Беларускае дзяржмедыя зрабіла гучную заяву: палякі стаміліся ад беларусаў, якія эмігравалі ў іх краіну. Пакуль, на думку газеты, абмяжоўваюцца папярэджаннямі – робяць дробныя паскудствы, пасля ж «пачнуць біць». CityDog.io даведаўся ў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, ці адчуваюць яны складанасці ў камунікацыі з палякамі.
Што здарылася?
Ва Уроцлаве пара беларусаў – Віка і Рома – сутыкнуліся з непрыемнай сітуацыяй: невядомыя залілі ім дзверы кватэры мантажнай пенай і пакінулі надпіс «вунь да сябе» на польскай мове. Пра сітуацыю падрабязна расказвалі беларускія незалежныя медыя, якія пагутарылі з парай. Крыніца канфлікту да канца незразумелая – верагодна, прычынай стала непаразуменне паміж беларусамі і іх польскімі суседзямі па доме.
Праз некаторы час беларускае дзяржмедыя вырашыла выпусціць уласную калонку, дзе на прыкладзе гэтай гісторыі зрабіла выснову: палякі не рады беларусам.
«Далей, канечне, будуць біць. А што яшчэ з тупымі і нахабнымі рабіць? Мы тут з імі ў Беларусі вунь колькі гадоў цацкаліся, пакуль гэта навалач канчаткова не зрабілася нахабнай. Палякі іх тады моцна шкадавалі, бедненькіх. Цяпер ужо і ў Польшчы зразумелі, што нездарма гэтым паразітам у роднай краіне ўсё дрэнна было», – рэзюміруе аўтарка калонкі.
CityDog.io сабраў гісторыі беларусаў, якія даказваюць: нацыянальнасць не адыгрывае ролі, а вось паразуменне і ўменне дамаўляцца – так.
«Калегі па ўласнай ініцыятыве назбіралі падарункі для маіх дзяцей»

– У мяне на працы ёсць бабуля, якая жартоўна называе сябе złodziej kieszonkowy («кішэнны злодзей»). Не ведаю, як ёй гэта ўдаецца, але яна амаль незаўважна падкрадваецца да мяне – і засоўвае руку з цукеркай, яблыкам або «снікерсам» мне ў кішэню. А ўсё лета, калі яна мяне сустракала, засоўвала марожанае. Часам яна кажа, што я для яе як унучка, – таму і прыносіць мне штосьці салодзенькае. Гэтая бабуля – дзьмухавец, сонечны пушок, які хочацца абдымаць і цалаваць, такая яна мілая.
Ёсць і іншая бабулька, якая частуе мяне печывам і торцікамі, якія самастойна выпякае. Апошні раз уручыла мне кантэйнер – кажа: «Гэта дзецям». Я не адкрывала, бо рукі былі бруднымі. Пасля гляджу, а там – спечаныя «грыбочкі» з шакаладнымі шапачкамі і какосавай стружкай. Гэта так міла, што мяне падкормліваюць на працы.
А калі я толькі ўладкавалася – гэта быў снежань, – калегі па ўласнай ініцыятыве назбіралі два вялізныя пакеты падарункаў для маіх дзяцей. Паклалі салодкае, адзенне і забаўкі для кожнага – па коціку. Мне было вельмі прыемна.
«Інструктар па аўташколе нагадваў мне дзеда: увесь час жартаваў»

– У Польшчы мне спатрэбілася запісацца ў аўташколу – выбрала правераную, куды хадзілі мае знаёмыя. Пасля тэарэтычных заняткаў мне далі інструктара – здавалася б, самы звычайны польскі выкладчык. Але за час практычных заняткаў мы ўсталявалі вельмі добры кантакт. Інструктару было каля 60 гадоў, і сваім вайбам ён нагадваў мне дзеда (хаця ў мяне іх ніколі не было, бо яны рана памерлі) – ён увесь час жартаваў, даваў жыццёвыя парады і расказваў пра сваё жыццё. Падаецца, мне такога вельмі не хапала ў эміграцыі: прыходзіла на заняткі і ведала, што змагу з ім паразмаўляць.
Аднойчы ён расказаў, што з іншых краін бываў толькі ў Беларусі – ездзіў туды гандляваць. Агулам яго стаўленне да беларусаў было вельмі добрым: мы і наконт палітыкі разганяліся, бо інструктар быў моцна паглыблены ў наш кантэкст – вельмі нас падтрымліваў. Аўташколу я ўжо скончыла, але часам бачу яго аўто ў горадзе – тады махаю яму.
Скажу шчыра: цяпер, калі чытаю навіны, мне робіцца страшна. Але на ўласным досведзе ў Польшчы ніколі не сутыкалася з дрэнным стаўленнем з-за таго, што я беларуска.
«Майстар сам звязаўся з людзьмі, якія ўзломваюць аўто»

– Неяк мы паехалі з мужам у рыбацкую вёсачку пад Гдыняй – хацелі купіць куст для нашага сада. Прызнаюся, хоць лакацыя і аказалася маляўнічай, але там было бязлюдна, яшчэ і вечарэла.
Тут мой муж прысеў на бардзюр – і ў яго з кішэні выпалі ключы ад нашага аўто. Ключы ўпалі ўніз да хвалярэзаў і вялізных камянёў і, відаць, адрыкашэцілі кудысьці далёка: увогуле, дастаць іх у нас так і не выйшла. А нашы тэлефоны, як на ліха, разрадзіліся. У выніку праз смарт-гадзіннік мы звязаліся з майстрам, які чыніць наша аўто: расказалі, у якой дурной сітуацыі апынуліся.
Па нашым апісанні майстар вызначыў, дзе мы знаходзімся, сам звязаўся з людзьмі, якія ўзломваюць аўто і робяць копію ключоў, – і сказаў чакаць. Праз некалькі гадзін прыехаў мужчына, які і дапамог адкрыць аўто. Часу мы тады патрацілі процьму, затое ўсё ж дабраліся дадому. Цяпер, калі тэлефануем нашаму майстру, ён жартуе над гэтай гісторыяй.
«Дзяўчына спецыяльна павольна са мной размаўляла, каб я ўсё разумела»

– Мая камунікацыя з палякамі ў цэлым заўсёды складвалася добра, асабліва пры пошуку кватэры: яны спачувалі беларусцы, якая апынулася ў Польшчы і не можа вярнуцца дадому. У выніку ў мяне з’явілася суседка, з якой мы вельмі пасябравалі – абедзве не любілі шум, таму, калі да кагосьці з нас прыходзілі госці, спісваліся і прасілі прабачэння за магчымыя нязручнасці. А часам удваіх выбіраліся куды-небудзь – гулялі і пілі віно.
У Польшчы заўсёды трапляла на людзей, якім было пляваць, што я магу гаварыць з памылкамі: ні разу не чула, каб з мяне смяяліся ці выпраўлялі маю гаворку. А яшчэ я пасябравала з дзяўчынай, якая спецыяльна павольна са мной размаўляла, каб я ўсё разумела і вучылася польскай мове. Пры гэтым балбаталі на зусім розныя тэмы: ад музыкі да філасофіі, каб я падцягвала не толькі «бытавую» мову.
На запыт CityDog.io падзяліцца добрымі гісторыямі, звязанымі з камунікацыяй у Польшчы, адгукнулася шмат беларусаў. Вось яшчэ некалькі сітуацый, якія апісалі нашы чытачы.
Саша: «Я вярнуўся ў Беларусь, але мой працадаўца ўсё роўна падлічыў падаткі, якія я пераплаціў дзяржаве, – у выніку мне даслалі грошы, прыкладна каля 1300 злотых (969 руб.)».
Дзяніс: «Мой варшаўскі лендлорд казаў, што вельмі рады беларусам, – і здаваў нам кватэру коштам у два разы ніжэй, чым па рынку. За два гады жыцця ні разу не прыходзіў да нас на праверку – я бачыў яго толькі падчас засялення і ад’езду».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













