тры гадзіны вы пазнаёміцеся з прыладамі і асноўнымі элементамі пляцення карунак, зробіце ўпрыгажэнне на ялінку, атрымаеце асалоду ад гуку клёцак і створыце новыя нейронныя сувязі.

Матэрыялы, інструменты і смачнюшкі дадуць на месцы. Колькасць месцаў абмежавана, таму паспяшайцеся.

Пятніца: паглядзіце кіно 1966 года ў музеі

8 снежня, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае паглядзець японскае кіно 1966 года «Чужы твар». Фільм будзе дэманстравацца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў (яны выдаюцца на ўваходзе пры прад’яўленні білета, пасля заканчэння сеанса падлягаюць вяртанню).

Сюжэт: жадаючы схаваць сляды апёкаў, атрыманых падчас няўдалага досведу, навуковец-хімік Акуяма вырашае схаваць твар пад маскай, якая дасканала імітуе фактуру чалавечай скуры. Яго індывідуальнасць, відаць, пачынае змяняцца пасля таго, як ён надзявае маску. Выбраўшы чужую маску замест сваёй знявечанай асобы, ён становіцца іншым чалавекам: вольным ад мінулага жыцця, ад уласнай жонкі і сяброў – нарэшце, ад самога сябе…

З пятніцы: прагуляйцеся сярод велічных пальмаў у старажытным будынку 1959 года

З 8 па 17 снежня.

Батанічны сад.

Уваход: поўны – 12 руб., льготны – 6 руб.

Батанічны сад адчыняе дзверы ў закрыты калекцыйны фонд. Толькі з 8 па 17 снежня вы зможаце здзейсніць падарожжа ў краіну Пальмарыю і пагуляць сярод велічных пальмаў, размешчаных у старадаўнім будынку 1959 года.

Краіну Пальмарыю насяляюць каля 20 жыхароў, і кожны захоўвае ў сабе гісторыю і каштоўнасць. Тут жывуць ротангавая і карлікавая фінікавая пальмы, цукровая і вінная, каліфарнійская веерная і іншыя. У Пальмарыі знайшлі сабе дом і стрэліцыя Мікалая, і чырвонае афрыканскае дрэва.

З суботы: знайдзіце сабе прыгожае ўбранне на святы

З 9 па 24 снежня.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

 

KaliLaska-маркет ператвараецца ў пасольства навагодняга настрою – працаваць будуць амаль кожны дзень (акрамя панядзелкаў) з 9 па 24 снежня.

Знойдзеце там уборы для вечарынак і карпаратываў, дэкор для дома і працоўнага месца, упрыгажэнні і рэчы, без якіх ніяк не абысціся ў гэтым снежным надвор’і.

Нядзеля: схадзіце на інтэрактыўны квэст у цемры

10 снежня, 19:00.

«Невидимый мир» (вул. Валгаградская, 35).

Кошт: 30 руб.

 

Ёсць меркаванне, што, калі чалавек нешта робіць добра, ён зробіць гэта і з заплюшчанымі вачыма. Цэнтр «Невидимый мир» запрашае наведаць інтэрактыўны квэст у абсалютнай цемры і ўпэўніцца ў гэтым.

На квэсце «Свет навобмацак» вы зможаце выправіцца ў чароўнае падарожжа ў свет пахаў; паслухаць гукавы шэраг і паспрабаваць ідэнтыфікаваць гукі; патрэніраваць лагічнае і прасторавае мысленне, а ў выніку з камандай абавязкова дасягнуць пастаўленай мэты – разгадаць галаваломку.

Нядзеля: пабывайце на вечары вакальнай музыкі

10 снежня, 19:00.

«Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

Напэўна, яшчэ з часоў коласаўскага «На ростанях» вобраз скрыжавання-ўкрыжавання стаў знакавым для беларускай свядомасці. Праграма «Ростані» ад салістаў беларускай оперы Таццяны Гаўрылавай, Юрыя Гарадзецкага і канцэртмайстра Паліны Задрэйкі – гэта квінтэсенцыя сэнсаў, алегорый і метафар, звязаных з Беларуссю і прасякнутых ёю.

Музыка і тэксты чатырох стагоддзяў складаюцца ў арнамент, у якім кожны сімвал мае своеасаблівае значэнне і адгукаецца ў душы. З трапяткім сэрцам, з жалем і любоўю, як рассыпаныя каштоўныя пацеркі, аўтары праграмы збіраюць у адно перлінкі нашай спадчыны. І вось ён – вянок-вянец, сплецены з роднага, сакральнага і адначасова агульначалавечага.

Усе выхадныя: знайдзіце атмасферу Раства на імерсіўнай выставе

Да 15 студзеня.

Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).

Кошт: 30–35 руб.

 

У Палацы мастацтва працуе ўнікальная імерсіўная прастора «Дом Раства». Гэта цэлы «горад» з каляднымі вуліцамі і хаткамі, кветкавымі крамамі, горкамі, тактыльнымі і люстранымі пакоямі, кніжнымі калідорамі.

Вас чакаюць сапраўдны Дзед Мароз, уражальны антураж з гірляндамі, ёлкамі, цацкамі і асаблівымі атрыбутамі, сувенірная крама, калядная пошта для адпраўкі паштоўкі рэальнаму адрасату, казачныя героі і персанажы, інтэрактыўныя зоны для дзяцей і дарослых, а таксама фуд-дворык з апетытнай ежай, гарачымі напоямі і цёплай атмасферай.

ВАРШАВА

Пятніца: завітайце на беларускі кватэрнік

8 снежня, 18:30.

«Беларускі моладзевы хаб» (ul. Dożynkowa, 6a).

Уваход: вольны.

 

«Беларускі моладзевы хаб» запрашае на самае ўтульнае і цёплае мерапрыемства гэтай зімы – «Кватэрнік» у Варшаве.

Любы ахвочы можа выступіць і падарыць гледачам сваю гісторыю: расказаць анекдот, праспяваць песню, сыграць на музычнай прыладзе, станцаваць – ці што яшчэ ўмее. Проста паслухаць і паглядзець таксама можна – далучайцеся.

Яшчэ абяцаюць смачныя пачастункі і ўтульныя кавапаўзы. А калі ў вас ёсць свае пачастункі, то бярыце і іх з сабой.

Расклад выступоўцаў будзе складацца на мерапрыемстве. Па ўсіх пытаннях звяртайцеся сюды.

Пятніца: паслухайце выступ Вольнага аркестра

8 снежня, 19:00.

Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Уваход: вольны.

У Музеi Вольнай Беларусі адбудзецца канцэрт варшаўскага Вольнага аркестра «Музычная лабараторыя» (гэта беларускі аркестр у эміграцыі, куды ўваходзяць прафесійныя музыкі, якія вымушана з’ехалі ад аўтарытарнага рэжыму).

«Музычная лабараторыя» – гэта не проста канцэрт, гэта дэманстрацыя вынікаў творчага пошуку таленавітых беларусаў і стварэння імі новых музычных твораў. Гэта сустрэча, дзе беларускія кампазітары і музыканты падзеляцца з вамі сваімі ідэямі і натхненнем.

Субота: схадзіце на канцэрт гурта «J:МОРС»

9 снежня, 19:00.

Odessa Club (ul. Kolejowa, 8/10).

Білеты: 90 зл. (тут).

У рамках свайго тура гурт «J:MОРС» нарэшце прыбывае з канцэртам у Варшаву. Запрашаюць прыходзіць, каб сустрэцца, абняцца і заспяваць разам старыя добрыя песні.

Білеты лепш набываць загадзя, каб дакладна трапіць на мерапрыемства.

Нядзеля: паслухайце лекцыю пра кіно true crime

10 снежня, 17:00.

«Дом буслоў» (ul. Adama Mickiewicza, 18B).

Кошт: 100 зл. (праз асабістыя паведамленні).

Беларусаў Варшавы запрашаюць паслухаць, якія фільмы былі заснаваны на рэальных злачынствах і якім рэжысёрам удалося паказаць трагедыю максімальна цікава, але паважліва (ці не).

Разам з Дашай Брыян будуць гаварыць пра самыя якасныя і высока ацэненыя фільмы (і серыялы), абмяркоўваць, чаму акцёры, выбраныя на ролю серыйных забойцаў, ператвараюцца ў ідалаў для гледачоў і як здымаць кіно, заснаванае на рэальных падзеях, і не абразіць сем’і ахвяр.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: схадзіце на вечарыну «Настолкі & гітара party»

8 снежня, 19:00.

Прастора «Місія» (Teatro g., 3).

Удзел: 5 еўра (патрэбна рэгістрацыя).

АБФ запрашае на вечарынку «Настолкі & гітара party». Будуць традыцыйна гуляць у бомбачку, alias, джэнгу, 500 зласлівых карт, кракадзіла і спяваць песні пад гітару.

Можна прыносіць свае гульні, музычныя інструменты і прысмакі, а таксама запрашаць сяброў і сябровак. Гарбата, кава і пячэнне ўключаны ў кошт.

Нядзеля: навучыцеся ствараць святочныя калядныя вянкі

10 снежня, з 12:00 да 15:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Кошт: 35 еўра (патрэбна рэгістрацыя).

Фларыстка, выпускніца Mіжнароднай школы еўрапейскай фларыстыкі Roza Azora Таццяна Кузняцова запрашае вас на майстар-клас, на якім вы створыце свой унікальны вянок з сезонных натуральных матэрыялаў ды святочнага дэкору.

Творчы працэс будзе суправаджацца каляднай музыкай, пахамі піхты «нобіліс» ды гарбатай са смачным дамашнім пірагом.

Нядзеля: купіце падарункі на святы на калядным кірмашы

10 снежня, з 12:00 да 18:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: вольны.

Можна будзе набыць упрыгажэнні з дрэва і палімернай гліны; нататнікі, торбы, пеналы са скуры, натхнёныя прыродай, балтыйскімі сімваламі і духам вікінгаў; тэкстыльныя інтэр’ерных лялек; мерч з малюнкамі і вершамі беларускіх палітвязняў; вязаных лясных жыхароў; карціны і паштоўкі акварэллю, акрылам, маслам; свечы з натуральнай вашчыны і гіпсу; упрыгажэнні з бісеру, камянёў і жэмчугу; керамічныя вырабы; замалёўкі з натуры; шыкоўныя сукенкі і чокеры, стыльныя насценныя пано, прыгожыя ўпрыгажэнні для дома ў тэхніцы макрамэ і шмат іншага.

БЕРЛІН

Субота і нядзеля: паглядзіце спектакль для ўсёй сям’і «Дзверцы ў сэрца»

9 і 10 снежня, 17:00.

Прастора Zuckerwattenkrawatten (Fromet-und-Moses-Mendelssohn-Platz, 7).

Білеты: 15 еўра.

Света Бень ладзіць цёплы калядны спектаклік для ўсёй сям’і «Дзверцы ў сэрца». Вас чакае калядная гісторыя пра тое, як усё было насамрэч шмат гадоў таму. Ці, можа, адбываецца тут і цяпер?

Усе падзеі разгорнуцца ў сэрцы Віфлеемскай зоркі, якую, па традыцыі, насілі ў гэты вечар, запальваючы ўсярэдзіне свечкі і агеньчыкі.

Білеты можна замовіць праз мэйл zuckerwattenkrawatten@gmail.com (у лісце просяць пазначыць дату і колькасць білетаў, а ў тэме напісаць «Дзверцы ў сэрца»).

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться