Беларускі расказалі, як рабілі карэкцыю зроку больш за 10 гадоў таму. «Пасля карэкцыі я ўбачыла, што ўсе не такія стройныя, якімі здаваліся»

Беларускі расказалі, як рабілі карэкцыю зроку больш за 10 гадоў таму. «Пасля карэкцыі я ўбачыла, што ўсе...
У 2024 годзе аперацыя па карэкцыі зроку – даволі будзённая маніпуляцыя з вачыма, якая даступна многім жыхарам Мінска. Тым не менш пытанняў да эфектыўнасці і наступстваў ад аперацыі застаецца нямала.

У 2024 годзе аперацыя па карэкцыі зроку – даволі будзённая маніпуляцыя з вачыма, якая даступна многім жыхарам Мінска. Тым не менш пытанняў да эфектыўнасці і наступстваў ад аперацыі застаецца нямала.

Ці гэта бяспечна? Што будзе са зрокам праз гады? Ці змагу я палепшыць зрок і далей? CityDog.io спытаўся ў беларусак, якія адважыліся на карэкцыю 10 і больш гадоў таму, як гэта было і як яны адчуваюць сябе цяпер.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Марына (27): «Святлоадчувальнасць стала такая, што я сядзела дома пры закрытых шторах і плакала»

– Праблемы са зрокам у мяне ад нараджэння – я нават хадзіла ў карэкцыйны дзіцячы сад, дзе апроч звычайных заняткаў у нас былі яшчэ і практыкаванні на вочы. Плюс я ўвесь час ездзіла ў нейкія санаторыі на аздараўленне.

З часам зрок падаў яшчэ больш – у 17 гадоў у мяне было -4,5 на адным воку і -5 на другім. З-за вялікай адчувальнасці я не магла насіць лінзы, а акуляры надзявала толькі на занятках або дома, ды і то не заўсёды: у старэйшых класах хацелася падабацца хлопчыкам, а не выглядаць завучкай і ачкарыкам.

Бачыла я пры гэтым вельмі дрэнна. Напрыклад, калі ты сядзіш у метро, то не бачыш твар чалавека насупраць – толькі яго абрысы. Затое я афігенна навучылася пазнаваць людзей па хадзьбе, па нейкіх звычках, па жэстыкуляцыі і нават па паху.

Бліжэй да паўналецця мы з бацькамі сталі абмяркоўваць карэкцыю зроку. Усе арганізацыйныя і фінансавыя пытанні леглі на іх. Адзінае, што абмяркоўвалі са мной, – рабіць аперацыю ў 18 ці пачакаць хаця б да 21 года. Маўляў, арганізм працягвае расці і зрок можа яшчэ пагоршыцца. Плюс я дзяўчына – і, можа быць, варта было пачакаць, пакуль нараджу, таму што было распаўсюджана меркаванне, што пасля родаў зрок можа зноў сапсавацца. Цяпер мне 27, я да гэтага часу так і не нарадзіла, таму дзякуй богу, што мы не сталі цягнуць.

У клініцы, якую мы выбралі, было два варыянты абследавання: асобна за грошы ці ў дзень аперацыі бясплатна. Мае бацькі жылі не ў Мінску, і ім трэба было браць адгулы на працы, каб прыехаць, таму мы вырашылі ўсё сумясціць і зрабіць адным днём – тым больш што да таго моманту мы ўжо дакладна вырашылі, што аперацыі быць. Усё прайшло досыць хутка, але гэта быў самы вялікі боль, які я адчувала ў жыцці.

Я памятаю, што мне капалі нейкую мясцовую замарозку, а вочны яблык заціскалі чымсьці накшталт ціскоў, каб падчас працэдуры не заміналі павекі. Уся аперацыя доўжылася хвілін дзесяць, але гэта было дзіка балюча, страшна, вочы перасохлі, адчувалася, як прапальвалі рагавіцу. Усе, хто рабіў лазерную карэкцыю праз некалькі гадоў, казалі, што ім было ўвогуле не балюча. Магчыма, з часам тэхналогіі палепшыліся, але тады, у 2014 годзе, я запомніла гэты досвед як супертраўматычны.

Плюс пасля аперацыі я сутыкнулася з усімі магчымымі пабочкамі. Першыя дні ў мяне былі ўвесь час ацёклыя вочы, з трэснутымі капілярамі і адчуваннем пяску. Святлоадчувальнасць таксама была дзікай. Днём я не магла глядзець на яркі снег, якога той зімой было шмат, а ўвечары сядзела дома пры закрытых шторах і плакала, таму што ліхтары з вуліцы свяцілі ў вокны – па адчуваннях, як пражэктары.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, цяпер я магу сказаць, што зрабіць карэкцыю зроку было лепшым рашэннем у маім жыцці. Памятаю, калі ўпершыню пасля аперацыі мы ехалі з Мінска ў мой горад, з акна машыны я бачыла на дрэвах галінкі, рэшткі лісця, снег – то бок такія дробныя дэталі, пра якія раней і марыць не магла. З’явіўся бакавы зрок, якога раней таксама не было. Больш не трэба было жмурыцца, расцягваць вочы «для рэзкасці». Можна было стаяць на прыпынку і бачыць расклад, не падыходзячы да яго ўшчыльную! Адкрыўся нейкі новы дзівосны свет.

Хоць разам з усімі плюсамі быў і непрыемны момант: раптоўна ўсе людзі вакол сталі вельмі тоўстымі – у тым ліку і я. То бок калі раней я бачыла толькі абрысы сілуэтаў і яны здаваліся мне танчэйшымі, то пасля карэкцыі я выразна ўбачыла, што ўсе навокал не такія стройныя, якімі былі дагэтуль.

А яшчэ першы час я панічна баялася, што зноў страчу зрок. Мне нават снілася, як я прачынаюся і зноў кепска бачу. Гэта былі мае самыя страшныя кашмары. На шчасце, з часам яны прайшлі, і я прызвычаілася да думкі, што цяпер бачу добра.

На сённяшні дзень, амаль праз 10 гадоў, зрок у мяне зноў крыху сапсаваўся – і ўпершыню нейкія змяненні я стала заўважаць гады праз тры. Але ўсё роўна мой зрок дагэтуль значна лепшы, чым да аперацыі. Таму я не шкадую ні аб адным выдаткаваным рублі. Лічу, што гэта найлепшая інвестыцыя, якую зрабілі мае бацькі. Усім раю!

Анастасія (43): «Карэкцыя дапамагла, але не надоўга – гадоў праз пяць усё вярнулася»

– Гадоў з 12 у мяне пачало перыядычна касіць левае вока. Гэта было не дужа прыкметна – мне рэдка пра гэта казалі, ніхто ніколі не дражніў. Мусіць, гэта вока больш турбавала маіх бацькоў – а мне ў цэлым жыць не перашкаджала. Тым больш што зрок быў добры: на левым – «адзінка», на правым, можа, толькі на пару радкоў горш.

З касавокасцю мяне паказалі доктару ў раённай паліклініцы ў нашым маленькім горадзе. Ён толкам нічога не сказаў – толькі выпісаў мне акуляры з простым шклом для левага вока і з мінімальным узмацненнем для правага. Мяркую, ён гэта зрабіў проста для таго, каб супакоіць бацькоў. Я гэтыя акуляры не насіла.

У апошніх класах школы мяне вазілі да акуліста ў суседні буйнейшы горад, але той доктар таксама нічога не параіў.

Калі мне было 19 і я ўжо вучылася ў Мінску, з’явілася клініка і стала шмат рэкламы пра карэкцыю зроку. Знаёмых, хто ўжо рабіў такую аперацыю, у мяне не было. Інтэрнэту ў 1999 годзе таксама яшчэ толкам не было. Але бацькі прапанавалі зрабіць карэкцыю – і я пагадзілася.

Сама аперацыя прайшла вельмі хутка і без болю. Памятаю, што некалькі дзён пасля яе не хадзіла ва ўнівер. Тыдзень ці два яшчэ капала вочы і закладала мазь для аднаўлення рагавіцы ад апёку. Адчувальнасць рагавіцы, дарэчы, так і не прайшла – яна да гэтага часу мацней рэагуе на раздражняльнікі.

Адразу пасля аперацыі вока стала бачыць «адзінку» і перастала касіць, але гадоў праз пяць усё пачало вяртацца: цяпер яно зноў косіць і бачыць горш. Думаю, што ў маім выпадку лазерная карэкцыя была ўсё ж такі не самым прыдатным метадам, але ў канцы 90-х было мала інфармацыі.

Не магу сказаць, што карэкцыя зрабіла мне горш, проста эфект аказаўся нядоўгатэрміновы, ды і прычына касавокасці не была ліквідавана. Лепш было б знайсці адпаведнага спецыяліста ці хаця б больш-менш зацікаўленага акуліста, які паспрабаваў бы разабрацца ў праблеме.

З таго часу я некалькі разоў праходзіла абследаванні ў афтальмалагічных клініках, але без асаблівага эфекту. Адзін доктар выпісаў акуляры ад астыгматызму, іншы – проста акуляры для чытання з +0,5 дыёптрыі, каб хоць нешта прызначыць.

І толькі ў 2019 годзе я даведалася пра існаванне прызматычных акуляраў і знайшла доктара, які можа іх выпісаць. Яны дапамагаюць наладжваць бінакулярны зрок, ад чаго правае вока менш стамляецца і, адпаведна, менш косіць. Не скажу, што праблема вырашана цалкам, але цяпер лепш, чым было. Напэўна, калі б такія акуляры з’явіліся ў мяне ў падлеткавым узросце, эфект быў бы больш значны.

Наталля (43): «Для мяне было шокам, калі я ўпершыню ўстала з аперацыйнага стала»

– У мяне была моцная блізарукасць. Адно вока бачыла лепш, другое – больш дрэнна, але на абодвух было амаль па -8. Пры гэтым шкло ў акулярах было ўжо дастаткова тоўстае і цяжкае. Даводзілася купляць аблегчанае, але яно і каштавалі нямала, і не да кожнай аправы падыходзіла. Лінзы я насіць не змагла: у мяне вельмі чуллівыя вочы, і нават аднадзённыя лінзы моцна раздражнялі і выклікалі галаўны боль.

Таму ўсюды даводзілася хадзіць у акулярах: дома, па вуліцы, на ўласным вяселлі. Нават на моры я ішла купацца ў акулярах, бо без іх нічога не бачыла: ад вады яны ў пырсках, узімку пацеюць – і ты ўвесь час выглядаеш недарэчна.

Калі мне было 28-29 гадоў, я стала даведвацца пра лазерную карэкцыю зроку – яна тады толькі пачынала набіраць папулярнасць. Памятаю, што прыйшла на абследаванне, якое заняло некалькі гадзін, і ў гэты ж дзень мяне адправілі ў чаргу на аперацыю. З асноўнага – мне памералі параметры вока, каб разумець, колькі можна зразаць. Цяпер, дарэчы, я ведаю, што пры такіх аперацыях ужо не зразаюць, а выпальваюць знутры. У мяне ж зрэзалі, прыбралі лішняе і, як булачку ад бургера, паклалі на месца.

Сама аперацыя заняла роўна дзве хвіліны – па 60 секунд на кожнае вока. Пасля гэтага мне трэба было пасядзець у калідоры і пачакаць, пакуль верхняя частка зноў прырасце. Хвілін праз 20 мяне яшчэ раз праверылі пад мікраскопам – і адпусцілі.

Для мяне было шокам, калі я ўпершыню ўстала з аперацыйнага стала і зразумела, што бачу так выразна, што аж галава кружыцца. Нават у акулярах у мяне ніколі не было такой выразнасці.

Хірург сказаў, што, магчыма, праз нейкі час зрок хаця б на крыху адкоціцца назад, таму што мозг будзе шукаць свой звыклы стан – той мінус, які быў у акулярах. У цэлым так і адбылося – зрок адкаціўся на 0,25.

Адзінае, што я зрабіла сабе дакарэкцыйныя акуляры для кіравання машынай проста для свайго ж спакою, таму што зрок у змроку слаба аднаўляецца – у цемры я бачыла горш, чым днём.

Потым у мяне знізіўся зрок пасля родаў. Цяпер на адным воку ў мяне каля -2, на другім – -1,75. Акуляры нашу сітуатыўна: увечары, за рулём або калі хачу нешта разгледзець удалечыні.

Я думала пра дакарэкцыю, але аказалася, што ў маім выпадку гэта ўжо немагчыма: у першы раз прыбралі вельмі шмат, таму цяпер ужо няма чаго. А калі карэкціраваць іншымі спосабамі, то будуць іншыя наступствы, таму я вырашыла, што застануся пры сваім зроку. Ды і на тым дзякуй! Мінус два пасля мінус восем усё роўна моцна лепш.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

#Беларусь #Минск
поделиться