Вось і лета скончылася. Але яго можна крыху прадоўжыць, калі якасна запланаваць першыя вераснёўскія выхадныя.
МІНСК
Пятніца: правядзіце лета пеністым і танцамі
1 верасня, з 21:00.
Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).
Уваход: вольны.
Культурная прастора «Вершы» запрашае разам правесці лета і сустрэць восень пеністым і танцамі. Ствараць атмасферу будуць міксы ад DJ Nasuta. Пачынаюць у 21:00.
Субота: прыміце ўдзел у чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі
У Беларусі пройдзе адкрыты чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі BirdRace-2023. На працягу 12 гадзін зарэгістраваныя каманды будуць шукаць птушачак па ўсёй краіне, каб убачыць як мага больш відаў.
Каб прыняць удзел, трэба сабраць каманду з 3 або 4 чалавек (не больш за аднаго ўдзельніка да 18 гадоў) і 2 верасня з 6-й раніцы да 6-й вечара выправіцца ў гонку за птушкамі на тэрыторыі Беларусі.
Калі хочаце паўдзельнічаць, але няма каманды, пішыце ў чат беларускіх птушкароў «Ціў-ціў» ды яднайцеся ў каманду з іншымі птушкарамі.
Субота: правядзіце час з дзецьмі на фестывалі навукі
2 верасня, з 11:00 да 19:00.
Батанічны сад.
Білеты: поўны – 10 руб., льготны – 5 руб., дзецям да 15 гадоў – бясплатна.
У суботу ў батанічным садзе ўжо ў пяты раз пройдзе буйное навукова-папулярнае мерапрыемства – фестываль навукі. Гэтым разам будуць прадстаўлены пляцоўкі мінулых гадоў і адкрыты новыя фарматы.
Упершыню на мерапрыемстве будзе арганізавана пляцоўка на стыку навукі і фантастыкі – зона Sci-fi. Тут вы ўбачыце, як навука ўплывае на масавую культуру і як масавая культура прапануе навуцы шляхі для развіцця.
Субота: схадзіце з гадаванцам на Ezoo fest
2 верасня, з 12:00.
Lidbeer Dvor (вул. Кульман, 1/8).
Уваход: вольны.
Ezoo Fest – гэта вялікі фестываль для ўсіх аматараў хатніх жывёл, які ў чарговы раз гатовы сустрэць сваіх гасцей на пляцоўцы Lidbeer Dvor.
На фестывалі запланавана шмат актыўнасцей для дзяцей і дарослых: майстар-класы, промазоны і розыгрышы, маркет, фуд-корт, аджыліці, фрысбі і іншыя выступленні з гульнямі і трэніроўкамі жывёл, галоўная сцэна з насычанай забаўляльнай праграмай, дабрачынныя зоны, у якіх можна прытуліць новага сябра, жывая музыка, фотазоны і іншае.
Субота: пабывайце на свяце нямецкай піўной культуры
2 верасня, з 15:00.
Пляж «Друзья» на Мінскім моры.
Уваход: вольны.
На беразе Мінскага мора пройдзе Löwenbräufest – першае ў Беларусі свята нямецкай піўной культуры.
Вас чакаюць арыгінальнае піва, атмасфера кірмашу, яркі тэматычны дэкор і мноства актыўнасцей, як на самым сапраўдным баварскім свяце. Падрыхтуйцеся да смачных пачастункаў: традыцыйныя нямецкія брэцэлі, каўбаскі грыль, капуста, белыя мюнхенскія сасіскі і багацце соусаў.
Таксама запланаваны тэматычныя інтэрактывы і конкурсы, выступленне кавер-групы IODO Band, DJ-сэты, яркія фотазоны і іншае.
Нядзеля: пабывайце з сямʼёй на Family Sunday
3 верасня, з 11:00 да 19:00.
Батанічны сад.
Білеты: дарослым – 12 руб.; дзецям 3+, студэнтам, пенсіянерам – 6 руб.; дзецям да 3 гадоў – бясплатна.
У нядзелю ў батанічным садзе другі раз пройдзе Family Sunday – кірмаш з займальнымі забавамі, прагулкамі, смачнай ежай і добрым настроем.
Вас чакаюць спартыўныя і тэатральныя пляцоўкі, робаты і малышковая зона, майстар-класы, драўляныя гульні і многае іншае. А таксама канцэртная праграма практычна на ўвесь дзень.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Андрэя Карпянкова «PALISSADE | КВЕТНІК»
Да 15 верасня.
Галерэя «Беларт» (вул. К. Маркса, 4).
Уваход: вольны.
Палісаднік, кветнік, агародчык – у розных рэгіёнах Беларусі яго называюць па-свойму. Але гэта тое месца, дзе здаўна людзі стваралі своеасаблівы куточак раю – канцэнтрат прыгажосці з улюбёнымі раслінамі.
У творах Андрэя Карпянкова букеты паказаны дастаткова ўмоўна, што значна пашырае поле інтэрпрэтацый. Выявы спалучаюцца з дэкаратыўнымі фрагментамі, якія нагадваюць традыцыйныя беларускія тканыя посцілкі.
ВАРШАВА
Пятніца: пабывайце на фестывалі беларускай музыкі «ГРАЙ»
1 верасня ў Варшаве адбудзецца фестываль беларускай музыкі «ГРАЙ». Выступяць Volski, «Дай Дарогу!», Dzieciuki, J:Морс, :B:N: і The Superbullz. А падчас afterparty можна будзе патанчыць пад трэкі Papa Bo Selektah.
Таксама на фэсце будзе фуд-корт і арт-маркет з эксклюзіўнымі рэчамі ад беларускіх майстроў (карціны, адзенне, аксесуары, сувеніры з нацыянальнай сімволікай і іншае.
Пятніца: паглядзіце кіно з культурным аглядальнікам
1 верасня, 19:30.
Цэнтр Варшавы (паведамяць удзельнікам).
Кошт: 85 зл.
У пятніцу праект So People запрашае на кінавечар на летняй тэрасе. Будуць глядзець фільм Паўла Паўлікаўскага «Халодная вайна» – гісторыю немагчымага кахання ў немагчымы час.
А культурны аглядальнік раскажа, чаму гэты фільм выбралі намінантам на «Оскар» ад Польшчы і чаму чорна-белыя фільмы да гэтага часу прыцягваюць увагу гледача.
Фільм будзе на польскай мове з рускімі субцітрамі.
Нядзеля: завітайце на першы восеньскі арт-маркет
3 верасня, з 11:00 да 19:00.
Scena Chmielna (ul. Nowy Swiat, 27a).
Уваход: вольны.
Восеньскі сезон беларускіх арт-маркетаў у Варшаве пачнецца у новым месцы. У нядзелю, 3 верасня, беларускія майстры і рамеснікі збяруцца ў Scena Chmielna.
Будзе шмат рознай біжутэрыі, свечкі, дэкор для дома, касметыка, адзенне, капелюшы і лялькі.
Усе выхадныя: пабывайце на выставе беларускіх рок-музыкаў
Да 7 верасня (уключна).
Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).
Уваход: вольны.
У Музеі вольнай Беларусі працуе выстава Rock Art, на якой прадстаўлены працы двух беларускіх рок-музыкаў – Лявона Вольскага і Юрыя Стыльскага. На экспазіцыі можна не толькі паглядзець карціны, але і набыць, калі нешта спадабаецца.
Выстава працуе штодзённа з 16:00 да 20:00.
СОПАТ
Субота: зʼездзіце на вялікі Mara Fest
Калі надакучыла сядзець у Варшаве, адпраўляйцеся ў Труймяста. Тым больш што на гэтых выхадных у Сопаце пройдзе вялікі Mara Fest – мультыкультурная музычная падзея на беразе мора, якая збярэ на адной сцэне лепшых артыстаў з Польшчы, Украіны і Беларусі.
Выступяць Sarsa, Brodka, Іван Дорн, NaviBand, Intelligency. У праграме: зоны актыўнасці, сустрэчы з папулярнымі блогерамі і інфлюенсерамі, актыўныя зоны для дзяцей, спартыўныя гульні і гульні на логіку, стэнды рукадзелля, зона ежы і напояў, музычная сцэна і галоўнае – дапамога ў зборы грошай для дабрачыннага фонду «Маша», які дапамагае жанчынам і дзецям ва Украіне.
ВІЛЬНЮС
Пятніца: купіце білет на канцэрт гурта Intelligency
1 верасня, 19:00.
«Дом легенд» (Subačiaus g., 15).
Білеты: загадзя – 20 еўра (тут), на ўваходзе – 25 еўра.
Пачаць сваю восень можна з добрай музыкі, бо менавіта 1 верасня гурт Intelligency дасць вялікі канцэрт у Вільнюсе.
Білеты лепш купіць загадзя, бо на ўваходзе будзе крыху даражэй.
Субота: падтрымайце беларусаў на вільнюскім міжнародным фестывалі
У суботу вас запрашаюць на фестываль «Вільнюс – мой горад», дзе вы зможаце бліжэй пазнаёміцца з інтэрнацыянальнымі культурна-сацыяльнымі праектамі Вільнюса.
А яшчэ там будуць прадстаўнікі культурнай прасторы CreateCulture Space, якія чакаюць вашай падтрымкі. Каманда прасторы раскажа цікавыя факты і абяцае падрыхтаваць крутыя інтэрактывы.