25–27 верасня ў Берліне прайшоў XII Міжнародны кангрэс беларусістаў. Адным з удзельнікаў стаў даследчык Ван Чжыўань, які вывучае беларускую мову і працуе над дысертацыяй, у якой аналізуе, сярод іншага, і беларускія дыялекты.
На сваёй старонцы ў Facebook кітайскі даследчык Ван Чжыўань (Wang Zhiyuan) расказаў пра ўдзел у кангрэсе беларусістаў. Паводле яго слоў, арганізатары строга паставіліся да фатаграфавання і відэазапісаў, таму самога мерапрыемства на відэа няма. Але ён выклаў кавалак дамашняй рэпетыцыі, у якім гаворыць па-беларуску (і гэта ў яго добра атрымліваецца!).

Wang Zhiyuan. Фота: Facebook.com.
«Шчыра кажучы, мая беларуская пакуль што вельмі сціплая: я вучыў мову толькі год, ды і апошні раз займаўся ёю два гады таму. Але гэты кангрэс стаў для мяне сапраўды каштоўным вопытам, і я буду працягваць працаваць над сабой, каб у будучыні выступаць яшчэ лепш», – напісаў Ван.
У сваім відэа мужчына расказаў, што ён з Мюнхена і піша доктарскую дысертацыю па славістыцы. Яго дысертацыя прысвечана даўномінуламу часу ў «несупадстандартавых» славянскіх мовах і дыялектах – такіх, як кашубская, сілезская, русінская мовы, заходнеўкраінскія дыялекты і паўночна-заходнія беларускія дыялекты.
Асобна ён адзначыў свой досвед вывучэння беларускай мовы: два семестры наведваў курсы ў Варшаве і Кракаве, і менавіта тады ўзнікла асаблівая цікавасць да беларускай мовы і культуры.
Што гэта за кангрэс?
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі – гэта штогадовая акадэмічная падзея, на якой навукоўцы, эксперты і даследчыкі абмяркоўваюць, як жывe беларускае грамадства, культура, палітыка і мова. Удзельнікі прадстаўляюць універсітэты і аналітычныя цэнтры, якія займаюцца Беларуссю.
У 2025 годзе кангрэс праходзіў па некалькіх напрамках – гэта былі гісторыя, міжнародныя адносіны і паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства і іншыя.
Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёна і свету.
Хто яшчэ з замежнікаў здолеў вывучыць беларускую мову?
Калі памятаеце, CityDog.io расказваў пра іспанку Анхелу Эспіносу, якая вывучыла беларускую мову і выдала на ёй пяць паэтычных зборнікаў.
Да 15 гадоў Анхела нават не ведала, што існуе Беларусь і беларуская мова. Але ў старэйшых класах яна атрымала стыпендыю і паехала ў ЗША па праграме міжкультурнага абмену.
Там яе зацікавілі славянскія мовы, яна скончыла бакалаўрыят па славянскай філалогіі ў Гранадскім універсітэце ў Іспаніі і працягнула навучанне ў Варшаве.
– Напачатку сябры-беларусы мне казалі, што неабавязкова валодаць беларускай мовай – усе размаўляюць па-руску і, калі я яе вывучу, буду ўсё разумець.
У 2010 годзе Анхела напісала тэкст пра падзеі ў Беларусі і перамагла ў конкурсе. На ўручэнне прэміі яе запрасілі ў Варшаву – менавіта там яна ўпершыню трапіла ў беларускамоўнае асяроддзе.
– І тады я цвёрда вырашыла, што калі мне настолькі падабаецца Беларусь, калі мне важна ведаць пра працэсы, якія там адбываюцца, то абавязкова авалодаць беларускай мовай. Гэта было лагічна – чаму я буду размаўляць па-руску, калі эліта размаўляе на беларускай? А я ж хачу быць з элітай!
Як адрэагавалі беларусы?
Пост Вана зацікавіў многіх беларусаў у сацсетках. У каментарыях яны дзякуюць яму за цікавасць да Беларусі і адзначаюць, што ён добра размаўляе на беларускай мове.
«Дзякуй Вам! Ваша беларуская цудоўная, лепш, чым у некаторых беларусаў, таму няма чаго пераймацца, калі што не так», – падзякавала Наталля.
«Заўсёды прыемна й вельмі нязвыкла, калі іншаземец вучыць беларускую мову, мову, якая лічыцца пад пагрозай зьнікненьня. Для Вас гэта, мабыць, цяжка, бо кітайская супраць беларускай на розных канцах Зямлі, розны зусім менталітэт. Вы цудоўна размаўляеце!» – напісала Alona.
«Усяго за 2 семестры такія дасягненні ў беларускай! Уражвае і вельмі прыемна! Посьпехаў з вашай дысертацыяй!» – пажадала Таня.
«Цудоўна размаўляеце!!! Самі беларусы парой цураюцца беларускай мовы... А вы – гэта ўзор для беларусаў!!! Размаўляйце і далей, пашырайце ў сваіх межах культуру Беларусі!!!» – захапляецца Алесь.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.