Выпускніца кракаўскага ўніверсітэта паказала ў Behance, як бы магла выглядаць абноўленая Кастрычніцкая вуліца ў Мінску. CityDog.io паглядзеў, што яна прапануе і чым яе ідэі адрозніваюцца ад праекта, які зацвердзілі ўлады.
Што гэта за праект?
Валерыя Пашковіч, выпускніца Кракаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, у сваім акаўнце ў Behance апублікавала ўласны студэнцкі праект. У ім яна паказала план па рэнавацыі Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску.
Паводле задумы, мяркуецца захаваць гістарычныя будынкі, палепшыць інфраструктуру і стварыць камфортныя гарадскія прасторы для жыхароў і турыстаў.
Дзяўчына паказала, як мог бы выглядаць абноўлены раён: безліч зеляніны, рэстаўрацыя закінутых зон, а яшчэ шмат дарог для злучэння з іншымі часткамі Мінска.
На рэндарах можна разгледзець новыя пешаходныя і веладарожкі ўздоўж ракі, зялёныя дахі, тэрасы і вертыкальныя сады. Паводле яе плана, на Кастрычніцкай зноў павінен запрацаваць трамвай.
Як ствараўся праект?
Спачатку дзяўчына прааналізавала пляцоўку, а затым выдзеліла моцныя і слабыя бакі раёна. Яна звярнула ўвагу, што на Кастрычніцкай дарогі і тратуары ўсё яшчэ ў дрэнным стане, а побач ёсць мёртвая зона вакол канцэртнай залы «Мінск». Усё гэта, паводле яе задумы, трэба выправіць.
На рэндарах аўтаркі праекта можна заўважыць і даволі вялікую зону са шматкватэрнымі дамамі. Паводле плана, там жа на першым паверсе павінны быць камерцыйныя памяшканні, а яшчэ падземны паркінг і дахі, якія мясцовыя жыхары таксама змогуць выкарыстоўваць для адпачынку.
А чым яе праект адрозніваецца ад таго, які зацвердзілі ўлады?
Праект студэнткі па рэканструкцыі Кастрычніцкай трохі перагукваецца з ужо існуючым, які ўлады зацвердзілі яшчэ ў 2020 годзе.
Паводле задумы ўладаў, прамысловую зону павінны ператварыць у прывабны культурны кластар: аднавіць гістарычныя будынкі і пабудаваць новыя, якія будуць выкарыстоўвацца для правядзення выстаў, працы творчых студый, размяшчэння музеяў і галерэй.
У тым жа 2020 годзе чыноўнікі вырашылі зрабіць з Кастрычніцкай пешаходную зону. Трамвайную лінію таксама хацелі прыбраць, але захаваць рэйкі. А ў 2023 годзе ўлады Мінска заявілі, што сюды, магчыма, вернуць конку (трамвай, які цягне конь. – Рэд.).
У праекце, які прапануе студэнтка, наадварот, праз Кастрычніцкую праходзіць трамвай. Гэта адно з галоўных адрозненняў у ідэях. Таксама на рэндарах дзяўчыны значна большая ўвага нададзена бліжэйшым раёнам і лепшаму злучэнню лакацыі з імі. У дакуменце ўладаў пра гэта не згадваюць.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Behance.com,