Журналісты сайта аб альтэрнатыўным сельскім жыцці DownShifter.by разбіраліся, як не нашкодзіць сабе і прыродзе, выбіраючы касметычныя і гігіенічныя сродкі.
(...) Як і ў выпадку з бытавой хіміяй, у выбары бяспечнай касметыкі і сродкаў гігіены таксама не абысціся без уважлівага прачытання складу. Перш за ўсё правярайце сапраўднасць экамаркіроўкі, каб не трапіцца на хітрыкі грынвошынгу.
Варта пазбягаць наступных рэчываў у касметыцы і гігіенічных сродках
1. Парабены (methyl-, ethyl-, propyl-, butylparaben). Стабілізатары-кансерванты, якія прыгнятаюць рост мікраарганізмаў. Усмоктваюцца скурай і валодаюць слабым эстрагенным уздзеяннем, што небяспечна пры некаторых хваробах (раку грудзей) і падчас цяжарнасці (можа выклікаць паталогіі рэпрадуктыўнай функцыі плоду). Могуць правакаваць запаленчыя працэсы ў скуры, што прыводзіць да з’яўлення маршчын і зніжэння тонусу скуры.
2. Этаноламіны (mono-, di-, (ДЭА, DEA) triethan- olamine (ТЭА, TEA). Рэгулятар pH, у фарбах для валасоў выкарыстоўваецца як замена аміяку, буферныя і пенаўтваральныя рэчывы. Аказваюць таксічнае ўздзеянне пры доўгатэрміновым выкарыстанні. Могуць выклікаць алергічныя рэакцыі, раздражненне вачэй, сухасць скуры і валасоў.
3. Вазілін, парафін, мінеральны алей (vaseline, paraffin, petrolatum, petroleum jelly). Стабілізатары эмульсіі, загушчальнікі. Прадукты нафтаперапрацоўкі. Масава выкарыстоўваюцца праз таннасць і доўгае захаванне. Парушаюць натуральныя працэсы ўвільгатнення — ствараюць на скуры плёнку, што прыводзіць да таго стану, з якім яны мусяць змагацца: сухасць скуры, абязводжванне, пачырваненне, зніжэнне бар’ерных функцый, з’яўленне трэшчынаў. Забруджваюць навакольнае асяроддзе.
4. Бензафенон, дыгідраксібензафенон (benzophenone, BP, diphenyle ketone, oxybenzone, octyl methoxycinnamate). Эмульгатары, фільтры, якія абараняюць ад сонца. Могуць выклікаць алергію.
5. Трыклазан (triclosan, amicor, aq- uasept, bactonix). Кансервант, дэзадарант, бактэрыцыдны сродак. Можа выклікаць эндакрынныя парушэнні. Раздражняе вочы, скуру і лёгкія. Забруджвае навакольнае асяроддзе.
6. Фталаты: бензілбутылфталат, дыбутылфталат, дыэтылфталат (phtha- lates, benzyl butyl phthalate, BBP, dibutyl phthalate, DBP, diethyl phthalate, DEP, «парфюмерная кампазіцыя»). Фіксатары водару, растваральнікі. Могуць выклікаць эндакрынныя парушэнні і алергіі. Верагодна валодае таксічнацю для імуннай і рэпрадуктыўнай сістэмы.
7. Фармальдэгід (formic aldehyde, methanal). Антысэптык і кансервант, аказвае антыбактэрыяльнае ўздзеянне. Таксічны канцэраген. Выклікае алергію, раздражненне скуры. Супрацьпаказаны цяжарным і людзям з бранхіяльнай астмай.
8. FD&C ці D&C; Cl xxxxx, дзе «xxxxx» — нумар. Сінтэтычныя фарбавальнікі. Павышаюць прыцягальнасць касметычных сродкаў. Некаторыя фарбавальнікі могуць быць канцэрагеннымі.
9. Аддушкі (parfume, «араматызатар»). Сінтэтычныя аддушкі могуць уяўляць сур’ёзную небяспеку для здароўя. Абазначаюцца адным словам, але могуць утрымліваць да двухсот хімічных складнікаў, якія здольныя выклікаць галаўны боль, галавакружэнне, гіперпігментацыю, кашаль, раздражненне скуры, высыпанні, ваніты.
10. Гліколі: прапіленгліколі (PPG), поліэтыленгліколь (PEG) (polypropylene, polyethylene, diethylene, pentylene, hexylene glycol). Стабілізатары эмульсіі, кандыцыянеры для скуры, павялічваюць пранікальнасць. Сумесь прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Могуць выклікаць алергічную рэакцыю і раздражненне скуры. Забруджваюць навакольнае асяроддзе.
11. Лаурыл-/лаурэтсульфат натрыю, лаурыл-/лаурэтсульфат амонію (sodium lauryl sulfate, SLS, sodium laureth sulfate, SLES, ammonium lauryl sulfate, ALS, ammonium laureth sulfate, ALES). Танныя і шкодныя ПАР — ачышчальнікі, пенаўтваральнікі, выкарыстоўваюцца ў сродках па доглядзе за поласцю роту, шампунях. Атрымліваюцца з прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Раздражняюць слізістыя і скуру. Могуць выклікаць лушчэнне скуры галавы, падобнае на перхаць.
12. Дыязалідыніл-мачавіна, імідазалідыніл-мачавіна (DIAZOLIDINYL UREA, IMIDAZOLIDINYL UREA). Кансерванты. Могуць выдзяляць фармальдэгід, які аказвае таксічнае ўздзеянне. Бываюць прычынай развіцця кантактнага дэрматыту.
Каб не згубіцца ў мностве інгрэдыентаў, вы можаце скарыстацца зручным кішэнным буклетам-шпаргалкай ад ecoidea.by
Асаблівую ўвагу трэба надаць утрыманню ў гігіенічных і касметычных сродках мікрапластыку
Прычым гаворка ідзе не столькі пра другасны мікрапластык, які ўтвараецца ў працэсе распадання на часцінкі пластыкавых прадуктаў, колькі пра першасны мікрапластык, які спецыяльна вырабляюць і дадаюць у касметыку для надання ёй пэўных уласцівасцяў.
Пакуль шкода яго для чалавечага арганізму не даказана, але дакладна вядома, што ён шкодны для навакольнага асяроддзя. «Аднойчы трапіўшы ў навакольнае асяроддзе, мікрапластык немагчыма адтуль выдаліць, — тлумачыць спецыялістка па экадружалюбным ладзе жыцця Дар’я Чумакова. — Яго знаходзяць паўсюль — у вадзе, глебе, нават на крылцах пчол. Сродкаў, у складзе якіх пазначаны мікрапластык, дакладна трэба пазбягаць».
Мікрапластык не расшчапляецца, яго нельга сабраць і перапрацаваць, ён можа ўтрымліваць таксічныя рэчывы, а ў водным асяроддзі да яго могуць прычапляцца іншыя таксіны. Нярэдка мікрапластык трапляе ў арганізм водных насельнікаў, а таксама чалавека (напрыклад, праз зубную пасту) і накапліваецца там.
Вось як абазначаецца мікрапластык у касметычных сродках; вось для чаго ён туды дадаецца
Polyethylen (PE): дапамагае ствараць абаронную плёнку на скуры. Сустракаецца ад геляў для душа да пудры.
Polyethylenterephtalat (PET) и Acrylates Copolymer (AC) — блёсткі, адказваюць за ззянне і бляск, а таксама дастаткова танны кампанент для ачышчэння і пілінгу.
Polyamid (Nylon-12, Nylon-6, Nylon-66): адказвае за вязкасць і гушчыню крэмаў, эмульсій, масак, павялічвае аб’ём касметычнага прадукту.
Polyurethane (-2, -14, -35) — плёнкаўтваральнік, фіксатар валасоў, выкарыстоўваецца супраць зліпання.
Polypropylen (PP) — стабілізатар эмульсіі, кандыцыянер для скуры.
Polystyrene (PS) — плёнкаўтваральнік, рэгулятар вязкасці.
Polyquaternium (P) — плёнкаўтваральнік, фіксатар валасоў, выкарыстоўваецца для паласкання валасоў, антыстатык, мае антымікробнае ўздзеянне.
Ethylene/Propylene Copolymer: плёнкаўтваральнік, рэгулятар вязкасці, абразіў.
Ад чаго яшчэ варта адмовіцца?
Акрамя вышэйпазначаных кампанентаў варта адмовіцца ад антыбактэрыяльных сродкаў: мыла, вільготных сурвэтак і інш. Асабліва гэта актуальна ў часы распаўсюджвання каронавірусу. Звычайна кампаненты, якія надаюць антыбактэрыяльныя ўласцівасці (напрыклад, трыклазан), могуць парушаць нармальны гідраліпідны баланс скуры, прыводзяць да аслаблення імунітэту і могуць выклікаць рэзісэтнтнасць бактэрый.
Акрамя таго варта адмовіцца ад любых аэразоляў. Калі магчыма, замяніць іх на спрэі ці іншыя аналагі. Звычайна для стварэння ціску газу ў балоне выкарыстоўваюцца прапеленты — сумесь вуглевадародаў. Акрамя небяспекі ўзгарання і выбуху гэтае рэчыва яшчэ і негатыўна ўплывае на нервовую сістэму чалавека. Могуць выклікаць галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, санлівасць.
Аднак пужацца, пабачыўшы "хімічныя" інгрэдыенты ў сродку гігіены ці касметыцы, не варта. Не заўсёды гэта абазначае, што перад вамі шкодны прадукт. Стварыць касметыку без некаторых кампанентаў, напрыклад, кансервантаў, вельмі цяжка. Тэрмін годнасці такога прадукту будзе вельмі кароткім, што нязручна як для вытворцы, так і для пакупніка.
Дар’я Чумакова падкрэслівае, што ў кожнага чалавека розны ўзровень прымальнасці: камусьці, напрыклад, нармальна, калі касметыка ўтрымлівае аддушкі, а для чыіхсьці экалагічных стандартаў гэта недапушчальна. Таму толькі ўважлівае прачытанне складу можа дазволіць вам выбраць прымальны сродак асабіста для вас.
1. Парабены - адзін з самых даследаваных кансервантаў, і "мяккіх" з іншых.
2. Этаналаміны - выступаюць і як актыўны інгрэдыент - шкодна, і як кампанент для стварэння комплексу або рэгулявання рН - хімічна злучаны і шчолач адсутнічае ў сродку.
3. Мінеральны алей і падобнае - самы інэртны касметычны інгрэдыент - не правакуе алергію, служыць як носьбіт іншых актываў, стварае плёнку калі гэта неабходна - дзіцячая, пашкоджаная, сухая і т.п. скура. Ужываць з розумам сродкі трэба.
4. Ёсць больш бяспечныя УФ-фільтры. Але, як правіла, бяспечней для скуры выкарыстоўваць любыя УФ-фільтры, чым не выкарыстоўваць зусім.
8. Фарбавальнікі. Усе фарбавальнікі маюць маркіроўку, і калі яны дапушчаны нарматыўнымі дакументамі мытнага саюза, напрыклад, то бяспечныя ва ўказаных дазіроўках, пакуль не будзе даказана адваротнае.
9. Аддушкі. У гэтым слове могуць быць і эфірныя алеі і натуральныя араматызатары. Што, усё-ўсё-ўсе небяспечна?
10. Асобныя гліколі выкарыстоўваюцца як харчовая дабаўка. Дзяржава сапраўды нас хоча атруціць???
11. Амонія лаўрыл сульфат дазволены ў арганічнай касметыцы па стандарце ECOCERT і Cosmebio. Без каментароў.
Рэдакцыі варта больш удумліва падыходзіць да публікацыі антынавуковай інфармацыі