У гэтага хлопца было 17 (!) братоў і сясцёр. Як гэта? Пачытайце гісторыю беларуса, пра якога вы дакладна ведаеце

У гэтага хлопца было 17 (!) братоў і сясцёр. Як гэта? Пачытайце гісторыю беларуса, пра якога вы дакладна...
У новых школьных падручніках па гісторыі гэтаму чалавеку прысвечаны паўтары фразы. Тым часам, калі б не смерць ад рук ката, Кастусь Каліноўскі мог бы стаць айцом нацыі і першым прэзідэнтам незалежнай Беларусі.

У новых школьных падручніках па гісторыі гэтаму чалавеку прысвечаны паўтары фразы. Тым часам, калі б не смерць ад рук ката, Кастусь Каліноўскі мог бы стаць айцом нацыі і першым прэзідэнтам незалежнай Беларусі.

Хлопец сярэдняга росту з вялікай галавой і вялікім ротам – такім запомнілі яго знаёмыя. «З тварам жорсткім і выразным», – пісалі следчыя. Характарнае аблічча і зацятасць нораву рабілі яго на дзесяць гадоў старэйшым за сапраўдны ўзрост. Памагала і барада з вусамі – Кастусь Каліноўскі піў каву ў віленскай кавярні, на дзвярах якой вісела яго паліцэйскае апісанне. І яго не пазнавалі. Паліцыя больш за год шукала начальніка паўстання ў сябе пад носам.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Ці карыстаўся Каліноўскі імем Канстанцін? І хто першы яго так назваў?

Дзе-нідзе можна прачытаць, што Каліноўскі – гэта міф, канструкт і нават імя яго несапраўднае. Маўляў, Кастусём яго назвалі беларускія гісторыкі 1920-х кшталту Вацлава Ластоўскага.

Каліноўскі, як усе каталікі, быў хрышчаны падвойным іменем Вінцэнт Канстанцін. Першае імя далі па святках, другое – у гонар сябра сям’і Канстанціна Крукоўскага, піша даследчык Васіль Герасімчык.

Каліноўскі карыстаўся абодвума імёнамі, але размяжоўваў: Вінцэнтам альбо Вікенціем падпісваў афіцыйныя расійскія паперы, Канстанцінам – паўстанцкія дакументы. Відаць, другое імя было яго дамашнім і таму бліжэйшым. Так называлі яго і сябры. Адзін ксёндз тлумачыў паліцыі: ніякага Вікенція не ведаю, Канстанціна – ведаю…

А землякі-сяляне рэальна называлі Каліноўскага Кастусь – гэта выявіў польскі даследчык Віктар Кардовіч, вандруючы па яго родных мясцінах.

У савецкі час Каліноўскі быў адным з нешматлікіх сапраўдных герояў беларускай гісторыі, якога прапаганда не магла ачарняць – бо ён быў за сялян і супраць цара. Карціна П. Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955).

Каліноўскі зблізіўся з сялянамі праз сямейную трагедыю

Калі хлопчыку было пяць, падчас родаў памерла яго мама. Сябе яна не шкадавала (ці муж не шкадаваў) – гэта былі ўжо адзінаццатыя роды. У тым жа годзе бацька ажаніўся зноў. З мачыхай у Кастуся былі пастаянныя канфлікты.

Таму малы, хоць і шляхціц, шмат часу бавіў з сялянскімі дзецьмі – уцякаў з дома гуляць з імі. Такі быў яго пратэст супраць мачахі.

Калі б не сяброўства з вяскоўцамі, Каліноўскі наўрад ці так дасканала навучыўся б гаварыць па-беларуску і яго «Мужыцкая праўда» не была б такой таленавітай.

У бацькі Каліноўскага было дзве фабрыкі і дваццаць чатыры дзіцяці

Савецкія гісторыкі пісалі, што Каліноўскі быў «сынам ткача». На самой справе «ткачом» Каліноўскага-старэйшага называлі, калі хацелі абразіць. Бо шляхецкасць Каліноўскіх была пад пытаннем з-за «перарэгістрацыі» шляхты ў Расійскай імперыі (пасля першых паўстанняў расійскія ўлады зладзілі «разбор» – і пакідалі шляхецкае званне толькі тым, у каго былі старажытныя дакументы).

Сымон Каліноўскі быў прадпрымальнікам. Ён трымаў дзве палатняныя фабрыкі – у Мастаўлянах пад Гроднам (цяпер гэта ўжо Беластоцкі павет Польшчы) і ў Якушоўцы пад Свіслаччу (цяпер Ваўкавыскі раён). Пад Гроднам Кастусь нарадзіўся, у наваколлі Свіслачы рос.

У бацькавай сям’і ад дзвюх жонак нарадзілася 24 дзіцяці, 18 з якіх выжылі, піша даследчык Генадзь Кісялёў. Цікава, ці памятаў пан Сымон усе (падвойныя!) імёны сваіх дзяцей? Тым больш, што пасля другога шлюбу ад старэйшых ён аддаліўся.

Таксама дзіўна, што цяпер у ваколіцах Свіслачы немагчыма адшукаць нашчадкаў Сымона Каліноўскага. Калі ў 2016-м у Вільнюсе адкрылі магілы дваццаці пакараных смерцю паўстанцаў 1863-га, многіх ідэнтыфікавалі па ДНК жывых сваякоў. Шкілет Каліноўскага – па ўзросце і метадам выключэння.

Гэта дае магчымасць уявіць, якія гістарычныя катаклізмы перажыла Беларусь за апошнія 150 гадоў, калі ад 17 братоў і сёстраў не засталося ніводнага нашчадка ў мясцінах, дзе яны жылі. Або не засталося ніводнага, хто памятаў бы пра свае карані? Васіль Герасімчык намякае, што прапрапраўнукі адной з сясцёр жывуць і цяпер у Камянецкім раёне, але пра сваяцтва не ведаюць.

Целы павешаных і расстраляных паўстанцаў адшукалі, калі на гары Гедыміна пачаў пасля дажджоў апаўзаць грунт. Іх хавалі там, бо ў 1860-я на гары стаяла расійская вайсковая часць.

Наймалодшаму пакаранаму было 19, найстарэйшаму – 53. Каліноўскі ляжаў на баку, рукі былі звязаны за спінай. Пры ім знайшлі медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай і другі – з распяццем і выявай святога Казіміра.

Пярсцёнак Зыгмунта Серакоўскага, паплечніка Каліноўскага, па якім дакладна апазналі яго цела.

Вучобай і працай Каліноўскі давёў сябе да эпілептычнага прыпадку. А пасля ўніверсітэта хацеў працаваць следчым

Як бывае ў шматдзетнай сям’і, пра малодшых дзяцей замест бацькоў клапоцяцца старэйшыя. Брат Віктар Атон быў на пяць гадоў старэйшы за Канстанціна, ён быў доктар і гісторык-архівіст. Віктар прытуліў 17-гадовага Кастуся ў Маскве, пасля ў Пецярбургу, дапамог паступіць ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт.

Быць панкам можна было і ў часы Каліноўскага: уся яго кампанія хадзіла ва ўнівер з рушнікамі на шыі замест гальштукаў – такі быў іх пратэст (пра гэты факт успамінаў адзін з былых студэнтаў, даючы паказанні).

Жыццё ў Пецярбургу было беднае і галоднае, думалася ў першую чаргу пра працу – так Канстанцін давёў сябе да прыступаў эпілепісіі: відаць, ад нервовага перанапружання.

Скончыўшы на «выдатна» юрфак, 24-гадовы Каліноўскі стаў шукаць працу. І паспрабаваў уладкавацца ў канцылярыю віленскага генерал-губернатара і ў следчыя органы – тыя самыя, што пасля ніяк не маглі яго злавіць. Цікава, як павярнулася б гісторыя Беларусі, калі б яго тады прынялі на працу?

Зрэшты, Каліноўскі на той час меў ужо сфарміраваныя рэвалюцыйныя погляды. І працу ў следчых органах выкарыстаў бы для збірання інфармацыі і падрыўной працы.

Як Каліноўскі паправіў здароўе і падкачаўся

У 1862 годзе Кастусь пад іменем Васіль Світка паўгода хадзіў па Гродзеншчыне – размаўляў з людзьмі, агітаваў, завязваў кантакты. Падчас вандровак па Беларусі Каліноўскі паправіў падарванае ў сырым Пецярбургу здароўе. А кантакты сярод сялян дапамогуць паўстанню пратрымацца з вясны да позняй восені 1863-га, адзначаў пасля яго спадарожнік у гэтых вандроўках Фелікс Ражанскі.

Апрача таго, у паўгадовай вандроўцы Каліноўскі закаліўся і падкачаўся: пасля жалезнае здароўе дазваляла начаваць дзе заўгодна і пазбягаць арышту. Аднойчы, начуючы ў канспіратыўнай кватэры на віленскім Зарэччы, ён у адной бялізне выскачыў праз акно і перачакаў ператрус на суседнім даху. Паліцыя і не падумала яго там шукаць, быў канец восені.

Што насамрэч значыла фраза Каліноўскага пра «сякеру над калыскай шляхецкага дзіцяці»?

У асяродку паўстанцаў яго празывалі Chłop, то бок Мужык, зазначае палітычны апанент Каліноўскага Якуб Гейштар. Яшчэ адна мянушка – Хам: ён так ганарыўся сваёй прасялянскай пазіцыяй, што Хамовіч зрабіў псеўданімам.

Польскую шляхту і расійскіх дваран Каліноўскі называў гнілым і разбэшчаным саслоўем, хоць і сам паходзіў са шляхты. Ён адзін з першых у нашай гісторыі сказаў пра ненармальнасць рабаўладальніцтва, сітуацыі, калі адны раскашуюць за кошт другіх.

Тады для большасці гэта гучала суперрадыкальна. Але потым патрэба грамадзянскай роўнасці стала відавочнай.

«Па шчырасці, ён спадзяваўся, што народ даруе шляхце і наступіць агульная згода, – пісаў апанент Каліноўскага Якуб Гейштар, – але ён прызнаваўся, што, калі б шляхта знікла, край бы нічога не страціў».

Томас Дж. Баркер. Атака расійскіх кірасіраў на пазіцыі касінераў.

«Паўстанне павінна быць чыста народным, – пісаў Каліноўскі, – шляхта, якая з намі не пайдзе, няхай загіне – тады сялянская сякера не павінна спыняцца над калыскаю шляхецкага дзіцяці».

Няма фактаў, каб Каліноўскі або іншыя паўстанцы замардавалі дзіця. Але такая рыторыка паказвае, які жорсткі гэта быў час, колькі ў ім было нязведзенага сярэднявечча.

Жосткасць часу і ў гэтых лічбах: 128 паўстанцаў з нашых земляў былі пакараны смерцю, больш за 20 тысяч высланы ў Сібір і іншыя некамфортныя рэгіёны Расіі, часта з канфіскацыяй маёмасці.

Калі абіралі забойцу Мураўёва, Каліноўскі выкрасліў сямейных

Паўстанне 1863-га было апошнім шляхецкім паўстаннем за аднаўленне Рэчы Паспалітай – і адначасова першым паўстаннем за вызваленне ад тыраніі. Адны змагаліся за вяртанне старога, другія – за набліжэнне будучыні.

У паўстанні змяшаліся ўсе назвы гэтых земляў і іх народу: палякі і полькі, ліцвіны і ліцвінкі, русіны і русінкі, беларусы і беларускі – паўстанцы звярталіся ў адозвах да ўсіх.

Каліноўскі не выступаў супраць аднаўлення Рэчы Паспалітай, піша Васіль Герасімчык, ён выступаў супраць вяртання ў ёй старых парадкаў.

Але яго ідэяй было адасобіць Беларусь, каб правесці тут сацыяльныя рэформы і зрабіць яе ўзорам для суседзяў. Каліноўскі меркаваў, што і паўставаць і змагацца Беларусі ды Літве трэба асобна ад палякаў. За стагоддзі нашай гісторыі, калі народы Рэчы Паспалітай зрасліся ў супрацьстаянні агульнаму ворагу, ён такі быў першы.

Магчыма, такая розніца ў мэтах і светапоглядах паўстанцкіх правадыроў была прычынай паразы?

Каліноўскі быў бескампрамісны, не цярпеў пярэчанняў, ад несправядлівасці або нязгоды закіпаў, успамінаюць сучаснікі. Тых, хто не падзяляў яго пазіцыі, ён ненавідзеў. Але адкідаў эмоцыі, калі трэба было рабіць справу: калі абіралі кілера для забойства віленскага губернатара Мураўёва, Каліноўскі адхіляў кандыдатуры тых, хто меў сем’і.

Прычыны паўстання 1863 года

Паўстанне 1863 года не ўзялося зніадкуль. Пасля амністыі 1856-га, праз 25 гадоў ад паўстання 1830-1831 гадоў, з высылак і эміграцыі пачалі вяртацца ўдзельнікі папярэдняга антырасійскага паўстання. Таксама ў канцы 1850-х у імперыі будавалі чыгункі. Рабіла гэта французская кампанія, у якой працавала мноства палітычных эмігрантаў – былых паўстанцаў 1830-х і іх дзяцей, былых ссыльных, якія эмігрыравалі пасля і атрымалі еўрапейскія дакументы. Яны ўладкоўваліся на гэту працу, каб вярнуцца ў родны край.

І выявілася, што пра іх не забылі, што іх вітаюць як герояў. Памятныя даты таго паўстання адзначалі шматтысячнымі маніфестацыямі. У касцёлах раптоўна пачыналі спяваць патрыятычныя гімны. Як знак пратэсту насілі чорнае (урад стаў патрабаваць даведку пра смерць блізкага, у іншым выпадку за чорнае штрафавалі – расійскі даследчыкі Смірноў падлічыў, што на нашых землях у 1861 годзе за гэта аштрафавалі 300 чалавек).

Сачылі за тым, як змагаюцца за свабоду ў іншых краінах. Збіралі грошы для паўстанцаў Гарыбальдзі ў Італіі – на дапамогу пацярпелым падчас расстрэлу маніфестацый, на амуніцыю, харч і зброю.

Удзельнікі паўстання 1863 г.

Наспявала адмена прыгону. У Расійскай імперыі гэта рэформа была аформлена надзвычай несправядліва – сяляне атрымалі асабістую свабоду, але ўся зямля засталася ўласнасцю памешчыкаў, сяляне мусілі працаваць на іх яшчэ 9 гадоў і 49 гадоў выплачваць адкупное.

Улада баялася бунту: у Беларусь перакінулі войскі, у сялян канфіскавалі стрэльбы, па вёсках расставілі каравулы – не дапамагло. За першую палову 1861 года, падлічылі гісторыкі, адбылося 273 сялянскія хваляванні.

Маніфест быў скіраваны не на тое, каб даць сялянам свабоду, а на стварэнне за сялянскія грошы дарэмных канцылярый, судоў і пісараў. «Як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом чы без суда», – так каментаваў Каліноўскі ўвядзенае пасля рэформы 1861 года права валаснога суда прымяняць да сялян фізічнае пакаранне – 20 удараў розгамі.

Чаму вучыла сялян «Мужыцкая праўда» Каліноўскага

Гэта выданне праславіла Каліноўскага, можа, нават болей за камандаванне паўстанцкімі войскамі. І для наступных пакаленняў яго «Мужыцкая праўда» мела вялікае значэнне, яна была прадмовай да публіцыстыкі Багушэвіча, які сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю. У сваёй газеце, якую Кастусь сам жа вечарамі раскідваў па палях і кірмашах, Каліноўскі – упершыню ў гісторыі – звяртаўся да сялян як да роўных. І звяртаўся па-беларуску – таксама ўпершыню.

«Ад маскаля і паноў, – пісала “Мужыцкая праўда”, – няма чаго спадзявацца, бо яны ня вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А для таго, дзецюкі, каб вас ніхто не мог ашукаць, талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці трэба і якім спосабам мужык яе дастаць можа».

«Мужыцкая праўда» вучыла сялян усяму таму, з чым беларусы ўвайшлі ў ХХ стагоддзе: прага незалежнасці, прыватнай уласнасці, сваёй зямлі, салідарнасці. Упершыню да нашых продкаў звярталіся не як да рабочага інвентара, а як да людзей, якія ўмеюць чытаць і пісаць і якія маюць права на свабоду і шчасце.

«Каліноўскі быў першым беларусам, каторы зразумеў, што нашыя ўсходныя і заходныя суседзі нізашто і ніколі дабравольна не вызнаюць права беларускаму народу распараджацца ўласным сваім лёсам… Ён першы голасна і адважна выказаў думкі, да якіх беларускі народ дайшоў толькі праз 50 гадоў», – пісаў Іван Цвікевіч у 1920-я.

Ці быў Каліноўскі палякам?

Які быў наклад «Мужыцкай праўды», невядома: даследчыкі мяркуюць, ад тысячы да чатырох тысяч асобнікаў.

Генадзь Кісялёў падае прыклады, калі сялян адпраўлялі ў салдаты за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў: адзін перадаў другому «Мужыцкую праўду» са словамі «прачытай і будзеш усё ведаць», другі – непісьменны – завучыў і расказваў іншым.

Каліноўскі як асноўны аўтар «Мужыцкай праўды» сфармуляваў хрэстаматыйныя рэчы, напрыклад: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Калі б ён пражыў больш, то, верагодна, сфармуляваў бы цэласную нацыянальную ідэю. Яе контуры выразна чытаюцца ў перадсмяротных творах.

Асноўны аргумент сучасных апанентаў Каліноўскага – беларускасць была для яго, паляка, проста інструментам, сродкам прапаганды,з дапамогай якога ён збіраўся ўзняць сялян супраць цара. У такім разе паўстае пытанне: навошта былі напісаны «Лісты з-пад шыбеніцы»? Чалавек, які ведае, што жыць засталося некалькі тыдняў, прысвячае іх самаму сутнаснаму. Свой час перад смерцю Каліноўскі прысвяціў таму, каб праз сям’ю нявесты пакінуць палітычны запавет. Ён напісаны па-беларуску і гучыць актуальна дагэтуль.

Хто выдаў Каліноўскага?

У Каліноўскага была магчымасць выехаць, былі пашпарты, і сябры пераконвалі, што гэта будзе правільна. Ён бачыў расстрэл і павешанне найбліжэйшых сяброў. Але Каліноўскі мяняў адрасы, імёны і біяграфіі і заставаўся ў Вільні.

Каліноўскі піў каву ў віленскай кавярні, на дзвярах якой вісела яго паліцэйскае апісанне. І Кастуся не пазнавалі.

На яго палявалі больш за год і нарэшце ўпалявалі. Каліноўскага выдаў на допыце ў Мінску яго былы паплечнік Вітольд Парфіяновіч. Ён паказаў актуальнае імя і адрас дома ў Вільні, у якім хаваўся Каліноўскі. Кватэру ён не помніў, таму дзве роты салдат ачапілі цэлы квартал.

На тым самым допыце Парфіяновіч раскрыў пароль паўстанцаў – і дзякуючы гэтаму ён дайшоў да нас: «Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна».

Як Каліноўскі даваў паказанні і што казаў пад шыбеніцай

Першы месяц Каліноўскі даваў блытаныя паказанні: даследчыкі мяркуюць, што ён выбраў такую стратэгію, каб паплечнікі паспелі схавацца. Праз месяц Каліноўскі даваць паказанні адмовіўся: «Прычыны і вынікі мной добра абдуманы, а ўсведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху».

«Памёр ён з такой цвёрдасцю і спакоем, як могуць паміраць толькі глыбока перакананыя людзі», – пісаў рускі гісторык, які бачыў, як Каліноўскага вешалі.

Капліца на могілках Росы ў Вільні – месца пахавання Кастуся Каліноўскага.

Калі кат абвяшчаў прысуд, Каліноўскі на эшафоце каментаваў яго. Гэта было яго апошняе публічнае выказванне. Канечне, ніхто не запісаў каментарыі, віленскаму паліцмайстару запомнілася толькі, як у адказ на «дваранін Вікенцій Канстанцін Каліноўскі» асуджаны адзначыў: «У нас няма дваран, усе роўныя!»

Чаму Каліноўскага называюць героем? Бо перад абліччам смерці ён застаўся верным сабе.

Ці было паўстанне 1863 года неабходным?

Ці не было б лепш абысціся без яго, планамернай «арганічнай працай», як потым рэфлексавалі прадстаўнікі знакамітых шляхецкіх родаў? «Паўстанне знішчыла працу многіх гадоў. Што край атрымаў, што страціў?» – разважаў Якуб Гейштар, якому смяротны прысуд замянілі на дванаццаць гадоў катаргі.

Буйны землеўласнік Гейштар быў з тых, хто лічыў, што ўгаворамі даб’ецца ад цара саступак і рэформ. Але ці магчыма рэфармаваць імперыю? Гейштар таксама быў з тых, хто глядзеў у мінулае: задачай паўстання ён бачыў аднаўленне шляхецкай Рэчы Паспалітай.

Каліноўскі жа глядзеў у будучыню, якую бачыў у роўнасці саслоўяў, то бок у дэмакратыі.

Дакладна адно, піша Гейштар: самыя высакародныя, сумленныя людзі згінулі ў гэтым паўстанні.

Артур Гротгер, «Замірэнне». 1864.

Некаторыя мяркуюць, што калі б не было паўстання – і рэакцыі, якая прыдушыла ўсё жывое, – то беларуская нацыянальная ідэя крышталізавалася б на пакаленне раней, яшчэ ў 1860–1870-я гады, і наша гісторыя пайшла б іншым шляхам.

З іншага боку, трагедыя і веліч паўстання Каліноўскага натхняла наступныя пакаленні. Без яго немагчыма ўявіць сабе беларускую гісторыю.

Калі б не было паўстання 1863-га, ці быў бы наш народ шчаслівейшы?

Няхай кожны чытач адкажа сам.

Кароткая біяграфія Кастуся Каліноўскага

Нарадзіўся 21 студзеня (2 лютага) 1838 года на Гродзеншчыне, скончыў гімназію ў Свіслачы, юрфак у Санкт-Пецярбургу і ў 26 гадоў стаў кіраўніком антыімперскага паўстання ў Беларусі і Літве. Выдаваў «Мужыцкую праўду» – першую газету для сялян на беларускай мове. Пасля разгрому паўстання заставаўся ў краі, пасля здрады паплечніка быў арыштаваны і асуджаны на смерць. У турме напісаў палітычны запавет – «Лісты з-пад шыбеніцы». 10 сакавіка 1864 года Каліноўскага павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Быў пахаваны ў невядомай магіле. У 2019 годзе парэшткі дваццаці паўстанцаў, у тым ліку Каліноўскага, былі ідэнтыфікаваны і ўрачыста перапахаваны на віленскіх могілках Росы.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
Беларуская мова не заўжды была «як чуецца, так і пішацца». Ёй мінімум 800 гадоў
Ці праўда, што Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Пра такое вам наўрад ці расказвалі ў школе
Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул – вельмі здзівіцеся
поделиться