Куды пайсці ў вялікія выхадныя 30 снежня – 2 студзеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў вялікія выхадныя 30 снежня – 2 студзеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе ж...
Апошнія выхадныя 2022-га плаўна перацякаюць у першыя выхадныя 2023-га – напрыканцы гэтага тыдня будзем адпачываць аж да аўторка. Выбірайце, чым будзеце займацца.

Апошнія выхадныя 2022-га плаўна перацякаюць у першыя выхадныя 2023-га – напрыканцы гэтага тыдня будзем адпачываць аж да аўторка. Выбірайце, чым будзеце займацца.

МІНСК

Чацвер–пятніца: запішыцеся на творчы практыкум у батанічным садзе

29–30 снежня, 13:00.

Батанічны сад.

Удзел: практыкум – 5 руб., уваход у сад – 10 руб.

Цэнтральны батанічны сад запрашае на калядны творчы практыкум па вырабе драўляных навагодніх цацак «Навагодні сувенір». Абяцаюць, што нават пачаткоўцы і мастакі без досведу змогуць зрабіць непаўторную і індывідуальную калядную кампазіцыю. Выраб можна будзе забраць дадому.

Падрабязнасці можна даведацца па телэфонах: +375 29 320 17 17, +375 17 379 69 15.

Чацвер–субота: паслухайце джаз у космасе

29–31 снежня.

Планетарый (вул. Фрунзэ, 2; парк Горкага).

Білеты: 40 рублёў (у касе планетарыя або тут).

Напярэдадні Новага года ў мінскім планетарыі – калядны джаз! 29, 30 і 31 снежня пад зоркамі джазуе духавы квінтэт Вялікага тэатра. Толькі ўявіце: сусвет на паўнакупальных праекцыях гучыць мелодыямі Дзюка Элінгтана, Дэйва Брубека, Чыка Карыа. Уявілі? Ну то далучайцеся!

Пятніца: паспейце на зімовыя канікулы ў «Пясочніцу»

Па 30 снежня (уключна).

«Пясочніца» (Куйбышава, 45).

Уваход: вольны.

«Пясочніца» ладзіць зімовыя канікулы і працуе перад святамі – але толькі па 30 снежня. Яшчэ можна паспець пакаштаваць святочныя сэты, зрабіць прыгожыя здымкі ў фотазонах, паслухаць музыку, паглядзець розныя шоу, патанцаваць і іншае.

Пятніца–субота: завітайце на дабрачынны «Супермаркет» па падарункі

Да 31 снежня.

Крама KaliLaska (Кальварыйская, 33/4).

Уваход: вольны.

Да 31 снежня праект KaliLaska ладзіць дабрачынны «Супермаркет падарункаў», дзе прадаюць велізарны асартымент унікальных сувеніраў, твораў мастакоў і дызайнераў, рамеснікаў. Таксама падарункі там можна прыгожа запакаваць у экаўпакоўку – бясплатна для тавараў, набытых на маркеце, альбо за 5 рублёў для тых, якія прынесяце з сабой.

А яшчэ можна нагледзець шыкоўныя ўборы на карпаратыў, пацешыць сябе вінтажнымі рэчамі альбо знайсці добрую кніжку.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе, прысвечанай мастаку кіно Яўгену Ганкіну

Па 31 сакавіка.

Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдова, 4).

Білеты: 5 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў – 2,5 руб., для пенсіянераў – 3 руб.

У музеі гісторыі беларускага кіно адкрылася выстава «Почырк майстра», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм» Яўгена Ганкіна. Аснову экспазіцыі выставы складаюць эскізы дэкарацый і касцюмаў да фільмаў.

Каля 100 аўтарскіх работ у спалучэнні з багатым дататковым матэрыялам (фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы) утвараюць своеасаблівую панараму жыцця і творчасці Ганкіна, даюць вычарпальнае ўяўленне аб адметным «ганкiнскiм» почырку.

Усе выхадныя: пакатайцеся на навагоднім цягніку

Па 8 студзеня.

Пр-т Незалежнасці, 86.

Білеты: 25 рублёў, дзеці да 1 года – бясплатна.

Дзіцячая чыгунка запрашае ў падарожжа на навагоднім цягніку ў краіну чараўніцтва і казкі. У праграме: падарожжа з казачнымі героямі на лясную паляну станцыі «Сасновы бор», тэатралізаваны паказ з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі. Працягласць падарожжа – 1,5 гадзіны. Расклад глядзіце тут.

Усе выхадныя: правядзіце святочныя выхадныя з гумарам

29 снежня – 2 студзеня, 20:00.

Bar StandUp (Партызанскі пр-т, 12).

Інфа і бронь: +375 44 535 03 30.

Мінскія комікі падрыхтавалі праграму амаль на кожны дзень. У чацвер, нядзелю і панядзелак вас клічуць на вялікія канцэрты «Новогодний беспредел» у новым бары StandUp – дзіцяці лэйбла StandUp v Cube. А у пятніцу адбудзецца камедыйны спектакль «Квартирник. Новый год». Кажуць, што ён для кожнага з вас (у будучыні, сучаснасці і ў мінулым). Гэта будзе перформанс з элементамі стэндапа, відэагумару і нечаканага з’яўлення Дзеда Мароза.

Усе выхадныя: дапамажыце сабраць падарункі для дзяцей

Да 15 студзеня.

ГЦ Galleria Minsk.

ГЦ Galleria Minsk ладзіць вялікую дабрачынную акцыю «Каляды прыходзяць да кожнага». Кожны ахвотны можа дапамагчы сабраць падарункі і неабходныя рэчы для выхаванцаў дзіцячых дамоў, псіханеўралагічных і рэабілітацыйных цэнтраў, бальніц і мнагадзетных сямей. Падрабязнасці тут.

ГРОДНА

Усе выхадныя: прагуляйцеся па каляднай выставе «Анёльскія спатканні»

Па 9 студзеня.

Культурны цэнтр «Фестывальны» (вул. Тэльмана, 4).

Уваход: ад 1,5 да 3 руб.

У культурным цэнтры «Фестывальны» – традыцыйная калядная выстава «Анёльскія спатканні». Схадзіце паглядзець на калекцыю анёлаў, выкананых у розных тэхніках, ды прасякнуцца калядным духам.

Там жа працуе выстава твораў вучняў гарадзенскай дзіцячай школы мастацтваў.

Усе выхадныя: прынясіце мандарыны для пацыентаў хоспіса

Да самага Новага года, з 9:00 да 15:00.

Бізнес-цэнтр МаРро (вул. Лелевеля, 12).

«Центр помощи жизни» аб’явіў пераднавагодні збор мандарынаў для хоспіса, бо святам трэба дзяліцца з іншымі – асабліва з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. Каб далучыцца да акцыі, неабходна проста прынесці мандарыны ў пазначаны час у адмысловую лакацыю. Нумар для сувязі: +375 29 881 82 34.

ВІЦЕБСК

Пятніца і субота: схадзіце на дабрачынную калядную імпрэзу

29, 30 і 31 снежня, з 14:00 да 18:00.

Арт-прастора «Талстога, 7» (вул. Талстога, 7)

Уваход па білеце ў музей: дарослыя – 5 руб., навучэнцы і студэнты – 2,5 руб., дзеці да 7 гадоў – бясплатна.

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва праводзіць серыю дабрачынных імпрэз у падтрымку прытулку для жывёл «Добрык». Абяцаюць майстар-класы, мультфільмы 1970–1980-х і нават дыяфільмы. І ўсё гэта – пасярод выставы чароўных малюнкаў легенды анімацыі Юрыя Нарштэйна.

Таксама ў цэнтры можна будзе пагартаць альбом з гадаванцамі прытулка і зрабіць ахвяраванні на карысць «Добрыка».

Усе выхадныя: завітайце на святочны кірмаш у ратушы

Па 7 студзеня, з 11:00 да 19:00.

Ратуша (вул. Леніна, 36; уваход з вул. Леніна ці з хола музея.

Уваход: вольны.

З 23 снежня ў віцебскай ратушы працуе калядны кірмаш. Завітвайце па падарункі для сябе і родных. Вас чакаюць дрэва і кераміка, фермерскія прадукты, упрыгажэнні, адзенне і іншае.

ВАРШАВА

Пятніца: паглядзіце прэм’еру дакументальнага фільма «Беларускі працэс»

30 снежня, 19:00.

Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Беларусаў Варшавы клічуць на прэм’еру дакументальнага фільма «Беларускі працэс». Гэта гісторыі трох чалавек, якія сталі ахвярамі катаванняў у беларускіх турмах і якія сёння імкнуцца пераадолець траўматычны досвед, а таксама дамагаюцца суда над злачынцамі.

Усе выхадныя: запрасіце дадому калядоўшчыкаў

Па 19 студзеня.

Варшава.

Запрасіць можна па спасылцы.

З 27 снежня і да самага Вадохрышча Школа беларускай традыцыйнай культуры ладзіць сапраўдныя калядаванні. Калядоўшчыкі з Зоркай, Казой, Мядзведзем, калядкамі і вясёлым настроем могуць завітаць і да вас, калі вы зарэгіструецеся па спасылцы. І не забудзьце падрыхтаваць для іх пачастункі!

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Ганны Руткоўскай

Па 14 студзеня.

Галерэя Promocyjna (Старагародскі дом культуры).

Ганна Руткоўская гадамі малюе адну вялікую карціну. Не пытайцеся назву, крыніцу натхнення ці значэнне асобных твораў. Яе карціны – гэта «пустыя знакі». Мастачка адмаўляе інтэрпрэтацыю, не надае сваім працам ніякага значэння, роўна як і адварочваецца ад слоў і неабходнасці гаварыць. Яна змаўкае.

Руткоўская практыкуе розныя формы эскапізму, такія як уцёкі ад узаемадзеяння з мастацкай супольнасцю ці іншымі людзьмі, вандраванні ў сельскую мясцовасць або разгляд нечалавечых тэм, такіх як жывёлы ці насякомыя.

Выстава з’яўляецца часткай конкурсу Entry Initiative Award.

СОПАТ

Пятніца–субота: правядзіце з дзіцем «Аперацыю па ратаванні свята»

Па 31 снежня, 12:00.

Jacka Malczewskiego, 21.

Білеты: 30 злотых для дзетак і 20 злотых для дарослых (патрэбна рэгістрацыя).

Беларускі тэатр «Без назвы» ладзіць у Сопаце навагоднія вечарыны для дзяцей «Аперацыя па ратаванні свята». Абяцаюць гульні, чэленджы і флэшмобы, але ўзамен удзельнікі павінны дапамагчы Снягурцы і Завірусе выратаваць свята і сустрэць Дзеда Мароза!

КРАКАЎ

Панядзелак: адсвяткуйце сямейнае каляднае свята «Бэтлеемская зорка»

2 студзеня, 14:00 і 16:00.

Тэатр Scena Supernova (Mikołaja Zyblikiewicza, 12/4).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

У першы панядзелак новага года беларусаў Кракава запрашаюць на каляднае свята «Бэтлеемская зорка» для дзетак і іх бацькоў з Беларусі, Украіны і Польшчы. Будзе батлейка, калядныя спевы, гульні ды розныя файныя неспадзяванкі. Хор будзе спяваць калядкі, а для самых актыўных абяцаюць майстар-клас па вырабе каляднай зоркі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: прыміце ўдзел у навагоднім турніры па шахматах

29 і 30 снежня, 17:00.

Замак (Savanoriu, 134B).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

У чацвер і пятніцу ў беларускім Замку ў Вільнюсе пройдзе навагодні турнір па шахматах. Калі хочаце ўзяць удзел, рэгіструйцеся па спасылцы (не забудзьце пазначыць свой узровень гульні). Пераможцу чакае падарунак!

Пятніца: схадзіце на сапраўдную беларускую вечарыну

30 снежня, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

У пятніцу ў Вільнюсе ладзяць вечарыну, на якой можна будзе адчуць сябе як дома. Фармат – BYOB (Bring Your Own Bottle). Бярыце з сабой напоі, якія будзеце піць на працягу вечара (віно, піва, сідр, шампанскае, сок і іншае).

Дрэс-код: нешта ўтульнае і дамашняе, можна піжаму. Абавязкова вазьміце з сабой тэпцікі або цёплыя шкарпэткі!

 

#Варшава #Минск #Польша #Беларусь #Вильнюс
поделиться