Сталі вядомыя фільмы балтыйска-нардычнай праграмы 8-га кінафестывалю «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 20 па 30 лістапада бясплатна анлайн. Ужо можна зарэгістравацца, каб у канцы лістапада глядзець добрае кіно.
Адкрые фэст душэўная дакументальная драма з Ісландыі «Уздымі планку», а закрые – «“Эйфарыя” па-фінску» – гісторыя сталення трох школьніц «Дзяўчаты, дзяўчаты». Чым яшчэ будзе здзіўляць праграма «Паўночнага ззяння – 2022»?
20.11.22 – «Дамы», 2021, Латвія
Дакументальны, Лайла Пакалніня
Фільм-інсталяцыя Лайлы Пакалніні – паэтычная і эстэтычная ода дамашняму асяроддзю.
21.11.22 – «Прэзідэнт», 2021, Данія, ЗША, Нарвегія
Дакументальны, Каміла Нільсан
Захапляльны палітычны трылер пра барацьбу Зімбабвэ за дэмакратыю, спрадзюсаваны галівудскімі зоркамі Дэні Гловерам («Смяротная зброя») і Тандзівэ Ньютан («Свет Дзікага Захаду»).
22.11.22 – «Неспакойныя розумы», 2021, Латвія
Ігравы, Райціс Абеле, Лаўрыс Абеле
Браты Абеле даследуюць тонкую грань паміж творчым геніем і ментальным разладам. Турбулентны паўімправізацыйны фільм-перформанс у духу Гаспара Ноэ.
23.11.22 – «Мастацкі фільм пра жыццё», 2021, Літва
Ігравы, Давіле Шаруцітэ
Жыццесцвярджальная драма ў абліччы пахавальнай камедыі.
24.11.22 – «Дзіцёнак-ніндзя», 2021, Нарвегія
Ігравы, Інгвіль Свэ Фліке
«Гэта не каханне. Гэта сперма». Кiнакомікс-драмедзi пра непажаданую цяжарнасць і прымусовае сталенне.
25.11.22 – «Уку», 2021, Эстонія
Дакументальны, Івар Мурд
Калі «мамчын сынок» гучыць стылёва: хроніка жыцця і прыгод андэграўнднага музыкі Уку Куута і яго маці і творчай партнёркі Мар’ю Куут.
26.11.22 – «Сляпы, які не хацеў глядзець “Тытанік”», 2021, Фінляндыя
Ігравы, Тээму Нікі
Пацешны і напружаны фільм-адысея, які перадае сэнсарны досвед невідушчага чалавека. У галоўнай ролі – сляпы і часткова паралізаваны акцёр-музыка Петры Пайкаляйнен.
27.11.22 – «Дзесяць», 2022, Ісландыя
Дакументальны, Дзін Дэблуа
Душэўная «тусоўка» з гуртом Of Monsters and Men ад трохразовага намінанта на «Оскар» Дзіна Дэблуа («Як прыручыць цмока»), якая адлюстроўвае Ісландыю з усімі яе «атрыбутамі»: там ёсць і швэдары, і характэрныя хаткі, і фолк-поп-песні, і, вядома ж, фіёрды.
27.11.22 – «Цуму: куды вядуць мары?», 2022, Данія, Швецыя
Дакументальны, Каспер Кірцнер
Дакументальны калаж пра мары і надзеі зумераў з дэпрэсіўнай правінцыі Грэнландыі.
28.11.22 – «Зацьменне», 2022, Нарвегія
Дакументальны, Наташа Урбан
Шматслойнае даследаванне калектыўнай памяці і адказнасці на прыкладзе югаслаўскіх войнаў. Уладальнік галоўнага прыза фестывалю дакументальнага кіно CPX:DOX 2022.
29.11.22 – «Каханне & расставанне», 2022, Швецыя
Дакументальны, Мoд Нюкандэр
Цёплая чалавечая гісторыя аб экалагічным разводзе як адзіным спосабе захаваць каханне.
29.11.22 – «Бягуха», 2021, Літва, Чэхія
Ігравы, Андрус Блажэвічус
Беганіна па Вільнюсе: хуткасная драма пра самаахвяраванне і таксічнае каханне.
30.11.22 – «Скажы мне», 2021, Эстонія, Іарданія
Дакументальны, Марта Пулк
Дваццаць два кінематаграфісты з усяго свету пад кіраўніцтвам эстонкі Марты Пулк візуалізуюць перажыванні людзей, закрытых дома ў першую хвалю COVID-19.
ВАЖНА: уся праграма ў анлайн будзе даступная бясплатна
Але па папярэдняй рэгістрацыі, якая ўжо пачала працаваць. Фільмы «Ззяння» будуць даступныя па 24 гадзіны згодна з раскладам на працягу кінафестывалю з 20 па 30 лістапада. Таксама вы можаце падтрымаць фестываль данатам.