Куды пайсці ў выхадныя 27–29 студзеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 27–29 студзеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Не паспелі міргнуць – а ўжо апошнія выхадныя студзеня. Таму выбірайце заняткі па душы і «адсвяткуйце» ўікенд цікавымі мерапрыемствамі, каб дакладна запомніць гэты месяц.

Не паспелі міргнуць – а ўжо апошнія выхадныя студзеня. Таму выбірайце заняткі па душы і «адсвяткуйце» ўікенд цікавымі мерапрыемствамі, каб дакладна запомніць гэты месяц.

МІНСК

Пятніца: запішыцеся на экскурсію па сучасным поп-арце

27 студзеня, 18:30.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47).

Кошт: 8–12 руб. (неабходна рэгістрацыя).

У межах выставачнага праекта «Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі» пройдзе экскурсія, якую правядзе дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч.

Экспазіцыю складаюць каля 80 твораў: ад копій самых папулярных серый «Мэрылін» і бляшанак супа «Кэмпбэл» Эндзі Уорхала да твораў Рычарда Раяна і Бэнксі. Ёсць і творы сучасных беларускіх аўтараў.

Субота: аддайце непатрэбныя рэчы ў дабрачынны праект

28 студзеня, з 12:00 да 20:00.

Альшэўскага, 1/4.

Кожную суботу дабрачынны праект KaliLaska прымае непатрэбныя вам рэчы: вопратку, абутак, кнігі, посуд, аксeсуары, дэкор для дома і іншае. Пазней гэтыя рэчы прададуць, а грошы адправяць на дабрачыннасць.

Прывозіць можна з 12:00 да 20:00. А ў актуальных сторыс у Instagram можна паглядзець парады каманды наконт таго, як вашы рэчы лепш падрыхтаваць для перадачы ў праект.

Субота: паглядзіце цікавы псіхалагічны перформанс

28 студзеня, 17:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 12 руб. (тут).

Плэйбэк-тэатр «Свой дах» запрашае ў Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў расслабіцца, парэфлексаваць і паглыбіцца ў прыемную атмасферу ўзаемаразумення падчас перформансу «Хаос і космас».

Плэйбэк-тэатр існуе на скрыжаванні псіхалогіі і тэатра, а сцэнічнае дзеянне будуецца на гісторыях, якія «тут і зараз», наўпрост у зале, расказваюць гледачы. Апавяданні «жыўцом» пераносяцца на сцэну і імправізавана разыгрываюцца акцёрамі. Гэтым разам прапануюць паразважаць на тэму космасу, убачыць пасланні сусвету ў звычайных, здавалася б на першы погляд, рэчах і ўявіць сваё ідэальнае касмічнае Я.

Субота: атрымайце новы досвед на канцэрце ў поўнай цемры


28 студзеня, 17:00.

«Нябачны свет» (Някрасава, 35/1–2Н).

Білеты: 35 руб.

Вас запрашаюць зрабіць захапляльны скачок у Амерыку XIX стагоддзя і атрымаць новы досвед, слухаючы канцэрт у поўнай цемры. Будзе музыка ў стылі блюграс – мудрагелістай сумесі амерыканскага кантры і афраамерыканскіх джаза і блюза. Праваднікамі ў гэтай авантуры будуць музыкі групы Garlic & Pumpkin Stringband.

Субота–нядзеля: прагуляйцеся па выставе з коцікамі

З 28 студзеня па 24 лютага.

Пляцоўка «Малінавы кот» (Дзяржынскага, 131).

Уваход: 5 руб. (28 студзеня – вольны).

У суботу на пляцоўцы «Малінавы кот» адкрыецца выстава «Сны Наташы» мастачкі Аксаны Чутцавай. У дзень адкрыцця паглядзець экспазіцыю можна будзе бясплатна.

У апісанні адзначаецца, што назва выставы заснавана на знакамітым меме пра катоў і Наташу, таму працы мастачкі будуць не толькі цікавымі з мастацкага пункту гледжання, але яшчэ і з гумарам.

Субота–нядзеля: схадзіце на экскурсію па ліманарыю

28 – 29 студзеня; 12:00, 13:00 і 14:00.

Батанічны сад.

Уваход: 5 руб. (дадаткова ўваход у сад – 10 руб.).

Батанічны сад завяршае сезон экскурсій па аранжарэі цытрусавых і кліча вас падыхаць араматамі гэтых раслін, зарадзіцца сонечнай энергіяй і ўзняць сабе тым самым настрой. Можна будзе пабачыць розныя віды лімонаў, апельсінаў, мандарынаў, грэйпфрутаў і іншых цытрусавых.

Працягласць экскурсіі – 30 хвілін. Папярэдні запіс не патрабуецца.

Усе выхадныя: завітайце на выставу маладых беларускіх мастачак

Да 21 сакавіка.

Прастора «Вершы» (Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

У прасторы «Вершы» да 21 сакавіка можна паглядзець праект «Пад знакам пустаты». На экспазіцыі прадстаўлены працы мастачкі з Віцебска Алены Толабавай, маладой аўтаркі з Мінска Марыі Панамаровай і мастака з Брэста Сямёна Маталянца.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Кацярыны Пашкевіч

Да 12 лютага.

Галерэя DK (Герцэна, 2а).

У галерыі DK праходзіць выстава маладой беларускай мастачкі Кацярыны Пашкевіч Collective Сonsciousness (дарэчы, экспазіцыю прадоўжылі да 12 лютага).

Важным элементам экспазіцыі з’яўляецца спроба сумясціць буйнафарматны жывапіс і пошукі, стварыць сітуацыю камбінавання розных модуляў. Гэта становіцца часткай сэнсаўтваральнага элемента пра нараджэнне грандыёзнай містэрыі з шэпту; часткай фарміравання вялікага ў камернай сітуацыі.

РАКАЎ

Субота: паслухайце вакальныя цыклы ў цэнтры горада

28 студзеня, 14:00.

Галерэя Янушкевічаў (вул. Савецкая, 1).

Білеты: 25 руб. (бронь месца).

У суботу ў цэнтры Ракава вас чакае маленькі цуд – у канцэртнай залі Янушкевічаў Паліна Задрэйка сядзе за раяль і створыць іншы свет, у якім трапяткі герой Шумана і Гейнэ ў выкананні Юрыя Гарадзецкага будзе марыць, расчароўвацца, любіць і пакутваць.

А ў другім аддзяленні на змену вытанчанаму ХІХ стагоддзю прыйдзе бурнае дваццатае з яго супярэчнасцямі і прагай да эксперыментаў.

А яшчэ ў нас ёсць цікавы выпуск рубрыкі «Як гэта любіць» пра Ракаў – пачытайце і натхніцеся на падарожжа па Беларусі.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце выступ Алякандра Памідорава

27 студзеня, 18:30.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6)

Білеты: 40 злотых на ўваходзе (рэгістрацыя).

Беларусаў Варшавы клічуць праганяць зіму ды даваць жару – на акустычным канцэрце Аляксандра Памідорова «Зіме – капцы». Білеты можна будзе набыць на ўваходзе наяўнымі, але папярэдне просяць зарэгістравацца.

Пятніца: завітайце на піва і канцэрт знакамітых беларусаў

27 студзеня, 20:30.

Beer Station (Lwowska, 17).

Уваход: donation.

Андрусь Такінданг і Аквалерыя дадуць у Варшаве акустычны канцэрт. Можна будзе і песні на беларускай мове паслухаць, і півам пачаставацца – бо выступ якраз адбудзецца ў піўным бары, які адкрылі беларусы. У меню яшчэ і дранікі з пельменямі ёсць!

Нядзеля: збярыце каманду на беларускамоўны квіз

29 студзеня, 18:00.

Бар The Taps (ul. H. Sienkiewicza, 4).

Кошт: 30 злотых з асобы.

У нядзелю адбудзецца «Ў-квіз», на якім усе пытанні і заданні будуць на беларускай мове. Таму збірайце каманду (ад 2 да 8 чалавек), рэгіструйцеся па спасылцы – і добра баўце вечар перад новым працоўным тыднем.

КРАКАЎ

Нядзеля: папрацуйце з паясніцай на занятках па ёзе

29 студзеня, 10:00.

Krakowska, 19.

Кошт: 30 злотых (рэгістрацыя).

У нядзелю беларусаў Кракава запрашаюць прывесці цела, эмоцыі і душу ў гармонію на занятку па ёзе. Абяцаюць, што зможаце прапрацаваць усё цела, але акцэнтам будзе праца з паясніцай. Практыка дапаможа зняць боль у гэтай частцы спіны, умацаваць і актываваць мышцы лапатак, палепшыць постаць і адчуць лёгкасць і камфорт.

ГДАНЬСК

Пятніца: завітайце на беларускамоўны стэндап

27 студзеня, 20:00.

Bunkier Club (Olejarna, 3).

Білеты: 40 злотых (тут).

У Гданьск едзе суполка беларускіх комікаў «Пан Стэндап» і вязе гарачанькі беларускамоўны стэндапчык (толькі для дарослых!). Выступяць Павел Радзевіч, Міхась Ільін і Павел Залуцкі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пабывайце на сустрэчы ў Дзень памяці ахвяр Халакосту

27 студзеня, 18:30.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту адбудзецца сустрэча, падчас якой можна будзе больш даведацца пра трагічныя падзеі, ахвярамі якіх сталі каля 6 мільёнаў яўрэяў з усёй Еўропы (з іх 140 тысяч яўрэяў Літвы і 800 тысяч яўрэяў Беларусі), успомніць лёсы людзей і ўшанаваць памяць ахвяр.

Субота: запішыцеся на майстар-клас па натуральнай касметыцы

28 студзеня, 11:00.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Удзел: 10 еўра (рэгістрацыя).

У суботу вас клічуць навучыцца самастойна гатаваць натуральныя скрабы для цела – расслабляльны і антыцэлюлітны. Усё з простых складнікаў, якія звычайна ёсць дома пад рукой.

Майстар-клас правядзе ўладальніца брэнда ўкраінскай натуральнай касметыкі Amelie Марына. Брэнд, дарэчы, быў названы ў гонар дачкі – першую касметыку жанчына рабіла для яе.

Субота: паглядзіце кіно на англійскай мове

28 студзеня, 18:20.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5)

Удзел: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Сустрэча прысвечана недаацэненай плыні Mumblecore і таму, як інды-фільмы 2000-х сфарміравалі сучаснае аблічча амерыканскага незалежнага кіно. Акрамя таго, пакажуць фільм «Калумбус» 2016 года, які з’яўляецца цудоўным спадкаемцам гэтага нефармальнага руху. Фільм будзе на англійскай мове з англійскімі субтытрамі.

#Варшава #Минск #Польша #Беларусь #Вильнюс
поделиться