Сабралі для вас шмат цікавых мерапрыемстваў, якія ладзяць беларусы ў розных гарадах і краінах. Выбірайце па сваёй лакацыі і цікава баўце час.
МІНСК
Чацвер–нядзеля: зазірніце за абноўкамі на KaliLaska Market
19–22 студзеня.
Кальварыйская, 33/4 (уваход з боку вул. Пінскай).
Уваход: вольны.
Вялікая барахолка будзе праходзіць чатыры дні – з чацвярга па нядзелю. Там можна будзе знайсці мужчынскія і жаночыя рэчы, абутак і аксесуары, торбы, посуд, кнігі, жывапіс, паштоўкі, пласцінкі, прадметы дэкору і іншае. Абяцаюць адборны вінтаж, сучасныя і рэтра-рэчы, несмяротную класіку.
Пятніца–нядзеля: вярніцеся ў лета ў студзені
20–22 студзеня, з 11:00 да 15:00.
Батанічны сад.
Уваход: 10 руб. – у аранжарэю плюс 10 руб. – у сам сад.
Батанічны сад зноў адчыняе дзверы ў аранжарэі закрытага калекцыйнага фонду – трапіць туды можна будзе толькі ў пятніцу, суботу і нядзелю. Можна будзе пабачыць калекцыю сукулентаў, пазнаёміцца з баабабам, загадкавымі кактусамі, зазірнуць да цытрусавых і інш.
Працягласць наведвання – гадзіна. Падрабязнасці па тэл.: +375 29 320 17 17, +375 17 379 69 15.
Субота: паслухайце канцэрт у поўнай цемры
Калі любіце рок, то правядзіце эксперымент і паслухайце любімыя кампазіцыі ў поўнай цемры. Будуць трэкі Deep Purple, Queen, Scorpions, Metallica і іншых выканаўцаў. А яшчэ цікавая інтэрактыўная праграма і добры настрой.
Субота–нядзеля: закупіцеся смачным на фермерскім рынку
21-22 студзеня, з 11:00 да 17:00.
ГЦ «MOMO».
Уваход: вольны.
У суботу і нядзелю на першым паверсе ГЦ «МОМО» пройдзе фермерскі рынак, дзе збяруцца фермеры і рамеснікі са сваёй прадукцыяй. Будзе і мяса, і рыба, і сыры, і крафтавы хлеб, і алеі, і розныя смакоцікі. Арганізатары раяць не чакаць да вечара і прыходзіць раней, пакуль усё не раскупілі.
Нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па японскай каліграфіі
22 студзеня, 12:00.
Рэстаран Sakaguchi (Мсціслаўца, 18).
Удзел: 55 руб.
Японскі рэстаран Sakaguchi запрашае на майстар-клас, дзе вы зможаце навучыцца пісаць сваё імя з дапамогай унікальнага алфавіта.
У кошт уваходзяць усе неабходныя матэрыялы, навучанне і адна з незвычайных гарбат да выбару. Колькасць месцаў абмежавана, таму браніруйце ўдзел праз дырэкт ці па спасылцы.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе маладой беларускай мастачкі
Да 29 студзеня.
Галерэя «ДК» (Герцэна, 2а).
У галерэі «ДК» праходзіць персанальная выстава маладой беларускай мастачкі Кацярыны Пашкевіч Collective Сonsciousness.
Арганізатары адзначаюць, што важным элементам экспазіцыі з’яўляецца спроба сумясціць буйнафарматны жывапіс і пошукі, стварыць сітуацыю камбінавання розных модуляў. Гэта становіцца часткай сэнсаўтваральнага элемента пра нараджэнне грандыёзнай містэрыі з шэпту; часткай фарміравання вялікага ў камернай сітуацыі.
ГРОДНА
Субота: запішыцеся на экскурсію, прысвечаную нямецкім жыхарам Гродна
21 студзеня, 10:20.
Музей гісторыі рэлігіі (вул. Замкавая, 16).
Кошт: 30 руб.
Музей гісторыі рэлігіі кліча на экскурсію «Ад Рэйна да гродненскіх берагоў», прысвечаную нямецкім жыхарам Гродна. Вы даведаецеся, чаму самыя лепшыя прысмакі прадавалі ў аптэцы, які нямецкі архітэктар будаваў Новы Замак, дзе знаходзілася першая ў горадзе кавярня і іншае. А яшчэ ў праграме дэгустацыя сапраўднага венскага штрудзеля і канцэрт арганнай музыкі ў кірсе.
Запіс – праз дырэкт інстаграма музея альбо па нумары 718707.
ВАРШАВА
Нядзеля: паслухайце лекцыю пра Дэвіда Лінча
22 студзеня, 14:00.
Ul. Bracka (-1-ы паверх, уваход–налева–ўніз кафэ Bracka, 20).
Кошт: 75 злотых.
На лекцыі будуць абмяркоўваць таямніцы і загадкі «Твін-Пікса», расказваць, як артхаўснаму рэжысёру ўдалося зняць адзін з самых паспяховых камерцыйных серыялаў 90-х і што азначае трэці сезон. На дэсерт абяцаюць адкрыць і абмеркаваць некаторыя таленты маэстра: напрыклад, можна будзе паслухаць яго кампазіцыі і паглядзець карціны.
Лекцыю чытаюць @juu.vas і Даша Брыян.
Нядзеля: схадзіце на прэзентацыю кнігі і творчую сустрэчу з тым самым Уладзімірам Арловым
22 студзеня, 16:00.
ЦБС (Oleandrów, 6/2).
Уваход: вольны.
Цэнтр беларускай салідарнасці запрашае на творчую сустрэчу з адным з самых папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Арловым. Абяцаюць вясёлую і сур’ёзную размову пра стварэнне кніг, музычны сюрпрыз і аўтограф-сесію.
Таксама будзе прэзентацыя двух тамоў па-польску: «Паром праз Ла-Манш» і «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань. Балады». І выступ вядомага беларускага музыкі, кампазітара і тэатральнага рэжысёра Рамана Арлова.
Надзеля: згуляйце ў мьюзік-квіз
22 студзеня, 19:00.
Pub Przejście (plac Na Rozdrożu, 1).
Удзел: 35 злотых з асобы.
У нядзелю можна паспяваць, патанчыць і паадгадваць мелодыі. Збірайце каманду да 10 чалавек, рэгіструйцеся па спасылцы – і не сумуйце напярэдадні працоўнага тыдня.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе беларускай мастачкі
Да 28 студзеня.
Galeria Promocyjna (Rynek Starego Miasta, 2).
Уваход: вольны.
У сераду, 18 студзеня, у Варшаве адкрываецца выстава беларускай мастачкі Ташы Кацубы «209 дзён шэрасці: смерць цела, неўміручасць духу».
Летам 2021 года Таша пераехала з Беларусі ва Украіну. Зусім без рэчаў і матэрыялаў жыла ў невялікім здымным пакойчыку ў Кіеве. Каб неяк праявіць сябе і адчуць сябе патрэбнай, зноў пачала ствараць. З нічога. Без колеру. Мастачка паўгода збірала аповед пра тое, што адчувала ў эміграцыі.
Праз два месяцы пасля пачатку вайны Таша адправілася ў другую эміграцыю – у Польшчу. І гэта выстава – спроба адлюстраваць хаця б малую частку таго, што перажываюць людзі, якія страцілі дом і блізкіх. Незалежна ад часу і месца.
ЛОДЗЬ
Пятніца: купіце білет на выступ фронтмэна гурта :B:N
Алесь Лютыч, фронтмэн гурта :B:N, грае канцэрт у Лодзі. Вас клічуць атрымаць асалоду ад музыкі і беларускай сяброўскай атмасферы.
Білеты можна будзе набыць наяўнымі на ўваходзе, але абавязкова зарэгіструйцеся.
ВРОЦЛАЎ
Нядзеля: адпачніце на канцэрце гурта «Дай Дарогу»
Юрый Стыльскі і гурт «Дай Дарогу» едуць да беларусаў Вроцлава. Абяцаюць электрычную праграму і толькі правераныя часам хіты. Не прапусціце!
ПОЗНАНЬ
Нядзеля: схадзіце на беларускамоўны стэндап
У нядзелю комік Андрусь Райн завітае ў Познань з сольным стэндап-канцэртам на беларускай мове. Андрусь больш за 8 гадоў у стэндапе, і вы можаце ведаць яго па шоў «Безкаца» і «Беларускі стэндап». Кампанію коміку складзе Ян Ліпай.
ВІЛЬНЮС
Пятніца: паглядзіце спектакль паводле твора Святланы Алексіевіч
20 студзеня, 18:30.
Вільнюскі стары тэатр, малая сцэна (вул. Й. Басанавічус, 13).
Білеты: 11 еўра (тут).
У Вільнюскім старым тэатры граюць «Самотны чалавечы голас» паводле «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч. У спектаклі выкарыстаны толькі адзін фрагмент кнігі. Актрысу Аляксандру Метальнікаву захапіў маналог жанчыны, удавы загінулага ліквідатара, пра іх каханне і пра тое, як катастрофа здолела прымусіць яго загучаць і разгарэцца яшчэ мацней.
Пятніца і нядзеля: запішыцеся на ёгу
20 і 22 студзеня.
Вільнюс.
Удзел: 7–10 еўра.
Амаль кожны дзень у Вільнюсе адбываюцца заняткі па ёзе, якія ладзяць беларусы. У пятніцу, напрыклад, можна прыйсці раніцай а 7-й гадзіне ці ўвечары а 18-й. У нядзелю заняткі запланаваны на 11:00. Працягласць усіх практык – 1,5 гадзіны, якія вы можаце прысвяціць сабе. Рэгістрацыя тут.
Субота: пагуляйце ў віннае казіно
Дэгустацыя ў фармаце гульні для тых, хто любіць віно. Пад кіраўніцтвам прафесійнага самелье Паўла Манцэвіча ўсе ўдзельнікі збяруцца за сталом і будуць спрабаваць адгадаць, які гатунак віна зараз у келіху. Па выніках будзе выбраны пераможца.