Люди, истории
CityDog.io

«Цярплівыя і працавітыя, як кітайцы». Як нас бачыць кітайскі магістр беларускай філалогіі (ён пажыў у Мінску, Маскве і Кракаве)

«Цярплівыя і працавітыя, як кітайцы». Як нас бачыць кітайскі магістр беларускай філалогіі (ён пажыў у Мі...
У беларускую медыяпрастору ўварваўся 28-гадовы кітайскі магістр беларускай філалогіі Сюй Байлун. У жніўні ён пачаў публікаваць беларускамоўныя рылсы ў сваім інстаграме, якія хутка прыцягнулі ўвагу і збіраюць сотні лайкаў. Devby.io паразмаўляў з ім пра беларусаў і розныя мовы.

У беларускую медыяпрастору ўварваўся 28-гадовы кітайскі магістр беларускай філалогіі Сюй Байлун. У жніўні ён пачаў публікаваць беларускамоўныя рылсы ў сваім інстаграме, якія хутка прыцягнулі ўвагу і збіраюць сотні лайкаў. Devby.io паразмаўляў з ім пра беларусаў і розныя мовы.

Цікава, што свае рылсы Валянцін (такое імя dsбраў сабе філолаг для камунікацый з еўрапейцамі) стварае без нейкіх модных эфектаў і шаблонаў. Ён проста размаўляе з аўдыторыяй пра кітайскую культуру, а таксама пра складанасці, якія чакаюць іншаземцаў пры вывучэнні беларускай мовы. І размаўляе на прыгожай беларускай мове з дасканаласцю, якой падсвядома проста не чакаеш ад чалавека з супрацьлеглага боку Еўразіі. У гэтым інстамагія Сюй Байлуна: беларусаў прываблівае сама прага кітайца да беларушчыны, яго павага да нашых мовы і культуры.

Інстаграм Валянціна.

А як успрымае нас, беларусаў, кітайскі мовазнаўца, які скончыў бакалаўрыят па рускай мове ў Кітаі, магістратуру па беларускай у Мінску, а цяпер атрымлівае другую магістратуру па ўкраінскай мове ўжо ў Кракаве? Devby.io пагутарыў з ім пра гэта.

«Ведаю беларускую, украінскую, польскую і рускую на ўзроўні B2–С1»

– Раскажыце трохі пра сябе. Дзе нарадзіўся і жыў Сюй Байлун у Кітаі?

– Я нарадзіўся ў правінцыі Юньнань, у горадзе – сталіцы гэтай правінцыі Куньмін (гэта на паўднёвым захадзе Кітая). Там я хадзіў у школу і вырас. Пасля паступіў ва ўніверсітэт і паехаў у Пекін на навучанне. Там правёў чатыры гады.

– У вашай сям’і размаўлялі на путунхуа (афіцыйнай стандартнай кітайскай мове КНР) ці на нейкім мясцовым дыялекце кітайскай мовы? Ці ведаеце вы розныя варыянты кітайскай мовы?

– У маёй сям’і размаўляюць на мясцовым дыялекце кітайскай. Бацькі маюць праблемы з путунхуа. Я ведаю толькі свой дыялект і путунхуа, бо іншыя кітайскія дыялекты для мяне складаныя. Нават пекінскі дыялект за чатыры гады я не вывучыў.

Куньмін. Май 2024 года. Фота: 瑞丽江的河水, CC BY-SA 4.0, Commons.wikimedia.org

– А колькі моў цяпер вы ведаеце? І на якім узроўні кожную?

– Ведаю беларускую, украінскую, польскую і рускую. Кожную з іх ведаю на ўзроўні B2–С1. Таксама ведаю англійскую, але пасіўна, вучыў яе ў школе больш за дзесяць гадоў. Але яна не была мне патрэбная, і ў мяне не было практыкі.

– Адкуль з’явілася ваша цікавасць да славянскіх моў?

– Усё пачалося выпадкова, таму што ў Кітаі будучым студэнтам нельга свабодна выбіраць спецыяльнасць. Можна выбіраць з прапанаваных, і іх толькі некалькі. І ў тым годзе, калі я скончваў школу, якраз у гэтым шэрагу патрапілася руская мова. Мяне яшчэ да таго часу доўга цікавіла кірыліца (бо выглядае незвычайна і экзатычна). І я спыніў свой выбар на рускай мове.

Калі паступіў, выявілася, што навокал мяне адны практычныя людзі, якія трапілі сюды (то бок выбралі рускую філалогію) не таму, што папраўдзе цікавіліся гэтым. А таму, што проста бачылі ў гэтай спецыяльнасці кар’ерную перспектыву. Кітай і Расія маюць добрыя адносіны, і дзякуючы гэтаму было шмат адпаведных вакансій у дзяржструктурах. Можна сказаць, што ніхто нічым, акрамя перавагі ў канкурэнцыі за працоўныя месцы, не цікавіўся.

А ўкраінская і беларуская мовы – з вядомай прычыны – былі адзінай нівай, дзе яшчэ не смярдзела спаборніцтвам пацукоў ды дзе можна было чэрпаць сапраўдную асалоду са сваёй цікавасці.

Рылсы ў інстаграме Валянціна.

– Колькі людзей у вашым універсітэце ў Кітаі разам з вамі хадзілі на факультатыў па беларускай мове?

– Мала хто хадзіў. Тады на факультатыве па беларускай былі толькі пяцёра.

А людзей, якія вывучалі рускую, была цэлая армія. Тых, хто вывучалі польскую, было менш.

– Якія самыя папулярныя мовы для вывучэння ў вашым універсітэце і ў іншых універсітэтах Кітая?

– Англійская і руская.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram.

«Звычайныя кітайцы часта блытаюць Беларусь і Расію»

– У які перыяд вы жылі і вучыліся ў Беларусі?

– Я жыў у Беларусі з 2019 да 2021 года.

– Ці шмат вы ведалі пра Беларусь і пра беларусаў перад тым, як ехаць у нашу краіну?

– Пра Беларусь ведаў толькі тое, што напісана ў падручніках і кітайскіх сацсетках. Звычайныя кітайцы часта блытаюць Беларусь і Расію, нават часам лічаць (наўмысна і ненаўмысна), што Беларусь – частка Расіі. Кітайцы паступаюць у беларускія ВНУ, калі з паступленнем у прэстыжныя расійскія ВНУ нешта не выходзіць.

Калі мая каляжанка-кітаянка заканчвала навучанне ў Беларусі і выбірала сувеніры для сям’і, яна выбрала «матрёшку». Калі я параіў рушнікі або льняныя вырабы, яна адказала: «Какая разница. Белоруссия и Россия – одно и то же».

– Можа, сярод кітайцаў ёсць нейкія стэрэатыпы пра нас? Калі так, што з гэтых стэрэатыпаў спраўдзілася, а што не?

– Ваша краіна прываблівае кітайцаў яшчэ тым, што ў Беларусі захавалася шмат савецкай спадчыны (як гэта ні дзіўна гучыць). Гэты стэрэатып спраўдзіўся: бюракратызм у Беларусі быў жахлівым.

– У адной з папярэдніх размоў з журналістамі вы расказвалі, што еўрапейцы больш адкрытыя і таварыскія, а кітайцы больш сціплыя і стрыманыя. А ці навучыліся вы за гады, праведзеныя ў Еўропе, адрозніваць адных еўрапейцаў ад іншых?

– Думаю, што людзі з заходняй Еўропы яшчэ больш адкрытыя і таварыскія. А славяне, калі параўнаць з імі, больш стрыманыя.

– Ці ёсць нейкія рысы характару ці асаблівасці паводзін, якія вы вылучаеце менавіта ў беларусаў?

– Лічу, што беларусаў можна адрозніваць ад іншых па тым, што яны паводзяць сябе вельмі ціха і ўважліва. Гавораць цішэйшым тонам. Выконваюць усе правілы. Не хочуць прыцягваць да сябе ўвагу.

– Ці заўважылі вы нейкія агульныя рысы ў беларусаў і ў кітайцаў?

– Беларусаў і кітайцаў аб’ядноўвае цярплівасць. Калі жыццё неяк больш-менш ідзе, то з ліхамі заўсёды можна змірыцца.

Яшчэ думаю, што беларусы сапраўды больш працавітыя, чым іх еўрапейскія суседзі. А ў кітайцаў працавітасць – часам спосаб выжывання ў канкурэнцыі.

– Яшчэ вы расказвалі, што падчас вывучэння беларускай мовы адчувалі культурную сувязь паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай. Падкажыце, у чым вы ўбачылі гэту сувязь? Толькі ў мовах ці яшчэ ў нечым іншым?

– У першую чаргу ў мовах. У мяне адчуванне, што ў беларускай і ўкраінскай мовах больш агульнага з польскай, чым з рускай (гэта маё суб’ектыўнае адчуванне). У архітэктуры, у традыцыйнай вопратцы тое ж самае. У Расіі ўжо зусім іншы стыль: «цыбулісты купал», «какошнік». Я ведаю пра гэта, бо год жыў у Маскве. Пабыў за гэты час у Суздалі, Уладзіміры.

А яшчэ сувязь паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай у агульнай гісторыі Рэчы Паспалітай.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram.

– Згодна з вашым досведам вывучэння, якая мова вам падаецца самай блізкай да беларускай?

– Украінская.

– Калі вучыліся ў Мінску, як часта сустракалі беларусаў, якія размаўлялі на беларускай мове? Ці не здзіўляла вас тое, што такіх людзей у Беларусі так мала?

– Амаль ні разу не сустракаў. Мяне больш здзіўляла не столькі колькасць, колькі незвычайнае стаўленне да беларускай мовы, нават калі на ёй гавораць або намагаюцца гаварыць замежнікі. Хоць не ва ўсіх, але нават адзіныя выпадкі сапраўды ўражвалі.

– Якія беларускія традыцыі падаліся вам найбольш дзіўнымі?

– Падчас вучобы ў Мінску ў мяне не было нагоды пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі. І часам шматлікія мясцовыя традыцыі больш савецкія, чым беларускія. Але памятаю, што на «Ютубе» глядзеў, як на вёсцы прыбіралі страшыдла ў выглядзе «дзядулі» і яго кудысьці выпраўлялі ці хавалі як нябожчыка. І выкарыстоўвалі морквіну як мужчынскі орган.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram.

– А як на кітайскі густ выглядае беларуская ежа?

– На кітайскі густ беларуская ежа трохі прэсная. Бо кітайская ўжывае яскравыя на смак прыправы, якіх няма ў Еўропе.

– Вы расказвалі, што вам спадабалася «Дзікае паляванне караля Стаха». Ці ёсць які кітайскі пісьменнік, якога б вы маглі параўнаць з аўтарам «Дзікага палявання» Уладзімірам Караткевічам?

– Цяжка правесці такую паралель. «Дзікае паляванне караля Стаха» прадстаўляе мне занядбаную шляхецкую частку беларускай культуры. А цяпер гэта частка забароненая і згубленая. У кітайскай культуры не было такога разрыву.

– А хто ваш любімы кітайскі пісьменнік?

– З кітайскіх пісьменнікаў найбольш люблю Лу Сюна, бо шмат праблем, якія адлюстроўваюцца ў яго творах, яшчэ актуальныя для сённяшняга дня (Лу Сюн, або, у іншай транскрыпцыі, Лу Сінь – класік кітайскай літаратуры, які жыў ў 1881–1936 гадах. – Devby.io).

– У Еўропе і сярод беларусаў кітайская літаратура не вельмі папулярная. Але ў апошнія гады вядомым стаў фантаст Лю Цы Сінь са сваёй трылогіяй «Задача трох целаў». Ці падабаецца вам яго творчасць?

– Ён таксама вядомы і ў Кітаі, але я не цікаўлюся навуковай фантастыкай.

– «Ксенафобія і расізм гавораць больш пра абмежаванасць асобы» Ці сустракаліся вы з нейкімі праявамі ксенафобіі ці расізму падчас жыцця ў Беларусі і ў Польшчы?

– Ні ў Беларусі, ні ў Польшчы я ні разу не сустракаў ксенафобіі ці расізму. Ксенафобія і расізм гавораць больш пра абмежаванасць асобы, таму не пераймаюся гэтым.

– На ваш погляд, беларусы – гэта талерантны народ?

– Беларусы вельмі талерантны народ, гэтага нельга адмаўляць.

– Як вы лічыце, прыналежнасць да самага буйнога ў свеце народу неяк уплывае на нацыянальны характар кітайцаў, на іх светапогляд?

– Я лічу, што колькасць насельніцтва пэўна ніяк не ўплывае на менталітэт кітайцаў. Хіба толькі тое, што тыпу «насельніцтва шмат, а рэсурсаў мала, таму мы мусім «пагадзіцца на меншае для агульнага дабра». З гэтай нагоды людзі пачуваюцца менш важнымі.

– Ці адчувалі б вы сябе менш утульна і камфортна, калі б належалі не да паўтарамільярднага этнасу, а да невялічкага народу, мова якога знаходзіцца на мяжы вымірання?

– Я б не адчуваў сябе менш утульна і камфортна, бо, па-першае, вялікая колькасць «нас» не дадае нейкага пачуцця бяспекі. Па-другое, камфорт паходзіць ад таго, ці соцыум паважае вартасць чалавека, ці паважае індывідуалізм, ці чалавек можа быць у ім сабой.

Адна з публікацый Сюй Байлуна ў Іnstagram.

«Шкада бачыць, што беларусы знікаюць як народ»

– На ваш погляд, ці мае валоданне і ўжыванне роднай мовы дачыненне да нацыянальнага самавызначэння людзей?

– Вядома, мае дачыненне. Мова – гэта частка нацыянальнай ідэнтычнасці. Па ёй праходзіць псіхалагічная мяжа паміж «сваім» і «чужым». Гэта добра відаць на прыкладах расіян, палякаў і (сёння) украінцаў.

– Ці дапамагае кітайская мова кітайцам у Кітаі і кітайскім дыяспарам (у Сінгапуры, Малайзіі, ЗША і гэтак далей) адчуваць сябе адзіным народам?

– Яна не дапамагае ім адчуваць сябе адзіным народам, прынамсі палітычным. Гэта, хутчэй, нейкая культурная сувязь. Культурна яны свае, але не належаць да нейкага адзінага народу. Палітычна яны чужыя.

– Як вы лічыце, ці трэба беларусам у дыяспары цікавіцца сваёй мовай і захоўваць яе, каб заставацца беларусамі?

– Трэба. Шкада бачыць, што беларусы знікаюць як народ.

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фота на вокладцы: Eugene Krasnaok, Unsplash.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter