Люди, истории Места
CityDog.io

Кітайскі гід: што трэба ведаць пра кітайцаў, якіх у Мінску становіцца ўсё больш

Кітайскі гід: што трэба ведаць пра кітайцаў, якіх у Мінску становіцца ўсё больш
Ужо сёння кожны трэці працоўны мігрант у Мінску – кітаец, і з цягам часу (хаця б з-за будаўніцтва індустрыяльнага парку) іх будзе ўсё больш. 

Ужо сёння кожны трэці працоўны мігрант у Мінску – кітаец, і з цягам часу (хаця б з-за будаўніцтва індустрыяльнага парку) іх будзе ўсё больш. 

Мы паразмаўлялі з кандыдатам гістарычных навук і спецыялістам у галіне нееўрапейскіх цывілізацый Яўгенам Красуліным, каб разабрацца з тым, што нам трэба ведаць, каб разумець кітайцаў. 

КІТАЙЦЫ – ГЭТА ПРАБЛЕМА для нас?

– Мне здаецца, што праблема не столькі ў кітайцах, якія, безумоўна, адрозніваюцца ад нас, колькі ў нашай гатоўнасці прыняць іншых людзей. Пакуль у мяне складаецца ўражанне, што мы не здольныя прыняць іншасць людзей. Вельмі паказальна тое, як мы ставімся да падзей у Еўропе, – з настроем, што яна гіне з-за мігрантаў і ўцекачоў.

Але калі размаўляеш з еўрапейцамі, то відавочна, што яны ставяцца да гэтага спакойна: Мы рыхтуемся прыняць, збіраем грошы, усё нармальна”. То бок яны не бачаць вялікай праблемы, а ў нас – ксенафобія. Магчыма, з-за таго, што мы амаль нічога не ведаем пра іншыя культуры і яны выклікаюць у нас страх і раздражненне.

Але любая інфармацыя пра іншыя культуры дапамагае ў барацьбе з ксенафобіей.

Кітайцы – гэта інтраверты, што вырашаюць вузкія праблемы?

– Па ўражаннях, якія склаліся ад кітайцаў тут, а таксама ў Кітаі, яны, як і мы, пэўныя інтраверты, якія хутчэй скіраваны на свой унутраны свет. Менавіта адсюль з’яўляюцца непаразуменні.

Напрыклад, калі ты ідзеш па вуліцы ці едзеш у грамадскім транспарце, можа скласціся ўражанне, што астатнія ўдзельнікі руху занадта пагружаны ў сябе і наогул нічога вакол не бачаць. Можа здарыцца, што яны вас закрануць ці штурхануць, але ж гэта не каб перашкодзіць ці пакрыўдзіць, а таму, што яны скіраваны на свой унутраны свет і, бывае, не заўважаюць таго, што адбываецца навокал.

Калі падысці павярхоўна, то можна атрымаць уяўленне, што кітайцы вельмі закрытыя і не цікавяцца знешнімі кантактамі. Напрыклад, падчас вучобы ў іншай краіне яны звычайна размаўляюць адзін з адным і не імкнуцца да знаёмства з “мясцовымі”. Але гэта часткова звязана з моўным бар'ерам – вельмі часта яны недастаткова валодаюць мовай: рускай, англійскай ці іншай. Зразумела, што ім больш камфортна мець стасункі з землякамі. Але, калі кітаец апынаецца па-за сваёй звыклай суполкай, ён аказваецца вельмі зацікаўленым – у яго будзе шмат пытанняў пра цябе, краіну, яе гісторыю і ўсё навокал. Зноў жа трэба заўсёды трымаць у галаве тое, што кітайцы такія ж розныя людзі, як мы.

Што адзначаюць амаль усе, хто працуе з кітайцамі або правёў нейкі час у Кітаі, дык гэта тое, што яны даволі вузка мысляць, то бок яны вырашаюць вузкія праблемы – прычым не творча, а праз гатовы шаблон.

Вось, напрыклад, ты ідзеш з кітайцам па вуліцы і бачыш машыну. Кажаш яму, што такая машына была б больш прыгожай, калі была б чырвонай, а не чорнай. І кітаец цябе не разумее, бо “яна ж чорная. Ты пачынаеш тлумачыць: маўляў, а ты ўяві, што яна чырвоная, – але для яго гэта незразумела. І гэта можа працягвацца даволі доўга. Таму калі размаўляеш з кітайцамі і задаеш пытанне, то яны могуць трохі “падвіснуць”. Але гэта таму, што яны вельмі сур’ёзна ставяцца да пытання і ў іх іншы вобраз мыслення. Мінчукі, мабыць, і больш шырока глядзяць на свет, але, безумоўна, можна знайсці сто адваротных прыкладаў.

Затое кітайцы вельмі дысцыплінаваныя – яны будуць старанна выконваць пастаўленую задачу. Але ім усё ж патрэбны кантроль, бо, калі кантроль трошачкі слабее, яны могуць працаваць ужо не так старанна, як хацелася б.


Што Ў КІТАЙЦАХ можа раздражняць БЕЛАРУСА?

– Некаторыя моманты ў кітайскім паўсядзённым жыцці могуць раздражняць, але гэта, канешне, таксама залежыць ад канкрэтнага чалавека. Напрыклад, нават кіраўніцтва КНР ужо звярнула ўвагу на тое, што кітайцы радасна плююцца і смаркаюцца ў прысутнасці другіх людзей, для іх гэта натуральна і не лічыцца адсутнасцю выхавання. Інтэлігенцыя, скажам так, стараецца перастройвацца на мадэлі заходняй культуры і адпаведнай культуры паводзін, але сярод большасці кітайцаў плявацца на вуліцы па-ранейшаму цалкам нармальна. Таксама і са смеццем: калі праходзіш міма рэстаранчыкаў у Кітаі, то ідзеш па смецці як па восеньскім лісці.

Яшчэ кітайцы вельмі любяць запаўняць публічную прастору сабой і сваімі рэчамі. Напрыклад, калі зойдзеш у кітайскі пад’езд, зможаш пабачыць амаль усё што заўгодна: сталы, ровары, бялізну. Нават у цэнтры Шанхая ў шматпавярховых будынках на кожным паверсе можна заўважыць сушылкі – і яны ўсе завешаны рэчамі і бялізнай. Выглядае даволі забаўна.

Але рэчы ў публічнай прасторы – гэта не толькі жаданне займаць сабой усё месца, а таксама і жаданне камунікаваць са знешнім светам. Выстаўленыя ў публічную прастору сталы дапамагаюць не зачыняцца ў прыватных памяшканнях, а выходзіць і размаўляць з суседзямі. І гэта яны вельмі любяць.

Яшчэ адна рэч, якая можа раздражняць, – але гэта індывідуальнае ўспрыняцце (мяне, напрыклад, не раздражняе) – гэта тое, што кітаец можа ісці па вуліцы і даволі гучна спяваць. І пры гэтым спеў можа быць даволі немілагучным (смяецца). Гэта таксама прыкмета таго, што кітайцы скіраваны на свой унутраны свет і таму могуць не заўсёды звяртаць увагу на рэакцыю людзей навокал.

У кнігах, а таксама блогах тых, хто падарожнічаў па Кітаі, можна сустрэць меркаванне пра тое, што кітайцы агрэсіўныя, але да часу добра гэта хаваюць. Але мне здаецца, што кітайцы – гэта сапраўдныя людзі-люстэркі, якія ставяцца да цябе так, як ты ставішся да іх. Калі будзе агрэсія, яны, хутчэй за ўсё, некаторы час ніяк не будуць рэагаваць і, падобна спружынцы, назапашваць негатыўную энергію ў сябе. А потым – разгарнуцца. Ды так, што мала не пакажацца. Але гэта – рэдка. Нават калі ў Кітаі праходзяць нейкія палітычныя акцыі, боек на іх амаль ніколі не бывае, бо на самой справе кітайцы – даволі міралюбівыя.

зразумейце кітайскі светапогляд

– Кітайцы цалкам знаходзяцца ў кантэксце сваёй культуры, нас часам здзіўляюць падмуркі іх культуры і менталітэту. Але ў іх жыцці вельмі істотнае месца займаюць культурныя коды і рытуалы. Напрыклад, ніколі нельга дарыць кітайцу гадзіннік, бо слова “гадзіннік” гучыць як “смерць” – пасля такога падарунка ўжо ніколі не апраўдаешся.

Безумоўна, для кітайскай культуры вельмі істотнай з'яўляецца іерархічнасць: хто старэйшы, хто малодшы, у каго які сацыяльны статус. Калі мы ездзілі ў Кітай з маёй калегай (яна такая ж прафесарка), стаўленне да яе было трошкі іншым, таму што яна жанчына. Прыйшлося доўга тлумачыць, што мы абодва прафесары і яе трэба паважаць гэтак жа, як і мяне. Прытрымліваць дзверы жанчынам там таксама ніхто не будзе, бо згодна з іх іерархічнай сістэмай, жанчына знаходзіцца ўсё ж такі ніжэй за мужчыну. Але і тут, калі паглядзець бліжэй, усё залежыць ад індывідуальнай сітуацыі. На кітайскіх вуліцах лёгка можна стаць сведкай таго, як жанчына крычыць на падарожніка, а можа і кідануць у яго рэчамі альбо нават роварам.

Затое яны з вялікай павагай ставяцца да старэйшых, хаця павага гэта праяўляецца сваеасабліва. Напрыклад, вы ніколі не пабачыце, што яны саступаюць месца старэйшым у транспарце, больш за тое – можаце ўбачыць, як малады чалавек плюхаецца на адзінае ў вагоне свабоднае месца ды яшчэ і пасміхаецца ў твар бабульцы, якую толькі што абагнаў, – гэта нармальна і прымальна. Для чалавека з Захаду вельмі цяжка ўсё гэта зразумець, але ў кітайскай культуры працуе логіка дапушчальнага трэцяга, калі А адначасова з’яўляецца і B, і C. І вось такім чынам у грамадскім транспарце павага да старэйшых ніяк не праяўляецца, але пры любой размове кітайцы па-першае запытаюцца пра здароўе бацькоў, падарункі будуць перадаваць вашым бацькам, нават калі яны ніколі вашых бацькоў не бачылі.

Канфуцыянскія традыцыі вельмі шчыльна сядзяць у кітайскай свядомасці, таму ў іх вялікая адданасць рытуалу, цырымоніі і ўмоўнасцям. Вельмі ўплывае на іх светапогляд знакаміты даоскі прынцып у-вэй, то бок нядзеянне. Гэта знакамітае “ты сядзіш на беразе ракі і чакаеш, пакуль міма праплыве труп твайго ворага”. Хуткія і нечаканыя вынікі не прадугледжваюцца. Калі штосьці не атрымліваецца, то заўсёды можна пачакаць, зрабіць першы крок і не спяшацца. Канешне, нас гэта жудасна раздражняе, бо мы жадаем усё і адразу.

Яшчэ адна рыса кітайцаў, якую мала хто заўважае, – гэта іх унутраная свабода. Бессэнсоўна пытацца ў кітайца, як ён ставіцца да спадчыны Мао Цзэдуна, бо ён скажа тое, чаго патрабуе афіцыйная версія. Але гэта абсалютна не значыць, што ён верыць гэтай версіі. На самой справе ў кітайцаў звычайна ёсць свае меркаванні, яны свабодныя ў сваім мысленні.

ад падарункаў да абдымкаў – Рытуалы і цырымоніі

– У кітайскай культуры такая колькасць традыцый і рытуалаў, што нават пра палову не раскажаш. Ну вось, напрыклад, вельмі важнымі з'яўляюцца парныя падарункі, бо нумералогія ўспрымаецца надзвычай сур’ёзна.

Вельмі істотны рытуал рассаджвання за сталом. Калі кітайцы заказваюць стол у рэстаране, яны загадзя падаюць спіс усіх гасцей, і адмысловыя камп’ютарныя праграмы выдаюць, як правільна ўсіх рассадзіць, бо трэба ўлічыць і ўзрост, і сацыяльны статус, і паходжанне, і шмат розных фактараў.

Падчас застолля, калі чокаюцца, ветлівы чалавек заўсёды трымае свой кубачак ніжэй за таго, з кім чокаецца. І кожны ветлівы чалавек мусіць так рабіць. Гэта можа адбывацца даволі доўга, паколькі кожны крышачку апускае свой кубачак і ёсць рызыка, што кубкі проста ўпруцца ў стол. У такім выпадку лепш за ўсё – мякка ўзяць сваёй рукой тую руку суразмоўцы, якой ён трымае кубак, і чокнуцца так, каб вашы кубкі былі на адным узроўні.

“Абдымашкі” як на Захадзе ў Кітаі не практыкуюцца, а вось пацісканне рук – з’ява нармалёвая. Таксама некаторыя могуць пахлопаць цябе па плячу, праяўляючы сяброўства, але з малазнаёмым чалавекам лепш трымаць дыстанцыю і занадта не набліжацца.

Уплыў заходняй культуры на Кітай зараз даволі адчувальны. Хаця тут трэба прызнаць, што амерыканская масавая культура вельмі прывабная не толькі для кітайцаў, – тыя ж паўднёвыя карэйцы пераймаюць амерыканскую культуру значна больш за кітайцаў. Але пры гэтым мяне, напрыклад, вельмі ўразіла тое, што на святкаванні перамогі у япона-кітайскай вайне шанхайцы зладзілі флэшмоб, у якім паўтаралі знакаміты фотаздымак Альфрэда Айзенштадта, калі марак цалуе медсястру. Тут вельмі паказальна тое, што яны не ўзялі сюжэт сваёй гісторыі, а паўтарылі сюжэт амерыканскай масавай культуры. Хаця і тут бачна, што кітайская культура настолькі іншая, што, нават калі яны пераймаюць элементы іншых культур, у іх атрымліваецца штосьці сваё – нават амерыканская культура ў іх атрымліваецца кітайскай

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: Cristina Daura, bsu.by.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter