Жывяце ў Польшчы і не ведаеце, дзе ўзяць кнігі на беларускай мове? Вось 6 месцаў, дзе можна купіць літаратуру

Жывяце ў Польшчы і не ведаеце, дзе ўзяць кнігі на беларускай мове? Вось 6 месцаў, дзе можна купіць літар...
З пераездам у іншую краіну ўзнікае нямала цяжкасцей, але ёсць і яшчэ адна не зусім (ці не адразу) відавочная праблема: дзе браць кнігі на сваёй мове, калі чытаць электронныя версіі не падабаецца? Сабралі для вас месцы ў Варшаве (і не толькі), дзе вам з гэтым дапамогуць.

З пераездам у іншую краіну ўзнікае нямала цяжкасцей, але ёсць і яшчэ адна не зусім (ці не адразу) відавочная праблема: дзе браць кнігі на сваёй мове, калі чытаць электронныя версіі не падабаецца? Сабралі для вас месцы ў Варшаве (і не толькі), дзе вам з гэтым дапамогуць.

Анлайн-кнігарня Viedy.eu

Як адзначана ў апісанні сервіса, Viedy.eu – гэта першая беларуская кнігарня ў Польшчы. У анлайн-краме знойдзеце кнігі розных аўтараў для дарослых і дзяцей: тут вам і Янка Купала, і Уладзімір Караткевіч, і Віктар Марціновіч, і Надзея Ясмінская. Ёсць і творы замежных аўтараў, перакладзеныя на беларускую: напрыклад, «Пітэр Пэн» Бары Джэймса Мэцью ці «Зорныя дзённікі» Станіслава Лема.

Замовіць кнігі можна анлайн. Пасля гэтага вам іх бясплатна прывязуць дадому ці куды пажадаеце. А ў якасці падарунка могуць яшчэ і крутую беларускую размалёўку дадаць – з тым самым Маляванычам ды іншымі цікавымі сімваламі беларушчыны.

Вось тут глядзіце сайт, інстаграм ці фэйсбук. Групы ў сацсетках вядуцца не вельмі актыўна, але на паведамленні дзяўчаты адказваюць даволі аператыўна. Ёсць дастаўка па Еўропе.

Анлайн-дастаўка Alfavit.eu

Яшчэ адна інтэрнэт-кнігарня ў Польшчы – Alfavit.eu. Большасць кніг там прадаюць на рускай мове, але ёсць таксама на беларускай (каталог), англійскай, італьянскай, іспанскай, нямецкай і іншых.

На беларускай ёсць як кнігі беларускіх аўтараў – Купалы, Караткевіча, Коласа і інш., – так і замежных, перакладзеных на беларускую мову. Сярод такіх знойдзеце, напрыклад, «Маленькага прынца» Экзюперы ці «1984» Оруэла.

Тэрмін дастаўкі залежыць ад наяўнасці выдання на складзе і пазначаны ў апісанні кожнай кнігі.

Старонка Knihaŭka на Allegro

На вядомым польскім сайце Allegro ёсць асобная старонка кнігарні Knihaŭka (гэта новы праект закрытага ўладамі мінскага выдавецтва «Янушкевіч»), дзе сабрана невялікая колькасць кніг на беларускай мове. Ёсць як творы беларускіх аўтараў, так і пераклады замежных. У спісе знойдзеце, напрыклад, кнігі Сатрапі (той самы комікс «Персеполіс»), Бахарэвіча, Оруэла, Цімафеевай і іншых.

Там жа знойдзеце і нядаўна прэзентаваны новы гайд па тусовачным Мінску 90-х «Ад Панікоўкі да Шайбы» (праўда, ён надрукаваны на рускай).

Маркетплэйс KAMAROŬKA

У апісанні кажуць, што Kamaroŭka – гэта першы маркетплэйс з беларускім сэрцам, або вядучая пляцоўка электроннай камерцыі беларусаў свету. На сайце знойдзеце як тавары беларускай вытворчасці, так і сусветныя тавары з беларускай мовай і сэнсамі.

Апроч іншага, ёсць у краме і беларускамоўныя кнігі (хаця іх і не так шмат). Замовіць можна як для сябе, так і ў падарунак – тавар дашлюць па пазначаным адрасе.

Задаць пытанні па набыцці тавараў можна па нумары +49 152 346 550 17 (Германія) або праз пошту: info@kamarouka.com.

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat

Kamunikat – найстарэйшая інтэрнэт-бібліятэка, на якой з нядаўняга часу можна замовіць і розныя беларускамоўныя кнігі. Ёсць выданні Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна, Алега Дашкевіча і іншых. А яшчэ на сайце знойдзеце беларускі каляндар на 2023 год ці зможаце паслухаць некаторая творы анлайн.

Каб замовіць кнігу, трэба будзе даслаць ліст на пошту: shop@kamunikat.com. У адказ прыйдзе мэйл з усімі падрабязнасцямі.

«Беларускі моладзевы хаб» у Варшаве

Набыць кнігі на беларускай мове можна таксама і ў «Беларускім моладзевым хабе». Там вас чакаюць як выданні беларускіх аўтараў, так і пераклады сусветнай літаратуры.

Знаходзіцца хаб на pl. Konstytucji, 6. Перад тым як ехаць, таксама раім загадзя патэлефанаваць: +48 727 888 800 або запытаць у асабістыя ў Facebook.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Instagram.com; Unsplash.com.

#Польша #Беларусь
поделиться