Куды пайсці ў выхадныя 1–3 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне, Хельсінкі (і анлайн)

Куды пайсці ў выхадныя 1–3 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне, Хельсінкі (і анлайн)
Вось і восень праляцела. Наперадзе – першыя выхадныя снежня, а хутка і Каляды. Сабралі для вас чарговую афішу цікавых мерапраемстваў, якія арганізоўваюць беларусы ў розных краінах. Бо зіма – не нагода сядзець дома!

Вось і восень праляцела. Наперадзе – першыя выхадныя снежня, а хутка і Каляды. Сабралі для вас чарговую афішу цікавых мерапраемстваў, якія арганізоўваюць беларусы ў розных краінах. Бо зіма – не нагода сядзець дома!

МІНСК

Пятніца: паглядзіце кіно 1975 года ў музеі

1 снежня, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope у рамках кінаклуба «Анталогія» ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура вяртае на экран культавыя фільмы сусветнага кінематографа. Праграма паказаў разлічана не толькі на сінефілаў, але і на тых, хто хоча разбірацца ў мастацтве кіно.

У пятніцу будуць паказваць нямецкі фільм «Ложное движение». Па сюжэце, маці прадае кватэру і на атрыманыя грошы адпраўляе ў дарогу свайго дарослага сына Вільгельма. Вільгельм, які марыць стаць пісьменнікам, гэту паездку прымае як магчымасць набрацца ўражанняў і досведу. Выпадковыя спадарожнікі – актрыса, вандроўны спявак і маўклівая цыркачка, паэт-аматар – амаль становяцца яго сябрамі, пакуль трагічны выпадак не ўносіць раскол у іх мірную кампанію…

Пятніца–нядзеля: запішыцеся на практыкум па цыянатыпіі «Магія сіняга»

1–3 снежня, 12:00 і 14:00.

Батанічны сад.

Кошт: практыкум з экскурсіяй – 10 руб. (дадаткова аплачваецца ўваходны білет у батанічны сад).

Батанічны сад запрашае на практыкум па цыянатыпіі (спосабе дэкаравання) «Магія сіняга». Гэта тэхналогія атрымання выяў блакітнага і сіняга адценняў, з дапамогай якіх ствараецца манахромны сіні адбітак.

На практыкуме вас чакаюць: знаёмства з хімічнымі рэактывамі і правілы іх выкарыстання ў цыянатыпіі; авалоданне тонкасцямі працэсу атрымання відарысаў на розных паверхнях; магчымасць самастойна вырабіць сіне-блакітны адбітак і ўвасобіць на ім матывы навагодняй або каляднай тэматыкі.

Нядзеля: пабывайце на кватэрніку-выставе «Кааператыў 3/4» – «Навагодні глінтвейн»

3 снежня, з 18:00 да 22:00.

Flame Place (пр-т Машэрава, 9/8).

Білеты: 30 руб. (тут).

Не прапусціце атмасферны кватэрнік-выставу «Кааператыў 3/4 – Навагодні глінтвейн». Арганізатары прапануюць не заставацца дома і атрымаць асалоду ад унікальнай атмасферы навагодняга свята разам.

Вас чакаюць выступы чатырох таленавітых музычных гуртоў, якія парадуюць сваімі яркімі і запамінальнымі выступамі ў акустычным фармаце. А яшчэ вы зможаце паглядзець выставу сучасных фатографаў у розных месцах прасторы.

Нядзеля: паслухайце сюіты Клода Баліня

3 снежня, 19:00.

«Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 20 руб. (тут).

Клод Балінь (1930–2020) – французскі джазавы піяніст, кампазітар, аўтар музыкі да больш чым 100 фільмаў, сярод якіх «Барсаліна» (1970), «Цудоўны» (1973), «Паліцэйская гісторыя» (1975).

Балінь здолеў сумясціць у сваёй музыцы барочную элегантнасць і рэзкія джазавыя гармоніі, свінг і строгія фугі. Яго сюіты, створаныя ў жанры красовер, – ідэальны прыклад суіснавання джаза і класікі, дзе джазавае трыа (фартэпіяна, бас і ўдарныя) умоўна бярэ на сябе функцыю акампанементу (умоўна – таму што сольныя кавалкі ёсць у кожнага выканаўцы), а сола дастаецца акадэмічна.

Усе выхадныя: завітайце ў Marks на выставу Ганны Крук

Да 24 снежня.

Кнігарня-кавярня Marks (вул. К. Маркса, 11).

Уваход: вольны.

 

У кнігарні-кавярні Marks адкрылася выстава Ганны Крук «Стан». Гэта серыя жывапісных прац, прысвечаных рэфлексіі над унутраным станам, і адначасова спроба візуалізаваць адчуванні. Выявы адлюстроўваюць і балючыя інтраспектыўныя эпізоды, і моманты ўнутранай урачыстасці.

Мастацкія працы вядуць бясконцы пошук адказу на пытанні: як затрымацца ў славутым рэсурсным стане? дзе шукаць апору і натхненне, калі апатыя ўціскае тварам у ложак? можа, у глыбінных успамінах дзяцінства ці ў каханні? ці варта ўвогуле шукаць суцяшэння толькі ў станоўчых пачуццях?

ВАРШАВА

Чацвер–нядзеля: забяжыце на беларускі стэнд на кірмашы гістарычнай кнігі

30 лістапада – 3 снежня.

Каралеўскі замак (plac Zamkowy, 4).

Уваход: вольны.

 

З 30 лістапада па 3 снежня ў Варшаве адбудзецца кірмаш гістарычнай кнігі – і там будзе беларускі стэнд: кнігі, вядомыя аўтары і незалежныя выдавецтвы.

1 снежня: 14:00 – прэзентацыя кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» з удзелам Яраслава Іванюка і Ціхана Чарнякевіча; 16:00 – прэзентацыя кнігі Насты Кудасавай «Я працягваю»; 17:00 – выдавецтва Gutenberg разам з ЦБС прэзентуюць класіку польскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.

2 снежня: 15:00 – прэзентацыя кніг Алеся Аркуша «Тастамент Рагвалода» і «Вечар – як сон, у якім шмат агнёў», а таксама сустрэча аўтара з чытачамі; 16:00 – прэзентацыя кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» і сустрэча аўтаркі з чытачамі; 17:00 – прэзентацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» і сустрэча аўтара з чытачамі.

3 снежня: 15:00 – прэзентацыя кнігі Уладзіслава Гарбацкага «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага па Палессі» і сустрэча аўтара з чытачамі.

Пятніца: дазвольце сабе крышачку неверагоднай музыкі ад акардэаніста Ягора Забелава

1 снежня, 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Świat, 27).

Білеты: 50 злотых – загадзя ў бары, 60 злотых – на ўваходзе.

Музыка Ягора Забелава – гэта гіпнатычнае спалучэнне акардэоннай неакласікі, авангарда, джаза, нойза і мінімала. У руках музыкі акардэон становіцца інструментам для стварэння містычных перажыванняў, а выступленні набываюць форму музычнага рытуалу – паслухайце самі.

Пятніца: паглядзіце кіно і разбярыцеся, як кіраваць гневам

1 снежня, 19:00.

Manhattan Studio (ul. Brzeska, 24C).

Кошт: 90 зл.

 

Праект So Рeople запрашае на кінавечар з сертыфікаваным трэнерам ICTA. Будуць глядзець фільм «Кіраванне гневам», а потым разбірацца ў прыродзе гнева, як ім кіраваць, якія для гэтага ёсць інструменты. Таксама экспертка Кацярына Нікалаева дасць практычныя парады для самакоўчынгу.

«Фільм закранае розныя сферы чалавечых адносін, праводзячы сувязь паміж рознымі сацыяльнымі і прафесійнымі пластамі. Гэта добра замаскіраваныя крывацечныя раны грамадства», – пішуць у рэлізе.

Нядзеля: закупіцеся падарункамі на арт-маркеце беларускіх рамеснікаў

3 снежня, з 11:00 да 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Świat, 27).

Уваход: вольны.

Art Market – гэта месца, дзе вы знойдзеце падарункі ручной работы ад беларускіх майстроў. Вас чакаюць унікальныя вырабы: біжутэрыя, касметыка, кераміка, святочныя ўпрыгажэнні, стыльныя капелюшы і торбы, араматычныя свечкі, а таксама дэкаратыўныя ўпрыгажэнні для дома.

Нядзеля: купіце білет на канцэрт гурта «Петля Пристрастия»

3 снежня, 20:00.

Proxima (Żwirki i Wigury, 99а).

Білеты: 30 еўра (тут).

Гурт «Петля Пристрастия» ездзіць па гарадах з турам «Так гучыць Мінск». У нядзелю па плане – канцэрт у Варшаве. Білеты яшчэ ёсць, але ж не зацягвайце з набыццём.

ВІЛЬНЮС

Пятніца і нядзеля: схадзіце на artist talk або майстар-клас з мастаком Сяргеем Русаком

1 і 3 снежня.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход на МК: данат ад 10 еўра.

Сяргей Русак (Izum) – гэта мультымедыйны мастак, які стварае манахромныя трафарэтныя малюнкі. Напрыклад, вы можаце ведаць як мінімум адну з яго прац – выяву Караля Чапскага на Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску. Мастак адзначыўся на фестывалях мастацтва ў Беларусі, Польшчы і Германіі, а яго прынты замацаваліся ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.

У снежні Izum упершыню прыедзе ў Вільнюс з серыяй прац у Window Gallery CreateCulture Space. «Аконная» выстава будзе радаваць вочы жыхароў і наведвальнікаў Вільнюса ўвесь снежань.

У рамках выставы 1 снежня пройдзе artist talk з Сяргеем, а 3 снежня – майстар-клас па малюнках з дапамогай стэнсілаў/трафарэтаў/шаблонаў. Можна будзе навучыцца кастамізаваць сваё адзенне. Рэгістрацыя на МК тут.

Субота: схадзіце на канцэрт гурта «Петля Пристрастия»

2 снежня, 20:00.

Клуб Red Cat (Vytenio gatvė, 50d).

Білеты: 30 еўра (тут).

«Петля Пристрастия» – адзін з галоўных беларускіх рок-гуртоў. На рахунку хлопцаў шэсць магутных поўнафарматных альбомаў і незлічоная колькасць канцэртаў, на якіх ніхто ў залі не застаецца абыякавым i калі не танчыць пад сцэнай, то абавязкова «задуменна ківае галавой». Праверце самі, калі яшчэ не спрабавалі.

БЕРЛІН

Субота: павесяліцеся на беларускай электроннай вечарыне

2 снежня, з 18:00.

Haus der Statistik/OTTO (Otto-Braun Strasse, 70-72).

Уваход: данат ад 15 еўра.

У суботу ў Берліне адбудзецца беларуская электронная вечарына. У праграме – захапляльная сесія кундаліні-ёгі з жывым дыджэйскім сэтам тэхна і трансу ад Satvа beats; прэм’ера перформанса «Кома» ад Паліны Дабравольскай a.k.a. Чорнаброва і Кацпера Словіка; Šuma – музычны праект, які спалучае традыцыйныя паганскія спевы з электроннай музыкай; Макс Торс, чые сэты ствараюць хвалюючае, дынамічнае тэхна; а таксама JASAKAR і Аляксей Будзько.

ХЕЛЬСІНКІ

Пятніца: схадзіце на спектакль «Sextilis. Дыялогі жніўня»

1 снежня, 18:00.

Sellon Kirjasto (Viaporintori, 02600 Espoo – 2 паверх).

Уваход: вольны.

У пятніцу беларускі тэатральны праект у Хельсінкі запрашае на спектакль «Sextilis. Дыялогі жніўня».

Сюжэт спектакля просты і кранальны. Гісторыя звычайнай сям’і, якая трапіла ў вір першых дзён беларускіх пратэстаў, калі неабыякавыя людзі выйшлі супраць гвалту і маны. Гэта спектакль не пра палітыку. Ён пра беларусаў і іх выбары, жаданне справядлівасці і веру ў будучыню. Гісторыя маладых, расказаная ўдзельнікамі і сведкамі падзей.

Спектакль ідзе на беларускай і англійскай мовах.

ДЛЯ ЎСІХ

Усе выхадныя: паспрабуйце стварыць уласную выцінанку

На гэтым невялікім відэа – майстар-клас этна-спявачкі і майстрыхі выцінанкі Стасі Кузьміч. Дзяўчына расказвае гісторыю гэтых казачных арнаментаў і паказвае, як пры дапамозе нажніц і паперы можна стварыць сапраўдную беларускую выцінанку. Паспрабуйце таксама!

Усе выхадныя: прыгатуйце нарэшце дранікі

Які беларус не любіць дранікі... а яшчэ паспрачацца, ці трэба дадаваць у гэту страву муку.

Каб ніхто не спрачаўся, вось тут мы сабралі 5 рэцэптаў дранікаў на любы густ: без мукі з яйкам пашот, з творагам ці чырвонай рыбай, а таксама з курыцай і грыбамі – выбірайце, што больш падабаецца (або паспрабуйце ўсе і вырашыце нарэшце, патрэбна там гэта мука ці не).

Дапамажыце дзецям атрымаць падарункі на Новы год

Калі яшчэ рабіць цуды, як не напярэдадні Каляд. Вось тут мы расказвалі пра 5 добрых спраў, якія можна зрабіць проста цяпер. І дзве з іх – дапамагчы дзецям палітвязняў або хворым на анкалогію атрымаць святочныя падарункі.

Можна зрабіць данат або прывезці неабходныя рэчы і падарункі – нават маленькая дапамога будзе карыснай.

#Варшава #Минск #Вильнюс
поделиться